Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 1999 г.


Сёньня ў Беларусі скончылася кампанія дэкляраваньня фізычнымі асобамі сваіх даходаў, атрыманых па выніках працоўнай дзейнасьці ў мінулым годзе. Паводле зьвестак Дзяржаўнага падатковага камітэту краіны, гэтая кампанія ахапіла некалькі сотняў тысячаў грамадзянаў краіны.

Законам Рэспублікі Беларусі аб падаходным падатку з грамадзянаў 15 лютага абвешчанае апошнім днём падачы фізычнымі асобамі дэклярацыі пра свае фінансавыя прыбыткі, атрыманыя летась. Такім чынам сёньняшні дзень стаўся завяршальным для кампаніі падачы беларускімі грамадзянамі ў падатковыя ворганы дэклярацыяў аб асабістых прыбытках па выніках працоўнай дзейнасьці ў 1998 годзе.

Паводле назіраньняў прадстаўнікоў падатковых службаў краіны, якія прымалі дэклярацыі, заканчэньне кампаніі ня мела прыкметаў надзвычайнасьці падзеі. У гэтым я пераканаўся асабіста, наведаўшы падаткавую інспэкцыю Ленінскага раёну беларускай сталіцы. Тут было людна, аднак, як патлумачыў мне начальнік аддзелу дэкляраваньня прыбыткаў фізычнымі асобамі гэтай падаткавай інспэкцыі Мікалай Немцаў, колькасьць сёньняшніх наведнікаў хаця і пераўзыходзіла колькасьць падаткаплацельшчыкаў, што прыходзяць у раённую службу ў звычайныя дні, але ня мела дэстабілізуючага ўплыву на працу ўстановы.

З камэнтароў супрацоўнікаў падаткавых ворганаў вынікае, што асноўная маса беларусаў закончыла працэс дэкляраваньня сваіх леташніх прыбыткаў у папярэднія дні. Варта ўдакладніць: гаворка тычыцца той часткі насельніцтва, якой прадпісана гэта ажыцьцявіць ужо згаданым вышэй законам аб падатковым падатку з грамадзянаў. Дык вось, у адпаведнасьці зь ім дэкляраваньне даходаў для падаткавых інспэнцыяў павінныя ажыцьцявіць канкрэтныя катэгорыі беларускага насельніцтва. Найперш гэта тычыцца прыватных прадпрымальнікаў, затым асобаў, што атрымлівалі ў 1998 годзе прыбыткі ад некалькіх суб'ектаў гаспадараньня, аўтарскія ўзнагароджаньні за рацыяналізатарскія прапановы, прыбыткі ад замежных фінансавых крыніцаў, ад рэалізацыі каштоўных папераў і г.д.

Як бачым, сёлетняя кампанія падачы ў падаткавыя ворганы прадстаўнікамі гэтых групаў насельніцтва сваіх дэклярацыяў пра гадавыя прыбыткі закончылася без грамадзкага ўзрушэньня ў адрозьненьне ад мінулага году, калі ў Беларусі адбыўся грамадзкі выбух у сувязі з раптоўнымі зьменамі ў парадках дэкляраваньня. Летась беларускія падаткаплацельшчыкі, якім належала запоўніць падаткавыя дэклярацыі, нечакана апынуліся ў становішчы, калі да ўжо выплачаных сумаў зь іх меркавалася спагнаць дадатковыя грошы. Грамадзкі пратэст супраць такога парадку дэкляраваньня закончыўся, як вядома, посьпехам, і вырашальны даробак у гэты посьпех унесьлі прыватныя прадпрымальнікі. Дарэчы, менавіта яны, паводле інфармацыі іхных прафсаюзных лідэраў, да сёлетняй кампаніі дэкляраваньня гадавых прыбыткаў паставіліся арганізавана і дысцыплінавана. Пераважная большасьць зь іх закончыла працэс сваіх фінансавых справаздачаў перад падаткавымі інспэкцыямі краіны яшчэ на мінулым тыдні. Як адзначыў нашаму радыё старшыня менскага гарадзкога прафсаюзу грамадзянаў-прадпрымальнікаў і асобаў, што працуюць па найму Ўладзімер Бялоў, у сяброў гэтага прафсаюзу не было да ўладаў ніякіх прэтэнзіяў ні паводле тэрміну, ні паводле мэтодыкі падачы дэклярацыяў. Аднак ня выключана, што гэтыя прэтэнзіі могуць узьнікнуць потым - у тым выпадку, калі падаткавыя ворганы раптам паспрабуюць па-свойму растлумачыць дзейныя парадкі. Гаворыць Уладзімір Бялоў:

(Бялоў:) «У дэклярацыях яны павінны паказаць свае прыбыткі, а прыбытак - гэта розьніца паміж тым, за колькі ты прадаў, і ў што табе ўсё гэта абыйшлося ў працэсе працы. Як гэта будзе выглядаць, мы пакуль што ня ведаем. Таму што дакумэнтаў у пытаньні прыбыткаў, сабекоштаў, гэта значыць рэальнай вартасьці выдаткаў прадпрымальнікаў пакуль падаткавыя ворганы не падалі. Таму зусім ня выключана, што наперадзе могуць узьнікнуць ускладненьні ва ўзаемадачыненьні прыватных прадпрымальнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных падаткавых службаў».

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG