Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дакладна тыдзень застаўся да вызваленьня з турмы Аляксея Шыдлоўскага, актывіста «Маладога Фронту», які быў арыштаваны ў Стоўпцах 25 жніўня 1997 году і засуджаны на паўтара года турмы за напісаньне на сьценах дамоў антыпрэзыдэнцкіх лёзунгаў. Сёньня мы пачынаем сэрыю перадачаў, у якіх вернемся да гэтай справы і згадаем усіх галоўных дзейных асобаў судовага працэсу над Аляксеем Шыдлоўскім і Вадзімам Лабковічам.

Пачаць варта, відаць, з галоўнай дзейнай асобы на тым працэсе - судзьдзі Менскага абласнога суду Ўладзімера Лаўрова.

(Адразу папярэджу, што судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Лаўроў адмовіўся ад запісу гутаркі зь ім на дыктафон, таму я карыстаюся нататнікам, які я запаўняў на працягу нашай размовы.)

Як патлумачыў судзьдзя, ён ня вельмі давярае журналістам, асабліва пасьля працэсу над маладафронтаўцамі - маўляў, некалькі разоў ягоныя словы былі пададзеныя ў незалежным друку недакладна, і гэта прымушае судзьдзю трымацца далей ад прэсы. Разам з тым Уладзімер Лаўроў не адмовіў мне ў інтэрвію, што дае падставы запытацца: чаму судзьдзя дазваляе сабе адказваць на пытаньні журналіста, але не дазваляе журналісту запісваць ягоны голас? Ці не таму, што потым ён заўсёды можа сказаць свайму кіраўніцтву - «Я гэтага не казаў, усё сфальшавалі нячэсныя журналісты». Няўжо сам факт зьяўленьня ў недзяржаўным эфіры - гэта як здрада з боку афіцыйнай асобы? Апошняя здагадка тым больш верагодная, што ніякай апазыцыйнай крамолы судзьдзя Лаўроў мне не паведаміў. «Гэта прэса, недзяржаўныя журналісты зрабілі з Шыдлоўскага нейкага нацыянальнага героя. А для мяне ён быў і застаўся звычайным хуліганам», - сказаў судзьдзя Лаўроў. Або яшчэ: «Моладзь апошнімі гадамі нічога не стварае. Увесь час ідзе разбурэньне таго, што было пабудавана старэйшым пакаленьнем, і дзеяньні такім, як Шыдлоўскі ды Лабковіч - ніяк не палітычнае змаганьне, а дзікунства».

Я нагадаў судзьдзю, што моладзь ва ўсім сьвеце і ва ўсе часы паводзіць сябе больш радыкальна, і запытаўся - ці ня варта і нам з большым цярпеньнем ставіцца да праяваў пратэсту моладзі, як гэта робяць у краінах Эўропы, дзе за надпісы на сьценах нікога ня садзяць у турму? - «Калі ў іх ёсьць грошы фарбаваць свае дамы і платы зноў і зноў - хай церпяць. А ў нас такіх грошай няма. Можа, нам яшчэ браць прыклад з малпаў і вярнуцца на дрэвы?»

Тады я перайшоў на больш прамыя пытаньні. - Ці рабіўся на Вас нейкі ціск падчас працэсу? - «Барані Бог, ніякага ціску не было, - заявіў судзьдзя Лаўроў і дадаў, - калі не лічыць гэтых малойчыкаў, што ледзь не сарвалі працэс у самым пачатку». Тут варта патлумачыць пра што гаворка. На першае паседжаньне суду ў масавым парадку прыйшлі актывісты «Маладога Фронту», сябры Аляксея Шыдлоўскага, аднаклясьнікі Вадзіма Лабковіча. Усяго набралося ня менш за 50 чалавек, а маленькая судовая зала ўмяшчала ня больш за два дзясяткі. Аднак судзьдзя і не падумаў зьмяніць залу паседжаньняў і загадаў зачыніць дзьверы. У адказ з калідору пачулася дружнае: «Жыве Беларусь!» «За гэты інцыдэнт я потым атрымаў вымову ад кіраўніцтва, але што я мог зрабіць? У другую залу канвой усё роўна не пайшоў бы - там не было жалезнай клеткі», - шчыра прызнаўся Ўладзімер Лаўроў. Аказваецца, на той час ужо дзейнічаў парадак, згодна зь якім падазраваных у злосных злачынствах трэба трымаць у жалезных клетках. Дарэчы, назаўтра Лаўроў знайшоў выйсьце з складанага становішча: «Гэта я выклікаў у суд АМАПаўцаў з сабакамі. Пасьля гэтага працэс пайшоў безь перашкодаў з боку публікі», - пахваліўся судзьдзя.

А ўвогуле, паводле ягоных словаў, асаблівых здабыткаў ад таго працэсу ён ня меў. Кар'еру не палепшыў - як быў, так і застаўся абласным судзьдзём, аб чым у свае немалыя гады не шкадуе. «А вось Шыдлоўскі на той гісторыі нажыўся», - заявіў Лаўроў і, спаслаўшыся на нейкія дасьведчаныя крыніцы, распавёў, што адна замежная арганізацыя выплаціла Аляксею немалую суму ў далярах. «Так што хай скажа нам дзякуй», - падсумаваў судзьдзя. Хутка пасьля гэтага наша гутарка і скончылася .

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG