Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абураецца, Вялікія надзеі ў малым тэнісе, Эўропа рыхтуецца наводзіць парадак.


Лукашэнка абураецца,
Вялікія надзеі ў малым тэнісе,
Эўропа рыхтуецца наводзіць парадак.

(эфір 21 Траўня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У сёньняшнім выпуску вы пачуеце, чым быў абураны Аляксандар Лукашэнка пад час выступу хакейнае зборнай Беларусі, мы распавядзем пра вялікія алімпійскія надзеі Беларусі ў малым тэнісу, і паведамім, як Эўропа рыхтуецца да змаганьня з футбольнымі хуліганамі.

(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Чэмпіянат сьвету па хакею, які праходзіў нядаўна ў Санкт-Пецярбургу, дзе беларусы, нагадаю, занялі дзявятае месца, атрымаў на гэтым тыдні ў Менску нечаканы скандальны водгук. Аляксандар Лукашэнка 15 траўня на паседжаньні выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту выказаў сваё моцнае абурэньне формаю, у якой гуляла беларуская зборная. Распавядае Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) “Лукашэнку абурыла адсутнасьць на спартовай форме хакеістаў Беларусі цяперашняга гербу краіны. Цікава тое, што гэтую загану ён заўважыў пад час тэлетрансьляцыяў матчаў з Расеі. Раздражненьне Лукашэнкі ня мела межаў.

Яно яшчэ больш узмацнялася ад згадак пра папярэднія чэмпіянаты, калі краіна мела іншую дзяржаўную сымболіку, у тым ліку герб – “Пагоню”. З “Пагоняю” на грудзях – такіх хакеістаў заўзятары на трыбунах лядовых палацаў адразу пазнавалі як прадстаўнікоў Беларусі. Вось чаму першым імкненьнем Лукашэнкі пад час цяперашняга спаборніцтва сталася жаданьне неадкладна выправіць сытуацыю.

Высьветлілася, аднак, што зрабіць гэта было немагчымым. Рэч у тым, што форма спартоўцаў зацьвярджалася яшчэ да пачатку чэмпіянату. Пад час турніру ўсялякія карэктывы Міжнароднай хакейнай фэдэрацыяй забараняліся. Ініцыяванае Лукашэнкам “дасьледваньне” выявіла, што беларускія спартовыя чыноўнікі накіравалі арганізатарам чэмпіянату форму бяз гербу. Чыя асабістая віна ў гэтай справе найбольшая – пакуль што афіцыйна не паведамляецца. У Фэдэрацыі хакею працягваецца службовае расьледваньне”.

(Цыганкоў: ) “Распавядаў Міхал Стэльмак. Ня ведаем, у якой форме будзе выступаць на Алімпіядзе ў Сіднэі майстар малога тэнісу Ўладзімер Самсонаў, але факт, што ён ёсьць адной зь вялікіх алімпійскіх надзеяў Беларусі. Пра вялікага майстра малога тэнісу распавядае Ўладзімер Глод…”

(Глод: ) “У цяперашняй алімпійскай камандзе Беларусі ні да воднага спартоўцы гэтак не дапасуецца слова “самародак” як да Ўладзімера Самсонава. Адзін з самых лепшых у сьвеце гульцоў у малы тэніс вырас у краіне, якая ня мае ўласнае школы гэтага віду спорту. Такі фэномэн патлумачыць немагчыма нічым, акрамя аднаго – тут спрацавала прырода.

Да яе дадаўся яшчэ й неардынарны характар. Зь дзіцячых гадоў хлопчык паказваў надзвычайную канцэнтрацыю волі, зайздроснае ўменьне самастойна аналізаваць гульню, высокую працаздольнасьць. Ды й сам час спрацаваў на яго. Раней, ва ўмовах Савецкага Саюзу юнак у лепшым выпадку атрымліваў бы дзяржаўную спартовую стыпэндыю, ды зрэдку выяжджаў бы на нейкія міжнародныя спаборніцтвы, бо малы тэніс тады не зьяўляўся алімпійскім відам спорту. Зьмены далі магчымасьць будаваць жыцьцё па-новаму: выступаць за клюб “Барусія” зь нямецкага Дортмунду, ажаніцца з Наташаю Нам – дзяўчынаю зь Бялграду, праводзіць большую частку часу ў нармалёвай абстаноўцы.

Самсонаў дамогся значных посьпехаў. Пералік турніраў, на якіх ён перамагаў, склаў бы даволі значны сьпіс. А таму адзначым галоўнае – ён прызнаваўся першай ракеткаю сьвету.

У гэтыя дні Ўладзімера таксама няма ў Беларусі. Ён скіраваўся ў Бельгію, бо ў лютым гэтага году падпісаў кантракт на выступ за мясцовы клюб “Шарлеруа”.

Даведацца пра пляны Самсонава дапамагла інтэрнэт-канфэрэнцыя. Усіх, безумоўна цікавілі ягоныя прагнозы на вынік алімпійскага турніру. Уладзімер думае, што ў квартэту лепшых будуць два кітайцы й два эўрапейцы. Канкрэтных прозьвішчаў ён не называе. Але сам адказ для тых, кто адсочвае падзеі ў малым тэнісу, дае пэўныя падставы да высноваў.

Па-першае, Самсонаў прызнае, што кітайцы да гэтага часу захоўваюць сваё шматгадовае лідэрства ў гэтым відзе спорту, па-другое, словы “два эўрапейцы” можна разумець як прагноз пра сябе й сваяго сталага суперніка з Швэцыі.

Што тычыцца іншых прагнозаў на больш далёкі пэрыяд, год гэтак на 5-10, дык тут Уладзімер упэўнены – дамінаваць у ягонай любімай гульне будуць спартоўцы Азіі.

А пакуль прэтэндэнт № 1 на алімпійскае золата старанна рыхтуецца да самага галоўнага старту. Уладзімер лічыць, што пры цяперашнім высокім узроўні падрыхтоўкі шэрагу гульцоў надзвычай важна адказна праводзіць канцоўкі гульні ў кожнай партыі, кожнай сустрэчы.

Звычайна пры роўным ліку бальшыня гульцоў пачынае нэрвавацца, дзейнічаць, як кажуць спартоўцы, мякчэй, і дапускаць самыя простыя памылкі. І тут вельмі важна перахапіць ініцыятыву. Да гэтага і імкнецца Ўладзімер Самсонаў – вялікая надзея беларускіх заўзятараў на алімпійскіх гульнях у Сіднэю”.

(Цыганкоў: ) “Набліжэньне чэмпіянату Эўропы па футболе, а таксама некалькі выпадкаў зьвязаных з футболам масавых сутычак зноў з усёй сур'ёзнасьцю ўзьнялі пытаньне барацьбы з заўзятарамі –хуліганамі. Асаблівую ўвагу да гэтае вечнае тэмы прыцягнулі падзеі ў сераду ў Капэнгагэне, дзе ў мінулую сераду адбыўся фінал кубка УЕФА, у якім, нагадаем, турэцкі клюб «Галатасарай» у сэрыі пасьляматчавых пэнальці абгуляў ангельскі «Арсэнал». Дацкая паліцыя вымушаная была прымяніць сьлезацечны газ і службовых сабакаў для спыненьня масавых сутыкненьняў, якія праходзілі ўвесь дзень напярэдадні матчу. Апошняя сур'ёзная масавая бойка, у якой сур'ёзна пацярпела як мінімум 5 чалавек, здарылася за некалькі гадзінаў да пачатку гульні.

Прадстаўнік шпіталю, куды адвозілі пабітых і парэзаных брытанскіх і турэцкіх фанаў, заявіў, што цяжкія раненьні атрымалі ўсяго 11 заўзятараў, пяцёра зь якіх знаходзяцца ў цяжкім стане. Дацкая тэлевізія паказала, напрыклад, чалавека, залітага крывёю пасьля таго, як яму адрэзалі паўвуха.

Пасьля матчу ў Капэнгагэне абыйшлося безь інцыдэнтаў, але ў Турцыі дзясяткі тысячаў узбуджаных чалавек выскачылі на вуліцы гарадоў, каб адзначыць першую ў гісторыі перамогу тэрэцкае каманды ў Эўракубках.

Вынікі сьвяткаваньня трагічныя – 8 чалавек загінулі і звыш 50 пацярпелі. Адныя сталіліся ахвярамі дурное кулі, паколькі турэцкія заўзятары на радасьцях пачалі страляць у неба са зброі, іншыя загінулі ў дарожных здарэньнях і бойках, а трое памерлі ад сардэчных прыступаў пасьля хваляваньняў за вынік матчу.

І яшчэ адзін паказальны факт, зьвязаны зь фіналам УЕФА. Этнічныя туркі, якія жывуць у Брытаніі, выйшлі ў Лёндане сьвяткаваць перамогі турэцкае каманды. Яны сабраліся на вуліцах, прылеглых да стадыёну «Арсэнала», плясалі, размахвалі сьцягамі й крычалі брытанскім паліцэйскім: «Гэта Турцыя, вам сюды нельга».

Раней турэцкія заўзятары за межамі сваёй краіны паводзілі сабе даволі спакойна, іхныя стасункі з брытанскімі фанамі моцна пагоршыліся два тыдні таму, калі ў Стамбуле пад час беспарадкаў былі забітыя два заўзятары клюбу «Лідс».

Цяпер арганізатары чэмпіянату Эўропы, які пройдзе ў чэрвені ў Бельгіі ды Галяндыі, асьцерагаюцца, што супрацьстаяньне туркаў і брытанцаў можа перанесьціся на гэты турнір. Прынамсі, у інтэрнэце некаторыя непрымірымыя ангельскія фаны ўжо заклікалі адпомсьціць туркам пад час Эўра-2000.
У той жа час англа-турэцкае супрацьстаяньне – дастаткова новая зьява ў футбольным сьвеце, дзе хапае іншых застарэлых праблемаў з заўзятарамі. Напрыклад, прыхільнікі зборных Галяндыі ды Нямеччыны – рэдкі які матч паміж гэтымі камандамі не сканчаецца сутыкненьнямі. Тыя ж ангельцы, здаецца, гатовыя біцца ў залежнасьці ад выніку сустрэчы з заўзятарамі любое нацыянальнасьці.

Зараз, напрыклад, усё гучней раздаюцца галасы пра неабходнасьць пераносу матчу групавога турніру паміж зборнымі Ангельшчыны й Нямеччыны зь невялікага бельгійскага мястэчка Шарлеруа ў сталіцу Брусэль, дзе лягчэй можна зарганізаваць належныя захады бясьпекі.

Тыдзень таму ў Ратэрдаме была праведзеная двухдзённая закрытая канфэрэнцыя прадстаўнікоў паліцэйскіх сілаў Бельгіі ды Галяндыі, дзе распрацоўваліся розныя мэтоды й сцэнары дзеяньняў у прадухіленьні масавых беспарадкаў пад час чэмпінату. У Галяндыі нават увайшлі ў сілу папраўкі да Крымінальнаг кодэксу, якія даюць уладам больш правоў прымаць самыя рашучыя крокі супраць хуліганаў.

У абедзьвюх краінах-арганізатарах цяпер праходзіць шырокая інфармацыйная кампанія пад назовам «толькі заўзятары». Яе арганізатары зьвярнуліся ва УЕФА з просьбаю рэкамэндаваць распаўсюджваньне падрыхтаванай інфармацыі ды рэклямных ролікаў на 14 мовах усіх краінаў – удзельніцаў чэпміянату Эўропы.

Галоўная ідэя інфармацыйнае кампанія палягае ў тым, што толькі заўзятары з добрымі намерамі зноўдуць сардэчны прыём. Завадатары боек і сутыкненьняў атрымаюць жорсткі адпор».

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG