Аўтар і вядучы Мікола Іваноў. Эфір 11 жніўня 1999
Вось перада мною штодзённая амэрыканская бадай-што самая шматтыражная
газэта “Нью Ёрк Таймс”. Газэта гэтая незвычайная для нас, але звычайная
для амэрыканцаў. Калі хто-кольвек хацеў бы штодзённа чытаць яе “ад коркі
да коркі”, дык практычна гэта немагчыма. Штодзённы аб’ём яе – некалькі
сот старонак, на якіх амаль кожны можа знайсьці для сябе неабходную спэцыфічную
інфармацыю. Мяне ж тым разам зацікавіў разьдзел, датычны працаўладкаваньня.
І што ж я там бачу? Такое ўражаньне, што інфармацыя пра больш за шасьціадсоткавы
ўзровень беспрацоў’я ў Амэрыцы – міт. Газэта літаральна перапоўненая аб’явамі
пра тое, што патрабуюцца кампутарнікі, праграмісты й аналітыкі, дызайнэры,
настаўнікі, інжынэры амаль усіх спэцыяльнасьцяў і шмат, шмат іншых спэцыялістаў
высокай кваліфікацыі. Аб’яваў пра патрэбу ў простых рабочых менш, але,
як сьцьвярджаюць знаёмыя беларусы-амэрыканцы, для такіх аб’яваў мейсца
ў малых мяйсцовых газэтах, не ў “Нью Ёрк Таймс”.
ЗША сёньня перажываюць эканамічны бум. І вялікае запатрабаваньне на
рабочую сілу цалкам зразумелае. Але як усё гэта можа датычыць беларусаў?
Якім чынам, беларусы маглі б знайсьці для сябе мейсца на гэтым рынку? Але
самае галоўнае, ці зьява выезду беларусаў на заробкі за мяжу можа быць
нейкім чынам карысная і для Беларусі, палітычная сытуацыя якой, мякка кажучы,
выразна спрыяе выезду ўсіх тых лепшых беларускіх галоваў, якія тут адчуваюць
сябе непатрэбнымі, тых, хто ня можа жыць у атмасфэры несвабоды й сталых
палітычных рэпрэсыяў? Каб пракамэнтаваць гэтую сытуацыю, я зьвярнуўся да
вядомага беларускага эканаміста, эканамічнага дарадцу Вярхоўнага Савету
Беларусі 13 скліканьня Лявона Злотнікава.
(Злотнікаў: ) “Паводле ўласных дасьведчаньняў, ды і іншыя могуць сказаць,
што выехаць за мяжу сёньня ня цяжка. Такога пачуцьця, што мы знаходзімся
ў турме, няма. І таму галоўным у рашэньні тых, хто выяжджае за мяжу, гэта
эканамічная матывацыя, гэта імкненьне пазьбегнуць галечы, імкненьне ўратаваць
сябе й сваю сям’ю, ад таго цяжкага эканамічнага становішча, якое ўжо склалася
ў Расеі, і якое напэўна будзе і ў Беларусі”.
Нядаўна мне давялося сустрэцца зь інфармацыяй, датычнай замежных капіталаўкладаньняў
у Польшчы. І вось, што цікава: прыблізна 65% капіталаўкладаньняў сярэдняга
памеру (да 300 тысячаў даляраў) робяць замежнікі польскага паходжаньня.
Іншымі словамі, той, хто некалі выехаў з Польшчы на заробкі на Захад, цяпер
вяртаецца сюды з заробленымі грашыма. Вяртаюцца таму, што цяпер у Польшчы
створаныя нармалёвыя варункі для бізнэсу, таму, што тут зьявілася магчымасьць
таксама зарабіць добрыя грошы, і нават лепшыя, чымся на Захадзе. Безумоўна
не апошнюю ролю ў тым, што былыя эмігранты з Польшчы цяпер вяртаюцца да
дому, адыгрываюць і сэнтымэнтальныя моманты. Але, зразумела, гэтую ролю
не трэба перабольшваць.
Ці падобная пэрспэктыва вяртаньня сёньняшніх беларускіх эмігрантаў рэальная
і для Беларусі? А калі так, дык якім чынам гэта адбудзецца? Лявон Злотнікаў
каментуе:
(Злотнікаў: ) “Я ня ведаю пра багатых беларусаў, і як гэта ня дзіўна,
я ведаю пра багатых яўрэяў, якія ўжо вярнулі частку сваіх капіталаў сюды.
Я магу прывесьці прыклад Георгія Астроўскага, які ўклаў свае грошы ў сумеснае
беларуска-канадскае прадпрыемства. Ведаю і пра іншых яўрэяў, якія мараць
пабыць у родным асяродзьдзі. Я ведаю і пра іншых. Некаторыя нават выказваюць
жаданьне дапамагаць апазыцыйным палітычным партыям Беларусі. Калі я быў
у Амэрыцы, я ўздымаў гэтае пытаньне ў размове зь Янам Запруднікам. Але
ён таксама выказаў сумнеў, што праз 3–5 гадоў некаторыя беларусы вярнуцца
й будуць укладваць свае грошы ў Беларусі, так як гэта зрабілі “хуацяо”
ў Кітаі. Так што мае надзеі хутчэй зьвязаныя з яўрэямі, чымся зь беларусамі.
Аднак, я ведаю даволі шмат беларусаў, якія працуюць за мяжою, вельмі цяжка
працуюць, але прывозяць свае грошы сюды. І з эканамічнага пункту гледжаньня
гэта карысна для беларускай эканамікі. Любая эміграцыя (легальная, ці нелегальная)
дае вельмі моцны імпульс эканоміцы”.
Сёньняшняя беларуская заробкавая эміграцыя, і часовая, і тая, якая назаўсёды,
адбываецца пераважна з тымі ці іншымі парушэньнямі, як беларускага, так
і замежнага заканадаўстваў. Людзі вымушаныя хаваць свае заробкі ад падаткавых
ворганаў, працаваць на мейсцы па-чорнаму, жыць за мяжой з пратэрмінаванымі
візамі, часам, зусім без дазволу мяйсцовых уладаў. На іх не распаўсюджваецца,
часам, мяйсцовае заканадаўства аховы працы, ім не плацяць сацыяльнае дапамогі,
яны ня маюць мэдычных страховак і т.п. Ці ёсьць шанец перавесьці справу
заробкаў за мяжою у нейкае цывілізаванае русла? Якім чынам зрабіць гэта?
І калі гэта магчыма? Лявон Злотнікаў адказвае на гэта наступным чынам:
(Злотнікаў: ) “Сёньня ёсьць і нелегальная, і легальная эміграцыя. Я
ведаю, прыкладам, сваіх сяброў – фізыка, біёляга, і у нас ёсьць агульны
сябра, які быў па кантракту ў Францыі. Яны там вельмі добра зарабляюць.
За тры–чатыры месяцы працы яны прывозяць сюды свой пяцігадовы заробак.
Так, што ёсьць і першае, і другое. Я думаю, што зь цягам часу, калі ўзровень
жыцьця тут пачне падымацца, калі рэжым стане больш лібэральным, дык і легальная
эміграцыя пачне ўзмацняцца. Яна будзе адбывацца паводле ўсіх законаў”.
Лявон Злотнікаў нядаўна быў у службовай выправе ў ЗША. Удзельнічаў там
у міжнароднай навуковай канфэрэнцыі. Але меў ён час таксама сустрэцца зь
беларусамі, якія нядаўна прыехалі за акіян. Прыехалі, каб зарабіць і вярнуцца
да дому, але бальшыня прыехала, каб застацца назаўжды. Дзе й кім працуюць
яны ў Амэрыцы? Якія варункі іхнае працы й жыцьця? Лявон Злотнікаў расказвае:
(Злотнікаў: ) “Калі я быў у Амэрыцы, я пытаўся ў чатырох беларускіх
хлопцаў: ці хочацца ім вярнуцца на Радзіму, ці не. І я зьдзівіўся: яны
там вельмі цяжка працуюць па 10–12 гадзінаў. У іх няма шанцаў легалізаваць
свае прыбыткі, няма шанцаў купіць кватэру, немагчыма атрымаць мэдычную
дапамогу, калі захварэюць. Яны там працуюць за “налічку”, а не на чэкі,
як там прынята. І вось у гэтым цяжкім становішчы, калі яны жывуць па чацьвёра
ў адной кватэры, каб заашчадзіць грошы дзеля таго, каб паслаць іх пазьней
сваёй сям’і. І вось з чатырох апытаных мною чалавек, ніводзін не выказаў
жаданьня вярнуцца да дому. Яны баяцца галечы”.
У кожным цывілізаваным грамадзтве праца за мяжою – гэта нармальнасьць,
нармальнасьць, якая падпарадкоўваецца агульным законам свабоднага рынку.
Амэрыканскі інжынэр, японскі дызайнэр, партугальскі рабочы ці францускі
кухар працу за мяжою разглядаюць у якасьці нармалёвай часткі іхнай жыцьцёвай
кар’еры, якая абсалютна не сымбалізуе сабою разьвітаньне назаўсёды з бацькаўшчынаю.
Хутчэй наадварот, выезд за мяжу для іх – гэта магчымасьць набыць цікавы
працоўны досьвед, які дапаможа ім у далейшай працоўнай кар’еры дома. І
раней, ці пазьней падобная нармальнасьць павінна прыйсьці ў Беларусь.
Мікола Іваноў, Прага