Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сьнежня 1998 г.


Любоў Лунёва, Менск

Усім добра вядомая практыка савецкіх часоў, калі чалавека з так званымі «іншымі поглядамі» рабілі псыхічна хворым, для Беларусі сучаснага пэрыяду не згубіла сваёй актуальнасьці. Дарэчы, апошнім часам яна пачала прымаць неверагодныя формы. У гэтым можна пераканацца на прыкладзе справы грамадзянкі Валабуевай Любові Дзьмітрыеўны.

Сп-ня Любоў Валабуева ад 1961 да 1971 году і ад 1976 да 1984 году працавала ў дзяржаўным архіве гораду Крычава Магілеўскай вобласьці. Ад 1968 году яна – пажыцьцёвы інвалід органаў руху. Ад 1971 да 1976 году сп-ня Валабуева працавала сакратаром райсаўпрафу, а пасьля яго ліквідацыі вярнулася ў дзяржархіў, але працу ёй там не давалі. Тады Валабуева зьвярнулася ў ЦК КПСС у Маскву. Яе ўладкавалі на працу, але калі яна запатрабавала ў прафорганаў выплаціць ёй заробак у райсаўпрафе, у дзяржархіў прыслалі псыхіятраў. Але тады на ўлік Валабуеву не паставілі – проста пачалося яе цкаваньне на працы.

Яна не магла знайсьці працу ў іншым горадзе, бо ўсё замыкалася на прапісцы ў пашпарце. Пасьля траўмы, якую яна перанесла ў 1980 годзе, ёй не аплочвалі бальнічны ліст, адмаўлялі ў курортна-санаторным лячэньні. Валабуева пачала перапіску зь дзяржуладай. У той час, калі перапіска вялася больш за 6 месяцаў, гэта лічылася прыкметай схізафрэніі.

У сакавіку 1984 году сп-ня Валабуева зьвярнулася ў прыёмную Валянціны Церашковай, якая на той час узначальвала Камітэт Савецкіх Жанчын. Церашкова запатрабавала ад Магілеўскага аблвыканкаму вырашыць гэтае пытаньне і даць ёй адказ да 5 красавіка. Паколькі Церашкова карысталася вялікай павагай і шмат чаго практычна рабіла, а мясцовыя чыноўнікі пабаяліся паказаць астатнім прыклад пазытыўных рашэньняў праблемы, да 1 красавіка Валабуеву завочна ставяць на псыхіятрычны ўлік. Ужо 2 красавіка яе звольнілі з працы – за прагулы, але ў судзе Валабуева даказала, што прагулаў не было. Яе аднавілі, але прыступіць да працы не далі, бо звольнілі ў сувязі з псыхічным захворваньнем.

Дарэчы, амаль усе людзі, якія прайшлі праз прымусовую псыхіятрыю, патрапілі ў яе прыкладна паводле вышэй азначанай схемы.

Калі сп-ня Валабуева падала ў суд, каб аднавіцца на працы, то яе выклікалі ў пракуратуру, там схапілі і завезьлі спачатку ў магілеўскую псыхлякарню, а пасьля ў Менск – у Навінкі. У псыхлякарні Валабуевай растлумачылі, што калі яна будзе зьвяртацца ў суд, каб далей працаваць, то прабудзе тут доўгі час і нават магчыма пакаштуе шокавай тэрапіі.

У Савецкім Саюзе ўжо пачалася перестройка. Сп-ня Валабуева праходзіць ажно 33 экспэртызы. Усе яны засьведчылі, што Валабуева псыхічна здаровая і раней таксама не хварэла. І вось цяпер сытуацыя становіцца вельмі цікавай. Яшчэ ў 1992 годзе галоўны псыхіятар Беларусі Іваноў прызнаў неабгрунтаванасьць пастаноўкі на псыхіятрычны ўлік, прымусовае ўтрыманьне ў псыхлякарні.

Але ніякай сацыяльнай рэабілітацыі ня зьдзейсьнілася, і сёньня Магілеўская пракуратура і Магілеўскі суд не разглядаюць справу сп-ні Валабуевай. Яны спасылаюцца на ранейшую пастанову суду, зь якой вынікае, што сп-ня Валабуева ня можа працаваць таму, што яна псыхічна хворая. Яны тлумачаць, што цяпер ня могуць вырашыць яе пытаньня таму, што трэба адмяніць пастанову суду, якая была прынятая яшчэ за часамі СССР, а гэта немагчыма.

Можна з гэтага толькі пасьмяяцца, але Магілеўскі аблвыканкам пайшоў яшчэ далей. Калі вэртыкальнікі разгледзелі ўказ галоўнага псыхіятра ў справе рэабілітацыі сп-ні Валабуевай, то далі заключэньне, што ў сп-ні Валабуевай «працягваецца паранаідальная сымптаматыка, якая вызначае яе паводзіны і стыль жыцьця, але ў мэтах мэдыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі яна можа быць зьнятая з псыхіятрычнага ўліку». І ўсё.

Нагадаем, што сп-ня Валабуева ад 1986 году не атрымвае грошай. Раней ёй дапамагалі расейскія праваабаронцы, а цяпер – толькі А.Салжаніцын.

Сп-ня Валабуева не адна такая ў Беларусі. А вось Беларусь – хіба што адзіная такая сярод краінаў Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG