Трансцэндэнтальныя падарожжы беларусаў
(эфір 16 Сакавіка 2000 г.) Удзельнік: Пятро Васючэнка.Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі. (Ракіцкі: ) “Адвеку ва ўсясьветнай літаратуры эпічныя героі зьдзяйсьнялі трансцэндэнтальныя падарожжы – у рай, у апраметную, у чысьцец. Паддаючыся звычайнае людзкое цікаўнасьці ці шукаючы абсалютную праўду, яны на пэўны час пакідалі ўладкаванае зямное жыцьцё, каб вярнуцца пазьней у сьвет зямных рэчаў споўненымі новым досьведам. Пачынаючы з шумерскага каралевіча Гільгамэша, героя неймаверна старажытнага эпасу, занатаванага пяць тысячаў гадоў таму на гліняных таблічках, можам узгадаць безьліч такіх вандроўцаў – Геракла, Арфея, Уліса, Дантэ, Фаўста, пэрсанажаў Сартравае п’есы «Перад зачыненымі дзьвярыма». Жаданьне пакінуць сьвет зямны й зазірнуць за ягоную заслону хоць у мроях, снах ня раз спакушала герояў і беларускае літаратуры. Патрапілі на той сьвет палясоўшчык Тарас у ананімнай паэме «Тарас на Парнасе», Багушэвічаў Мацей Бурачок, героі Яна Баршчэўскага, Уладзімера Караткевіча, Сяргея Кавалёва. Напэўна ж, гэты шэраг можна папоўніць? Спадар Васючэнка…” (Васючэнка: ) “Можна папоўніць гэты шэраг і іншымі трансцэндэнтальнымі падарожжамі. Прыкладам, пан Адольф, герой «Шляхціца Завальні» Яна Баршчэўскага, з дапамогаю жабер–травы трапляе ў паралельны сьвет. Ня ў пекла і ня ў рай, а ў сьвет паралельны, у нейкае пятае ці шостае вымярэньне, можа быць, у будучыню, адкуль так і ня вяртаецца. Жабер-трава – гэта нешта накшталт галюцынагена, з дапамогаю якога вандроўкі робіць сьвядомасьць, душа чалавека”. (Ракіцкі: ) “У беларускай літаратуры віртуальнае мысьленьне ў пэрсанажаў зьвязанае зь якімі ўсьведамленьнямі, спадар Васючэнка? Побытавымі, рэлігійнымі, мо фальклёрнымі?” (Васючэнка: ) “Я думаю, тут прысутнічаюць й фальклёрныя, і рэлігійныя, і побытавыя ўяўленьні. Думаю, тут перад усім важная наступная схэма. Нагадаю словы Адама Міцкевіча, якія ён сказаў у вадносінах да беларусаў пад час прачытаньня лекцыі ў Парыжы. Ён сказаў пра беларусаў, што жыцьцё іх цалкам у духу, бо рэальнасьць, гісторыя іх поўная смутку й жальбы. Інакш кажучы, смутная рэальнасьць, прывязанасьць да свайго месца, да свайго гістарычнага лёсу, фатуму. Проза жыцьця, матэрыялізм жыцьця спараджаюць жаданьне духу адарвацца ад гэтае матэрыі”. (Ракіцкі: ) “Але з гэтага вынікае, што з пэўнай верагоднасьцю ў трансцэндэнтальных падарожжах мы можам адчытаць народныя ўяўленьні, наблізіцца празь іх да разгадкі прыроды нацыянальнага мэнталітэту. Віртуальнае або містычнае мысьленьне ўласьціва паспалітаму беларусу?” (Васючэнка: ) “Перад усім віртуальныя, перад усім містычныя. Мяне заўсёды зьдзіўляў вось гэты парадокс беларускае літаратуры. Пра яе кажуць, што яна прыземленая, што яна рэалістычная. А між тым мы знаходзім у ёй малюнкі віртуальнае фантазіі. У выніку пекла, рай або чысьцец набываюць беларуса-цэнтрызм й беларуса-падобнасьць. Інакш кажучы, у іх адлюстроўваецца менавіта нацыянальнае, фальклёрнае мысьленьне, роўна як і філязофскія, рэлігійныя ўяўленьні пра той сьвет”. (Ракіцкі: ) “Дык зь якое нагоды літаратурныя, так бы мовіць, беларусы выпраўляліся ў незямныя субстанцыі? Што іх туды клікала? Чаго не ставала ім на Зямлі?” (Васючэнка: ) “Гэта пошук душы перадусім. Праўда, у іх былі часам хаўрусьнікі, як гэта называе Карлас Кастанэда, галюцынаген ці алькаголь, які Мацею Бурачку таксама дапамог дапяць чысца. Але перадусім духоўны пошук. Беларусы прыкутыя да свайго дому, прыкутыя фатальна. Але душа просіць пошуку. І адсюль такі характар падарожжаў як лякальнасьць іх, інакш кажучы, цела можа заставацца на мейсцы, а вандруе душа. Так было з Мацеем Бурачком, які напіўся, зьмерз у полі, потым ачуняў у сваёй хаце. І аказваецца, што за гэты час ён прарабіў падарожжа ў чысьцец”. (Ракіцкі: ) “Вялікі флярэнтыец Дантэ правандраваў па ўсіх трох незямных субстанцыях. А беларусы, якую зь іх – пекла, чысьцец ці рай – наведвалі часьцей?” (Васючэнка: ) “Беларусы наведвалі й рай, і пекла, і чысьцец. Прыкладам, Караткевіч наведаў усе гэтыя субстанцыі. Мяркую, ён хацеў паглядзець, дзе лепш. Я нагадаю прыказку, пра старую бабу, якая ў царкве малілася адначасова і Юр’ю, і Цмоку, бо не вядома, куды трапіш – у рай ці ў пекла”. (Ракіцкі: ) “Давайце пагаворым пра пекла й пра чысьцец. Бо ва ўяўленьнях беларусаў гэтыя субстанцыі зьяўляліся месцам пакараньня за грахі. За якія грахі?” (Васючэнка: ) “Для старажытных беларусаў пекла й чысьцец зьліваліся ў паняцьце “той сьвет”, а потым у праваслаўных і каталікоў яны разьдзяліліся. Каталікі, як вядома, чысьцец прызнаюць, а ў праваслаўных існуюць толькі пекла й рай. У чысцы грахі можна адмыць, адчысьціцца ад іх, а ў пекле, акрамя пакараньня іншых шанцаў няма. Але літаратура мае свае варыянты чысца й пекла. Прыкладам, пекла Караткевіча. Яно вельмі нагадвае беларускае балота. У флярэнтыйца Дантэ, як Вы казалі, пекла – гэта канцэнтрычнае кола, на дне якога ледзяное возера. Для Дантэ, жыхара паўднёвых краінаў, самыя страшныя пакуты зьвязаныя з холадам. У нашым фальклёры пекла ўяўляе сабой нешта накшталт беларускага балота, зь іржавай вадою, зь вельмі нізкай стольлю, зь пляскатымі берагамі, а па гэтым балоце плавае туды-сюды перавозчык. Ды яшчэ, як у фальклёры, чэрці раскладаюць вогнішча пад катламі са смалою”. (Ракіцкі: ) “Вось як апісвае Францішак Багушэвіч чысьцец:
“І дзівы ж, браце мой, у тым чысцу, але!Спадар Васючэнка, калі паглядзець на тыпалёгію беларускіх твораў, пекла артадаксальнае ці герэтычнае?” (Васючэнка: ) “У Караткевіча не зусім артадаксальнае. Пекла – мейсца суцэльных пакутаў. Безнадзейныя, бясконцыя пакуты – гэта паводле артадаксальнае вэрсіі. У Караткевіча ж у пекле нават самым зацятым грэшнікам даруецца забыцьцё. Укус аграмаднае павучыхі Арахны, што пазбаўляе памяці й жыцьця, даруецца як збавеньне ад большае кары – адвечнага йснаваньня ў сутарэньнях сьмерці. Але гэтага збаўленьня не атрымаюць тыя, хто саграшылі супраць Беларусі. Там некалькі такіх грэшнікаў: здраднік-перавозчык і цар Іван Жахлівы, які лётае ў сутарэньнях у выглядзе аграмаднае птушкі, а да ягонага горла цягнецца нявінна страчаны царэвіч, каб задушыць, але не за тое, што ён зьвёў сваіх жонак, і не за тое, што забіў свайго сына, а за тое, што некалі зьнішчыў Полацак, выразаў цалкам ягонае насельніцтва. За гэта Іван Жахлівы будзе пакутваць да тае пары, – кажа Караткевіч, – пакуль не зьвядуцца дурні, якія яго ўслаўляюць”. (Ракіцкі: ) “Такім чынам Караткевіч як бы пашырае свае колы ад фальклёрнасьці ў гісторыю. Прастора набывае зусім іншыя характарыстыкі?” (Васючэнка: ) “Безумоўна, мы тут таксама заўважаем беларуса-цэнтрычнасьць і беларуса-падобнасьць. Пекла мае невысокую столь. Перавозчыку достаткова вяслом дацягнуцца да столі, пастукаць, і ў Рагачове ці ў Полацку пачуюць гэты гук. Гервасі Выліваха крыкнуў там у сутарэньнях: “Рагачоўцы, выпіце за мяне”, і ўсе пачулі”. (Ракіцкі: ) “Але ж, напэўна, не выпадкова вялікі майстар Караткевіч разьмяшчае апраметнуе пад Беларусь. Чаму?” (Васючэнка: ) “Караткевіч некалі казаў, што чалавек носіць сваё неба й сваё пекла з сабою. Інакш кажучы, пекла тут, чысьцец тут, і рай тут таксама. Беларус, як сьлімак, калі йдзе куды ў падарожжа, ён свой дом цягае на сваёй сьпіне: свой рай, сваё пекла, свой чысьцец, сваю зямлю таксама”. (Ракіцкі: ) “Ці можна ў гэтых трансцэндэнтальных падарожжах зразумець сыстэму маральных каштоўнасьцяў нацыі? Напрыклад, з вось такога Багушэвічавага апісаньня пакараньня юрліўцаў:
Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,
І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,
Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос,
Вочы колюць ражном,
Пазурамі рвуць твар,
Скрабуць скуру нажом,
Як на боты тавар”.
“А другі дык вісіць, але як? –Спадар Васючэнка, ці можам мы казаць, што беларусы ўяўлялі пакараньне як сыстэму? Тут выразна прачытваюцца біблейскія матывы – “вока за вока”…” (Васючэнка: ) “І ня толькі біблейскія, але й фальклёрныя, і міталягічныя ўяўленьні. Ня проста “вока за вока”, але больш: як чалавек на гэтай зямлі, на гэтым сьвеце грашыў, так ён і будзе на тым сьвеце адбываць грахі, змываць іх. Чым грашыў, тым і будзе адказваць. Вось прыклады з народных уяўленьняў пра той сьвет. Калі ў гэтым сьвеце любіў плявацца, дык на тым сьвеце, перапрашаю, будзеш сабачыя сікі глытаць. Калі на гэтым сьвеце любіў ілгаць, дык на тым сьвеце будзеш хадзіць язык высулупіўшы і г.д. Гэтакім самым чынам адбываюць свае правіннасьці й жыхары чысца, але ў іх ёсьць шанец – гэтае самае галоўнае”. (Ракіцкі: ) “У гэтай сувязі нельга абмінуць увагаю вобраз Страшнага Суду. У Караткевіча ёсьць верш “Прарок Геранім Босх”, у якім ён прадбачыць страшэнныя праявы Страшнага Суду. Давайце паслухаем гэты фрагмэнт:
Дык і стыдна мне вам гаварыць,
А са стыду чырвоны, як рак,
Вочы жмура, як кот, і гарыць,
А тут баба яго так кляне,
Ды так лае з астатніх жа слоў,
Што, каб гэтак хто лаяў мяне,
Я б яго зь свету даўно перавёў”.
“Праз трэшчыны на палотнахНаколькі вера ў Страшны Суд была моцнай і істотнай, спадар Васючэнка?” (Васючэнка: ) “Была вера ў слушны суд перадусім. Ня столькі ў страшны, колькі ў слушны, які ўсё на сваё месца паставіць”. (Ракіцкі: ) “А якім бачыўся рай?” (Васючэнка: ) “Зноў зьвернемся да пісьменьніка-прарока Ўладзімера Караткевіча, які таксама рай і пекла цягаў з сабою і не выключаў, што калі ён туды пойдзе, і першы анёл яму ня скажа па-беларуску: “Братка, здароў!”, дык ногі яго павернуць у іншую субстанцыю. Тым ня менш, ён прадугледзіў сабе ўтульнае месца й там. Прадугледзіў празь сьвядомасьць Юрася Братчыка, які сьніць свой рай, не выходзячы, так бы мовіць, з хаты – лежачы. Трызьніць гэты рай, і рай ўяўляецца нейкай заможнай сялянскай хатаю, зь дзьвюх састаўленых пяцісьценак, дзе за сталом сядзіць Бог-бацька, самавіты Саваоф. І вось гэтыя двое анёлкаў прынесьлі Юрася Братчыка падпашкі, кінулі перад Бацькам, і той сказаў яму: “Здароў, сынок”. Пачынаецца сялянская пачостка. Там і каўбаса, і сыр, клятчасты ад радзіны, і вяленая рыба, і вогнядышныя ракі, і кмяноўка, у пляшках у выглядзе абаранчыкаў, інакш кажучы, усё як у заможнай сялянскай хаце, усё для душы й для цела, бо цела й душа тут нейкім чынам зьліваюцца”. (Ракіцкі: ) “Як правіла, беларусы ў бальшыні твораў пасьля сваіх трансцэндэнтальных вандровак вярталіся ў сьвет жывых, у сваю хату. Што іх вяртала?” (Васючэнка: ) “Прывязанасьць да свайго дому, бо калі паслухаць гісторыкаў, архэолягаў, то разумееш, што беларусы – аўтахтоны. Як 10 000 гадоў таму сыйшоў ляднік, і сюды нехта прыйшоў, то тое племя засталося тут. Хай сабе прыходзілі балты, хай яны славянізаваліся, тым ня менш заставаўся нейкі субстрат, тая частка насельніцтва, якія былі тутэйшымі. Мне думаецца, гэта зьвязанае, можа быць, з самім актам стварэньня сьвету, калі Бог прымацаваў Беларусь да гэтае зямлі – энэргетычнае прасторы – так бы мовіць, цьвіком. І сказаў, што, тут будзе як заўсёды”. Гэта зона стабільнасьці, гэта зона “зэра”. Жорны гісторыі будуць працаваць вельмі марудна, але людзі будуць вельмі прывязаныя да гэтага “тут”, да “пупа” зямлі, і да свайго дому. Гэта адвечная прывязанасьць, якая не дазваляе целу далёка ад яе адыходзіцца, а розум хоча вандраваць”. (Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, давайце завершым нашую размову пытаньнем, якое, пэўна ж, паўстала зараз у нашых слухачоў. Паспрабую яго сфармуляваць так – у якой ступені ірэальныя субстанцыі для беларусаў мелі значэньне рэальнасьці, верагоднасьці?” (Васючэнка: ) “Я мяркую так: для шчырага верніка такога пытаньня не йснуе, яно рытарычнае. Вернік верыць і ў існаваньне пекла, і ў існаваньне раю, і ў існаваньне чысца, калі гэты вернік – каталік. Для чалавека сьвецкага пытаньне больш складанае, але чалавек сьвецкі назірае ў рэальным жыцьці столькі праяваў раю, пекла й чысца, што між волі ня можа ня верыць, што й там, па той бок рэчаіснасьці, яны працягнуцца. Гэта вера нават у тое, што слушнасьць, справядлівасьць нарэшце запануе калі-небудзь, што грэшнікам і вінаватым будзе аддадзена, і сьвятым праведнікам таксама будзе аддадзена за іх учынкі. Ёсьць законы гісторыі, жорны гісторыі, якія ўсё перамелюць. І ў дачыненьні да канкрэтыкі. У жыцьці сустракаецца шмат анамальных зьяваў, калі чалавек напраўду бачыць жыцьцё пасля сьмерці. Мацей Бурачок таксама перажыў стан клінічнае сьмерці, у якім ягоная сьвядомасьць рэальна пабачыла тое, што там ёсьць. Магчыма ён бачыў сьвятло напрыканцы танэлю…” (Ракіцкі: ) “Дзякуй спадар Васючэнка, а для нашых слухачоў скажам ці праанансуем нашую з Вамі сустрэчу ў наступны чацьвер, калі мы будзем гаварыць пра містычнае мысьленьне беларусаў”. Вячаслаў Ракіцкі, Менск
Чуюцца гукі рыданьняў.
Палаюць жывыя кусты,
Пачвары з галовамі грыфаў
Рэжуць сабе жываты.
У адных галовы без ног,
У другіх пад задам калені.
Кідаюцца ў пажарах
Маўклівыя чорныя цені…”