Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1998 г.


Віталь Тарас, Менск

Падчас свайго візыту ў Расею Лукашэнка даў інтэрвію радыёстанцыі «Маяк», цягам якога зрабіў заяву пра тое, што праблему антысэмітызму спарадзілі самі гэбраі, якія працуюць у сродках масавай інфармацыі. Такім чынам, прэзыдэнт Беларусі фактычна адкрыта выступіў на баку найбольш рэакцыйных, скрайне шавіністычных сілаў Расеі.

Выступаючы ў студыі радыёстанцыі «Маяк», прэзыдэнт Беларусі на просьбу вядучага выказаўся ў прыватнасьці і наконт апошіх публікацыяў у расейскай прэсе ў сувязі з антысэміцкімі выпадамі дэпутатаў Дзярждумы ад камуністычнай партыі Расейскае Фэдэрацыі. Аляксандар Лукашэнка назваў гэтую тэму бязглуздаю, якую наогул ня трэба было ўзьнімаць, бо «праблему антысэмітызму спарадзілі самі гэбраі, якія працуюць у сродках масавай інфармацыі». Толькі яны самі, на думку Лукашэнкі, і вінаватыя ў тым, што рускага чалавека нацкоўваюць на гэбрая, а гэбрая на рускага. Ды наогул «гэтыя праблемы ня новыя для Расеі, у кожным доме, у кожнай сям'і аб гэтым гавораць. Гэта факт. Разумееце, тое, што робяць маскоўскія каналы, гэта напампоўваньне праблемы». «Трэба спыніць усялякую балбатню на тэму антысэмітызму, – сказаў прэзыдэнт і дадаў, – ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі». Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што ён не антысэміт, але найглыбейшы інтэрнацыяналіст, бо рускія, беларусы, палякі й гэбраі жывуць у Беларусі мірна, без аніякіх праблемаў. Але ён «не дазволіў бы ў сродках масавай інфармацыі размываць гэтыя праблемы».

Варта адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка не ўпершыню тым альбо іншым чынам закранае гэтую тэму. Можна прыгадаць ягонае даўняе інтэрвію нямецкай газэце «Handelsblatt«, у якім ён казаў, што ня ўсё толькі дрэннае было ў Нямеччыне пры Гітлеры, альбо выказваньні Лукашэнкі з высокіх трыбунаў наконт ізраільскага грамадзяніна карэспандэнта НТВ у Беларусі Ступнікава, дэпартаванага зь дзяржавы. Не ўпершыню Аляксандар Лукашэнка салідарызуецца з расейскімі камунапатрыётамі, але, бадай, упершыню выказаваньні прэзыдэнта ў гэбрайскім пытаньні былі нагэтулькі шчырыя. Сваім меркаваньнем на гэты конт падзяліўся прэзыдэнт Беларускага Пэн-Цэнтру пісьменнік Васіль Быкаў:

(Быкаў:) «Гэта, так сказаць, ня новае слова. Я магу сказаць, што гэта проста пэўны стэрэатып, які заключаецца ў тым, што, каб нейкую праблему задушыць, трэба каб пра яе нічога не гаварылі. Гэта цягнецца з даўніх часоў, можа быць, што тычыцца нашае гісторыі, яшчэ з царскіх часоў, а ў навейшай гісторыі мы ведаем нават у фашысцкай Германіі Гітлер з Гебэльсам таксама, хоць яны зьнішчылі мільёны гэбраяў, але рабілі выгляд, прынамсі, у сваіх выступленьнях Гебэльс заўсёды крычаў, што гэта нямецкі народ абараняецца, што ён вымушаны гэта рабіць, што ён тут не вінаваты, вінаватыя гэбраі. Што можна сказаць пра Беларусь? А зноў жа з тых самых сродкаў масавай інфармацыі мы бачым, як абвастраецца антысэмітызм у нас, хоць бы па тым колькі надмагільляў на могілках разбурана, якія надпісы зьяўляюцца, дзе і каму ставяць гэтыя чамусьці фашысцкія сымбалі, тую самую фашысцкую свастыку. Прарываецца гэта, канешне, і ва ўладных структурах. Ня толькі ў адносінах, але таксама і ў выступленьнях».

(Тарас:) Сёньня прадстаўнікам францускае амбасады дазволена ўпершыню наведаць Дразды, сваю рэзыдэнцыю. І наогул, нямецкія, францускія ды іншыя амбасадары краінаў Эўразьвязу як бы гатовыя пайсьці на ўмовы ўладаў, г. зн. ім дазволена наведаць свае рэзыдэнцыі, потым яны будуць жыць у новых. Гэта падаецца, безумоўна, як значны посьпех беларускай дыпляматыі. Скажыце, вось такія выказваньні Лукашэнкі наконт антысэмітызму будуць улічвацца прадстаўнікамі Нямеччыны, Францыі ды іншых эўрапейскіх краінаў, як ваша думка?

(Быкаў:) «Я думаю, абавязкова будуць улічвацца, таму што праблема антысэмітызму – вельмі вострая праблема. Я ўжо казаў, што час ад часу яна, так сказаць, заганяецца, але пэрыядычна ўзьнікае і абвастраецца. Для заходняга грамадзтва яна, напрыклад, даволі вострая, і ў нас - цяпер. І таму ўсякія антысэміцкія выпады, безумоўна, будуць улічвацца, і ў тым ліку дыпляматыяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG