Пяць гадоў таму памёр Алесь Адамовіч. Слова памяці. - Чаму вы пішаце, дзеля чаго гаворыць Радыё Свабода? - спытаўся ў мяне Алесь Адамовіч падчас апошняй нашай сустрэчы ў сьнежні 1993-га, за некалькі тыдняў да таго, як спынілася ягонае сэрца. Мы сустрэліся ў будынку Інстытуту Праблемаў Кінамастацтва, які Адамовіч узначаліў, калі з ласкі мясцовых уладаў быў вымушанны пакінуць Беларусь. Быў вечар, ці проста ў сьнежні ў Маскве рана цямнее? - ня памятаю. На Адамовічу быў ягоны ўлюбёны швэдар, мы сядзелі адны ў велізарнай залі, дзе некалі праходзіла першае пасяджэньне антысталінскага «Мэмарыялу» - Адамовіч і Быкаў разам з Сахаравым і Салжаніцыным былі абраныя туды народным галасаваньнем, паводле апытаньня тысячаў людзей на вуліцах. Да Адамовіча з павагай ставіліся розныя людзі, ад апошняга генсэка ЦК КПСС да расейскага праваабаронцы Сяргея Кавалёва, які некалі абраў мянушку «Алесь» у гонар беларускага пісьменьніка; Адамовіча цярпець не маглі савецкія генэралы і ці ня ўсё беларускае начальства: «Хай уведае Алесь, як ня просяць, дык ня лезь!» Мы гаварылі з Алесем Міхайлавічам пра ягоную апошнюю кнігу - «З-пад кропельніцы», пра ягоную маці, пра Васіля Быкава і Сьвятлану Алексіевіч, пра беларускую мову і беларускі КГБ, пра нашыя Курапаты і ўсіхны Чарнобыль, пра сілу і бясьсільле слова. Мне тады здавалася, што слова страціла энэргію, новая свабода была больш падобная да пусткі - дзеля чаго Вы гаворыце цяпер, дапытваўся я ў Адамовіча. І тады Адамовіч спытаўся сам - а дзеля чаго гаворыць вашае радыё? І сам адказаў - некаторыя словы трэба паўтараць, каб на іх увогуле не забыліся. Свабода, радзіма, каханьне... Алеся Адамовіча многія ненавідзелі - але куды больш людзей любіла яго. І калі першых становіцца зь цягам часу толькі менш, дык колькасьць другіх будзе толькі расьці. Аляксандар Лукашук
Самае папулярнае
1