Урад Нарвэгіі вырашыў запрасіць на працу 10 тысячаў мэдыкаў
з краінаў, якія не ўваходзяць у Эўрапэйскі Зьвяз
(эфір 1 жніўня 2000)
Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.
(Іваноў: ) “Пра гэта паведамілі сродкі масавай інфармацыі Польшчы і некаторых іншых
посткамуністычных дзяржаваў. У кожным дэмакратычным грамадзтве з рынкавай
гаспадаркай свободны рух рабочай сілы – гэта неабходная перадумова багацьця
і росквіту краіны. І таму, нягледзячы, на незадавальненьне часткі насельніцтва,
краіны Захаду ўсё шырэй адкрываюць свае рынкі працы для іншаземцаў, асабліва
тых, хто мае высокую кваліфікацыю.
Паводле паказчыка сукупнага нацыянальнага прадукту на душу
насельніцтва Нарвэгія – адна з самых багатых краінаў сьвету. А ў Эўропе
паводле свайго дабрабыту яна саступае толькі Люксэмбургу. У Нарвэгіі амаль
няма беспрацоў’я, а сацыяльныя праграмы для ўсіх катэгорыяў насельніцтва
– адныя з самых стабільных і шчодрых.
Але разам з тым нельга сьцьвярджаць, што сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё
гэтай багатай краіны адбываецца беспраблемна. Аднабаковая спэцыялізацыя
гаспадаркі на здабычы нафты і газу прывяла да адпаведнага недахопу спэцыялістаў
у іншых галінах. Найбольш неспрыяльная сытуацыя склалася ў мэдыцыне. Нарвэгія
ўжо шмат гадоў ня ў стане задаволіць попыт на лекараў і сярэдні мэдычны
пэрсанал.
Паводле сваёй тэрыторыі Нарвэгія – адна з самых вялікіх краінаў Эўропы,
але жыве на гэтай тэрыторыі (якая амаль удвая пераўзыходзіць Беларусь)
усяго толькі каля 4 млн. чалавек. Больш за тое, значная частка нарвэскага
насельніцтва жыве ў малых вёсках і паселішчах, адлегласьць паміж якімі
сотні, а часам і тысячы км. І таму, каб мэдыцына функцыянавала нармальна,
краіне патрэбная вялікая колькасьць малых шпіталёў і паліклінікаў дзеля
комплекснага мэдычнага абслугоўваньня мясцовых жыхароў.
Дадамо, што Нарвэгія – краіна надзвычай багатая, і можа дазволіць сабе
запрашаць на працу мэдычны пэрсанал з замежжа. Дасюль Нарвэгія запрашала
галоўным чынам лекараў з краінаў Эўрапэйскага Зьвязу. У гэтай справе нават
было падпісанае адпаведнае пагадненьне паміж нарвэскім урадам і ЭЗ. Але
вось зусім нядаўна з Нарвегіі прыйшла інфармацыя, што нарвэскія ўлады вырашылі
запрасіць на сталую працу да 10 тыс. лекараў і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу
з краінаў, якія не ўваходзяць у ЭЗ.
У некаторых посткамуністычных краінах (напрыклад, у Польшчы) сродкі
масавай інфармацыі падалі гэтую навіну як сэнсацыю, і нават пачалі камэнтаваць
магчымасьць масавай эміграцыі лекараў. Мы ж вырашылі не спрыяць сэнсацыйнасьці,
а даць нашым слухачам самую дакладную і сапраўдную інфармацыю на гэтую
тэму. Мы зьвярнуліся да першакрыніцы – да Нарвэскага Міністэрства працы,
з габінэтаў якога і выйшаў гэты плян запрашэньня лекараў з былых камуністычных
краінаў.
У Осла на нашыя пытаньні згадзіўся адказаць намесьнік кіраўніка аддзелу
працоўнай міграцыі Міністэрства працы Фін Ёла Ёлстэд.
Вось як ён на пачатку нашай размовы пракамэнтаваў сутнасьць нарвэскай
палітыкі запрашэньня лекараў і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу з замежжа.
(Ёлстэд: )”Гэта праўда, што ў нас ёсьць вялікая патрэба ня толькі ў
лекарах, але і ў іншых катэгорыях мэдычнага пэрсаналу. Гэтая патрэба будзе
павялічвацца ў будучыні. Тут ёсьць дзве прычыны. Першая – гэта старэньне
насельніцтва: нам з кожным годам патрэбна ўсё больш і больш лекараў каб
лячыць нашых старых. А другая – гэта праблемы самой мэдыцыны. З кожным
годам нам даводзіцца лячыць усё больш і больш хваробаў. Да таго ж нам у
Нарвэгіі трэба мець большую колькасць лекараў на душу насельніцтва. І з
кожным годам гэтая патрэба павялічваецца.”
(Іваноў: ) “Як вядома, дасюль Нарвэгія запрашала да сябе на працу галоўным
чынам лекараў з краінаў Эўрапэйскага Зьвязу. Вось як намесьнік загадчыка
аддзелу працоўнай міграцыі Міністэрства працы Нарвэгіі спадар Ёлстэд характарызуе
супрацоўніцтва ў гэтай галіне.”
(Ёлстэд: )”Сапраўды, у нас існуе спэцыяльнае пагадненьне ў справе запрашэньня
лекараў і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу з краінаў Эўрапэйскага Зьвязу.
Гэта пагадненьне аб Эўрапэйскай эканамічнай прасторы, якое падпісалі акрамя
нас краіны ЭЗ, Ісляндыя і Ліхтэнштэйн. Паводле гэтага пагадненьня мы можам
падпісваць кантракт з кожным паасобным чалавекам. Яно таксама прадугледжвае
ўзаемнае прызнаньне дыплёмаў.”
(Іваноў: ) “А вось як характарызуе спадар Ёлстэд пашырэньне гэтага пагадненьня
на краіны, якія не ўваходзяць у ЭЗ.”
(Ёлстэд: )”Што датычыць запрашэньня мэдычнага пэрсаналу зь іншых краінаў,
дык праграма ў гэтай галіне сапраўды існуе, але яна знаходзіцца пакуль-што
на стадыі распрацоўкі. І мы тут яшчэ не прыйшлі да нейкіх канкрэтных высноваў.”
(Іваноў: ) “Я запытаўся адказнага супрацоўніка нарвэскага Міністэрства
працы спадара Ёлстада пра праўдзівасць паведамленьня прэсы некаторых былых
сацыялістычных краінаў аб тым, што эмісары ягонага міністэрства ўжо накіраваліся
на ўсход і вядуць вярбоўку лекараў на працу ў Нарвэгію.”
(Ёлстэд: )”Сапраўды, прадстаўнікі нашага міністэрства вядуць кансультацыі
ў некаторых краінах на гэтую тэму. У прыватнасьці, ў Чэхіі і Вугоршчыне.
Але гэта яшчэ не азначае якасна новай палітыкі. Мы проста маем магчымасьць
выкарыстоўваць розныя спосабы наймаць людзей на працу. Але пакуль-што мы
аддаем перавагу супольнай эўрапэйскай эканамічнай прасторы.”
(Іваноў: ) “Калі гэта так, дык якія ж цяпер у рамках актуальнай нарвэскай
эміграцыйнай палітыкі існуюць магчымасьці для працы лекараў з краінаў з
па-за Эўрапэйскага Зьвязу? Напрыклад, зь Беларусі?”
(Ёлстэд: )”У рамках цяперашняга нарвэскага заканадаўства існуе магчымасьць
для лекараў з больш шырокага кола эўрапэйскіх краінаў заключаць кантракты
на працу ў Нарвэгіі і працаваць тут. Але, па-першае, павінна быць прызнаная
іх лекарская кваліфікацыя, а па-другое, ім трэба здаць іспыт веданьня мовы.”
(Іваноў: ) “А якая гэтая мова?”
(Ёлстэд: )”Гэта нарвэская мова.”
(Іваноў: ) “Але вывучыць нарвэскую мову, якая даволі мала распаўсюджаная
па-за межамі самой Нарвэгіі, даволі складана. Можа было б дастаткова добрага
веданьня ангельскай мовы?
(Ёлстэд: )”Напрыклад, у краінах эўрапэйскай эканамічнай зоны мы ўжо
арганізавалі некалькі спэцыяльных курсаў нарвэскай мовы. Але ў іншых эўрапэйскіх
краінах мы яшчэ не пасьпелі арганізаваць падобныя курсы. Гэта справа будучыні.
Мы таксама хочам арганізаваць шэраг моўных курсаў на базе ўнівэрсытэтаў.
Але пакуль-што мы сапраўды недастаткова зьвярталі ўвагу на арганізацыю
гэтых курсаў у іншых краінах.”
(Іваноў: ) “І на заканчэньне я зьвярнуўся да намесьніка загадчыка аддзелу
працоўнай міграцыі Фіна Оле Ёлстэда з Нарвэскага Міністэрства працы з пытаньнем:
ці разглядае ягонае міністэрства альтэрнатыўныя (акрамя міграцыі лекараў)
спосабы вырашэньня праблемы нястачы мэдычнага пэрсаналу ў краіне?
(Ёлстэд: )”Што тычыцца сярэдняга мэдычнага пэрсаналу, дык у нас даволі
шмат такіх прадстаўнікоў гэтай прафэсіі, якія ня хочуць працаваць. І таму
мы хочам знайсьці спосабы заахвоціць іх пайсьці працаваць. Ёсьць і іншыя
спосабы запоўніць вольныя вакансіі. Мы таксама будзем шукаць новыя магчымасьці
запрашаць на працу лекараў і мэдычны пэрсанал з краінаў з па-за Эўрапэйскага
Зьвязу.”
(Іваноў: ) “Як бачым, нарвэская палітыка запрашэньня лекараў і сярэдняга
мэдычнага пэрсаналу з краінаў былой сацыялістычнай садружнасьці яшчэ толькі
распрацоўваецца. Шмат у ёй есьць яшчэ няяснага і не да канца вызначанага.
Але сам факт яе існаваньня, факт вялікага попыту ў Нарвэгіі на мэдычных
працаўнікоў – бясспрэчны.
Мы паспрабуем надалей у нашых праграмах сэрыі “У сьвет на заробкі” надалей
інфармаваць нашых слухочоў пра разьвіцьцё сытуацыі, пра ўсе новыя магчымасьці
працы ў Нарвэгіі.
У нашай сэрыі мы таксама працягваем інфармаваць вас пра новую эміграцыйную
палітыку Нямеччыны, урад якой вырашыў запрасіць на працу 20 тысячаў спэцыялістаў-кампутарнікаў.
На гэтым тыдні першы з гэтых 20 тысячаў атрымаў афіцыйныя дакумэнты, якія
дазваляюць яму пачаць працу ў Нямеччыне. Расказвае Кастусь Бандарук.
(Бандарук: ) “У адпаведнасьці з урадавым плянам, усе зь ліку 20-ці тысячаў
высокакваліфікаваных замежных спэцыялістаў павінны мець вышэйшую асьвету
ў галіне інфарматыкі і будуць зарабляць як мінімум 100 тысячаў марак на
год.
“Мы адчуваем вялікую патрэбу ў высокакваліфікаваных работніках”,—заявіў
міністар працы Вальтэр Рыстэль. Ён уручыў першую “зялёную картку”, падобную
на амэрыканскую, 25-гадоваму інданэзыйцу Гарыянта Віджаі. Нядаўна Віджаі
пасьпяхова закончыў 5-гадовы курс у тэхналягічным унівэрсытэце ў нямецкім
горадзе Аахэн.
“Я адчуваю сябе цудоўна. Працоўная атмасфэра добрая, а немцы вельмі
сымпатычныя”,—сказаў Відая. Ён адзначыў, што сам ніколі ня зьведаў ў Нямеччыне
расізму: “Аахэн цудоўны горад, і там няма ніякай ксэнафобіі”.
Пайсьці на гэты крок прымусіла нямецкія ўлады неспрыяльная сытуацыя
ў галіне занятасьці. Нямецкае грамадзтва старэе, а эканоміка, калі мае
быць канкурэнтаздольнай, мусіць атрымаць ін’екцыю ў выглядзе высокакваліфікаваных
маладых і энэргічных спэцыялістаў, пераважна ў інфарматычнай галіне.
Прэзыдэнт Фэдэрацыі нямецкіх працадаўцаў Дытэр Гундт лічыць, што 20
тысячаў замежных кампутаршчыкаў – гэта мала. На ягоную думку, трэба абавязкова
зьмяніць імграцыйныя законы і такія ж “ зялёныя карткі “ даць палутара
мільёнам спэцыялістаў у іншых галінах і сэктарах эканомікі.
Дарэчы, гэтак жа старэюць грамадзтвы ў іншых краінах Эўразьвязу. Згодна
афіцыйнаму дакумэнту, каб кампэнсаваць адміраньне карэннага насельніцтва,
да дзьве тысячы пяцідзесятага году увесь Эўразьвяз павінен прыняць 75 мільёнаў
імігрантаў. Нават у Нямеччыне, дзе штогод на 200 тысяч чужынцаў больш застаецца,
чым пакідае краіну, усё роўна на працягу наступанага паўстагодзьдзя, колькасьць
насельніцтва зьменшыцца на 12 мільёнаў чалавек.
З другога боку, неабходнасьць прыняцьця замежнай, працоўнай сілы і эканамічныя
аргумэнты, не пераконваюць нямецкае грамадзтва. Згодна апытаньню грамадзкай
думкі, апублікаванаму на мінулым тыдні ў тыднёвіку Ді Вохэ, 63 адсоткі
немцаў ня хочуць больш ніякіх імігрантаў. На працягу 16-ці гадоў кіраваньня
хрысьціянскіх дэмакратаў на чале з Гэльмутам Колям, такая была і дзяржаўная
палітыка.
На працягу апошніх гадоў у Нямеччыне, асабліва ўсходняй, дзе найвышэйшы
узровень беспрацоўя, узмацніліся расісцкія і ксэнафобныя настроі. З выдачай
новых працоўных візаў для замежных спэцыялістаў, супалі антыімігранцкія
выступленьні ультраправых і нэанацысцкіх груповак. У выніку нядаўняга выбуху
бомбы, пацярпелі 9 чужынцаў, у тым ліку 6 габрэяў.
Канцлер Гэрхард Шродэр назваў гэтыя інцыдэнты “вартымі шкадаваньня”.
Ён заклікаў паліцыю і мясцовыя ўлады больш сур’ёзна паставіцца да праблемы,
паколькі такія інцыдэнты шкодзяць іміджу краіны за мяжой. Згодны з гэтым
таксама міністар працы Вальтэр Рыстэр, які лічыць, што нямецкія улады празьмерна
паблажліва ставяцца да пагрозы з боку нэанацыстаў.
У часе, калі нямецкая эканоміка тэрмінова патрабуе замежных спэцыялістаў,
усплёск ксэнафобіі і расізму ў Нямеччыне будзе зьнеахочваць чужынцаў ад
прыезду ў ФРГ—заявіла група 40 навуковых інстытутаў Нямеччыны. “Навука
павінна быць міжнароднай, – гаворыцца ў адмысловай заяве. – Мы занепакоеныя
тым, што замежныя спэцыялісты неахвоча прыймаюць запросіны наведаць нашы
заводы, паколькі яны адчуваюць сябе няўпэўнена у нашай краіне. Такая сытуацыя
шкодзіць усім нам”.
(Іваноў: )”Прыгадаем, што паводле дадзеных нямецкага Міністэрства працы,
на сёньняшні дзень амаль 19 тыс. спэцыялістаў-кампутарнікаў зьвярнуліся
да нямецкіх уладаў з прозьбай атрымаць дазвол на працу ў гэтай краіне.
Пераважаюць сярод іх спэцыялісты зь Індыі і Пакістану. Разам іх каля 6
тысячаў. Акрамя таго, сярод кандыдатаў на працу ў Нямеччыне 1500 алжырцаў,
842 балгары, 783 расейцы, 511 -–югаславы, амаль 500 украінцаў і 360 вугорцаў.
Інфармацыйныя агэнцтвы не падаюць колькасьць кандыдатаў зь Беларусі.”
Мікола Іваноў