Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Традыцыйная фізычная культура беларусаў: рыцарска-шляхоцкае асяродзьдзе.


Традыцыйная фізычная культура беларусаў:
рыцарска-шляхоцкае асяродзьдзе.

(эфір 1 Чэрвеня 2000 г.)

Удзельнік: Алесь Шамак.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “У ХІV-ХV стагодзьдзях, у Вялікім Княстве Літоўскім, як і ў большасьці эўрапейскіх краінаў, фармуецца рыцарскае саслоўе. У нас – гэта група фэадалаў, шляхты, якая амаль уся нясе вайсковую службу. Натуральным чынам зьмяняюцца культурная прастора, этычныя і маральныя прыярытэты. Пануе ідэялягема самаахвярнасьці дзеля важнейшага абавязку – абароны Айчыны. “Хто ня здольны ахвяраваць сабою і не гатовы жыцьцё аддаць – той ня шляхціц”. Так было паэтычна запісана ў соймікавай інструкцыі за часамі ўладараньня Стафана Баторыя. Зьмянілася й стаўленьне да фізычнае культуры. Культ сілы гарманізаваўся з этычнасьцю, маральнасьцю. Вось як вызначаўся рыцарскі абавязак шляхты тагачаснымі законамі:

“Згодна са старажытным звычаем, вайсковы паход застаецца абавязкам, які зьдзяйсьняецца коштам асабістых выдаткаў. У тым выпадку, калі прыйдзецца перасьледаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія бягуць з нашае Літоўскае зямлі, дык дзеля такога перасьледаваньня, якое па-народнаму называецца пагоняй, забавязваюцца выпраўляцца ня толькі рыцары, але й кожны мужчына, якога б ён ня быў паходжаньня ці стану, толькі б ён быў здольным насіць зброю”.
(Ракіцкі: ) “Здольныя насіць зброю. Але што значыць – насіць яе? Напэўна, трэба было яшчэ мець і першасныя навыкі карыстацца ёю. І што гэта за зброя? Статут Вялікіга Княства Літоўскага 1526 году фіксуе асноўную зброю, зь якой шляхціц мусіў прыбыць у войска. Гэта – панцыр, шлем, кап’ё з прапарам, меч. Ці ня йдзе тут гаворка пра тое, што вайсковая служба для бальшыні шляхціцаў зьяўлялася ў Сярэднявеччы, у Вялікім Княстве Літоўскім, справаю прафэсійнаю. Вось думка адмыслоўца, гісторыка культуры Алеся Шамака…”

(Шамак: ) “Ня толькі Статут Вялікага Княства Літоўскага, але яшчэ значна раней ўхваламі надавалі прывілеямі шляхту вялікія князі Літоўскія і каралі Польскія. Шляхціц меў два асноўных прывілеі: насіць зброю і мець свой герб. Асабістая зброя шляхціца – гэта так званая “чорная шабля”, баявая. Больш простай канструкцыі, больш цяжкая і больш трывалая, чым парадная і прадстаўнічая, якую шляхта апранала на нейкія сьвяты. Шабля як зброя перацярпела пэўныя зьмены, але ж самае галоўнае тое, што карыстацца ёю вучылі ўсіх хлопцаў, пачынаючы зь дзяцінства і заканчваючы службаю ў войску”.

(Ракіцкі: ) “Беларускую шляхту называлі шляхтаю-рыцарамі. У вайсковую сытуацыю мог патрапіць кожны шляхціц і ў любы момант. Значыць, фізычнае выхаваньне шляхоцкіх дзяцей розьнілася ад іншых саслоўяў. Яно што, скіроўвалася ў васноўным ў вайсковы бок, спадар Алесь?”

(Шамак: ) “Так. Фізычная падрыхтоўка – гэта найбольш характэрны элемэнт традыцыйнае культуры Беларускага рыцарства. Беларускае рыцарства блізкае рыцарству заходне-эўрапейскаму. Яно мусіла было валодаць усімі тымі сям’ю рыцарскімі мастацтвамі, якімі валодалі й заходне-эўрапейскія рыцары. Але была й пэўная спэцыфіка. Яна закладзена ў першую чаргу ў рыцарскіх ідэялах. Элемэнтам рыцарскага ідэялу была добрая фізычная падрыхтоўка й нават добры фізычны выгляд шляхціца. Нават дзеці Радзівіла, вялікага князя, ужо ў 12 гадоў ішлі ў войска й несьлі звычайную шэраговую службу”.

(Ракіцкі: ) “Ужо з такога раньняга веку йшлі ў войска? Такім чынам, выхаваньнем фізычным, рыцарскіх навыкаў, рыцарскага мастацтва займаліся ў сем’ях?”

(Шамак: ) “Так, і займаліся зь сямі гадоў. Ва ўспамінах Міхала Радзівіла чытаем, што для сямігадовага сына бацька наняў маёра зь Беларускага войска, які пачаў яго трэніраваць і навучаць усім вайсковым прыёмам. Са зброяй і халоднай, і вагняпальнай. І ў 12 гадоў хлопчык ужо ўпершыню выехаў з бацькам у полк, якім той кіраваў, і там як шэраговы вой удзельнічаў у патрульнай службе. Гэта ХVІІІ стагодзьдзе, але тое ж самае па-сутнасьці было і ў ХІV, і ў ХV стагодзьдзях. Таму што, паводле Статуту, які замацаваў элемэнты звычаёвага права, шляхціц лічыўся мужчынаю ўжо да 16 гадоў і меў поўныя юрыдычныя правы, у тым ліку, права заводзіць сям’ю. Да гэтага часу мусіла была закончыцца ўся ягоная мужчынская падрыхтоўка”.

(Ракіцкі: ) “З моладзьдзю зразумела. Іх справаю заўсёды было войска. А людзі сталага веку?”

(Шамак: ) “Паняцьце сталага веку ў Беларусі таго часу суадносілася з паняцьцем фізычнае магчымасьці трымаць зброю. Шляхціц быў воям да таго часу, пакуль трымаў у руках зброю. Той жа Астрожскі. У бітве пад Воршаю – якой ён кіраваў, дзе сам ён вадзіў войска ў атаку і сам браў удзел у бойцы – меў на той час 53 гады”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Алесь, да канца ХV стагодзьдзя галоўным родам войска заставалася коньніца. І, напэўна ж, найбольшая ўвага надавалася верхавой язьдзе, стральбе з лука на скаку, але гэта, як мне здаецца, вельмі сур’ёзная навука ці сур’ёзнае мастацтва, якая патрабуе адмысловых практыкаваньняў. Кажучы сёньняшняю моваю, мэтодыкі. Дык гэтым шляхта займалася толькі самастойна ці ўсё ж існавала нейкая сыстэма ў дзяржаўных маштабах?”

(Шамак: ) “Існавала. Канешне ж, першапачатковая падрыхтоўка была дома, а потым ужо адбывалася падрыхтоўка непасрэдна ў баявой дзейнасьці на гэтак званых попісах, калі зьбіралася ўсё дваранства й вызначалася гатоўнасьць шляхты да баявой дзейнасьці, а паралельна з гэтым праводзіліся яшчэ акцыі накшталт сучасных летніх збораў.

Такую практыку замацаваў яшчэ вялікі князь Вітаўт. Ён прымушаў шляхту нейкі час праводзіць улетку ў лягерох, дзе праводзіліся ўсе магчымыя практыкаваньні: прыкладам, скачкі ўначы на перасечанай мясцовасьці на адлегласьць да 20 кілямэтраў, пераправы праз рэкі.

Ёсьць цікавы гістарычны анэгдот. Назва вёскі, якая, праўда, зараз засталася на тэрыторыі Польшчы (а тады належыла ВКЛ) – “Завійхвост”. Гэтак колісь называлі адну з формаў пераправы. Рыцар ці плыў побач з канём, трымаючыся за грыву й заграбаючы адною рукою, каб падтрымаць рух, ці чапляўся за хвост, навіваючы яго на руку. І вось тое месца, дзе такім чынам трэніравалі пераправы праз рэку, калі каней пускалі наперад, а воі чапляліся за хвост, навіўшы яго на руку, на тым месцы потым узьнікла вёска, якую гэтак і назвалі – “Завійхвост”.

(Ракіцкі: ) “А якія яшчэ навыкі вядзеньня бою практыкаваліся?”

(Шамак: ) “Стральба з лука была абавязковаю. Стральба з лука на хаду ці пад час скачкі. І тут нашыя рыцары лічыліся адмысловымі ўмельцамі, таму што маглі ня толькі пад час трэніровак трапіць у капялюш, які кідалі, але падбівалі й журава на ляту, падбівалі вершніка, які скакаў. Акрамя гэтага – абавязковае кіданьне кап’я ў цэль. Кап’ё – гэта зброя першага ўдару. Абавязковым было й фэхтаваньне двуручным мячом.

У падрыхтоўцы выкарыстоўвалася паляваньне. Статутам ВКЛ было замацавана, што толькі шляхта палявала на вялікую дзічыну: зубра, мядзьведзя, кабана. На яе нават не дазвалялася паляваць сялянам. Паляваньне было ня проста забаваю. У першую чаргу, гэта было ўдакладненьне навыкаў у рэальнай, амаль баявой сытуацыі. Апошні ўдар зубру наносіўся кароткай зброяй: ці сякераю, ці мечам, ці кінжалам”.

(Ракіцкі: ) “А вось усё разам, у суме, ці складвалася гэта ў нейкую асэнсаваную нацыянальна адметную тэхніку бою?”

(Шамак: ) “Нам пра гэта зараз было б цяжка штосьці казаць, каб не йснавала сьведчаньня амаль што сучасьніка – Яна Вісьліцкага, паэты-латыніста, які напісаў “Прускую вайну”. Гэта паэма пра Грунвальдзкую бітву. Ён пісаў яе са словаў удзельнікаў гэтае бітвы.

Дык вось ён у сваёй паэме адзначае, што калі ў бой рушыла войска Літоўскае і Польскае, дык кожны народ, і тут ён пералічвае – Палякі, Ліцьвіны, Жмудзь – у баю скарыстоўваў сваю тактыку, сваю зброю. Можна казаць аб тым, што ўжо да 1410 году народы-суседзі мелі ўжо свае адметныя ваенна-фізычныя сыстэмы падрыхтоўкі, і свае сыстэмы бою. Рыцары ВКЛ ані ў чым не саступалі Нямецкім рыцарам.

Сьведчаць пра гэта яшчэ й суседзі з другога боку. Калі рыхтаваліся Расейцы да бітвы на Куліковым полі, дык Андрэй Полацкі прывёў з сабою сямітысячнае Беларускае войска на дапамогу. Войска было экіпіраванае бранёю, і мела на ўзбраеньні Нямецкія рыцарскія коп’і”.

(Ракіцкі: ) “Празь сілу чалавека, праз двубоі ў Эўропе вырашаліся шматлікія спрэчкі. Ці было гэта ўласьцівым Беларускаму рыцарству? Як культ фізычнае сілы падпарадкоўваўся этычнасьці, спадар Алесь?”

(Шамак: ) “Шляхціц мусіў быў заўсёды быць гатовым абараніць свой гонар ці гонар сваёй краіны ў васобе князя ці караля, якому ён служыў. Ён ня меў нават маральнага права ня выканаць гэтае прызначэньне. Той шляхціц, які адмаўляўся на дуэлі абараняць свой гонар ці гонар свайго сюзэрэна, аўтаматычна станавіўся ізгоем”.

(Ракіцкі: ) “Кароль Польскі і вялікі князь Літоўскі Стафан Баторы ў 1581 годзе (гэта час Лівонскае вайны) у адказ на абразьлівы ліст Расейскага цара Івана Жахлівага, паслаў яму выклік на двубой:

“Вазьмі зброю, сядай на каня, сустрэнься са мною ў вызначаны час, пакажы, які ты мужчына й наколькі давяраеш праўдзе сваёй, рассудзім нашую спрэчку мячом, каб менш крыві хрысьціянскай пралілося”.
(Ракіцкі: ) “Дык чым скончылася гэтая гісторыя, спадар Шымак?”

(Шамак: ) “Яна скончылася ганьбаю для Расейскага цара, таму што ён не адказаў на гэта, ён не прыняў выклік, а непрыняцьце выкліку прыраўноўвалася да паразы. Паводле ўсіх шляхецкіх законаў, рыцарскіх законаў”.

(Ракіцкі: ) “А калі б Стафан Баторы зрабіў такі выклік, скажам, нейкаму магнату ці каралю эўрапейскаму?”

(Шамак: ) “Абавязкова закончылася б ці юрыдычным замірэньнем, ці дуэльлю паміж прадстаўнікамі абодвух манархаў, таму што ў дуэлях манархаў быў важны момант, што кароль усё ж вышэй за свой гонар мусіць лічыць гонар сваёй краіны і яе дабрабыт”.

(Ракіцкі: ) “Ці мелі нашыя рыцары эўрапейскую вядомасьць? Якія Беларускія імёны захаваліся ў гісторыі рыцарства Эўропы?”

(Шамак: ) “У турнірных летапісах Гішпаніі, Францыі мы знаходзім імёны рыцараў, якія пазначаюцца як прадстаўнікі Літвы. Найбольш выдатнае і рамантычнае прозьвішча, якое ведалі ў Эўропе і, нажаль, ня ведаем мы – гэта Аляксандар Солтан. Ён, дарэчы, шляхціц з-пад Менску. З дастаткова старажытнага роду. Чалавек, які атрымаў узнагароду за свае рыцарскія ўчынкі ад караля Ангельскага. Рыцар, які служыў Францускаму герцагу Карлу Сьмеламу. Больш таго, Карл Сьмелы прапанаваў яму любыя пасады, каб ён застаўся ў Францыі назаўсёды. Аляксандар Солтан вярнуўся назад на радзіму, тут ён і спачыў.

Ёсьць вядомыя імёны такіх вялікіх радоў, як Радзівілы й Сапегі. Зброя Радзівілаў, знаходзіцца ў Музэі эўрапейскага рыцарства. Дарэчы, ад Беларусі такіх прадстаўнікоў у гэтым музэі – тры. Ад Польшчы – толькі два”.

(Ракіцкі: ) “І на падсумаваньне гаворкі, які ўклад унесла Беларускае рыцарства ў фармаваньне нацыянальнае культуры ўвогуле? У гуманітарныя галіны жыцьця: права, мараль, этыку?”

(Шамак: ) “Уся прафэсійная культура ВКЛ, тое, што ляжыць у васнове нашае нацыянальнае культуры – усё перадусім стваралася Беларускай шляхтаю, Беларускім рыцарствам. Таму што шляхта-рыцары былі асноўным саслоўем. Найбольш адукаваным, падрыхтаваным ня толькі да вайсковае, але й для культурнае, дзяржаўнае дзейнасьці. Тыя ж Радзівілы ня толькі рыцары, яны й канцлеры, кампазытары, літаратары, гісторыкі.

Рыцарская культура – гэта культура сармацкага тыпу, гэта – рыцарскі партрэт, гэта – дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, якое шырока выкарстоўвалася рыцарамі для аздабленьня сваёй зброі, сваіх гярбоў. Гэта – літаратура.

У Беларусі ня толькі любілі чытаць пра подзьвігі, але й пісалі пра іх. Там мы знойдзем прыклады ня толькі вайсковыя, але й прыклады розуму, маралі. Імі ствараліся выдатнейшыя кнігі, якія рабіліся настольнымі кнігамі ўсяе шляхты”.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

XS
SM
MD
LG