Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1998 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Сёньня Аляксандар Лукашэнка меў сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Барысом Ельцынам. У адрозьненьне ад учорашніх сустрэчаў зь Яўгенам Прымаковам і Віктарам Гярашчанкам сёньня ў Крамлі абмяркоўваліся палітычныя праблемы. Як вынікае з словаў Аляксандра Лукашэнкі, ён запрапанаваў Барысу Ельцыну плян далейшае палітычнае інтэграцыі Беларусі й Расеі. Лукашэнка заявіў, што «калі расейскі бок пойдзе на прапановы беларускага боку, гэта будзе йстотным рухам двух народаў да еднасьці».

Але агучыць свае прапановы Лукашэнка адмовіўся, ён спаслаўся на тое, што Барыс Ельцын яшчэ будзе абмяркоўваць іх. Назіральнікі не выключаюць, што гаворка можа йсьці пра нейкі рэфэрэндум, ці – што найбольш верагодна – пра абраньне адзінага беларуска-расейскага парлямэнту ўжо ў 1999 годзе разам з выбарамі ў Дзяржаўную Думу Расеі. У любым выпадку гэта павінна быць гучная палітычная акцыя. На думку некаторых маскоўскіх аналітыкаў, Аляксандар Лукашэнка такім чынам спрабуе адцягнуць увагу ад праблемаў у сфэры эканамічнае інтэграцыі дзьвюх краінаў. Вось што лічыць аглядальнік эканамічнага часопісу «Эксперт» Уладзіслаў Максімаў:

(Максімаў:) «Я думаю, што справа толькі ў тым, што магчымасьць гандляваць нейкімі палітычнымі абяцанкамі – гэта адзінае, што засталося ў яго і ў ягонай каманды. Таму што ніякіх рэцэптаў як пазбавіцца ад эканамічных праблемаў, якія відавочныя ў Беларусі, ні ён, ні ягонае атачэньне ня маюць».

На думку Ўладзіслава Максімава, саюз Беларусі й Расеі перажывае цяпер лёс іншых інтэграцыйных аб'яднаньняў, якія фактычна разваліліся з-за разыходжаньняў у падыходах да рэфармаваньня эканомікі.

(Максімаў:) «Відавочна, што ўсе гэтыя міждзяржаўныя структуры, накшталт СНГ ці мытнага саюзу, пачынаюць хістацца, як толькі гаворка заходзіць пра нейкія эканамічныя аспэкты супрацоўніцтва. Калі гаворка йдзе пра палітыку – калі ласка, праходзяць нейкія саміты, сустрэчы, але ж усё гэта толькі шырма. Як толькі ўзьнікаюць нейкія асабістыя інтарэсы аднаго ці двух бакоў, адразу ўся эканамічная інтэграцыя сыходзіць на нішто. Саюз Расеі й Беларусі з эканамічнага боку – гэта дакладна такая самая нежыцьцяздольная структура, як СНГ, як мытны саюз. Усё, на чым ён трымаецца – гэта менавіта палітычныя заявы. Сп. Лукашэнка думае, што самы час гэтыя заявы паглыбляць нейкімі новымі заявамі».

А вось старшыня Рады зьнешняй і абароннай паліыкі пры прэзыдэнце Расеі Сяргей Караганаў лічыць, што цяпер не найлепшы час для любых інтэграцыйных праектаў.

(Караганаў:) «Такія ідэі ходзяць пра рэарганізацыю СНГ, але я стаўлюся да іх скептычна, паколькі лічу, што пакуль Расея не пачне выходзіць з крызысу, не пачнецца сур'ёзны эканамічны рост – любыя ідэі пра інтэграцыю будуць завісаць у паветры».

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве ў чарговы раз пацьвердзілі, што разыходжаньні ў эканамічнай палітыцы Беларусі й Расеі настолькі істотныя, што нельга гаварыць пра нейкія посьпехі ў інтэграцыі. Пасьля сустрэчы з кіраўніком Цэнтральнага Банку Расеі Віктарам Гярашчанкам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што абмяркоўваў зь ім магчымасьць увядзеньня міждзяржаўнае разьліковае валюты, а ў пэрспэктыве і адзінае валюты, якой павінен стаць расейскі рубель, і быццам бы ён знайшоў паразуменьне зь Віктарам Гярашчанкам.

Уплывовая маскоўская газэта «Коммерсантъ» пракамэнтавала гэтыя заявы Лукашэнкі ў артыкуле пад загалоўкам «Расейская эмісія зь беларускім акцэнтам». Газэта адзначае, што любая фінансавая дапамога Беларусі з боку Расеі, ці захады дзеля падтрымкі курсу беларускага рубля немагчымыя без дадатковае эмісіі ў Расеі. Наўрад ці, адзначае газэта, «Гярашчанка пойдзе на павелічэньне эмісіі без мацнейшага ўціску з боку Белага Дому й Крамля». Але «Коммерсантъ» таксама адзначае, што «Лукашэнку нельга адмовіць ва ўменьні лабіраваць свае інтарэсы ў Маскве».

Зыходзячы з гэтага, маскоўскія назіральнікі мяркуюць, што Лукашэнка зможа навязаць Расеі свае ўмовы ў некаторых пытаньнях, прынамсі, што тычыцца разьлікаў за энэрганосьбіты. Падчас сутрэчы два прэзыдэнты прыйшлі да агульнай ацэнкі падзеяў вакол Іраку, асудзіўшы дзеяньні Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі.

Сёньня ж пасьля сустрэчы з Барысом Ельцынам Аляксандар Лукашэнка меў размову з кіраўніком Рады Бясьпекі Расеі й кіраўніком прэзыдэнцкае адміністрацыі Мікалаем Бардзюжам, але тэма размовы засталася сакрэтам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG