Мы раней распавядалі, што «Вясна-96» займалася справай непаўналетняга Стася Карашчанкі, якога падчас правядзеньня пікету каля Палаца Спорту затрымалі людзі ў цывільным. Ён быў моцна зьбіты. У Цэнтральным РАЎСе на яго быў складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 6 сьнежня, прысьвечаным 50-м угодкам Дэклярацыі правоў чалавека. Пабоі былі зафіксаваныя ў той самы вечар. Хлопчык яшчэ амаль тры тыдні праходзіў курс лячэньня ў раённай паліклініцы. «Вясна-96» падала скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску, каб прыцягнуць да адказнасьці работнікаў міліцыі, якія так жорстка яго зьбілі. Літаральна праз тры дні работнікі міліцыі пачалі пагражаць Стасю па тэлефоне і патрабаваць, каб ён забраў заяву з пракуратуры. Каб гэта спыніць, «Вясна-96» зьвярнулася ў Цэнтральны РАЎС. Там паабяцалі, што гэтага больш не паўторыцца. І сапраўды - больш не пагражалі, а пачалі ўгаворваць забраць заяву. Потым званкі спыніліся. У Цэнтральнай пракуратуры памочнік пракурора Кор'ева на наш запыт наконт скаргі адказала, што справа спыненая на той падставе, што тыя работнікі міліцыі, на якіх мы скардзіліся, сказалі, што нічога такога яны не рабілі. Цікава, няўжо яны маглі адказаць нешта іншае? Кор'ева паведаміла, што паколькі няма іншых сьведкаў, справа спыняецца, і ўжо поштай адасланы гэты адказ. На пытаньне, чаму не апыталі сьведку Стася Карашчанкі - Вадзіма Канапацкага, Кор'ева зьбянтэжылася, а потым адказала, што яна не заўважыла гэтага прозьвішча. На другі дзень быў тэрмінова выкліканы ў Цэнтральную пракуратуру Вадзім Канапацкі. У яго там узялі тлумачэньне. Але гэта ўжо нічога не вырашала, таму што пісьмовы адказ Кор'ева ўжо даслала. «Вясна-96» будзе абскарджваць дзеяньні Цэнтральнай пракуратуры ў гарадзкой, а калі будзе патрэбна, дык і ў рэспубліканскай. Практыка паказвае, што, на жаль, прыцягнуць да адказнасьці работніка міліцыі - асабліва калі ён парушае заканадаўства ў дачыненьні да людзей, зьвязаных з палітычнай апазыцыяй - вельмі цяжка, але рабіць гэта трэба. Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1