Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 студзеня 1999 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

У апошні дзень "старога" старога году ў Магілеве зьявіўся зварот да прыватных прадпрымальнікаў. Аўтар звароту - Рада свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Магілеву - заклікае далучыцца да патрабаваньняў агульнарэспубліканскай нарады актывістаў прадпрымальніцкіх прафсаюзных арганізацыяў, якая адбылася 6 студзеня ў Менску.

9 сьнежня летась магілеўскія прадпрымальнікі супольна з рабочымі правялі мітынг і запатрабавалі ад абласных уладаў і прэзыдэнта Беларусі выкананьня сваіх патрабаваньняў і зьмены сытуацыі.

Старшыня Рады Сяргей Фамін так тлумачыць прычыны неабходнасьці супольнай працы людзей розных прафэсіяў: "Калі зьмяншаюцца заробкі людзей, яны перастаюць хадзіць на рынак, а ў нас зьнікае патэнцыяльны пакупнік. Мы ўсе зацікаўленыя ў паляпшэньні ўзроўню жыцьця, а значыць - і пакупніцкай здольнасьці жыхароў".

Актывісты гэтай арганізацыі не дачакаліся адказу на свой папярэдні зварот і заклікаюць супольна зь іншымі рэгіёнамі 27 студзеня спыніць працу на рынках на адзін дзень, а ў Магілеве з 1 лютага пачаць працяглы страйк спыненьнем выплаты падаткаў і іншых плацяжоў.

Дзяржаўную палітыку ў галіне разьвіцьця прадпрымальніцтва ў звароце сябры арганізацыі называюць ня йнакш як дзяржаўным рэкетам і сыстэмай эканамічнага й прававога генацыду. Рада свабоднага прафсаюзу лічыць непрымальным, калі ўлады настройваюць людзей супраць прадпрымальнікаў і прадстаўляюць сытуацыю такім чынам, што яны ня плоцяць падаткі і падымаюць цэны, а з-за гэтага церпяць калгасьнікі й рабочыя. "Гэта падман, - заяўляе Сяргей Фамін. - Прадпрымальнікі плацілі, плоцяць і далей будуць плаціць падаткі, але такія, якія б ня ставілі нашыя сем'і на рысу элемэнтарнага выжываньня".

Так, прадпрымальнікі імкнуцца зьмяніць сытуацыю, але нярэдка паводле прынцыпу "Мая хата з краю". Такая пазыцыя выявілася 9 сьнежня, калі каля паловы гандляроў рэчавага рынку на стадыёне "Спартак" выйшлі на працу, тым часам як іхныя калегі страйкавалі. Гэтую акалічнасьць Рада арганізацыі падкрэсьлівае ў звароце: "Мы разумеем, што 95% прадпрымальнікаў падтрымваюць нашыя патрабаваньні да ўраду, - канстатуецца ў звароце, - але жадаюць, каб гэтую працу вялі актывісты прафсаюзаў, але толькі не яны. Зразумела, сёньня нельга маўчаць. Маўчаць - значыць падтрымваць тое, што робіцца".

Падрыхтоўка да аднадзённага страйку ўжо пачалася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG