Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 студзеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Днямі калегія Вышэйшага Гаспадарчага Суду Беларусі фактычна рэабілітавла Беларускі Фонд Сораса, прыняўшы рашэньне, што той не парушаў беларускага падатковага заканадаўства. Аднак, як лічаць назіральнікі, гэта не азначае, што фонд хутка вернецца ў Беларусь.

Нагадаем, што справа супраць Фонду ўзьнікла амаль два гады таму, калі падаткавая інспэкцыя Ленінскага раёну Менску, вырашыла, што Фонд няправільна выплочваў падаткі ды дапускаў шэраг парушэньняў у апэрацыях з валютаю. У выніку на Фонд быў накладзены штраф памерам амаль 3 мільёны даляраў, які БФС плаціць адмовіўся. У адказ у верасьні 1997 году ўлада арыштавала маёмасьць фонду, і з тых часоў гэтая дабрачынная арганізацыя ў Беларусі ня дзейнічае.

Між тым судовыя цяжбы паміж БФС і падаткавай інспэкцыяй Ленінскага раёну Менску працягваліся, прычым ішлі зь пераменным посьпехам. Спачатку ў Менскім абласным гаспадарчым судзе фонд быў прызнаны невінаватым, потым калегія гэтага суду прыняла цалкам адваротнае рашэньне, якое было прадубляванае старшынём гэтага суда. Гэтым рашэньнем БФС не пагадзіўся і ў выніку справа дайшла да Вышэйшага Гаспадарчага Суду. Вось калегія гэтага суду ў першыя дні новага году й вырашыла, што ўсе ранейшыя прэтэнзіі да БФС неправамоцныя.

Ці азначае гэтая навіна, што Фонд Сораса хутка зноў вернецца ў Беларусь?

Старшыня назіральнай рады БФС Сяргей Леўшуноў утрымліваецца ад аптымістычных прагнозаў, хоць і вітае вэрдыкт гаспадарчага суду. Ён не выключае, што падаткавая інспэкцыя Ленінскага раёну Менску можа яшчэ раз абскардзіць судовы вырак, і гэта зноў замарудзіць перамовы паміж Джоржам Сорасам і беларускімі ўладамі. З другога боку, канфлікт зайшоў дастаткова далёка, і каб вярнуць фонд у Беларусь давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў, лічыць Сяргей Леўшуноў.

Ён дарэчы не выключае, што рашэньне Калегіі Вышэйшага Гаспадарчага Суду ня ёсць пазыцыя адных судзьдзяў. На думку Леўшунова, дастаткова нечаканае апраўданьне БФС можа тлумачыцца спробамі новага кіраўніцтва Міністэрства Замежных Справаў Беларусі прабіць лёд міжнароднай ізаляцыі вакол нашай краіны. Магчыма, лічыць Сяргей Ляўшуноў, што ўсьлед за вяртаньнем паслоў у Дразды новае кіраўніцтва МЗС паспрабуе аднавіць кантакты зь Інстытутам Адкрытага Грамадзтва ў Нью-Ёрку, празь які раней падтрымліваліся адносіны з фондам Сораса. У гэтай сувязі старшыня назіральнай рады БФС Сяргей Леўшуноў узгадаў словы Джоржа Сораса, які казаў: "Мы пакідаем дзьверы для перамоваў зь беларускімі ўладамі адчыненымі".

Таксама Леўшуноў спаслаўся на неаднаразовыя заявы сп. Сораса аб мэтазгоднасьці й гатовасьці далей дапамагаць беларускаму народу. Канешне, прыйдзецца прайсьці немалы шлях кансультацыяў, але ў прынцыпе пры жаданьні абодвух бакоў аднаўленьне працы Фонду Сораса ў Беларусі цалкам магчымаеб - падзяліўся сваімі меркаваньнямі старшыня назіральнай рады Беларускага Фонду Сораса Сяргей Леўшуноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG