Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1998 г.


Уладзімер Глод, Менск

Стаўленьне кіраўніцтва Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы да Беларусі кардынальна не зьмяніліся. Менавіта гэтая тэза выглядае галоўнай пасьля завяршэньня паседжаньня Бюро Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, яко прайшло днямі ў Парыжы.

Кіраўніцтва Рады Эўропы неаднаразова падкрэсьлівала, што яно не выступае за байкот Беларусі, але бязь зьменаў у дэмакратычным накірунку аб вяртаньні ў эўрапейскую сям'ю весьці размову немагчыма. Паколькі прадстаўнікі афіцыйных уладаў Беларусі літаральна закідалі Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы лістамі, у якіх сьцьвярджаецца, што ў Беларусі пасьпяхова йдзе працэс дэмакратызацыі, ад 4 да 6 лістапада Менск наведаў намесьнік старшыні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Робэрт Антрэтэр. На працягу 2 дзён ён меў тут шэраг сустрэч з прадстаўнікамі розных колаў нашай краіны. Сп. Антрэтэр і асобы, якія яго суправаджалі ў паездцы, падрыхтавалі адмысловую справаздачу і прадставілі яе на разгляд сябрам Бюро Парлямэнцкай Асамблеі.

У склад Бюро ўваходзяць 26 асобаў. Гэта старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Лені Фішэр, ейныя намесьнікі, кіраўнікі палітычных фракцыяў і камісіяў. Паседжаньне праходзіла за зачыненымі дзьвярыма, і нават прадстаўнікі Беларусі не былі на яго запрошаныя. Тут дарэчы нагадаць, што Беларусь мае пры Радзе Эўропы свайго сталага прадстаўніка – супрацоўніка Міністэрства Замежных Справаў Уладзімера Макея, а ў Парыжы, дзе праходзіла паседжаньне, працуе і беларуская амбасада на чале з Уладзімерам Сянько.

Кожны зь сяброў Бюро атрымаў справаздачу, падрыхтаваную сп. Антрэтэрам. Намесьнік старшыні Парлямэнцкай Асамблеі выступіў зь невялічкай – каля 5 хвілінаў – прамовай. Пасьля кароткага абмеркаваньня сябры Бюро адзначылі, што пазыцыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў дачыненьні да Беларусі застаецца без прынцыповых зьменаў. Яшчэ раз было адзначана, што Рада Эўропы выступае за дыялёг з усімі палітычнымі сіламі Беларусі – як уладамі, так і апазыцыяй.

Але падобна на тое, што гэтыя словы пакуль застануцца толькі пажаданьнем. Пра гэта сьведчыць наступны факт. Бюро абмеркавала й зацьвердзіла праект парадку дня чарговай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі. Гэтая сэсія пройдзе ў канцы студзеня 1999 году і будзе цягнуцца тыдзень. Сярод шэрагу пытаньняў, якія будуць разглядацца на сэсіі, – эканамічная сытуацыя ў Расеі, сытуацыя зь сьмяротнымі пакараньнямі на Ўкраіне, палітычная сытуацыя ў Нагорным Карабаху ды іншыя. А вось беларускага пытаньня – няма.

Між тым сп. Антрэтэр падчас свайго візыту ў Менск казаў, што сытуацыя ў Беларусі будзе разглядацца на студзеньскай сэсіі. Зараз абстаноўка зьмянілася. Чаму так адбылося? Адказваючы на гэтае пытаньне ў прыватнай размове з аўтарам гэтага матэрыялу, адзін з чыноўнікаў Парлямэнцкай Асамблеі сказаў наступнае: «Рада Эўропы вельмі хоча штосьці зрабіць для зьмены сытуацыі ў Беларусі, але што канкрэтна трэба для гэтага – ніхто ў Страсбуры (дзе разьмяшчаецца Рада Эўропы) ня ведае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG