Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакральная геаграфія Беларусі


Сакральная геаграфія Беларусі

(эфір 4 Травеня 2000 г.)

Удзельнік: Тодар Кашкурэвіч.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Заблытанасьць нашае гісторыі і адназначнасьць, а часам і двухсэнсоўнасьць, у інтэрпрэтацыі гістарычных тэндэнцыяў шмат у чым тлумачыцца пытаньнем назову краіны. Іх, назоваў, на шматвяковым шляху этнасу было некалькі. І,бадай, кожны зь іх маем падставы лічыць штучным, зьвязаным з пэўнай ідэялёгіяй часу.

Назоў “Русія” паўстаў у сувязі з распаўсюджваньнем на нашых тэрыторыях праваслаўнае ці рускае веры. Сярэднявечны “Літва” зьвязаны з магутнай і разьвітой дзяржаваю – Вялікім Княствам Літоўскім, дзе дамінаваў наш этнас. Назоў “Беларусь” паўстаў як ідэялягічнае апраўданьне прышчапленьня нашых земляў да Расейскае Імпэрыі.

Але гісторыя краіны пачалася ані зь “Беларусі”, ані зь “Літвы”, і нават, ані з “Русіі”. І ў пошуку ідэнтычнасьці мы мусім зразумець нашую краіну ў дахрысьціянскі час – культуру, побыт, уяўленьні тэрыторыі, якую прынята называць “Крывія”.

Дзе яна, нашая прарадзіма, знаходзілася? Якія ўяўленьні мелі нашыя продкі? Ці ўтваралі свой кантэкст? Пытаньні, на якія мусім знайсьці адказ. І ня дзеля таго, каб вярнуць краіне адзін зь яе гістарычных назоваў – Крывія, – пра гэта ня йдзе гаворка. Гаворка пра ідэнтычнасьць. І пачынаем з сакральнае геаграфіі.

Нашым госьцем – Тодар Кашкурэвіч, мастак, этнограф, які заангажаваны ў крыўскую ідэялёгію.

Сакральнае – сьвяшчэннае, сьвятое, зьвязанае з рэлігійным рытуалам… Тодар, як можна расшыфраваць увогуле слова крывія ў сэнсе сакральнасьці?”

(Кашкурэвіч: ) “Адзінае вытлумачэньне сэмантыкі гэтага слова магчымае толькі праз балтыйскія мовы: празь летувіцкую, латыскую й прускую. У якіх: крывес, крыві, крывейта – гэта словы для пазначэньня жраца або вярхоўнага жраца. Адпаведна крывуля амаль што тоесна гучыць, як і ў Беларусі. Крывуля – як атрыбут ўлады жрацоў”.

(Ракіцкі: ) “Тодар, а ці пацьвярджаецца сакральнасьць Крывіі як своеасаблівай зямлі ці краіны ў міталёгіі, ці ва ўяўленьнях іншых старажытных народаў?”

(Кашкурэвіч: ) “Старажытныя грэкі вельмі дакладна разьмяшчалі краіну Гіпербарэю на поўначы. Герадот апісвае месца, дзе знаходзілася гэтая краіна Гіпербарэя. Паводле яго, трэба падняцца на поўнач па Дняпры… Але ж апісанае ім месца акурат па шыраце адпавядае Беларусі!

Грэкі захавалі й шмат інфармацыі ў сваіх мітах, зьвязаных з пагібельлю Гіпербарэі. Справа ў тым, што Апалон быў родам з Гіпербарэі ды кожныя 18 гадоў лётаў на сваю радзіму, дзе хаваў свае стрэлы. І Беларусь захавала да нашых дзён абрад “пахаваньня стралы”.

Старажытныя іранцы разьмяшчалі сакральную краіну, Цэнтар Сьвету на крайняй поўначы. Тое самае – у старажытных індусаў…”

(Ракіцкі: ) “Тодар, якія аб’екты, знакі, што маюць сакральны сэнс, паказваюць на месца знаходжаньня Крывіі?”

(Кашкурэвіч: ) “Крывія ня толькі знаходзіцца на вытоках буйнейшых рэкаў, а, увогуле, па лініі водападзелу: Балтыйскага й Чарнаморскага. Па гэтай лініі, ўласна на тэрыторыі сучаснае Беларусі, знаходзяцца шэраг аб’ектаў, якія маюць вельмі высокі сакральны статус.

Прыкладам, вытокі Вяльлі, ракі, якая цячэ ў паўночна-заходнім напрамку, і Бярэзіны, якая адпаведна цячэ ў супрацьлеглым кірунку. Карані ў назовах гэтых рэкаў, адпаведна вэл- і бэр- зьяўляюцца тымі старажытнымі інда-эўрапейскімі каранямі, якія мадэлююць касмалягічную сытуацыю.

Усё, што зьвязанае з Захадам, зь нізам, з долам, са сьветам зьмерлых, мадэлюе корань вэл-, адпаведна – і рака Вяльля. Дарэчы, Бог Вялес зьвязаны з тым сьветам. Што тычыцца караня бэр- – гэта эўрапейскае азначэньне зьзяньня, вышыні, усходу й г.д. Такім чынам, міт закладзены ўжо у назовы, а значыць, належыць да рэальнае зямлі, геаграфіі.

Акрамя гэтага, паміж вытокамі рэкаў знаходзіцца Стод-камень, назоў якога таксама невыпадковы. Ён зьвязаны з азначэньнем каменя або стода – зь летувіцкае мовы. Усе гэтыя назовы рэкаў, камянёў пераплеценыя ў мітах.

Другое месца – гэта комплекс азёраў зь Яновым возерам у цэнтры. Тая ж самая сытуацыя ў назовах аб’ектаў, якую мы бачылі на прыкладзе зь Вяльлёй і Бярэзінай, паўтараецца й тут. Гэтыя азёры паміж сабою злучаюцца рэчкаю зь вельмі знакавай назваю – Дзева. Безумоўна, тут можна пабачыць адгалоскі інда-эўрапейскага боства Чыстага Неба”.

(Ракіцкі: ) “А вось сяньня, ці захоўваюцца ў Беларусі міты, што расчынілі б нам сакральнасьць крыўскае геаграфіі? Калі так, дык у якіх мясьцінах?”

(Кашкурэвіч: ) “Адное з такіх месцаў – гэта раён Лукомскага возера. Да сёньняшніх дзён у гэтых мясьцінах, сярод мясцовых людзей, захоўваецца гэтак званы “асноўны інда-эўрапейскі міт”, які распавядае пра барацьбу бога Грамоўніка і ягонага супраціўніка: Цмока, зьмея…

Людзі распавядаюць, як гэта адбывалася. Пры тым кладуць на рэальную тэрыторыю міталягічную падзею. Міт адбываецца ні ў нейкай далёкае краіне, а менавіта тут, на гэтым месцы, дзе жыве апавядальнік. Больш таго, паказваюць месца, дзе жыў гэты Цмок, дзе быў пахаваны, калі яго забіў Грамоўнік.

Сюжэт-міт апрануты ў рэаліі цяперашняга часу. На пытаньне этнографаў: “Ну, а куды ж дзяваў гэты цмок крылы, калі хадзіў у якасьці краўца, звычайнага чалавека?”, мясцовыя бабулі распавядаюць: “ну, як… ці ж вы няграматныя? Складаў гэтак на сьпіне, апранаў пінжак і хадзіў сабе”. Або могуць паказаць вёску й хату канкрэтнага чалавека, дзе захоўваецца фотаздымак дзяўчыны, у якой Цмок выпаліў на шчацэ сваю пяцярню”.

(Ракіцкі: ) “Тодар, ці можна адшукаць сувязь паміж месцазнаходжаньнем Крывіі, яе геаграфіяй й культурным кантэкстам?”

(Кашкурэвіч: ) “Крывія, безумоўна – гэта зона лесу. І адпаведна толькі зь лесам зьвязаныя ўсе пазытыўныя ўяўленьні. Наадварот стэп, пустэльня – варожая, непрытульная прастора.

Вельмі верагодна можна ўбачыць паходжаньне бінарнае пазыцыі. Уяўленьні, якія грунтуюцца на бінарнасьці, якая ўтварылася ў ляндшафце стэпаў, дзе йснуе толькі дзьве аграмадныя сутнасьці: аграмаднае неба й аграмадная зямля, а больш нічога, розьняцца ад нашых.

Лес уяўляецца зусім іншым. У лесе няма неба як купалу. У лесе неба мы бачым толькі такім, якое яно праглядаецца праз галінкі дрэваў. І гэта вельмі йстотны чыньнік, які, дарэчы, можна прасачыць у беларускіх арнамэнтах, якія ўтвараюцца двума колерамі й дзе няма фону, дзе кшталт-форма аднаго знаку вызначае іншы”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, Вы спрабуеце давесьці, што нашая геаграфія зрабіла ўяўленьні нашых людзей перадусім касмалягічнымі?”

(Кашкурэвіч: ) “Пра касмалягічныя ўяўленьні можна гутарыць, маючы на ўвазе этнічную культуру. Не культуру гораду або мястэчка. Безумоўна, беларускі этнаграфічны матэрыял вельмі багаты й вельмі аўтарытэтны.

Пад час аднае гутаркі з вучнем школы Глобы, мы закраналі гэтае пытаньне, і ён, цікавячыся славянскімі старажытнасьцямі, знаходзіў у беларускіх матэрыялах шмат супольнага з усясьветнымі. Але, тым ня менш, ён запытаўся: “А дзе ж вашыя “рыгведы”? У індусаў ёсьць Рыгведа, у іранцаў – Авеста…”

Мой адказ стаўся нечаканым нават для мяне самога: беларуская Рыгведа – гэта ўсе 40 тамоў беларускае народнае творчасьці, тэкстаў, якія трэба ўмець чытаць, бо сакральная краіна ў беларускіх уяўленьнях не знаходзіцца недзе далёка, як у расейцаў, у германцаў, у грэкаў. Ім заўсёды да сакральнае краіны некуды трэба йсьці. У нас “парадайз” – літаральна, “іранскі парадайз” – мадэлюецца непасрэдна на нашае тэрыторыі: пад час валачобнага абраду й рытуальных дзеяньняў, у тэкстах, якія сьпяваюцца пад час гэтага абраду. “Парадайз” у нас рэалізуецца ў кожным двары”.

(Ракіцкі: ) “Як утварыўся крыўскі народ на пэўнае тэрыторіі, ён адкуль усё ж такі прыйшоў?”

(Кашкурэвіч: ) “Усе тэорыі, які сьцьвярджаюць масавы прыход славянаў на нашую тэрыторыю, на жаль, не вытрымоўваюць крытыкі. Найперш важнымі ўяўляюцца сьведчаньні антраполягаў, якія сьцьвярджаюць нязьменнасьць антрапалягічнага тыпу тутэйшых насельнікаў ад каменнага веку.

Самае істотнае заключаецца ва ўяўленьнях, у мітах, паданьнях. У нас ёсьць міты, якія апавядаюць пра паходжаньне нашага народу, якое пачыналася ад касмагенэзу.

Вось клясычны інда-эўрапейскі пракаветны час, калі нідзе нічога не было, апрача бязьмернага акіяну, зь якога вытыркаўся камень. Пасьля чаго ў гэты камень уперыў Пярун, выкрышыў тры іскаркі: белую, чырвоную, жоўтую. Усё скаламуцілася, а калі адстаялася, то вызначылася, дзе зямля, а дзе вада.

Там жа зьявіўся й першы чалавек – Бой або Бай, які меў двух сабакаў: Стаўрыю ды Гаўрыю (дарэчы, старарускія Дзяды зьвязаныя з памяцьцю пра гэтых пэрсанажаў). І той нарадзіў трох сыноў. А пасьля сьмерці разьмяркоўваў спадчыну, якая выйшла толькі двум сынам, а трэцяму дасталіся гэтыя сабакі. Што рабіць? Як вызначыць зямлю, якая яму належыла? Ён пусьціў гэтых сабакаў за галубамі, і яны прарылі дзьве ракі: Дзьвіну й Дняпро. Паміж гэтымі рэкамі й расьсяліліся людзі малодшага сына, Белаполя.

Па-першае, на двух сабакаў знаходзім аналёгію ў лацінскай міталёгіі – гэта сабака Кербэр, ахоўнік апраметнай. А у індусаў аналягічны сэнс мелі сабакі бога сьмерці Ямы. Псы – у авестыйскага Імы. Тут мы маем справу зь вельмі сталым элемэнтам інда-эўрапейскае міталёгіі.

Сам абрад вызначэньня тэрыторыі, якую мусілі абабегчы сакральныя жывёліны, таксама вельмі аўтарытэтны. Зноў жа мы знаходзім яго ў індусаў, але яны выпушчалі дзеля гэтага белага каня. Тэрыторыя, якую ён абыходзіў, лічылася царскай”.

(Ракіцкі: ) “У якой ступені навука можа давяраць гэтаму міту?”

(Кашкурэвіч: ) “Прышлы этнас пакінуў бы сьляды ў назовах рэкаў, ён бы прынес іншы антрапалягічны тып, але вось гэтага навукоўцы й не знаходзяць. Справа ў тым, што ўся беларуская гідранімія – назовы водных аб’ектаў – балцкага паходжаньня, славянскіх вельмі мала.

І дагэтуль мы карыстаемся балцкімі назовамі. Міт, калі вывучаеш сівую даўніну, ёсьць праўдаю. Зь яго вылучаецца прынамсі ісьціна. Тое, што я апавёў пра паходжаньне беларусаў, ёсьць найбольшай ісьцінаю, бо гэта элемэнт нашае сакральнае традыцыі”.

(Ракіцкі: ) “Натуральна, пра ўсё, што мы зараз гаварылі, адносіцца да пытаньня ідэнтычнасьці, якую мы ўсе шукаем і якую знаходзім зь вельмі вялікай цяжкасьцю. Як ты, Тодар, суадносіш сэнс сучаснай ці й даўняй цывілізацыяў?”

(Кашкурэвіч: ) “Натуральна, шмат у каго ўзьнікае пытаньне: а што нам да гэтага дзедаўства, мы ж людзі сучасныя, сядзім тут ля кампутараў, мікрафонаў, зусім іншы сьвет, лёгіка?

Безумоўна, тут пытаньне выбару. Увогуле трэба задацца пытаньнем: ці можа быць годнай пазыцыя стаяньня ўбаку й прызнаваньня чужых правілаў гульні?! Калі прыйшоў вораг, дык, натуральна ж, нягодна пераходзіць на бок ворагу. Заўсёды было ганебным прымаць чужую веру, або зьневажаць традыцыі дзядоў. Адмаўленьне такое пазыцыі – ёсьць унівэрсальнай каштоўнасьцю.

Сучасная сытуацыя бачыцца мне як вайна дэмакратычнае цывілізацыі з цывілізацыямі прыроднымі, дзедаўскімі. І, безумоўна, кожны мусіць тут зрабіць выбар для сябе й для народу: ці ты абіраеш сьветагляд касмалягічны, ці ты абіраеш сьветагляд спажывецкі”.

(Ракіцкі: ) “Ці могуць ужыцца гэтыя два пагляды, скажам так, “тэхнакратычны” й “касмалягічны”?”

(Кашкурэвіч: ) “Відаць, маглі б. Але тэхніка не дае магчымасьці захавацца касмалягічнаму тыпу мысьленьня. І тады яна навязвае свой тып мысьленьня, свой сьветагляд. Тэхніцы не выгодная разнастайнасьць сьвету, для яе выгодная ўнівэрсальнасьць”.

(Ракіцкі: ) “І што – у нас няма шанцаў дастукацца да нашае ідэнтычнасьці?”

(Кашкурэвіч: ) “Шанец ёсьць у кожнага. Кожны перад самім сабой, перад сваімі продкамі мусіць задаць такое пытаньне і адказаць на яго. Тут і права выбару, і адказнасьць перад выбарам”.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

XS
SM
MD
LG