Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 студзеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Старшыня аргкамітэту па правядзеньні Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі Генадзь Карпенка яшчэ не пасьпеў вымавіць апошнія словы сваёй уступнай прамовы, як палац культуры літаральна выбухнуў славутым воклічам: «Жыве Беларусь!» Так надзвычай эмацыйна і ўзрушана ўдзельнікі форуму выказалі сваё стаўленьне да роднае краіны, якая нягледзячы на ўсе перашкоды будзе сувэрэннай і незалежнай.

Адчуваючы гэты настрой, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які вітаў удзельнікаў кангрэсу, адразу ж выказаў шчырую павагу да ўсіх, хто няспынна працуе ў імя высакароднай мэты. Прамоўца казаў пра тое, як надзвычай цяжка сёньня жывецца простым людзям. Дайшло да таго, што некаторыя ўжо вымушаныя капацца на сьметніках, каб знайсьці што-небудзь прыдатнае для пражытку. Беларусы робяцца пасьмешышчам для жыхароў іншых краінаў. Усё часьцей можна пачуць: «Дык што, мы дойдзем да такога вар'яцтва як беларусы, якія адмаўляюцца ад ідэалаў свабоды, дзяржаўнай незалежнасьці?» Не! - падкрэсьліў народны паэт. Беларускі народ не адмаўляецца ад сувэрэнітэту і незалежнасьці. Проста пэўную частку людзей афіцыйныя ўлады зьбілі з панталыку. Яны праводзяць антынацыянальны курс, яны маюць нахабнасьць крычаць у твар дзесяцімільённаму народу: «Цябе няма!» Гэта яны хочуць аддаць нашую Радзіму другой краіне. Таму, на думку Ніла Гілевіча, галоўнае, што павінны зрабіць дэлегаты Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў - гэта абвесьціць: «Мы не дапусьцім катастрофы, мы не дапусьцім нацыянальнай трагедыі».

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі ў сваёй прамове падкрэсьліў, што цяпер як ніколі зьявіўся добры шанец для перамогі дэмакратыі. Сьпікер патлумачыў, што цяпер ёсьць спалучэньне трох фактараў. Па-першае, існуе й працуе вышэйшы легітымны заканадаўчы ворган - Вярхоўны Савет. Па-другое, як ніколі ўзрасла незадаволенасьць узроўнем жыцьця большасьці насельніцтва. І трэцяе - набліжаецца да завяршэньня тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Але для перамогі гэтага мала. Мала таму, што надзвычай патрэбная яшчэ адна ўмова. Гэтая ўмова - яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў. Менавіта сыходзячы з гэтага сп. Шарэцкі і заклікаў прадстаўнікоў партыяў і грамадзкіх арганізацыяў адмовіцца ад амбіцыяў і сканцэнтраваць усю ўвагу, усе намаганьні на правядзеньні выбараў прэзыдэнта Беларусі 16 траўня 1999 году.

Кангрэс Дэмакратычных Сілаў выклікаў вялікі інтарэс. Сярод замежных гасьцей форуму ёсьць, напрыклад, дэпутаты Сойму Літвы Дрынгяліс і Шакалініс, дэпутаты Дзярждумы Расеі Баравой і Янкоўскі, былы віцэ-прэм'ер ураду Ўкраіны Ямец ды іншыя. У залі прысутнічаюць амбасадары Вялікабрытаніі Джэсіка Пірс, Чэхіі - Карэл Харанза і дыпляматы зь іншых краінаў.

Тэлеграмы зь віншаваньнямі кангрэсу даслалі старшыня кансультацыйна-маніторынгавай групы АБСЭ ў Менску амбасадар Ганс-Георг Вік і кіраўнік польскай «Салідарнасьці» Мар'ян Кшаклеўскі. На думку сп. Віка, Кангрэс Дэмакратычных Сілаў - гэта вынік штораз большай дэмакратычнасьці беларускага грамадзтва. А сп. Кшаклеўскі лічыць, што дэмакратычная Беларусь была б вельмі важным партнэрам дэмакратычнай Польшчы і аб'яднанай Эўропы.

У прэсавым цэнтры зарэгістраваліся 82 журналісты. Адразу пасьля выступу трох галоўных прамоўцаў - Шарэцкага, Карпенкі й Пастухова - адбылася прэсавая канфэрэнцыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG