Сёньня ў КГБ Віцебскай вобласьці быў выкліканы намесьнік старшыні ЦэнтарВыбарКаму па выбарах прэзыдэнта Іосіф Навумчык. У прысутнасьці памочніка абласнога пракурора І. Грабоўскага супрацоўнік КГБ А. Лук'янаў абвясьціў намесьніку старшыні ЦэнтарВыбарКаму афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці незаконных дзеяньняў. У пратаколе КГБ адзначаецца: «Навумчык І.А. прыступіў да практычных дзеяньняў у справе фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў Віцебскай вобласьці. У студзені-лютым наведаў адміністрацыі Першамайскага, Кастрычніцкага, Чыгуначнага раёнаў Віцебску, выканкамы Віцебскага і іншых раёнаў вобласьці, дзе пакідаў зборнікі пастановаў ЦэнтарВыбарКаму». І далей: «Дзеяньні Навумчыка І.А. правакуюць дэстабілізацыю грамадзка-палітычнай абстаноўкі у рэспубліцы, супярэчаць дзейнаму заканадаўству і могуць прывесьці да злачынства прадугледжагнага артыкулам 61-1 КК РБ - Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Супрацоўнік КГБ Лук'янаў заявіў, што такія дзеяньні могуць прывесьці да злачынства і пацягнуць за сабой крымінальную адказнасьць. Працэдура, якая паводле пратаколу цягнулся 5 хвілінаў - ад 11:55 да 12:00 - запісвалася на відэакамэру. У графе «подпіс» Іосіф Навумчык напісаў: «З абвінавачаньнем ня згодны». Позва, пратакол і само папярэджаньне выкананыя на расейскай мове. Гэта другі выпадак вынясеньня афіцыйнага папярэджаньня КГБ сябрам ЦэнтарВыбарКаму па выбарах прэзыдэнта. Першае папярэджаньне атрымаў Віктар Ганчар.
Самае папулярнае
1