Удзельнічаюць:Елена Башкірава, Міхаіл Пагрэбінскі, Ірэна Шуцінэ
(эфір 23.06.2000)
Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст
Яшчэ ў 1994 годзе , калі Лукашэнка пачаў будаваць сваю “вэртыкаль”, нехта
публічна спытаў, як кіраўнік дзяржавы ставіцца да прапановаў па мясцовым
самакіраваньні , што распрацаваныя фондам імя Льва Сапегі. Новасьпечаны
прэзыдэнт адрэагаваў імгненна, назваўшы прапановы “таварышча Сапегі” заўчаснымі.
Адтуль і пайшло.
Зразумела, асоба, якая кіруе дзяржаваю і да таго ж называе сябе гісторыкам,
магла б ведаць гісторыю сваей краіны крыху лепш. Але ў выніку атрымаўся
трапны сымбаль часу, вобраз масавае сьвядомасьці, у якой старое перамешанае
з новым у дзіўных і нават сьмешных суадносінах.
Некалькі год таму ў Беларусі было праведзенае апытаньне, пад час якога
рэспандэнтам было прапанавана выбраць трох найбольш выбітных асобаў з вялікага
сьпісу палітыкаў мінулага. Першае мейсца зь вялікім адрывам заняў Пётр
Машэраў, за ім – расейскі цар Пётр I, потым незабыўны Леанід Ільліч Брэжнеў,
за імі – Маргарэт Тэтчэр , Ленін і Андропаў, потым – расейскі прэмьер пачатку
стагодьдзя Пётр Сталыпін.
Гэты стракаты сьпіс паказальны ў некалькіх адносінах. Ён відавочна дэманструе
перарыў повязі часу – адлік часу ў грамадзскае сьвядомасьці фактычна пачынаецца
з 1917 году, гісторыя, што налічвае некалькі стагодьдзяў, абмежоўваецца
савецкім пэрыядам.
Гэтым тлумачыцца шмат што ў беларускае найноўшае гісторыі. Мадэлі палітычных
паводзінаў, уяўленьні пра ролю і функцыі дзяржавы – усе гэта беларусы ў
масавым парадку шукаюць выключна ў савецкай скарбонцы. Праўда, рэчы там
знаходзяцца розныя.
Варта зьвярнуць увагу на першае мейсца, якое заняў у рэйтынгу выбітных
дзеячаў мінуўшчыны Пётр Машэраў. Відавочна, што ня быў Машэраў ані палітыкам
усясьветнага маштабу, ані нават самастойным кіраўніком сваей краіны, а
быў правінцыйным чыноўнікам буйной дзяржавы.
Але грамацкая думка насуперак гэтым бясспрэчным меркаваньням выносіць
яго на самы верх. Чаму ?
Відаць, сваю ролю тут адыгрывае і адносна высокі узровень жыцьця, які
быў пры Машэраве, а таксама яго загадкавая гібель, якую шмат хто лічыць
забойствам. Варта заўважыць, што афіцыйная прапаганда – і савецкая, і кебічаўская,
і лукашэнкавая – упарта працавала і працуе над стварэньнем іконы Машэрава.
Гэтым тлумачыцца, чаму Машэраў у вачох беларусаў вызначаецца сярод плоймы
астатніх, зусім ужо шэрых кіраўнікоў былога беларускага адзьдзела КПСС.
Але чаму масавая свядомасьць вылучае яго сярод усясьветна вядомых палітыкаў?
Падаецца, што гэта – праява хай сябе скалечанага, пазбаўленага гістарычнае
памяці, але нацыянальнага пачуцьця.
Якасьці былога партыйнага кіраўніка Беларусі мы зараз адмыслова не абмяркоўваем.
Па-першае, таму, што разглядаем ня столькі адносіны людзей да дзейнасьці
рэальнае асобы, колькі да мітаў, да вобразаў, сфармаваных часткова прапагандаю,
часткова – самой паўказачнае народнае сьвядомасьцю. А па-другое, асобы,
што ўваходзяць у Пантэон нацыянальнае славы, далёка не заўжды з’яўляюцца
прыкладам дабрыні, маралі і нават дзяржаўнае мудрасьці.
Напалеон, прыкладам, уцягнуў Францыю ў крывавую вайну з усім сьветам,
якую да таго ж і прайграў. Пасьля Пятра I, якога так паважаюць і ў Беларусі,
і ў Расеі, насельніцтва тагачаснае расейскае дзяржавы скарацілася на траціна.
Гаворыцца гэта не дзеля таго, каб папікнуць французаў ці расейцаў, а дзеля
канстатацыі – амаль у кожнага народу есьць свой “шкілет у шафе”, а часам
гэтая “шафа” і Пантэон – адно і тое ж мейсца.
Атрыбут нацыі – гэта сама па сабе наяўнасьць Пантэону, а не якасьці
тых асобаў, што там знаходзяцца. Зразумела, было б куды лепш, калі б беларусы
сваімі першымі героямі называлі князя Вітаўта, Кастуся Каліноўскага і таго
ж канцлера Льва Сапегу. Дарэчы, пад час узгаданага апытаньня гэтых волатаў
беларускае гісторыі прыгадалі па 2-3 % апытаных – супроць 48% за Машэрава.
Але чалавеку, які мысьліць цьвяроза, зразумела, што рэальная альтэрнатыва
таму, што есьць – гэта не наяўнасьць на чале сьпісу канцлера Сапегі, а
адсутнасьць беларускіх палітыкаў увогулле, адсутнасьць Пантэону.
Вяртаючыся да ўзгаданага сацыялягічнага апытаньня, варта заўважыць,
што амаль усе лідэры, якія падабаюцца беларусам – гэта лідэры жорсткія,
аўтарытарныя. Зразумела, жорсткасьць Маргарэт Тэтчэр – гэта ня тое, што
крывавая дыктатура Леніна, але спадарыню Тэтчэр таксама нездарма называлі
“жалезнай лэдзі”. У той жа час, напрыклад, Гарбачоў і Хрушчоў, якія пры
ўсіх іх грахах, усе ж такі далі людзям хаця б глыток свабоды - яны для
сучасных беларусаў не куміры.
Гэтым часткова тлумачыцца і папулярнасьць Лукашэнкі.
Сымпатыі да жорсткіх лідэраў уласьцівыя ня толькі беларусам. Гаворыць
прэзыдэнт расейскага сацыялягічнага цэнтру РОМІР Елена Башкірава. РОМІР
– расейскі прадстаўнік усясветна вядомай сеткі сацыялягічных цэнтраў Gallup
International.
(Башкірава: ) “ Паралельна існуе некалькі пластоў каштоўнасьцяў і адпаведна
– некалькі асобаў, якія былі значнымі ў розныя гістарычныя эпохі. Есьць
пэўныя механізмы чалавечае памяці – людзі часьцей узгадваюць тое, што бліжэй
да іх. Пад час нядаўняга дасьледваньня мы задавалі пытаньне – хто ўвойдзе
ў гісторыю Расеі XX стагодьдзя. І ў асноўным там былі названыя людзі недалёкага
мінулага і сучаснасьці. Ленін – 53 %, Сталін і Гагарын – па 48%, далей
Сахараў, і на такім жа ўзроўні – 23-24% - Гарбачоў. Напярэдадні выбараў
мы вывучалі вобраз “ідэальнага прэзідэнта”. Мы задавалі пытаньне , за каго
б апытаныя галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах, а ў якасьці кандыдатаў прапанавалі
герояў кінафільмаў. На першае мейсца выйшаў маршал Жукаў, на другое – Штырліц,
трэцім быў Глеб Жэглоў з фільма “Мейсца сустрэчы зьмяніць нельга”. Вельмі
папулярным быў і цар Петр I, а на апошнім мейсцы апынуўся Гамлет. Прычым
не мы прапаноўвалі кінагерояў, а людзі самі іх называлі. Што тут цікава
– першае мейсца Жукава. Шмат кім з маладых людзей ён ўспрымаецца як асоба
далекай мінуўшчыны. Галоўнае на мой погляд – гэта тое, што на чале дзяржавы
людзі хочуць бачыць герояў, пераможцаў”.
Гаварыла расейскі сацыёляг Елена Башкірава.
Калі куміры - Жукаў, Штырліц і Жэглоў, абраньне Пуціна не павінна выклікаць
зьдзіўленьня.
Зьвяртае на сябе ўвагу факт, што нават у расейскае масавае сьвядомасьці
адбыўся правал усёй гісторыі, акрамя савецкага пэрыяду. І гэта пры тым,
што як раз расейская гісторыя ў савецкія часы была хаця і сфальсыфікаваная,
але ж не забароненая, у адрозненьні ад беларускай.
І на аўтакратаў расейская гісторыя надта багатая. Але і расейцы шукаюць
сабе куміраў у недалекай савецкай мінуўшчыне.
Вельмі цікавым падаецца фэномен, які сп-ня Башкірава называе “накладаньнем
каштоўнасьцяў”: паміж новым і старым не адбываецца сынтэзу, новае суіснуе
разам са старым, накладаючыся на яго, ствараючы парадоксы кшталту “таварышча
Сапегі”.
А вось вобраз Прынца Дацкага расейцаў не натхняе, перавагу яны аддаюць
пераможцам: у лепшым выпадку – Фарцінбрасам. Паводле меркаваньня дырэктара
Кіеўскага інстытуту палітычных дасьледваньняў і канфлікталёгіі Міхаіла
Пагрэбінскага, гэта – агульная рыса посттаталітарнай сьвядомасьці.
(Пагрэбінскі: ) «У масавае сьвядомасьці посттаталітарнага грамадзства
авторытарныя лідэры карыстаюцца большай прываблівасьцю. Гэта – агульная
рыса амбівалентнай пасттаталітарнай сьвядомасьці, калі адначасна можна
быць прыхільнікам пэўных каштоўнасьцяў дэмакратычнага грамадзства і захапляцца
аўтарытарнымі лідэрамі”.
Але гістарычны досьвед у масавае сьвядомасьці украінцаў мае пэўныя асаблівасьці.
Ізноў гаворыць Міхаіл Пагрэбінскі.
(Пагрэбінскі: ) “Гаварыць пра масавую сьвядомасьць украінацаў наогул
вельмі цяжка. У розных рэгіёнах існуе рознае стаўленьне да гістарычнага
Пантэону. На Захадзе Ўкраіны героямі лічаццца такія асобы, як Сымон Петлюра
і іншыя прадстаўнікі нацыянальна-вызвольнага руху. А на Ўсходзе збольшага
тыя ж героі, што і ў Расеі: цар Петр Першы, для пэўнай колькасьці людзей
гэроямі застаюцца Ленін і Сталін. Як паказалі нашыя дасьледваньні, ёсьць
немалая група людзей, якая з пашанаю ставіцца да Гарбачова, што для нас
было дастаткова дзіўным.
Калі гаварыць пра Сцяпана Бандэру, Сімона Петлюру – гэта героі масавай
сьвядомасьці ў Галычыні, а ня толькі прадстаўнікоў інтэлектуальнае эліты”.
Гаварыў украінскі сацыёляг Міхаіл Пагрэбінскі.
І ўжо зусім адрознае ад беларусаў стаўленьне да сваёй гісторыі дэманструюць
літоўцы. Распавядае супрацоўнік літоўскага інстытуту філязофіі і сацыялёгіі
Ірэна Шуцінэнэ.
(Шуцінэнэ: ) “На працягу 1991-1995 гадоў праводзіліся сацыялягічныя
дасьледваньні па вызначэньні самай папулярнай гістарычнай асобы Літвы.
А напачатку 1999 году часопіс “Экстра” высьвятляў, каго чытачы лічаць “асобаю
стагодьдзя”. Паводле вынікаў у 1991 годзе самымі папулярнымі былі кіраўнікі
сярэднявечнае дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага. Другую групу складалі
героі нацыянальнага адраджэньня канца XIX - пачатку XX стагодьдзя, а таксама
прэзыдэнты міжваенае Літоўскае рэспублікі. З цягам часу зьменшылася папулярнасьць
сярэднявечных князёў, павялічылася – асобаў міжваенага перыяду, да іх дадаліся
палітыкі часоў аднаўленьня незалежнасьці Літвы 1989-1991 гадоў. Падаецца,
што пасьля аднаўленьня незалежнасьці зьнікла неабходнасьць ідэалізаваць
мінулае”.
Гаварыла літоўскі сацыёляг Ірэна Шуцінэнэ. Варта адзначыць, што савецкім
часам і постацямі таго перыяду літоўцы не надта захапляюцца.
(Шуцінэнэ: ) “Апытаныя прыгадвалі толькі імя першага сакратара кампартыі
Літвы Антанаса Сьнечкуса. В 1991-1995 гадоў Сьнечкус у сьпісе быў 10-м,
яго назвалі 5% апытаных. Але пад час апытаньня 1999 года яго не было ужо
нават у першай двадцадцы. Значэньне Сьнечкуса частка рэспандэнтаў зьвязвае
з адстойваньнем нацыянальных інтарэсаў у савецкія часы, для іншых важна
тое, што пры ім была стабільнасьць”.
Ірэна Шуцінэнэ паведаміла, што ў 1999 годзе “чалавекам стагодзьдзя”
чытачы часопісу “Экстара” назвалі лідэра і ідэёляга нацыянальнага адраджэньня
Ёнаса Басанавічуса – асобу зусім не аўтарытарную. А папулярнасьць кіраўніка
міжваенага аўтарытарнага рэжыму Антанаса Сметоны паводле дасьледваньняў
звязана не зь яго аўтарытарнасьцю. Яго папулярнасьць з 1991 па 1999 год
павялічвалася разам з папулярнасьцю іншых кіраўнікоў міжваенае Літвы. Ірэна
Шуцінэнэ лічыць, што крытэрый ацэнак літоўскае масавай сьвядомасьці – не
аўтарытарнасьць, а роля гістарычных асобаў у станаўленьні дзяржаўнасьці
і незалежнасьці .
Так што сьпісваць усё на савецкую прапаганду наўрад ці варта: у СССР
усіх вучылі аднолькава, але вынікі, як бачым, атрымаліся надта розныя.
Аднак сучасны стан справаў – ня ёсьць нешта наканаванае, ад веку і назаўсёды
дадзенае. Зразумела, гістарычныя ўяўленьні людзей не зьмяняюцца хутка,
але невыпадкова, што зараз беларуская ўлада вядзе са школьнымі падручнікамі
па гісторыі барацьбу ня меньш зацятую, чым з палітычнай апазыцыяй. У свой
час Зьбігнеў Бжэзінскі назваў СССР краінаю з непрадказальнаю мінуўшчынай.
Гэта справядліва і для сучаснае Беларусі.
Але пабудова беларускага Пантэону ўсе ж такі распачатая. А у пэрспектыве
і канцлер Сапега і таварышч Машэраў зоймуць у ім належнае мейсца.
Юры Дракахруст