Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як часта трэба хадзіць у храм?


Удзельнікі: ксёндз Менскае Каталіцкае катэдры айцец Аляксандар Тарасэвіч, намесьнік муфція Беларусі імам Ібрагім Канапацкі і практыкуючы юдэй Юры Рудэрман (эфір 18.09.1999).

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка.

Усе вялікія рэлігіі сьвету маюць месцы для асаблівых малітваў - храмы. Ёсьць яны і ў хрысьціянаў, і ў музульманаў, і ў юдэяў, буддыстаў, індуістаў ды ў іншых вернікаў. Нават паганцы некалі мелі капішчы, дзе яны ў асаблівы спосаб ушаноўвалі сваіх багоў.

Беларусь пераважна хрысьціянская краіна. І вось нават у двух яе найбольшых хрысьціянскіх цэрквах - Праваслаўнай і Каталіцкай, - можна заўважыць невялікія адрозьненьні ў практыцы наведваньня вернікамі храмаў. Каталіцкая царква дамаглася практычна штонядзельнага наведваньня касьцёлаў, і гэтае яе дасягненьне адзначаецца нават праваслаўнымі багасловамі. Практыка праваслаўных менш жорсткая. З аднаго боку там царква пад страхам граху не вымагае ад вернікаў кожную нядзелю наведваць храм, а з другога - праваслаўныя людзі больш ірацыянальна, і, я б сказаў, інтымна ставяцца да наведваньня цэркваў. Часта чалавек ідзе ў царкву ў любы час каб проста паставіць сьвечку ды памаліцца.

У сёньняшнім выпуску “Сымбаля Веры” я вырашыў абмеркаваць пытаньне наведваньня храмаў з прадстаўнікамі трох сусьветных рэлігіяў, вернікі якіх жывуць у Беларусі. Гэта - Хрысьціянства, Музульманства і Юдаізм. Хрысьціянаў сёньня прадстаўляе ксёндз Менскае Каталіцкае катэдры айцец Аляксандр Тарасэвіч. Якраз Каталіцкая царква сярод усіх хрысьціянскіх цэркваў найбольш пасьлядоўна зьвяртае ўвагу сваіх вернікаў на патрэбу рэгулярна наведваць храм.

(Карэспандэнт: ) “Айцец Алесь, наколькі я ведаю, Каталіцкая царква ня тое што вымагае, але заахвочвае сваіх вернікаў да, прынамсі, штонядзельнага наведваньня касьцёлаў. Вось з пункту гледжаньня звычайнага абываталя, які нячаста бывае ў царкве, паўстае такое пытаньне - якая розьніца, хаджу я ў касьцёл кожнае нядзелі, альбо раз на месяц, альбо раз на поўгады, альбо толькі на вялікія сьвяты?”

(кс.Тарасэвіч: ) “Ну што ж, розьніца такая самая, як напрыклад, калі мы, маючы бацькоў, будзем да іх прыходзіць раз на дзень, раз на тыдзень, раз на месяц, раз на год, раз на дзесяць год. Я думаю, што бацькі ня будуць задаволеныя з тае прычыны, што мы да іх рэдка прыходзім. Напэўна ня будуць. Напэўна ня будуць задаволеныя з нас сябры, калі мы, нават, не тэлефануем, не кажучы ўжо пра сустрэчы.

Тыя самыя адносіны маем мы з Богам. Бог ёсьць асобаю, і асобаю камунікатыўнаю. Асобаю, якая жадае з намі сустрэцца, якая жадае з намі паразмаўляць, якая жадае нас бачыць побач з сабой. А дзе ж, як ня ў храме Божым, Бог ёсьць прысутным у асаблівы спосаб”.

(Карэспандэнт:) “Ну а калі гаварыць пра тэалягічныя падставы штонядзельнага наведваньня касьцёла, што вынікае з Эвангельля, што выніке з катэхізму?”

(кс. Тарасэвіч:) “З Эвангельля вынікае, што Езус Хрыстос, устанавіўшы Найсьвяцейшы Сакрамант, а ў той самы дзень запаведаўшы сваю муку - сьмерць, і ўваскрашэньне, працягам якога і ёсьць найсьвяцейшы сакрамант - сьвятая імша, і ў словах, якімі ён устанавіў Найсьвяцейшы Сакрамант, ёсьць наступнае: “Гэта чыніце на маю памяць”, памяць уваскрашэньня Хрыстовага, дзе ўваскрашэньне ёсьць перамогай над сьмерцю, перамогай над грахом. А паколькі Хрыстос, як ведаем, уваскрос у нядзелю, дык вядома, што гэты дзень стаўся пасьвячаным. Менавіта для гэтай справы, для таго, каб мы ўспаміналі ўваскрашэньне Хрыстовае. А калі Хрыстос сказаў, каб гэта чынілі на Яго памяць, дык ня можам гэтыя ягоныя словы ўспрымаць факультатыўна. Слова Божае, ёсьць словам моцным, ёсьць словам, якое ёсьць актуальным для кожнага чалавека, і ёсьць актуальным у такой форме, у якой яно было выказанае.

Хрыстос не казаў, што калі хочаце, гэта рабеце на маю памяць, але казаў, гэта рабеце на маю памяць. Зусім іншая форма. Ня толькі просьба, але ў асаблівы спосаб - загад. Ну і вядома, што гэты загад Хрыстовы непасрэдным чынам зьвязаны із загадам Божым, трэйцім Божым прыказаньнем - памятайце сьвяты дзень сьвяткаваць. Таму ўсе хрысьціяне, маючы перад сабою гэтыя загады Божыя, усё ж такі выконваюць гэта. Выконваюць, прыходзячы кожнае нядзелі на Сьвятую імшу, кожнае нядзелі беручы ўдзел у ахвяры Хрыста, дзякуючы Пану Богу за той вялікі дар, які маем усе мы - дар збаўленьня. “

(Карэспандэнт:) “Ну вось гэты ваш адказ прагучаў, я б сказаў, досыць рыгарыстычна. Але ці толькі гэта патрабаваньне Божае, ці толькі гэта патрэба Бога, каб мы прыходзілі ў храм і ўспаміналі Яго. Ці ня маем мы самі такую ўнутраную патрэбу?”

(кс. Тарасэвіч:) “Безумоўна, такая патрэба ёсьць. Тым больш, што зараз у асаблівы спосаб Касьцёл, прычым ня толькі герархія, але і багасловы, што ў асаблівы спосаб задумваюцца над сэнсам штонядзельнага ўдзелу ў Сьвятой імшы, ня робяць асаблівы акцэнт на тым, што Пан Бог ад нас гэтага патрабуе. Больш акцэнтуюць увагу на тым, што патрэба ёсьць і ў нас саміх, што гэта патрэба перабываньня з Богам сам на сам, якую мы маем у малітве штодзённай. Гэтая патрэба выплывае з нас, гэта ёсьць нашае ўнутранае.

Вельмі часта скардзімся мы, што нам ніхто не дапамагае. Але дзе як не ў касьцёле трэба прасіць аб гэтай дапамозе, дапамозе і ад Бога і ад брата. Калі вернік папросіць сваіх братоў у храме Божым аб нейкай дапамозе - напэўна яму ніхто не адмовіць. Калі вернік у храме Божым будзе прасіць Божай дапамогі, прымаючы Цела Хрыстовае, молячыся да Бога – напэўна, гэта будзе інакш прынятае, чым калі мы молімся ў хаце, альбо недзе ў тралейбусе ці ідучы па дарозе. Бо сьвятыня - гэта ёсьць асаблівае месца асаблівай Божай прысутнасьці.”

Нагадаю, што вы слухаеце чарговы выпуск міжканфэсыйнай праграмы "Сымбаль Веры", удзел у якім бяруць ксёндз Аляксандр Тарсэвіч, намесьнік муфція Беларусі імам Ібрагім Канапацкі і практыкуючы юдэйскі вернік Юры Рудэрман. Вядзе перадачу Сяргей Абламейка.

Аргуманты ксяндза Тарасэвіча былі пераканаўчымі і яснымі. Іх, бадай, і ня трэба камэнтаваць. Дастаткова, на маю думку, было іх пачуць, бо гэта - адно з адрозьненьняў у практыцы паміж праваслаўнымі і католікамі.

Наступны мой суразмоўца, Юры Рудэрман, паходзіць з Радашковічаў, але ўжо амаль 20 год жыве ў Мюнхэне. Ён - практыкуючы юдэй, які яшчэ не забыўся мову, на якой размаўлялі ў яго родным мястэчку.

(Карэспандэнт:) “Спадар Юры, першае пытаньне да Вас такое. Вы належыце да кансэрватыўнае ці да рэфарматарскае плыні юдаізму.”

(Рудэрман:) “Паколькі бацькі мае адносілі сябе да артадаксальнага юдаізму, я таксама адношу сябе да яго, хоць і нічога ня маю супраць рэфарматараў.”

(Карэспандэнт:) “А што гэта значыць, чым ад вас адрозьніваюцца рэфарматары?”

(Рудэрман:) “Напрыклад, мужчыны і жанчыны ў рэфарматарскіх сынагогах сядзяць разам, а ў артадаксальных гэта не дазваляецца. Ёсьць і яшчэ шэраг дробных адрозьненьняў. Але гэта ня так і важна. Галоўнае, каб чалавек увогуле хадзіў у сынагогу.”

(Карэспандэнт:) “Ну і тады непасрэдна да тэмы майго сёньняшняга звароту да вас. Юдаізм, і кансэрватыўны і рэфарматарскі, як часта гэтае веравучэньне вымагае ад вернікаў наведваць храм?”

(Рудэрман:) “Для кансэрватыўных юдэяў штодзённае наведваньне сынагогі зьяўляецца абавязкам. Але, нажаль, у Ізраілі толькі 15 адсоткаў належыць да тых, хто штодзень ходзіць у сынагогу. Астатнія - ад сьвята да сьвята.

Я таксама належу да ліку тых, хто ходзіць у сынагоргу ад сьвята да сьвята.

І вось цяпер у нас ідзе вялікае сьвята - Роса Шана, юдэйскі Новы год, ідуць 10 дзён пакаяньня, і ў ноч з 19 на 20 верасьня наступае Судны Дзень - дзень, які адзначаюць усе габрэі ва ўсім сьвеце. “

(Карэспандэнт:) “Вы сказалі, што артадаксальны юдаізм патрабуе ад сваіх вернікаў штодзённга наведваньня сынагогі. А калі не штодзённае і не на вялікія сьвяты, дык як - у сыботу, пятніцу ці нядзелю? Раз на тыдзень можна хадзіць?”

(Рудэрман:) “У нас ня так жорстка, як у іншых рэлігіях. Можна хадзіць, калі ты адчуваеш у сабе ўнутраную патрэбу пайсьці ў сынагогу. Няма такога, што вось ты асабліва павінен пайсьці.

Я так сама не хаджу туды штодзённа ці раз на тыдзень. Але калі адчуваю, што трэба, іду ў любы дзень, ці то выхадны, ці будзёны.”

(Карэспандэнт:) “Гэта значыць, што і ў рэфарматараў прыблізна такая ж самая сітуацыя. Ходзяць людзі тады, калі адчуваюць патрэбу, альбо на вялікія сьвяты. Ну і як я разумею, некалькі дзён таму вы адсьвяткавалі Новы Год. Які гэта ўжо год?”

(Рудэрман:) “Гэта ўжо 7560-ты год пасьля стварэньня сьвету. Я хацеў бы пажадаць слухачом добрага Новага году, здароўя і стварэньня пажаданьняў. І каб у Судны Дзень Бог запісаў усіх у кнігу жыцьця, каб людзі мелі магчымасьць жыць далей па Кнізе Кнігаў - па Торы.”

Як бачым, адно кансэрватыўная плынь юдаізму вымагае ад сваіх вернікаў штодзённга наведваньня сынагогаў. Але ў сёньняшніх умовах толькі невялікая частка юдэяў датрымлівае гэтую вымогу. Большасьць жа, як сказаў спадар Рудэрман, ходзіць у сынагогу на сьвяты альбо ў асабістай патрэбе.

А цяпер - іслам, прадстаўнікі якога таксама спрадвеку жывуць у Беларусі. На мае пытаньні адказвае намесьнік муфція Беларусі імам Ібрагім Канапацкі.

(Карэспандэнт:) “Ібрагім Барысавіч, пытаньне да вас, як да намесьніка муфція Беларусі. Што вымагае ад музульманіна Каран, Іслам - як часта трэба наведваць мячэт?”

(Канапацкі:) “Імем Алага міласьцівага і міласэрнага, хвала Алагу Госпаду сьветаў.

Як вядома, нашая музульманская рэлігія, Іслам, грунтуецца на пяці асновах. Адна з гэтых асноваў называецца “салях”, альбо выкананьне пяціразовай малітвы, намазу.

Гэты абавязак быў устаноўлены пад час начнога падарожжа нашага Прарока, мір яму і бласлпавеньне. Усявышні Алаг тады ўстанавіў для кожнага музульманіна абавязак пяць разоў на дзень маліцца. Гэта значыць - раніцай, у поўдзень, удзень, у часе заходу сонца і ў начы.

Выкананьне пціразовай малітвы можа ажыцьцяўляцца не абавязкова ў храме. Паводле музульманскай рэлігіі, зямля - дом Алага. Абы было чыстае месца і чалавек знаходзіўся ў стане душэўнай або і цялеснай чысьціні. Тады можна выконваць малітву. Яна цягнецца нядоўга, каля 5 хвілінаў. Калі сьветлавы дзень 16-18 гадзінаў, дык пагадзіцеся, гэта ня вельмі шмат.

Але там, дзе ў нас ёсьць мячэці, больш зручна будзе пайсьці ў мячэць, каб выканаць свой сьвяты абавязак. У тых мясьцінах, дзе кампактна жывуць музульмане на Беларусі, напрыклад у Іўі, Слоніме, Сьмілавічах, дзе ёсьць мячэці, канешне, гэта можна зрабіць у мячэці. І гэта робіцца. А там, дзе музульманаў няшмат, нашыя набажэнствы выконваюцца толькі адзін раз на тыдзень, у пятніцу. Гэта абавязковая малітва, якая называецца Джума.”

(Карэспандэнт:) “Наколькі я зразумеў, як найменш, трэба аднаго разу на тыдзень наведаць мячэт, але калі ёсьць магчымасьць, дык трэба пяць разоў на дзень схадзіць у мячэт?”

(Канапацкі:) “Канешне. Абавязак - пяць разоў на дзень. Але гэта не заўсёды выконваецца, і нават у тых краінах, дзе шмат музульманаў жыве і можна кожнага разу ісьці ў мячэць.

Я калі быў у Стамбуле, там на кожным кроку амаль былі мячэці, і калі наступае час малітвы, гучыць голас муэтдзіна зь мінарэта мячэці, і музульманін можа тут жа, праз некалькі крокаў зайсьці ў храм, зьняць свой абутак, і, знаходзячыся ў стане чысьціні, альбо памыўшыся, зрабіўшы, як у нас называецца, малое амавеньне, выканаць свой сьвяты абавязак, салях. Папрасіць у Бога, Алага міласьцівага і міласэрнага, міласьці да сябе, сваіх родных, і папрасіць, каб ён скіраваў на той шлях, які ён абдарыў сваімі дабротамі, але не на той, на якім зублудзіліся людзі.”

Як бачым, іслам вымагае ад музульманаў штодзённае пяціразовае малітвы ў мячэце. Гэта, бадай найбольш катэгарычнае патрабаваньне. Гэтым іслам набліжаецца да кансэрватыўнага юдаізму, які заклікае вернікаў штодзень хадзіць у сынагогу.

Штопраўда, усе нашыя сёньняшнія параўнаньні досыць адносныя, бо сучасная практыка адрозьніваецца ад патрабаваньняў веры. Ды і ў саміх цэрквах ня ўсё аднолькава. У праваслаўных, напрыклад, разам з досыць нерэгулярным наведваньнем храмаў простымі вернікамі, існуюць манастыры, дзе набажэнства працягваецца 24 гадзіны ў суткі. Але агулам параўнаць аргуманты і вымогі розных традыцыяў заўсёды цікава.

Сяргей Абламейка, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG