Камэнтар дня Сёньня пачалося ХХI стагодзьдзе. Часам гісторыя ўсьміхаецца – Гегель называў гэта іроніяй гісторыі. У 50-ю гадавіну Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ўлады Вялікабрытаніі затрымалі хворага старога лацінаамэрыканца, які з дыпляматычным пашпартам прыехаў у Лёндан на лячэньне, і пагадзіліся выдаць яго Гішпаніі; там старога будуць судзіць. Дыктатар Піначэт вінаваты ў сьмерці, катаваньнях, зьнікненьні трох тысячаў чалавек. Генэрал Аўгуста Піначэт уратаваў Чылі і суседнія краіны ад экспансіі камунізму, які ахвяраў увогуле ня лічыць, бо апэруе дзясяткамі мільёнаў сьмерцяў. На вайне не бывае правоў чалавека – на вайне бываюць толькі пераможцы й пераможаныя. Чылійскі генэрал выйграў вайну з камунізмам на сваёй Бацькаўшчыне, якую на пачатку стагодзьдзя на сваёй Бацькаўшчыне прайгралі расейскія генэралы. Аднак сёньня генэрала судзяць паводле законаў мірнага часу – і сёньня гэта справядліва. І вось чаму: гістарычныя працэсы прарываюцца на паверхню і матэрыялізуюцца ў самых быццам бы непрыдатных для гэтага месцах і формах. Экстрадыцыя Піначэта мае відавочнае глябальнае значэньне, яна ператварае размовы пра Зямлю як адзіны дом для адзінага чалавецтва ў справы. Таму – ХХI стагодзьдзе пачалося сёньня. І яшчэ. Паводле мерак ХХ стагодзьдзя, з генэралам Піначэтам не адбылося нічога дрэннага. Яго не трымаюць распранутым на холадзе, як у гэтыя дні ў Беларусі трымаюць генэралава раўналетка Васіля Старавойтава; яму не давядзецца галадаваць, як ужо 8 дзён трымае галадоўку гамяльчанін Яўген Мурашка, што падыходзіць чылійскаму генэралу ў дзеці; Піначэта не саб'юць на горкі яблык сшалелыя паліцыянты, як зьбілі ўчора ў Менску раўналетка генэралавых унукаў беларуса Стася Карашчанку. Наперадзе – доўгае, цалкам у рамках закону, разьбіральніцтва, палітычныя баталіі, генэралу будуць дапамагаць найлепшыя юрысты, зь ім побач заўсёды будуць блізкія – паводле мерак ХХ стагодзьдзя – гэта больш падобна на камарыны ўшчык, чымся на пакараньне. Але гэта безумоўнае пакараньне паводле мерак ХХІ стагодзьдзя.
Стагодзьдзя, якое наступіць і для Беларусі.