Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 студзеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Пастанова Вярхоўнага Савету Беларусі прызначыць прэзыдэнцкія выбары будзе мець вельмі сур'ёзныя наступствы ў міжнародным пляне. Такое меркаваньне выказаў сёньня ў інтэрвію нашай радыёстанцыі былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў. Ён станоўча ацаніў вяртаньне амбасадараў краінаў Эўрасаюзу у Менск.

Лідэры палітычных партыяў, якія ўваходзяць у аргкамітэт Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі, у цэлым станоўча ацэньваюць сам факт абвяшчэньня прэзыдэнцкіх выбараў, хоць пры гэтым захоўваецца адрозьненьне ў тактычных падыходах. Аднак ва ўсіх разыходжаньнях ёсьць і агульнае меркаваньне. Рашэньне Вярхоўнага Савету азначае заканчэньне ў чэрвені гэтага году легітымнасьці прэзыдэнта Беларусі. З гэтага пункту гледжаньня разглядае прынятае рашэньне і каардынатар грамадзкай абарончай ініцыятывы "Хартыя -97" Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў:) "Рашэньне якое прыняў Вярхоўны Савет, вельмі важнае, як бы пачаўся рэальны адлік заканчэньня кадэнцыі прэзыдэнта Лукашэнкі. Як гэта будзе ўспрынята міжнароднай супольнасьцю? Мы можам зараз казаць, што міжнародная супольнасьць не прызнае легітымнасьці "нацыянальнага сходу", які ўтварыўся пасьля "рэфэрэндуму" 1996 году, а таму можна чакаць, што міжнародная супольнасьць павінна ўспрыняць гэтае рашэньне як тое, што Лукашэнка страціць сваю легітымнасьць у ліпені бягучага году. Я думаю, што шмат будзе залежаць ад апазыцыі, калі апазыцыя здолее прадэманстраваць міжнароднай супольнасьці, міжнародным арганізацыям, асобным краінам, што ёсьць рашучасьць адстойваць легітымнасьць і законнасьць у Беларусі. Ёсьць рашучасьць адстойваць прынцыпы дэмакратыі, а таму міжнародная супольнасьць падтрымае дэмакратычныя сілы Беларусі".

Андрэй Саньнікаў сказаў таксама, што аргкамітэт "Хартыі-97" сам па сабе не зьбіраецца вылучаць альбо падтрымліваць якога-кольвек кандыдата ў прэзыдэнты, хоць і падтрымлівае саму ідэю выбараў, як і ўсе дэмакратычныя пераўтварэньні ў грамадзтве.

Ці азначае вяртаньне паслоў краінаў Эўрасаюзу ў Менск у гэтую нядзелю, што ўлады Беларусі гатовыя пайсьці на пэўную лібэралізацыю рэжыму, у тым ліку больш памяркоўнае стаўленьне да апазыцыі?

На гэтае пытаньне Андрэй Саньнікаў адказаў так:

(Саньнікаў:) "Пагрозы, якія прагучалі з боку пракуратуры й Міністэрства Юстыцыі, даволі сур'ёзныя, і я думаю, што ўлады толькі пагрозамі не абмяжуюцца. Я б ня стаў кажаць зараз пра памяркоўнасьць уладаў. Што тычыцца вяртаньня паслоў, то я б зьвязаў гэта менавіта з той сітуацыяй, якая цяпер у нас. Паслы цяпер вельмі патрэбныя ў Беларусі. Паслы вяртаюцца не з-за Лукашэнкі, паслы вяртаюцца ў Беларусь, у складаную сітуацыю, яны павінны будуць адсочваць тое, што тут будзе адбывацца і інфармаваць свае краіны. Гэта будзе больш эфэктыўны сродак інфармацыі кіраўніцтва. Таму што паслы маюць просты канал сувязі і зь міністрамі замежных справаў і з кіраўніцтвам - прэм'ер-міністрам ці прэзыдэнтам. І вельмі важна для дэмакратычных краінаў ведаць што адбываецца, каб прагназаваць свае крокі ў адносінах да Беларусі. Ня думаю, што мы можам чакаць нейкіх істотных зьменаў у паводзінах уладаў. Мы ня бачылі гэтых крокаў з боку ўладаў дагэтуль, і я ня думаю, што зараз яны будуць адбывацца".

(Тарас:) Вы ў цэлым станоўча ацэньваеце вяртаньне паслоў у Менск?

(Саньнікаў:) "Так, нягледзячы на тое, што Эўрапейскі Саюз заняў такую даволі мяккую пазыцыю. Я хацеў бы падкрэсьліць, што вельмі важна, што паслы вяртаюцца ў Беларусь напярэдадні Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў. Я думаю, што яны будуць безумоўна запрошаныя на гэты кангрэс. Я чакаю, што яны будуць там удзельнічаць".

Нагадаем, што амбасадары краінаў Эўрасаюзу пакідалі Менск у чэрвені мінулага году ўсе разам. Вяртаюцца яны таксама разам. Але пазыцыя Злучаных Штатаў Амэрыкі, якія пакуль утрымліваюцца ад вяртаньня свайго пасла, сёньня адрозьніваецца ў гэтым пытаньні ад мяккай, як было сказана, пазыцыі Эўрасаюзу. Ці будзе выпрацаваная агульная пазыцыя Захаду для наступных падзеяў у Беларусі? Гэтае пытаньне сёньня застаецца адкрытым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG