Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Стоўпцы-Менск

Дваццаць пятага лютага а 10-й гадзіне раніцы зь менскай турмы, што на вуліцы Кальварыйскай, выйдзе на волю Аляксей Шыдлоўскі.

Нагадаем, што16-гадовы Вадзім Лабковіч і 19-гадовы Аляксей Шыдлоўскі былі затрыманыя ў жніўні 1997 году за ўдзел у акцыі «Маладога Фронту» ў ноч з 2 на 3 жніўня.

Маладафронтаўцаў абвінавацілі ў тым, што яны ў горадзе Стоўпцы замянілі лукашэнкаўскі сьцяг на бел-чырвона-белы, а таксама напісалі на сьценах будынкаў фразу «Я люблю Беларусь» і цытату з Уладзімера Караткевіча «Беларусь - наш дом», «Беларусь - наш храм». Пазьней судьдзя Уладзімер Лаўроў вызначыў гэтыя надпісы як «абразьлівыя».

4 верасьня юнакам было прад'яўленае афіцыйнае абвінавачаньне, а праз тыдзень на знак пратэсту супраць незаконнага затрыманьня Шыдлоўскі і Лабковіч абвясьцілі галадоўку. За гэта Аляксей Шыдлоўскі быў жорстка зьбіты аховай сьледчага ізалятару. Амаль паўгода маладафронтаўцаў трымалі ў антысанітарных умовах перапоўненых камэраў.

Судовы працэс адбыўся летась у лютым. Шыдлоўскага і Лабковіча трымалі ў жалезнай клетцы пад аховаю АМАПаўцаў і службовых сабакаў. Хоць дастатковых доказаў віны Шыдлоўскага і Лабковіча прадстаўлена не было, судзьдзя Лаўроў прысудзіў Шыдлоўскага і Лабковіча да аднаго году шасьці месяцаў пазбаўленьня волі. Непаўналетняму Лабковічу выкананьне прысуду адтэрмінаванае на два гады, а Шыдлоўскі мусіў адбыць пакараньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Падчас працэсу пракурор і судзьдзя неаднаразова дазвалялі сабе камэнтары адносна палітычных прыхільнасьцяў падсудных.

Аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя Amnisty International прызнала Аляксея Шыдлоўскага вязьнем сумненьня. Знаходзячыся ў турме, ён рэгулярна друкаваўся ў беларускіх незалежных газэтах. Днямі на зьезьдзе «Маладога Фронту» Шыдлоўскі абраны намесьнікам старшыні гэтай арганізацыі.

У сваіх далейшых перадачах мы маем намер пазнаёміць вас з тымі, хто прычыніўся да зьняволеньня Шыдлоўскага - так званымі «сьведкамі», работнікамі пракуратуры, судзьдзём, ахоўнікамі вязьніцы.

А пакуль наш карэспандэнт Алесь Мікалайчанка наведаў Стоўпцы і пацікавіўся, як ставяцца да беларускага патрыёта ягоныя землякі.

Бясспрэчна, імя Аляксея Шыдлоўскага сёньня на вуснах у ягоных землякоў з гораду Стоўпцы. Праўда, яны ставяцца да знакамітага палітзэка па-рознаму. У гэтым пераканаўся наш карэспандэнт, калі ўчора непадалёку ад чыгуначнага вакзалу гэтага гораду правёў невялічкае апытаньне на тэму: «Зь якімі пачуцьцямі Вы 25 лютага будзеце сустракаць на волі ў сваім горадзе Аляксея Шыдлоўскага?»

Вось два характэрныя або тыповыя адказы.

Гаворыць вэтэран партыі, апрануты ў драпавае паліто з пацёртым каракулевым каўнерчыкам: «Я бы ўзяў дубіну і разагнаў бы іх к чортавай мацеры! Правакатар! І больша я Вам нічыво не скажу!»

«Я буду толькі вітаць», - коратка сказаў ладнага росту малады чалавек.

Я папрасіў пракамэнтаваць гэтыя ды іншыя падобныя адказы землякоў Аляксея Шыдлоўскага лідэра філіі Беларускага Народнага Фронту ў Стоўпцах Фадзея Крамко:

(Крамко:) «Розныя ёсьць людзі. Большасьць асабліва такіх людзей, каму за 30 - тыя, канешне, спачуваюць, думаюць, што гэта ўсё-такі вязьні сумленьня».

Сп. Крамко паведаміў, што раніцай 25 лютага ягоныя калегі з Народнага Фронту і стаўпецкія маладафронтаўцы будуць сустракаць Аляксея Шыдлоўскага каля турэмнай брамы ў сталіцы на вуліцы Кальварыйскай. У сакавіку Аляксей правядзе сустрэчу зь юнакамі й дзяўчатамі ў сваёй роднай школе. Як мне паведаміў сябра Цэнтральнай Рады «Маладога Фронту» Раман Кавальчук...

(Кавальчук:) «Пэўная праграма сустрэчы Аляксея ўжо выпрацаваная «Маладым Фронтам». Прынамсі мы будзем спрабаваць арганізаваць пікеты за два дні да вызваленьня Аляксея з турмы непадалёку ад месца яе разьмяшчэньня. Але там знаходзіцца даволі шмат будынкаў і адміністрацыі і ДАІ, і ў прынцыпе нам даволі цяжка правесьці пікет непасрэдна каля турмы. Мы зьбіраемся паставіць дзяжурства нават уначы, улічваючы той фактар, што Аляксей можа быць вызвалены ня ў дзённы час. Ну і далей, безумоўна, мы будзем плянаваць шэраг мерапрыемстваў, можа быць прэсавую канфэрэнцыю...»

У шэрагу тых, хто будзе сустракаць, ад саюзнай «Маладой Грамады» будзе й Павел Знавец, дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, актывіст БСДП. Гаворыць Павел Знавец:

(Знавец:) «Мы з Аляксеем падтрымваем сувязі, лістуемся, і я запрасіў яго і Вадзіма Лабковіча да сябе ў госьці. Ну а тое, што ён перанёс і адседзеў - гэта яму залічыцца ў вайсковую службу, таму што ўмовы ў войску шмат у чым падобныя да турэмных».

Павел Знавец сказаў мне, што часы, калі зьдзейсьніцца працэдура такога залічэньня - не за гарамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG