Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыгір. Лыжы. Лукашэнка А мэдаль залаты — па руках…


Чыгір. Лыжы. Лукашэнка
А мэдаль залаты — па руках…

(эфір 10 Сьнежня 2000)

Сёньня ў нашай праграме — спорт у жыцьці былога прэм’ер-міністра Міхала Чыгіра й былога Алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Камінскага.

(Цыганкоў: ) “Алімпіяда ў Сыднэі ды іншыя вялікія спартовыя падзеі трошкі адсунулі некаторыя традыцыйныя разьдзелы нашае праграмы. У прыватнасьці, даволі даўно мы ўжо не сустракаліся зь вядомымі людзьмі ў нашай рубрыцы “Палітык у спорце”. І вось сёньня пра свае дачыненьні са спортам распавядае Міхал Чыгір. І першае пытаньне даволі традыцыйнае — ці займаўся спадар Чыгір якім-небудзь спортам, і ці займаецца зараз”.

(Чыгір: ) “У школе я гуляў ў баскэтбол за зборную каманду школы. Пазьней, ужо ў інстытуце, бо студэнтаў там з ростам большым, чым мой, шмат, я неяк выпадкова стаў займацца лыжамі. Чатыры гады выступаў за зборную каманду інстытуту ў лыжах. Акрамя таго, так цікава здарылася, я страляў зь пісталета за зборную інстытуту, хаця раней ніколі не страляў. Так адбылося, што зь першага стрэлу я быў ўключаны ў асноўны склад зборнае каманды інстытуту ў стральбе зь пісталета. Пазьней, калі ўжо працаваў, дык першыя гады займаўся бегам, два-тры разы на тыдзень. І так паступова як бы перайшоў да спакойнае працы на пчольніку, ці вось цяпер, за горадам на сваёй прысядзібнай дзялянцы”.

(Цыганкоў: ) “Вы зараз казалі, што на даволі добрым узроўні каталіся на лыжах. Як вядома, у апошнія гады Аляксандар Лукашэнка, скажам так, прымушае ці заахвочвае ўсіх чыноўнікаў выходзіць зь ім на лыжню. Але Вас я нешта ня бачыў на гэтай лыжні. Вы не хацелі выступаць у гэтай кампаніі? Чаму на гэтай “вялікай” лыжні Вас не было бачна?”

(Чыгір: ) “Па-першае, я лічу, што дрэннага ў гэтым нічога няма — тое, што чыноўнікі нават пад прымусам ходзяць на лыжах. Але гэта ня мусіць быць толькі пад прымусам. Па-другое, Вы, ведаеце, паказуха гэта. Наогул, ня мой лад жыцьця – займацца чымсьці публічна. На лыжах я катаўся ўвечары, а на агульную лыжню не выходзіў, хаця пачалося гэта яшчэ пры мне. Лыжамі я займаўся ля свайго месца жыхарства, у той час ля рэзыдэнцыі”.

(Цыганкоў: ) “А Лукашэнка крыўдзіўся на гэта? Ня ведаеце?”

(Чыгір: ) “Не. У нас пра гэта размовы не было. Можа, крыху пазьней ён больш актыўна прымушаў чыноўнікаў займацца лыжамі, а тады, у першыя гады, усе гэта было на жаданьне. Цалкам было дабрахвотна”.

(Цыганкоў: ) “Ці было такое, што Вы хочаце нешта дакласьці ці сустрэцца, а прэзыдэнт катаецца на каньках, ці гуляе сам з сабою ў хакей і ня можа сустрэцца з Вамі, бо ён заняты спортам? Былі такія моманты ці не?”

(Чыгір: ) “Такія моманты былі, але калі быць праўдзівым да канца, дык трэба прызнаць, што працуе Лукашэнка ня мала. Калі ён днём займаецца спортам, дык ён адрабляў гэты час увечары ці, нават, уначы. Лукашэнка меў такую звычку, што ён удзень спортам займаецца ці ў рэзыдэнцыі знаходзіцца, а потым тэлефануе ўначы — вось тут ёсьць пытаньне. Я адзін раз зь ім так паразмаўляў, а потым кажу: “Аляксандар Рыгоравіч, я днём заўжды знаходжуся на працы, ну а ноч — для таго, каб адпачыць, а не для таго, каб працаваць”. І такім чынам больш уначы ён мне не тэлефанаваў”.

(Цыганкоў: ) “Даволі традыцыйнае пытаньне для нашай праграммы — гэта стаўленьне да лядовых палацаў, бо яны ўжо сталі не палацамі, а нейкім сымболем, паводле якога людзі падзяляюцца ў стаўленьні да спорту. Як Вы лічыце, дзяржава мусіць вызначацца ў сваім падыходзе да спорту? Найперш падтрымліваць масавы спорт ці спорт высокіх дасягненьняў?”

(Чыгір: ) “Да лядовых палацаў я стаўлюся вельмі й вельмі адмоўна. Калі б гэтая колькасьць грошай была б укладзена ў іншыя віды спорту, дык масавасьць там была б у дзясяткі, сотні разоў вышэйшая. Таму я вельмі адмоўна стаўлюся да будаўніцтва лядовых палацаў. Па-другое, ніхто ня мог сказаць Аляксандру Рыгоравічу, што пры такім становішчы эканомікі, пабудаваць — ня самае важнае, самае важнае потым яго ўтрымліваць, таму, што гэта вельмі энэргаёмістыя аб’екты. Вельмі вялікая памылка”.

(Цыганкоў: ) “Вы неяк гэта стрымлівалі? Былі такія праекты?”

(Чыгір: ) “Не, не было. Бо я сказаў бы адназначна — будавацца ня будзеце, я буду гэтыя рашэньні крытыкаваць. Гэта ж нейкае пасьмешышча. Пабудавалі лядовыя палацы, а зараз там нейкія выставы. Для чаго ж там мантажавалася абсталяваньне? А што тычыцца спорту наогул, дык, вядома, ніводнай краіны бяз спорту ня мусіць быць таму, што гэта здароўе нацыі. І, па-першае, трэба рабіць стаўку на масавы спорт. Як бы там ні было, а калісьці, у Савецкім Саюзе, стаўка на масавы спорт рабілася, і вынікі былі.

Ну а тое, што тычыцца дасягненьняў, дык гэта вельмі дорага абыходзіцца, і высокія дасягненьні ў спорце могуць мець толькі лічаныя адзінкі. Я лічу, што расходы на спорт маюць сваю акупляльнасьць і на гэта глядзець нельга, але ж не на такія расходы як будаўніцтва лядовых палацаў…”

* * * (Цыганкоў: ) “Калі б хтосьці вырашыў правесьці конкурс сярод беларускіх спартоўцаў-чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў на званьне найбольш чулага й сьціплага, дык адным з самых галоўных прэтэндэнтаў на незвычайную ўзнагароду, безумоўна, быў бы веласіпэдыст Уладзімер Камінскі — Алімпійскі чэмпіён 1976 году. Сёньня пра яго распавядае наш менскі карэспандэнт Уладзімер Глод…”

(Глод: ) “Шмат каму захапленьне веласпортам здаецца незразумелым і невытлумачальным. Маўляў, навучыўся чалавек езьдзіць на веласіпэдзе і хопіць. Які сэнс круціць пэдалі ў сьпякоту й дождж, наяжджаць за дзень сотні кілямэтраў, праліваць салёны пот, несьціся на поўнай хадзе, рызыкуючы трапіць у завал, апынуцца на асфальце, ламаць рукі й ногі, набіваць гузакі ды сінякі? На жаль, гісторыя веласпорту ведае і куды горшыя рэчы, калі ягоныя аматары трапляюць у дарожныя катастрофы й гінуць на мейсцы. Так, дарэчы, адбылося зь вядомым беларускім веласіпэдыстам Алегам Басько. Дык чаму ж тады хлопцы й дзяўчаты, якія цудоўна ведаюць пра гэта, замест таго, каб ісьці ў дыскатэку або бар, негляедзячы на надвор’е, круцяць і круцяць пэдалі. Паслухаем, што думае на гэты конт Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Камінскі…”

(Камінскі: ) “UNESCO, напрыклад, лічыць, што веласіпед — самы распаўсюджаны транспарт у сьвеце. І ў пляне перамяшчэньня, і ў спартовым аспэкце — ён становіца ўсё лепшым, усё шпарчэйшым, і ўсё больш веласіпедных відаў спорту зьяўляецца ў сьвеце”.

(Глод: ) “Мабыць, асаблівасьці веласпорту робяць ягоных аматараў надзвычай добрымі й спагадлівымі людзьмі. Старэйшая беларуская спартовая журналістка Ніна Пракаповіч распавяла мне пра такі выпадак. 31 сьнежня 1998 году ёй патэлефанаваў Уладзімер Камінскі, папрасіў затрымацца на паўгадзінкі ў хаце. Праз 30 хвілінаў разам з двума сябрамі-веласіпэдыстамі ён прывёз бутэльку шампаньскага, цукеркі, садавіну, павіншаваў з надыходзячым сьвятам. Паводле Ніны Ўладзімераўны, яна проста расплакалася. Летам памёр ейны муж Іван Самсонавіч Пракаповіч, таксама спартовы журналіст, які ўвесь час пісаў пра веласіпэдыстаў. І яны не забыліся пра яго, пра ягоную ўдаву.

На свае невялікія заробкі, аматары веласпорту купляюць падарункі для самых сталых, абавязкова ставяць навагоднюю ёлку і запрашаюць на сьвята вэтэранаў. Дарэчы, Уладзімер Камінскі працуе зараз у Акадэміі фізычнага выхаваньня й спорту, а якія заробкі ў навукоўцаў у Беларусі — і казаць прыкра.

У гэтым годзе Ўладзімеру Камінскаму стукнула 50. Свой юбілей ён вырашыў адзначыць арыгінальна. Камінскі запрасіў у Менск тых, разам з кім стаў Алімпійскім чэмпіёнам у Манрэалі ў далёкім ужо 1976 годзе. Уладзімер адмыслова адклаў святкаваньне да Дня Менску, хаця й нарадзіўся крыху раней. Спадзяваўся, у сьвяточны дзень зарганізаваць гонку па вуліцах сталіцы.

Аднак у гарадзкім выканкаме цягнулі да апошняе хвіліны, а потым адмовілі, маўляў, трэба перакрываць рух. І гонку перанесьлі ў Раўбічы, дзе траса не саступае гарыстым трасам Італіі або Францыі. Павіншаваць Уладзімера прыехалі алімпійскі чэмпіён на велашашы Віктар Капітонаў, ягоныя сябры па пераможнай гонцы ў Манрэалі Піккус з Эстоніі, Яркін з Расеі ды іншыя. Гэта было сапраўднае сьвята, хаця першага беларускага чэмпіёна, безумоўна, пакрыўдзіла, што гонка прайшла гэтак далёка.

Чаму сёньня беларускія веласіпэдысты ня маюць выбітных посьпехаў? Вось што адказвае на гэтае пытаньне Ўладзімер Камінскі…”

(Камінскі: ) “Можна й жартам адказаць — “няма таго, што раньш было”… А калі сур’ёзна, дык што тут гаварыць?.. У СССР беларускі веласпорт быў на 2-4-й пазыцыі. Была такая дысцыпліна — камандная гонка на 100 км, цяпер яе няма. Традыцыі ў нас засталіся, але, нажаль, цяпер ня стала гэтае гонкі.

Але й цяпер ёсьць у нас посьпехі ў іншых дысцыплінах. Як гэта ні цікава, як ні сьмешна, гэта на трэке, якога ў нас у Беларусі няма. Пра які мы гаворым і гаворым і пішам лісты і міністру, і прэзыдэнту НАКу…”

(Глод: ) “І яшчэ адзін штрышок да партрэту Камінскага. Калі Ўладзімер прыходзіць на сустрэчу з моладзьдзю, ён заўжды пускае па руках сваю самую дарагую рэліквію — залаты Алімпійскі мэдаль. Валодзю нярэдка папярэджвалі сябры: маўляў, што ты робіш? А калі яе скрадуць, там жа людзі выходзяць з залі, кантролю няма?… Але Ўладзімера Камінскага гэта не бянтэжыць. Ён верыць людзям”.

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG