Для менскіх аўтамабілебудаўнікоў сёньня быў дзень вымушанага адпачынку. Зрэшты - як і ўчора. На загад генэральнага дырэктара МАЗу Валянціна Гурыновіча 4 і 5 лютага былі абвешчаныя на прадпрыемстве непрацоўнымі днямі. Непрацоўныя дні на МАЗе сталіся наступствам старой, вытворчай хваробы гэтага прадпрыемства, а менавіта- адсутнасьці рухавікоў для вырабу тут велікагрузных аўтамабіляў. Намесьнік генэральнага дырэктара заводу па пытаньнях матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня і камплектацыі Леанід Гармаш, камэнтуючы для нашага радыё цяперашнюю сытуацыю, паведаміў, што, як і раней, да яе спрычынілася нестабільная праца Яраслаўскага маторнага заводу. Расейскае прадпрыемства спыненае і не вырабляе рухавікі. Вось што сказаў Леанід Гармаш: (Гармаш:) «Няма ў іх абаротных сродкаў для закупкі камплектуючых матэрыялаў, таму яны і стаяць». Зразумела, што прастой аўтазаводу непакоіць яго працаўнікоў. Для адміністрацыі яраслаўская праблема сталася пастаянным галаўным болем. «Там, у Яраслаўлі, - сказаў Леанід Гармаш, - ніколі, здаецца, не было парадку і ня будзе». З гэтай прычыны ён прадбачае вялікія складанасьці для вытворчых пэрспэктываў беларускага прадпрыемства. Відавочна, што няўпэўненасьць кіраўніцтва заводу ў заўтрашнім дні перадаецца і працоўнаму калектыву. За
вымушаны адпачынак 4 і 5 лютага менскія аўтамабілебудаўнікі, паводле загаду генэральнага дырэктара Валянціна Гурыновіча, атрымаюць па дзьве траціны дзённага заробку. Аднак гэта рабочых ня радуе -
заявіў нашаму радыё яшчэ адзін прадстаўнік МАЗу, лідэр
свабоднага прафсаюзу заводу Міхаіл Марыніч. Рабочаму,
паводле ягоных словаў, патрэбна, каб прадпрыемства працавала стабільна, бо ў такім выпадку рабочы можа разьлічваць не на кампэнсацыю прастою, але на нармальныя
заробкі. У гэтай сувязі, зазначыў Міхаіл Марыніч, наш прафсаюз усур'ёз заняты клопатамі пра стабілізацыю вытворчасьці на МАЗе.