Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе над Васілём Старавойтавым у Кіраўску абарона заявіла недавер да ўсяго складу суду на чале з судзьдзёй Надзеяй Чмарай. Абвінавачаны Васіль Старавойтаў гэтую заяву падтрымаў.

"Вы хочаце згнаіць мяне ў турме! Гэта ня суд, а расправа!" - крычаў Стравойтаў з жалезнай клеткі, што стаіць у зале Кіраўскага суду, дзе судзяць былога старшыню акцыянэрнага таварыства "Расьсьвет". Паводле словаў адваката Веры Страмкоўскай, гэтая заява Старавойтава і стала падставаю для хадайніцтва абароны аб недаверы суду на чале з Надзеяй Чмарай. Суд аднак адхіліў гэтае хадайніцтва.

Прычынай для выкрыку Васіля Старавойтава ў адрас судзьдзі было яе стаўленьне да заключэньня мэдыкаў, якія агледзелі вязьня ў Бабруйскім сьледчым ізалятары. Нагадаю, што рашэньне аб правядзеньні мэдыцынскай экспэртызы суд прыняў яшчэ 22 сьнежня мінулага году. Дактары агледзелі Васіля Старавойтава 5 студзеня, аднак афіцыйнае заключэньне ў суд дагэтуль не патрапіла. "Бо было адпраўленае поштаю", - лічыць судзьдзя Чмара.

Між тым ужо ў панядзелак абарона прадставіла суду заверанае подпісам і пячаткаю меркаваньне аднаго з экспэртаў - экспэрта-псыхіятра Міністэрства Аховы Здароўя Валерыя Будакова. Ён агледзеў Старавойтава ў Бабруйскім ізалятары і зрабіў выснову, што "па свайму псыхічнаму стану той ня можа ўдзельнічаць у судовым працэсе".

"Псыхічныя адхіленьні ў Старавойтава Васіля Канстанцінавіча такія істотныя, што пазбаўляюць яго магчымасьці дакладна ўспрымаць тое, што адбываецца ў судзе", - напісаў спэцыяліст рэспубліканскага псыхіятрычнага шпіталя ў сваім заключэньні. Аднак спаслаўшыся на тое, што заключэньне псыхіятра трапіла на працэс ня поштаю, а было прывезенае адвакатамі, суд яго адхіліў. Вера Страмкоўская даводзіла, што доктар Будакоў сам зьвязаўся з адвакатамі і перадаў ім сваё заключэньне, паколькі ён упэўнены ў неабходнасьці тэрміновага лячэньня Васіля Старавойтава ва ўмовах стацыянарнай клінікі. Суд аднак да гэтых аргумэнтаў не прыслухаўся.

Потым тое самае адбылося і з хадайніцтвам абароны аб накіраваньні справы на дадаткова расьсьледаваньне. У выніку нэрвы Васіля Старавойтава ня вытрымалі, і зь ім у клетцы адбылася сапраўдная істэрыка. У рэшце рэшт толькі сёньня, у аўторак, пасьля заявы Старавойтава, што ён ня спаў усю ноч і адчувае сябе вельмі дрэнна, судзьдзі пайшлі на кампрамісны крок і абвесьцілі перапынак да серады.

Судзьдзя Надзея Чмара спадзяецца, што заўтра раніцай пакет, у якім будуць вынікі экспэртызы, у Кіраўскім судзе нарэшце атрымаюць, і можна будзе прыняць, як яна кажа, абгрунтаванае юрыдычна дакладнае рашэньне наконт таго, ці можа Васіль Старавойтаў надалей утрымлівацца пад вартаю. Тым часам абарона вязьня заяўляе, што яны гатовыя паўтарыць недавер да ўсяго складу суду на чале з Надзеяй Чмарай, бо суд прыняў яўна абвінаваўчы ўхіл, сьцьвярджае адвакат Старавойтава Вера Страмкоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG