У сьнежаньскую ноч 79-га зь віцебскага аэрадрому ўзьнялася ў паветра самая першая эскадрылья транспартнай дывізіі, якая прывезла ў Афганістан першыя савецкія дэсантныя падразьдзяленьні. Ужо празь некалькі дзён самалёты вярнуліся зь першымі цынкавымі трунамі. Ленін, чыё вучэньне было кананічным для таго пакаленьня, якому давялося ваяваць у Афганістане, пісаў пра войны справядлівыя і несправядлівыя. Савецкая вайна ў Афганістане не была справядлівай нават паводле ленінскак тэорыяў. Дысыдэнту Уладзімеру Букоўскаму на пачатку 90-х гадоў удалося на некалькі тыдняў атрымаць доступ да архіву Генэральнага сакратара ЦК КПСС, які цяпер завецца прэзыдэнцкім архівам. У сваёй кнізе «Маскоўскі працэс» Букоўскі прыводзіць успаміны ўдзельнікаў штурму палаца тагачаснага кіраўніка Афганістану Аміна. Штурм пачаўся з артылерыйскага абстрэлу, потым спэцгрупа ўварвалася ў палац, закідваючы ў кожны пакой гранаты і паліваючы ўсё навокал агнём з аўтаматаў. Калі дабраліся да пакоеў Аміна, - убачылі, што ён трымае на руках шасьцігадовага сына, а побач быў старэйшы сын-падлетак. Імгненна рапсправіўшыся з кіраўніком Афганістану, афіцэры КДБ разрадзілі свае аўтаматы і ў ягоных дзяцей. Так пачалася афганская вайна. Дзеці Аміна не пасьпелі заплакаць, але іншыя мільёны афганскіх дзяцей аплакалі сьмерць сваіх бацькоў ды матак. У Савецкім Саюзе аплакваць блізкіх давялося бацькам - сярэдні ўзрост палеглых савецкіх вайскоўцаў не перавышаў дваццаці гадоў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу - звыш трынаццаці тысячаў магілаў тых, хто не вярнуўся жывым з той вайны. Ёсьць усе падставы меркаваць, што лічба заніжаная, бо колькасьць ахвяраў з афганскага боку дасягае - паводле афганскіх зьвестак - каля мільёна чалавек. Відавочна, дакладныя лічбы ўжо ня будуць вядомыя ніколі. Вашынгтонскі палітоляг Пол Гоўбл у камэнтары да сёньняшняга юбілею заўважае, што тры фактары - вывад войскаў, прызнаньне, што савецкая інтэрвэнцыя ня мела падтрымкі мясцовага насельніцтва, і агалошваньне зьверстваў у дачыненьні да мірных жыхароў, - рэльефна выявілі антычалавечасьць савецкае сыстэмы. І гэта адыграла істотную ролю ў яе канчатковым зьнішчэньні. Беларусь афганская вайна не абмінула. Сотні магілаў ці не ва ўсіх раёнах Беларусі, выступ дэпутата-афганца супраць акадэміка Сахарава на першым зьезьдзе, - і кніжка Сьвятланы Алексіевіч, якая на сёньняшні дзень ёсьць ці не найглыбейшым асэнсаваньнем трагедыі хлопчыкаў, якім пашчасьціла не апынуцца ў цынку. Тая вайна была бессэнсоўная для ўсіх. І, можа, адзіны яе сэнс для беларусаў - навучыць, што змаганьне за чужыя інтарэсы шчасьця не прыносіць.

Самае папулярнае
1