Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае дударства


Беларускае дударства

(эфір 11 Травеня 2000 г.)

Удзельнік: Тодар Кашкурэвіч.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

Ах, бяз дудкі, без дуды
Ходзяць ногі не туды…
А як дудку пачуюць,
Самі ногі танцуюць!
(Ракіцкі: ) “Гэты верш я чуў неаднойчы. І падаваўся ён мне нейкай прыпеўкаю-весялушкаю. Але сапраўдны ягоны сэнс як гімну спрадвечнаму беларускаму інструманту – дудзе – я зразумеў толькі сяньня, калі заграў мой госьць – Тодар Кашкурэвіч. І ягоная дуда напоўніла прасьценькую мэлёдыю нейкім магутным, ці не сярэднявечным, гучаньнем.

Дуда як музычны інструмант вядомая ў Беларусі здаўна. І пісьменьнікі, паэты ў назовах сваіх кніжак часта выкарыстоўвалі словы – дудка, дуда, дудар. Урэшце, і сябе як песьняроў называлі дударамі. Але сучасны беларус наўрад ці ведае ўвогуле, што ўяўляла сабою дуда як інструмант. Бо – зрэшты – яна практычна зьнікла ў мінуўшчыне…

Тодар, калі ласка, калі зможаце, апішыце нашым слухачам гэты інструмант і растлумачце, чаму ён, такі, паводле вонкавага выгляду, неадпаведны нашаму ўяўленьню пра дуду, дудой называецца?”

(Кашкурэвіч: ) “Гэты інструмант зьяўляецца аналягам валынкі або “бэйкпайс”, вядомай нам перадусім як шатляндзкі народны інструмант. Усе эўрапейскія ды шэраг азіяцкіх традыцыяў маюць гэты тып інструманту. Але ўсе яны маюць істотныя адрозьненьні. Беларусы тут не выключэньне…

Гэта – скураны мяшок, зроблены з казы, з барсука або з сабакі, у які ўстаўлялі па колькі бурдонных трубак, якія называюцца гукамі. Гэтых трубак налічваецца ад аднае да шасьці. Бурдонная дуда называлася мацянкаю і лічылася найбольш дасканалай.

Мэлядычную ролю выконвае жалейка – таксама вядомы інструмант і таксама сымбалічны ў сьвядомасьці беларусаў. Разам усе яны ствараюць гук, які ў свой час натхняў нашых людзей, перадусім сялянаў, а таксама, я мяркую, і магнатаў на самыя вострыя эмоцыі, самыя яскравыя перажываньні”.

(Ракіцкі: ) “З казы – гэта выпадкова, ці не? Каза ж лічыцца жывёлаю сакральнай…”

(Кашкурэвіч: ) “Слушна. Дуда на самой справе ў беларускай традыцыі ўвогуле ня зьяўляецца музычным інструмантам як такім. Факты этнічнае культуры, міталёгіі, ейнае ўпісанасьці ў рытуальную абрадавую практыку, паказвае зусім адваротнае. Безумоўна, сувязь з казою тут сымбалічная і знакавая, менавіта з казы першапачаткова нашыя продкі рабілі гэты скураны мяшок для дуды.

Беларуская калядка літаральна апісвае працэс стварэньня дуды як ахвярапрыношаньня і гучыць яна літаральна гэтак:

“Ня бойся, козачка, лаўцоў, стральцоў,
А бойся дзеда старога.
Ён цябе забіе, скуру злупе,
Дуду пашые”.
Тут вядомы нам усім абрад ваджэньня казы. Але гэта ўжо карнавальнае, сымбалічнае ваджэньне, сымбалічнае забіцьцё й сымбалічная ахвяра. Зь яе, гэтае ахвяры, потым рабіўся сакральны інструмант”.

(Ракіцкі: ) “Нашыя продкі мелі шмат розных музычных інструмантаў, скажам, гусьлі, бубен. І вось Вы гаворыце пра дуду. Ці сапраўды ён быў найбольш пашыраным, ці сапраўды ён сутнасна наш, гэты музычны інструмант?”

(Кашкурэвіч: ) “Працуючы над дасьледаваньнем дударскае традыцыі, як беларускае, гэтак і эўрапейскае, бадай што, у аніводнай традыцыі я не знайшоў такую ўпісанасьць дуды ў мэнтальнасьць, у міталягічнасьць, як у беларускай. Такім чынам, распаўсюджанасьць дуды ў Беларусі не зьяўляецца фактам імпарту традыцыі заходня-эўрапейскае ці ўсходняе на нашую тэрыторыю. І гэта дае нам магчымасьць убачыць гэты інструмант як пракаветны.

Этнографы ХІХ стагодзьдзя апісваюць сытуацыю распаўсюджанасьці гэтага інструманту ня толькі ва ўсіх раёнах Беларусі й ня толькі ў сялянскім асяродзьдзі. Натуральна, і магнаты, і шляхта бавіліся пад дуду й зь цікавасьцю слухалі гэты музычны інструмант.

На жаль, на цяперашні час дуда зьнікла цалкам, але жывуць яшчэ людзі, якія памятаюць дудароў, апавяданьні пра музыкаў, якія апавядаюць і сьпяваюць рэпэртуар. Яшчэ магчыма нават знайсьці рэшткі інструманту. Але цікава, што да сяньняшняга часу дуда захавалася толькі на Поўначы Беларусі. Хаця ХV–ХVІ стагодзьдзі фіксуюць наяўнасьць дудароў нават у Пінску.

Вельмі цікавы фрагмэнт я Вам зараз прыгадаю. Захаваўся судовы дакумант – скарга дудара на нейкага пінскага гандляра за тое, што ён зачараваў ягоную дуду. Сам факт адмысловы, што з фактам чарадзейства, зачараваньня дуды можна было зьвярнуцца ў судовую інстанцыю”.

(Ракіцкі: ) “Калі гаварыць пра інтанацыі гучаньня дуды, яны ваяўнічыя, а можа гэта інтанацыі плачу, стогну, ці, наадварот, весялосьці? Пра што распавядала і ў якой інтанацыі распавядала дуда?”

(Кашкурэвіч: ) “Гэты інструмант – сымболь. Першы адказ крыецца ў самой назве дуды або ў тых тэкстах, якія апісваюць яе. Найбольш распаўсюджанае выслоўе: “Дуда-весялушка, весялі мяне на чужой старане”. Зь іншага боку, асноўная мэлядычная трубка называецца жалейка. І вось гэтае супастаўленьне – сымбалічнае. Весяліць, але якім чынам, у якой танальнасьці?

Можна прывесьці адрозьненьне стыляў весялосьці беларуса ад расейца. Расеец – гэта “разудалый человек”, ён весяліцца, пад балалайку сьпяваючы частушкі. Часта непрыстойнага зьместу. Беларускае вясельле зусім іншае. Гэта вясельле зь нейкімі інтанацыямі смутку, нейкіх тонкіх эмоцыяў”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, Тодар, ці можна казаць, што ў тыпе гучаньня (або ў інтанацыі) дуды адлюстраваліся побытавыя ўяўленьні, сьветабачаньне беларусаў?”

(Кашкурэвіч: ) “Ня толькі, хоць гэта й так. Зь іншага боку, безумоўна, працягваць адказ на гэтае пытаньне можна ў сувязі з, так бы мовіць, дыянісійскім характарам дуды, дударскае традыцыі, бо сама сувязь з казою, зь якой робіца гэтая дуда, зьвязвае дуду з традыцыяй дыянісійства, вядомай у антычнасьці ў сувязі з прыналежнасьцю да музычных (і найперш – духавых) інструмантаў Дыянісія”.

(Ракіцкі: ) “Але там яны мелі характар, ці не найперш, экстатычны”.

(Кашкурэвіч: ) “Безумоўна, экстатычнасьць музыкі, якая гралася на дудзе, засьведчаная. Перадусім дудовае граньне было прынагоджанае да пэрыяду гэтак званага пераходнага значэньня: гэта – новы год, пераход са старога году ў другі, гэта – вясельле, пераход маладых са статусу юнакоў-дзяўчат у замужніх. Гэта й валачобная традыцыя, таксама зьвязаная ў старажытнасьці з момантам касмагенэзу.

У беларусаў нават захавалася песьня, у якой сытуацыя, тоесная антычнай, прамаўляецца абсалютна дакладна. Гэта тэкст вясельнае песьні, дзе гаворыцца пра тое, «як дуда зараўла – усіх з розуму зьвяла, а як гуселькі зайгралі – усіх на розум настаўлялі». Параўнаньне з антычнай традыцыяй – літаральнае”.

(Ракіцкі: ) “А калі гаварыць пра ўпісанасьць дуды ў нашую міталёгію, што міты могуць нам расказаць пра дуду?”

(Кашкурэвіч: ) “Саміх апавяданьняў аб дударах, гэтаксама як і аб дудзе ня так ужо й шмат. Хаця некаторыя зь іх вельмі паказальныя, паказваюць статус дудара амаль што ў якасьці шамана або старажытнага сьвятара. Гэта апавяданьне Ластоўскага, у якім памірае дудар, трапляе на неба й грае для самога Бога. Сам стыль жартаўлівы ня мусіць нас бянтэжыць, бо, бадай што, гэта ўласьціва беларускай мэнтальнасьці – пра сакральныя рэчы гаварыць жартаўліва і з усмешкаю.

Паглыбленасьць дударскае традыцыі ў старажытнасьць мы знаходзім у дударскіх тэкстах. Адзін зь іх я паспрабую апісаць. Гэты тэкст апавядае аб тым, што ў бацькі або ў маткі было трох сыноў, і ўсе тры зваліся Васілі, або Ясенькі. Адзін зь іх козы пасьвіць на полі – адная сацыяльная прывязка, другі – пляце лапці, трэці – “сядзіць на камені, дзяржыць дуду на рамені”.

Сам момант – музыка з казою на камені – зьяўляецца адным з унівэрсальных сюжэтаў эўрапейскае міталёгіі. Камень – цэнтар Сусьвету, а на ім ахвяра, магчыма, разам са жрацом.

Далей: “эх, павешу я дуду, на высокім на дубу” – другі фантастычны момант. Узгадайце “залатое руно” на дрэве… Пры тым – на якім? На дубе, на дрэве, якое мела найвышэйшы сакральны статус у старажытнасьці. “Эх, павешу я дуду, ветры будуць павяваць, будзе дуда сама граць”. Граньне ад ветру – трэцяя стыхія. Далей яна валіцца, ломяцца гукі, трубкі, атрымоўваецца дэструкцыя. Бядуе дудар, ідзе пасьвіць птушкі і ўсё гэта скончваецца на паповым двары поўным развалам ад мноства дароў, якія атрымаў дудар за сваё граньне. Сюжэт гэтае песьні зьяўляецца вельмі аўтарытэтным”.

(Ракіцкі: ) “Ці мае магчымасьці, Тодар, дуда стаць сяньня нацыянальным сымболем?”

(Кашкурэвіч: ) “Ці мае магчымасьць? Гэта… пытаньне, але ці мусіць яна ім стаць? Рэч у тым, што сапраўды для сучаснае беларускае сытуацыі вельмі паказальным зьяўляецца, не перабольшу, адсутнасьць стылю. Што мы маем нацыянальна стылёвага, апрача гістарычнае дзяржаўнае сымболікі Рэспублікі Беларусь? Бадай што, анічога. Пры тым, мы ня маем і гукавага стылю. Як бы хацелася ўбачыць дударскі аркестар наперадзе дэманстрацыі, справядлівых мітынгаў, і якія б эмоцыі ўздымаў бы гук гэтае дуды!..

“Ой загадалі на вайну
Усяму нашаму сялу
І нават войту самаму
У нашаго войта сыноў нет
Адна дачушка на раду
І тую слаці на вайну…
Дык дай жа ж, бацька, войстры меч
Каб было добра войска сеч…”
(Ракіцкі: ) “А для нашых продкаў, скажам, не зусім аддаленнага часу, стагодзьдзе–два таму, дуда значыла штосьці істотнае?”

(Кашкурэвіч: ) “Сапраўды, гэта так, сапраўды, дуда была вядомая нашым продкам, і зьяўлялася гэтым сымболем. Пацьверджаньнем гэтаму – тэкст песьні “Дудар” або “Дуда”, знойдзены вядомым этнографам Міхалам Федароўскім. Гэты тэкст быў пісаны рукою Брунона Завадзкага, вывезенага на Сібір пасьля ўдзелу ў паўстаньні 1863 году. Тэкст гэтае песьні будз відавочным і паказальным у якасьці адказу на Вашае пытаньне, ці можа стаць дуда сымболем нашае нацыі?..

“Ой, недаўго, дудку, недаўго
Будзем у няволі тужыць,
Ужо сьвет сьвітаіць
Салавей сьпяваіць,
І радная старанунька
К нам бяжыць.
Ой вазьму я дуду
Дай да радні пайду
Цераз лясы, цераз бары,
Цераз сялы, цераз двары.
Буду граці, прыпяваці
Сваю няволю, горку нядолю.
Я, граючы, думаючы,
Там з табою, як зь сястрою
Перайду сьмела, цераз сьвет цэлы”.


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

XS
SM
MD
LG