Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залатая Шляхоцкая Легенда: Memento mori – прысутнасьць сьмерці


Залатая Шляхоцкая Легенда:
Memento mori – прысутнасьць сьмерці

(эфір 13 Ліпеня 2000 г.)

Удзельнік: Вацлаў Арэшка.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Чытаючы дыярыюшы, ліставаньні мастацкае літаратуры XVII–XVIII стагодзьдзяў, немагчыма ня ўразіцца стаўленьнем нашых продкаў да сьмерці. Падрабязныя, нават халодныя, цынічныя апісаньні сьмерцяў звычайных і брутальных, пахавальных рытуалаў. Нас, якія ўспрымаюць сьмерць востра, як усяленскую катастрофу, уражлівае, што сьмерць для людзей XVII–XVIII стагодзьдзя была зусім побач. Міталягізаваная, яна станавілася нормаю жыцьця будзённага.

Услухайцеся, шаноўныя слухачы, у адзін з народных псальмоў XVIII стагодзьдзя:

Чалавеча мізэрны,
Ты ёсьць порах земны, –
Ня думай на ўроду,
Бо пойдзеш да гробу
Зьнянацку…
Дарагія шаты
Пагніюць на латы;
Ня думай на славу,
Ня возьмеш у яму
Да гробу…
Чалавеча марны,
Дзе жывот твой слаўны? –
У дамавіну зложан,
Чэрвям прыспасоблен
На страву…
Дык як ацаніць філязофію гэтага псальма? Гэта што – фізычнае выключэньне з нормы ці выказаная філязофія часу пра стаўленьне да сьмерці? З гэтага пытаньня я пачынаю размову зь гісторыкам культуры Вацлавам Арэшкам…”

(Арэшка: ) “Стаўленьне да сьмерці ў мінулы час вельмі моцна адрозьнівалася ад адносінаў да сьмерці зараз. Сьмерць была паўсюднаю. Яна прысутнічала, можна сказаць, у жыцьці чалавека ад самага нараджэньня. Нават малыя дзеці ведалі пра тое, што паміраюць бацькі, паміраюць блізкія. Папросту, нават мэдычныя сродкі былі значна горшыя і людзі часьцей паміралі. Да гэтага чалавек мусіў быць падрыхтаваны. Гэтае рыхтаваньне пачыналася з самага пачатку жыцьця. Кожную хвіліну, кожны ведаў, што жыцьцё можа скончыца. Пра гэта казала рэлігія, пра гэта казаў касьцёл. Пра гэта нагадвалі падзеі акаляючага жыцьця, пра гэта казала літаратура й мастацтва”.

(Ракіцкі: ) “Але ж той жа касьцёл, тое ж хрысьціянства патрабуюць рыхтавацца да сьмерці праз усё жыцьцё. Дык няўжо сьмерці не баяліся? Няўжо да яе не рыхтаваліся ўсё жыцьцё?”

(Арэшка: ) “Баяліся. Падрыхтоўваліся. Тая ж самая літаратура, культура ў значнай ступені ў гэтым пляне былі, калі можна так сказаць, культураю сьмерці. Цікава, што менавіта Сярэднявечча дае вельмі яскравы прыклад сьмерці. Потым Адраджэньне троху забывае, адыходзіць. Барока зноў вяртае гэтак званыя “танцы сьмерці”. Самая эпоха была вельмі брутальнаю: войны, жорсткія падзеі. Калі ўзгадаць гісторыю Беларусі, гісторыю Рэчы Паспалітае XVII–XVIII стагодзьдзя, дык мы ўбачым, як сьмерць перасьледавала нашых продкаў”.

(Ракіцкі: ) “А ці былі роўнымі перад сьмерцю людзі розных саслоўяў? І калі так, дык як мусіла выглядаць тады сьмерць ва ўяўленьнях “сьмятанкі” грамадзтва, шляхты і ва ўяўленьнях просталюдзінаў?”

(Арэшка: ) “І ў багатых, і ў бедных, калі можна так сказаць, сьмерць была неадваротнаю. Але тыя саслоўі, якія былі як бы наверсе, мелі больш магчымасьці на тое, каб падрыхтавацца да гэтае сьмерці. Вельмі важнаю было такое паняцьце, як “добрая сьмерць”. Мэмуарысты, аўтары тэкстаў, нават апісваючы рэальныя падзеі сьмерці, часам, падганялі іх пад той ідэал, пад тую мадэль, якая павінна быць”.

(Ракіцкі: ) “Давайце паслухаем фрагмэнт з дыярыюша Міхала Казіміра Радзівіла ад 1753 году. Вось як ён апісвае добрую сьмерць жонкі Францішкі Уршулі:

Перад восьмай гадзінаю зранку стаў я ў Наваградку, застаў жонку маю ўжо пры апошнім дыханьні. А сёмай дзяцей паблаславіла, і я зь ёю разьвітаўся, яна пры поўнай рэфлексіі была да астатняга моманту, загадала ксяндзу Мархоцкаму, езуіце, што дасі знаць, калі канаць будзе; крыж, які, нам, княству ардынатам Нясьвіскім ад цяперашняга яйца сьвятога дадзены на момант сьмерці, калі сьвет гэты пакідаць будзем, пазнала і пры ім, казаўшы даць ёй грамніцу, сама пры скананьні рукі паднесла, вымавіўшы “Езус, Марыя!”. Богу па анёльску духа аддала, як праўдзівая хрысьціянка, мяне пакінуўшы на тым падоле плачу ў вялікім смутку, бо ж на другім тыдні гэта пішучы, яшчэ ледзьве жыву я.
(Ракіцкі: ) “Тут апісана добрая сьмерць. А як, Вацлаў, уяўлялася шляхце таго часу сьмерць брутальная ці дрэнная?”

(Арэшка: ) “Брутальная сьмерць часьцей за ўсё была на вайне. І такі аўтар, як Ян Хрызастом Пасэк, даў вельмі яскравыя прыклады той жорсткай і брутальнай сьмерці, якая была побач:

Закрапіліся тады па разу, па два, так што й галава трохі закруцілася, аж потым і спаць захацелася. Такі сякі, палажыўшыся на траве й сьпіць. Служыў з намі Качэўскі, радамянін, шэльма вялікая. Вось ён і кажа: “Пане Яне, чаго мусім кулак пад галаву класьці? Пакладземся замест падушкі на тым маскалі!” А ляжаў паблізу тлусты маскаль, пастрэляны. Я адказваю: “Добра, для кампаніі.” Ён тады з аднаго боку, а я з другога, палажылі мы галовы, ды так і заснулі, каней за цуглі да рук прыкруціўшы, і спалі гэтак гадзіны з тры. Аж калі ўжо дзень зачынаўся, так у ім штосьці грудукнула, што мы абодва падскочылі; падобна, што там яшчэ заставалася трохі духу.
(Арэшка: ) “Мне здаецца, што гэты кавалак вельмі характэрны для тых часоў. Чалавек сяньняшні так бы ніколі не напісаў, так бы ніколі не адчуў. Тая прысутнасьць трупа, якая здаецца Паску абсалютна звычайнай, труп нават не выклікае асаблівага страху, непрыязьні. Гэта тое, што заўсёды было побач, тое, што ішло за плячыма кожнага чалавека, асабліва жаўнера, асабліва ваяра-шляхціца”.

(Ракіцкі: ) “Гэта філязофія эпохі ці гэта, так бы мовіць, цынізм, вычварэньне?”

(Арэшка: ) “Менавіта філязофія. Цынізма ў гэтым не было. Гэта была нармальная сытуацыя. Цікава параўнаць з сучасным стаўленьнем да сьмерці. Зараз сьмерць робіцца табу, яна выключана з жыцьця. Мы робім выгляд, што яе проста не йснуе. Ці добрая гэта сытуацыя, ці сяньняшні чалавек аказванецца ў лепшым стане, чым ягоны продак у XVII, XVIII стагодзьдзях? Мне здаецца, што гэта вельмі спрэчнае пытаньне”.

(Ракіцкі: ) “А як, дарэчы, ставіліся да самазабойцаў, і да такой увогуле ў шырокім сэнсе зьявы, як самазабойства? Нават думак пра магчымасьць зьвесьці свае рахункі з жыцьцём, якое чалавеку падарыў Гасподзь Бог?”

(Арэшка: ) “Хрысьціянства заўсёды ставілася вельмі адмоўна. І Беларусь, і Рэч Паспалітая не была выключэньнем. Вядома, што самазабойцаў забаронена было хаваць на звычайных магілках. Звычайна іх проста выцягвалі, нават часам было забаронена працягваць іх празь дзьверы. Іх выкідвалі або ў вакно, або выцягвалі іх тварам уніз, каб яны былі ніжэй парогу. І хавалі за мяжою, часам на дарозе ці якім-небудзь капцы, пры дарозе. Такія месцы лічыліся нядобрымі, праклятымі”.

(Ракіцкі: ) “А, дарэчы, якое значэньне надавалі людзі ў XVII, XVIII стагодзьдзях пахавальнаму рытуалу? Як мне падаецца, павінна быць нешта пышнае, буйнае, эфэктнае…”

(Арэшка: ) “У першую чаргу для шляхты, для людзей заможных – а шляхта, у першую чаргу, гэта ня толькі заможнасьць, гэта чалавек родавы, які жыве разам са сваімі продкамі, які памятае пра ўсіх сваіх папярэднікаў… – і ў такой сыстэме, у якой ён існаваў, пахаваньне было вельмі важнаю часткаю. Пахаваньне было працягам жыцьця, і часта вельмі важнай ягонаю часткаю. Па сваёй пышнасьці, па багацьці, бывала, пахаваньне значна пераўзыходзіла вясельле. Часам казалі, што цэлыя маёмасьці руйнавалі ня шлюбы, а менавіта паховіны:

Ішлі ад самай Рудаўкі да фарнага касьцёлу Нясьвіскага грамады й мужы ўсяго княства Нясьвіскага й грабства Мірскага й усіх добраў у ваяводзтве Наваградзкім парамі, кожны ў руцэ сьвечку несучы. Потым цэхі й месты ўсе, у тым жа ваяводзтве Наваградзкім быўшыя, адпаведным парадкам ішлі, цэхі са стрэльбамі, а месты са сьвечкамі; пасьля іх ішоў пешы рэгімэнт ягамосьць пана Пацея, вялікага гетмана. За ім петыгорыя і гусарыя йшлі. За імі йшлі брацтвы ў капах, потым айцы бэрнардыны, дамінікане, айцы езуіты; клірыкі дыяцэзый Луцкай ды Віленскай; за імі йшлі інфулаты й чатырох біскупаў; за імі воз шасьціконны, на якім цела стаяла, коні й людзі ў капах кармазынавых аксамітных, з залатым галёнам і цалун такі ж самы. З гэтакай фунэбральнаю помпай прайшлі мы празь места. Перад брамай прамову меў ксёндз Дэ Лятур, прымаючы цела да места; як сталі на цьвінтары, ягамосьць ксёндз Антоні Вайніловіч, казнадзей Нясьвіскі, прамову меў, пасьля якой айцове езуіты з возу труну зьнялі й самі занесьлі да касьцёлу, паставілі на катафалку, які разам з касьцёлам каштоўна й вельмі пекна быў ілюмінаваны. Пры гэтым рэгімэнты пешыя й драгонія тры разы выдалі сальвы, тое ж і цэхі ўчынілі, пры гучным біцьці ў замку з гарматаў.
(Арэшка: ) “Гэты рытуал быў невыпадковы. Паўтараю, што чалавек пахаваны заставаўся разам са сваім родам. І яскравы прыклад гэтага, згадваючы тыя ж самы мэмуары Радзівіла, гэта знакаміты Нясьвіскі касьцёл Божага Цела, дзе наведвальнік можа ўбачыць усю радзіну Радзівілаў, пачынаючы ад XVI стагодзьдзя і канчаючы XX. Нядаўна там адбылося пахаваньне аднаго з апошніх прадстаўнікоў гэтага роду”.

(Ракіцкі: ) “Яно сапраўды так, і бадай што самым вялікім уражаньнем у мяне, калі хочаце, турыстычным ці інтэлектуальным, ад нашае краіны як раз і зьявілася наведваньне месца пахаваньня Радзівілаў. Калі ходзіш там сярод трунаў, калі пачынаеш разважаць, калі бачыш увесь гэты род і між волі натыкаесься на такую думку, што матыў сьмерці адгуляў вельмі-вельмі істотную ролю ў разьвіцьці культуры. Вось Вы, як гісторык культуры, Вацлаў, маглі б тут сфармуляваць, чым жа адметным стаў матыў сьмерці ў культуры барока і ўвогуле ў культуры нашае краіны?”

(Арэшка: ) “Сапраўды, калі бачыш гэтыя родавыя труны, пачынаеш думаць, што гэты матыў сьмерці, гэта прысутнасьць сьмерці, як гэта не парадаксальна, адыграла цікавую, станоўчую ролю і ў жыцьці чалавека. Чалавек, каторы ведаў, што ён можа ў любую хвіліну памерці, каторы адчуваў, што ягоныя продкі, што ўсе ягоныя нябожчыкі побач зь ім – яны нікуды не зьнікаюць, яны заўсёды прысутнічаюць разам, – больш адказна, больш сур'ёзна ставіўся да свайго жыцьця. Ягоныя ўчынкі заўсёды як бы былі арыентаваныя ня толькі на сучасную хвіліну, ня толькі на зараз і тут, але на вечнае”.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

XS
SM
MD
LG