Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра кнігу прафэсара Івана Чароты "Беларуская мова і царква".


Удзельнікі: прафэсар БДУ Іван Чарота.

Аўтар і вядучы: Сяргей Абламейка. (эфір 25.11.2000).

Ля мікрафону Сяргей Абламейка.

Напрыканцы лета сёлета ў Менску выйшла кніга прафэсара Івана Чароты “Беларуская мова і царква”. Выданьне кніжкі фінансавалі Беларускае праваслаўнае брацтва Трох віленскіх мучанікаў і Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе.

Тэма кніжкі вельмі актуальная сёньня. Беларуская мова перажывае ня лепшыя часы. У нядаўнім мінулым, калі сытуацыя была троху іншай, пра мову ў царкве даволі шмат пісалася ў друку, а таксама дэбатавалася ў навуковых кабінэтах. І вось прафэсар Чарота вырашыў, паводле яго словаў, перавесьці тэму з надзённа-палітычнага кантэксту ў навуковы і даць сапраўды яе навуковы аналіз.

Да Івана Чароты пра беларускую мову ў царкве ўжо пісалі шмат яго вядомых папярэднікаў. Сярод іх і акадэмік Карскі, і прафэсар Доўнар-Запольскі, і паэт Палуян, і ксёндз Станкевіч, і айцец Леў Гарошка.

І вось госьць сёньняшняга выпуску Сымбаля Веры, загадчык катэдры славістыкі БДУ, сябра Біблейнай камісіі Беларускага эгзархату РПЦ, прафэсар Іван Чарота. Я прашу яго прадставіць слухачам зьмест ягонай кнігі.

(Чарота: ) “Мая галоўная задача была ў тым, каб паказаць рэальны зьмест гэтай праблемы на цяперашні час, але, натуральна, высьвечваючы яго ўжо і з месцам гістарычным. Верагодна, паставіць пытаньне (наколькі я магу на яго адказаць – гэта цяжка, канешне, самому сьведчыць), але і пра пэрспэктывы вырашэньня праблемы “Беларуская мова і царква”.

(Абламейка: ) “Як выглядае справа, колькі гэтых перакладаў існуе, калі і як іх рабілі, зьмест Вашай кніжкі… Давайце трошачкі даткнемся яго”.

(Чарота: ) “Зьмест уключае ў сябе шэсьць разьдзелаў: “Беларуская мова ў рэлігійнай сфэры, спроба гістарычнага агляду”, “Значэньне кірыламяфодзіеўскай спадчыны для беларусаў”, “Асаблівасьці сучаснай моўнай сытуацыі ўвогуле”, “Неаднамоўе, білінгвізм з розных пунктаў гледжаньня”. Затым “Плённы вопыт перакладу Сьвяшчэннага Пісаньня на беларускую мову”, асобна ідзе разьдзел “Інфармацыя пра дзейнасьць беларускай біблейнай камісіі”, і потым выстаўляюцца асобна адкрытыя і спрэчныя пытаньні выпрацоўкі рэлігійнай тэрміналёгіі. Робяцца пэўныя падагульненьні. Вось я назваў зьмест асноўных раздзелаў.

Што датычыцца бібліяграфіі, перакладаў Сьвяшчэннага Пісаньня, вось момант, які зьдзіўляе людзей, якія звычайна не займаліся гэтай праблемай. Справа ў тым, што колькасьць перакладаў Сьвяшчэннага Пісаньня, і асабліва Новага Запавету, на беларускую мову, больш, відаць, чым на любую іншую мову. Вось такі парадаксальны факт, на які ў нас не зьвярталі ўвагі. Я, натуральна, вымушаны быў у меру сваіх сьціплых магчымасьцяў хоць коратка ахарактарызаваць асноўныя пераклады, якія рабіліся”.

(Абламейка: ) “Але усё ж колькі такіх перакладаў?

(Чарота: ) “Я не займаўся адмысловымі падлікамі, але сам пералік перакладаў займае тры кніжныя старонкі. Асноўныя з гэтых перакладаў – Луцкевіча, Гадлеўскага, Татарыновіча, Станкевіча, япіскапа БПЦ Мікалая, Сёмухі, Клышкі, кс. Чарняўскага, і асобныя выданьні ў перакладзе Пятроўскага, а таксама шэраг іншых, якія выдаваліся без намераў шырокага карыстаньня. Я ня здолеў зрабіць падрабязны, грунтоўны аналіз усіх выданьняў, а таму прысьвяціў больш увагі найбольш тыражнаму і вядомаму перакладу Васіля Сёмухі. Разам з тым, калі на маё меркаваньне, то з усіх выданьняў лепшае па якасьці Міхася Міцкевіча, брата Якуба Коласа, зробленае ім на эміграцыі”.

(Абламейка: ) “Але, здаецца, Міхась Міцкевіч выдаў толькі адно Эвангельле…

(Чарота: ) “Ня толькі. У яго і выдадзеныя два перакладу, а ёсьць яшчэ і пераклады рукапісныя. Прычым ён перакладаў ня толькі Сьвяшчэннае Пісаньне, але і вельмі шмат багаслужбовых тэкстаў”.

(Абламейка: ) “Якія асноўныя высновы Вашай працы?”

(Чарота: ) “Коратка іх сфармуляваць нялёгка, але тым ня менш. Па-першае, мова абмежаванага ўжытку (а менавіта такі рэальны статус нашай мовы), адпаведна, была і застаецца абмежаванай ва ўжытку царкоўным. Калі браць прычыны гэтага, то сьцьвярджаць катэгарычна, што на гэта ёсьць ліхая воля ўлады сьвецкай ці царкоўнай, абсалютна падставаў няма – і гэта пацьвярджаецца шматлікімі фактамі, якімі я валодаю, як сакратар Біблійнай камісіі.

Што датычыцца пэрспэктываў, то ўсё будзе залежыць ад таго, наколькі сапраўды ў гэтым зацікаўленыя людзі, ужо рэальна ўцаркоўленыя людзі, і наколькі будуць уцаркаўляцца носьбіты мовы. Бо я магу прывесьці рэальныя факты, калі на беларускую літургію прыходзіць людзей мала. Добры прыклад таму – паніхіда па Ларысе Геніюш, якая служыцца на працягу шасьці гадоў у Петрапаўлаўскім саборы Менска. Напярэдадні яе шырока даюцца абвесткі для інтэлігенцыі, але сьвядомая інтэлігенцыя прысутнічае ў вельмі абмежаванай кольксьці”.

(Абламейка: ) “Такім чынам, Вы робіце выснову, што калі ўзьнікнуць запатрабаваньні грамадзтва, то рэакцыя Царквы на гэта будзе нармальнай?”

(Чарота: ) “Стварэньне Біблейнай камісіі і яе праца ёсьць лепшае сьведчаньне таму, што Царква зацікаўленая. І ніводнае ня толькі афіцыйнае заявы супроць мовы, але і ніводнай размовы ад герархаў Беларускай Праваслаўнай Царквы я ня чуў, і, упэўнены, што не магу пачуць. Сапраўды гучалі папярэджаньні супроць радыкальнага ўводу беларускай мовы ў багаслужэньне, а тым больш супроць замены царкоўнаславянскага багаслужэньня беларускім. Вядома, перш-наперш я тут кажу пра вопыт Праваслаўнай царквы. Але, як я вам назваў, пераклады зробленыя і неправаслаўнымі не для праваслаўных. Таму я праводзіў аналіз друку ня толькі праваслаўнага, але і каталіцкага, і уніяцкага па гэтым пытаньні”.

(Абламейка: ) “І што паказвае аналіз каталіцкіх і уніяцкіх выданьняў?”

(Чарота: ) “У прынцыпе тут нічога не мяняецца. Агульны прынцып той самы – наколькі мова будзе запатрабаваная канкрэтнымі прыхаджанамі канкрэтнага прыходу. І калі мова будзе запатрабаваная, царква пяройдзе на яе”.

Гаварыў прафэсар Іван Чарота.

Як мы чулі, асноўныя высновы прафэсара Чароты наступныя. Сярод самых вядомых перакладаў прафэсар назваў пераклады Луцкевіча, Гадлеўскага, Татарыновіча, Станкевіча, Чарняўскага, мітрапаліта Мікалая Мацукевіча, Васіля Сёмухі, Клышкі, Пятроўскага і Міцкевіча. Лепшым з наяўных сёньня перакладаў ён лічыць пераклад Эвангельля Міхася Міцкевіча, брата Якуба Коласа, які жыў на эміграцыі ў Нью-Ёрку.

Што ж да самой праблемы, сфармуляванай у назве кнігі – беларуская мова і царква – дык тут з усімі высновамі прафэсара Чароты пагадзіцца цяжка. Ён сказаў, што беларуская мова, як мова абмежаванага ўжытку, мае абмежаваны ўжытак і ў царкве. Будучыня беларускай мовы ў царкве залежыць, паводле прафэсара, ад таго, як шмат сьвядомых беларусаў уцарковіцца, і як шмат ужо ўцаркоўленых людзей захочуць маліцца па-беларуску. Прафэсар таксама сказаў, што ў наяўнай сытуацыі няма (цытую) “ліхой волі ні ўладаў сьвецкіх, ні ўладаў царкоўных”.

Натуральна, што задумвалася сёньняшняя перадача не для палемікі, а найперш, для інфармацыі слухачоў, але некалькі сваіх думак я ўсё ж выкажу. Я цалкам разумею канфэсійны патрыятызм члена Праваслаўнага брацтва Трох віленскіх мучанікаў прафэсара Чароты і прымаю яго. Але з усімі высновамі яго пагадзіцца цяжка. Пасьля зьнішчэньня ў 30-я гады некалькіх сотняў праваслаўных сьвятароў Аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Беларусі на чале з яе герархамі мітараплітам Мэльхісэдэкам Паеўскім і япіскапам Хвядосам Раменскім, а таксама пасьля некалькіх дзесяцігодзьдзяў брутальнай русыфікацыі беларусаў у пасьляваенны час цяжка гаварыць, што ў сёньняшняй сытуацыі зусім не вінаватыя сьвецкія ўлады. Гэтак сама нельга і здымаць адказнасьць з уладаў царкоўных. Калі ў цэлай тысячы парафіяў казаньні штонядзелі гаворацца па-расейску, дык як тады павінны захоўвацца простыя людзі, для якіх сьвятар зьяўляецца немалым духоўным аўтарытэтам?.. Пытаньне рытарычнае.

І мова тут ня толькі пра праваслаўную царкву. Каталіцкі касьцёл, які пад час акупацыі Польшчы Расеяй 130 год бараніў пальшчызну, у ХХ стагодзьдзі спрычыніўся да палянізацыі сотняў тысячаў беларусаў. Цяжка адкінуць сьцьверджаньне, што мова сьвятара, мова казаньня, мова набажэнстваў уплываюць на этнічную арыентацыю і пераарыентацыю простых вернікаў. Якраз гэта ў Беларусі і адбывалася ў апошнія стагодзьдзі і адбываецца зараз, напрыклад, на Гарадзеншчыне. Так што адназначна сьцьвярджаць, што ні касьцёл, ні царква ня маюць дачыненьня да сёньняшняй ролі беларускай мовы ў храмах, на маю думку, нельга.

Ці можна назваць гэты мой камэнтар “спрошчанай трактоўкай”, “эксплюатацыяй тэмы ў СМІ” і пастаўленьнем “акцэнту на надзённа-палітычны зьмест” (цытаты з кнігі прафэсара Чароты), могуць вырашыць самі слухачы.

І тут выглядае, што мае сэнс некалі ў адной з наступных перадачаў правесьці круглы стол на тэму кніжкі прафэсара Івана Чароты. Спадзяюся, што і сам аўтар ласкава згодзіцца на ўдзел у такім стале, і некага з яго апанэнтаў мы запрасіць патрапім.

Сяргей Абламейка, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG