Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Frankfurter Allgemeine Zeitung,30 лістапада 1998


Пераказ гутаркі карэспандэнта Вэрнэра Адама зь міністрам замежных справаў Беларусі Іванам Антановічам

Беларусь прызнае, што яна зрабіла сур'ёзныя памылкі ў сваім абыходжаньні з Захадам, і — паводле словаў міністра замежных справаў Івана Антановіча, глыбока аб гэтым шкадуе й абяцае, што гэта ніколі не паўторыцца. Гэтае запэўненьне, паводле Антановіча, прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка ўжо перадаў у пісьмовай форме прэзыдэнту ЗША Клінтану. З свайго боку, Антановіч паспрабуе пераканаць у гэткай перамене поглядаў Лукашэнкі міністраў замежных справаў краінаў Эўрапейскага Зьвязу, зь якімі ён сустрэнецца на гчэтым тыдні на паседжаньні Рады Міністраў АБСЭ ў Осла. Назіральнікі ў Менску адрэагавалі на гэтае паведамленьне скептычна. Спасылаючыся на штораз горшае становішча з забесьпячэньнем у гэтай усё яшчэ па-камуністычнаму кіраванай былой савецкай рэспубліцы, яны, вядома ж, не выключаюць, што Лукашэнка мог бы чыста зь меркаваньняў эканамічнай неабходнасьці імкнуцца да нармалізацыі дачыненьняў сваёй краіны з Амэрыкай і Заходняй Эўропай. Засьпетая раньняй зімою, Беларусь як ніякая іншая частка былой усходняй імпэрыі трапіла ў вір расейскага эканамічнага крызысу і мусіць сёньня вывозіць у Расею большую частку сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі ўзамен за пастачаньні энэрганосьбітаў.

Ад часу абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі ў 1994 годзе і асабліва пасьля разгону ім законнага парлямэнту двума гадамі пазьней дачыненьні паміж Беларусьсю й Захадам штораз болей пагаршаліся. Найніжэйшага пункту яны дасягнулі гэтым летам, падчас беспрэцэдэнтнага ў гісторыі сусьветнай дыпляматыі канфлікту, пасьля якога ўжо ня толькі ў Міністэрстве Замежных Справаў у Боне пачало ўзьнікаць пытаньне аб псыхічным здароўі былога саўгаснага дырэктара Лукашэнкі.

[...]

Міністар замежных справаў Антановіч у гутарцы з нашым карэспандэнтам неаднаразова сьцьвярджаў, што гэткі «нешчасьлівы выпадак» ніколі больш не паўторыцца. Лукашэнка, нібыта выказаў у сваім лісьце да Клінтана сваю шчырую адданасьць справе захаваньня ў будучыні правоў чалавека у тым сэнсе, які ім надае Амэрыка.

[...]

У гутарцы з карэспандэнтам Frankfurter Allgemeine Zeitung беларускі міністар замежных справаў зноў і зноў завярае пра жаданьне ягонай краіны палепшыць дачыненьні з Захадам. Ніхто ва ўрадзе, маўляў, і ня думае пра вяртаньне да савецкай сыстэмы. «Аднак мы ня хочам разбураць тое добрае, што засталося нам ад старой сыстэмы — а менавіта наш прамысловы патэнцыял», — зазначыў міністар.

[...]

Антановіч даў зразумець, што хоць Беларусь і шукае мацнейшых сувязяў з Эўропай, аднак што да палітыкі рэформаў, дык будзе праводзіць яе вельмі абачліва. Затое Антановіч не пакінуў ніякай двухсэнсоўнасьці ў пытаньні пашырэньнья НАТО на ўсход. Любыя дзеяньні заходняга ваеннага блёку без адпаведнага мандату ААН міністар назваў ня толькі небясьпечнымі, але й злачыннымі. І калі Беларусь ня здолее спыніць пашырэньня НАТО на ўсход, дык яна прынамсі будзе дамагацца ад атлянтычнага альянсу гарантыяў таго, што ён ня будзе мець ніякіх агрэсіўных плянаў у дачыненьні да Беларусі. Беларусь, маўляў, не належыць ні да якага ваеннага блёку, і паводле Канстытуцыі «імкнецца быць нэўтральнай дзяржавай». Так заяўляе міністар замежных справаў краіны, прэзыдэнт якой амаль штодня прамаўляе пра аб'яднаньне з Расеяй.

Антановіч ня бачыць у гэтым ніякай супярэчнасьці. Паводле ягонага ўяўленьня, у Беларусі ніхто й ня думае адмаўляцца ад дзяржаўнай самастойнасьці на карысьць саюзу з Расеяй. Гэты саюз, нібыта, задуманы больш-менш на ўзор Эўразьвязу і арыентуецца на нешта накшталт Маастрыхцкага пагадненьня. Менск не зьбіраецца аднаўляць Савецкі Саюз, а таксама ня бачыць вялікіх шанцаў на эканамічную разбудову постсавецкай Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Замест гэтага Беларусь імкнецца да рэгіянальнай эканамічнай садружнасьці з Расеяй, Украінай, Польшчай і Літвой. Прапагандаванае Лукашэнкам «славянскае адзінства», куды той імкнецца зацягнуць і Сэрбію, Антановіч назваў «абстрактнай філязофскай ідэяй безь ніякай практычнай мэты».

Пераклад і пераказ: Сяргей Шупа

XS
SM
MD
LG