Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1998 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Як вядома, на посную куцьцю на беларускім стале абявязкова павінна быць рыба. У розныя часы і розных мясцовасьцях рыбны элемэнт мэню быў самым разнастайным, хоць даволі часта многія сем'і абыходзіліся і цяпер вымушаныя абыходзіцца унівэрсальным селядцом. Такой падмены не дапускае чэская традыцыя. Тут адзінай рытуальнай рыбай для сьвяточнага стала застаецца карп.

Вуліцы перадкаляднай Прагі залітыя крывёю. На ахвярны алтар традыцыі прыносяцца тысячы й тысячы закланьнікаў – карпаў. Прыкладна за тыдзень да Калядаў літаральна на кожньм больш-менш бойкім месцы зьявіліся вялізныя чаны-акварыюмы. З раньняй раніцы да позьняга вечара рыбакі ў даўжэзных гумовых ботах вылоўліваць упадабаных пакупнікамі рыб, узважваюць і, на жаданьне, тут жа разьбіраюць іх гойстрымі секачамі. Мы ня раз чулі, асабліва з вуснаў маладых, – кажа адзін прадавец, – абвінавачваньні ў забойстве. Але, – парыруе ён, мы ня чулі, каб нехта зь іх адмовіўся есьці сьвяточнага карпа дома. Праўда, некаторыя гаспадыні маюць звычай трымаць свае рыбіны жывымі ў ванне да самых Калядаў – тады яны будуць мець ня толькі смажаныя кавалкі, але, дадаткова, напрыклад і суп з галавы йкостак. Але галоўнай стравай 24 сьнежня на ўсіх чэскіх сталах будзе абрадавы смажаны карп з бульбяным салатам. Прычым, смажыцца рыба бяз скуры.

Павагу да сваёй традыцыі чэхі зьвязваюць і зь яе даўнасьцю. Паводле этнографаў, яна бярэ пачатак у сярэднявеччы, калі каталіцкая царква строга прадпісвала рацыён сьвяточных дзён, у пэўныя пэрыяды нельга было забіваць і есьці цеплакроўных жывёлаў. Так, прыблізна ад XIII стагодзьдзя кожны манастыр пачаў абзаводзіцца ўласнай сажалкай, дзе гадаваліся карпы. Традыцыя хутка пашырылася і па-за межы манастыроў, і ўжо ў XVI стагодзьдзі на чэска-мараўскіх землях было 180 тысячаў гектараў сажалак. Да сёньняшняга дня каля траціны гэтых плошчаў застаюцца прадукцыйнымі. Карпаў, выгадаваных тут, чэхі лічаць найлепшымі: бо, паводле рыбакоў, векавая ціна, што расце на дне, стварае для тутэйшых гадунцоў самыя ідэальныя аэрадынамічныя ўмовы. Да таго ж, як дадае Ёзэф Пакорны, навуковы супрацоўнік гідрабіялягічнага інстытуту, тэхналёгіі гадоўлі шмат у чым захоўвае і старадаўні падыход да натуральнага жыўленьня рыбы. 70% карпавага рацыёну складае натуральны плянктон, астатняе – спэцыяльны зернавы гранулят. Паводле Пакорнага, чэская тэхналёгія гадоўлі адрозьніваецца гэтым ад іншых, больш штучных, і таму чэскага карпа цяпер ахвотна купляюць і Нямеччына, і Аўстрыя, і Францыя, і Італія, і Бэльгія. Праўда, апошнімі гадамі папулярнага карпа пачалі цясьніць на рынку стронга й ласось. Гэта прымушае чэскіх вытворцаў зьмяншаць цэны на карпа. Яраслаў Гоўба, дырэктар голдынгавай кампаніі «Чэская Рыба», прызнаецца што экспартуюць яны карпа за цану 50 карон за кіляграм, хоць дома ён прадаецца за 75 карон (каля 2,5 даляраў). Больш як палова гадавой прадукцыі карпа прадаецца на Каляды. Толькі пражакі зьядаюць за сьвяты 600 тонаў гэтай рыбы.

Дарэчы, і пад кожную талерку за сьвяточным сталом гаспадыні кладуць некалькі лупінак карпавай лускі – што сымбалізуе срэбра, чысьціню, грашавітасьць і заможнасьць – чаго й зычаць чэхі адзін аднаму ў гэтыя дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG