Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі рэдактар — самадур?


Што рабіць, калі рэдактар — самадур?

(Эфір 15 Студзеня 2001)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Калі заходзіць аб правох журналістаў у Беларусі, мы па зразумелых прычынах часьцей зьвяртаем увагу на парушэньні прынцыпаў свабоды прэсы. Варта прызнаць, што сацыяльныя правы супрацоўнікаў СМІ застаюцца пры гэтым трошкі ўбаку.

Між тым, у некаторых незалежных газэтах часам адбываюцца даволі абуральныя рэчы. Рэдактар альбо ўласьнік выданьня можа ў любы момант звольніць свайго супрацоўніка без дапамогі па звальненьні, зьнізіць яму заробак, скараціць адпачынак.

Парадаксальна, што журналісты, якія працуюць у незалежных СМІ, ня вельмі жадаюць разважаць на гэтую тэму. Унікальная сытуацыя: аўтары самых рашучых выкрываўчых артыкулаў робяцца вельмі абачлівыя, калі заходзіць пра іхныя стасункі з рэдактарамі.

Паразважаць на гэтую няпростую тэму пагадзіўся чалавек, які ўжо некалькі месяцаў не займаецца журналістыкай. Юрась Навуменка больш за пяць гадоў працаваў у недзяржаўнай газэце і пакінуў яе без скандалу. Аднак ён прызнае, што праблема безабароннасьці журналістаў перад самадурствам газэтнага начальства, безумоўна, існуе".

(Навуменка: ) "На шчасьце, да апошняга часу я меў найлепшыя творчыя ўмовы працы. Але часам у некаторых сродках масавай інфармацыі можа ўзьнікаць такая сытуацыя, калі ўласьнікі газэт, якія, дарэчы, не заўсёды маюць журналісцкую адукацыю, вызначаюць заробак ці ганарар, які варта заплаціць журналісту за артыкул.

Найчасьцей гэтак бывае ў невялікіх выданьнях, дзе працуюць невялікія калектывы, таму што інфармацыю лепш хаваць у меншым коле людзей. Могуць абмяжоўваць творчага чалавека, скарачаючы яму адпачынак. І тут не бярэцца да ўвагі Кодэкс законаў аб працы. Гэтак робіцца звычайна ў дачыненьні да маладых супрацоўнікаў, але здараецца й у дачыненьні да супрацоўнікаў, якія адпрацавалі больш за пяць гадоў…"

(Цыганкоў: ) "Дадам і свае прыклады гэткага стаўленьня да журналістаў у некаторых незалежных выданьнях. Адзін з рэдактароў — ён жа й заснавальнік газэты — мог зьменшыць заробак журналіста, таму што «У гэтым месяцы ты працаваў дрэнна, а значыць — нічога не атрымаеш».

Заробкі журналістаў, якія падабаліся рэдактару гэтай газэты маглі перавышаць заробкі не любімых рэдактарам журналістаў ці ня ў пяць разоў. У іншай газэце рэдактар можа зьменшыць ганарары журналіста толькі за тое, што той пабыў у замежнай выправе.

Вось што думае пра паводзіны некаторых сваіх калегаў рэдактар і заснавальнік газэты «Беларуская маладзёжная» Тацяна Мельнічук".

(Мельнічук: ) "Мне падаецца, што гэта рэшткі савецкага адміністраваньня. Савецкая сыстэма кіраваньня — "што хачу, тое й варачу", "хто гаспадар у гэтай хаце". Нармальна гэта? Канечне, ненармальна.

Прыкладам, у нашай рэдакцыі мы йдзем у адпачынак усе разам. Газэта прыпыняе выхад у ліпені, і мы ўсе разам адпачываем. Вельмі прыкра, калі чуеш пра ўсе гэтыя фінансавыя разборкі. Галоўным рэдактарам толькі падаецца, што адбываецца гэткае ў іхных калектывах вельмі ціха, што яны разабраліся між сабою — хто ў іх там варты, хто ня варты, хто ды якім чынам атрымлівае грошы.

Усё гэта абмяркоўваецца ў грамадзтве. Чуткі ходзяць, і гэта вельмі прыкра, таму што гэтым незалежная прэса дыскрэдытуе сябе. Так не павінна быць. Калі ў гэтых жыцьцёвых сытуацыях мы падаем прыклад савецкага адміністраваньня — прыклад нездаровы, ненармальны, амаральны, ну дык якія ж мы дэмакраты?.."

(Цыганкоў: ) "Яшчэ адзін штрых: калі працоўныя дачыненьні ў дзяржаўнай прэсе рэгулюе заканадаўства, у недзяржаўнай — "джэнтльмэнскія пагадненьні". На жаль, рэдактары й заснавальнікі незалежных выданьняў не заўсёды застаюцца джэнтльмэнамі...

Можа, самі журналісты вінаватыя ў тым, што не заўжды імкнуцца заключаць дамовы з рэдакцыяй, не сьпяшаюцца ўпарадкаваць свае дачыненьні? Вось што адказаў на гэтае пытаньне экспэрт Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖы Андрэй Бастунец".

(Бастунец :) "Магчыма, што так. Але тут, як кажуць, «палка аб двух канцах», бо дамова ня толькі ж рэдактара абмяжоўвае, яна ж і журналіста таксама ў нечым можа абмежаваць. Ёсьць такая прымаўка, здаецца нямецкая, што «дачыненьні між братамі ахоўвае плот».

Менавіта гэткім плотам мусяць быць лякальныя акты, дамовы, што падпісвае рэдактар і калектыў рэдакцыі, ці то заснавальнік і рэдактар ад імя калектыву рэдакцыі. Гэтыя акты й павінны ня даць, каб нейкія дачыненьні між людзямі сапсаваліся, бо гэта адбіваецца й на іхных працоўных дачыненьнях".

(Цыганкоў: ) "Рэдактар газэты «Беларуская маладзёжная» Тацяна Мельнічук лічыць, што асноўная прычына канфліктаў — дрэннае матэрыяльнае становішча незалежных мэдыяў. Але ня менш важная сумленная й шчырая атмасфэра ў самым калектыве".

(Мельнічук: ) "Рэч у тым, што ў Беларусі няма суб'ектаў, якія б маглі фінансаваць незалежную прэсу. Усе мы дзелім скуру незабітага мядзьведзя. Сумна, але так адбываецца. Я бяруся сьцьвярджаць, што рэклямны рынак у нас разбураны.

Трэба шчыра казаць пра цяперашняе становішча. Мы ў рэдакцыі заўжды так робім. Кожны чалавек, які да нас прыходзіць, ведае, што ў нас няма вялікіх грошаў, але ён ведае й тое, што ягоны ўнёсак будзе ацэнены й ён атрымае грошы такія, якія мы маем.

Людзі ведаюць, што іх ня будуць дыскрэдытаваць, што ня будзе тут нейкіх прыхаваных "дзялёжак", што няма чаго дзяліць. Калі людзі пра гэта ведаюць, тады маем грунт пазьбегнуць канфліктаў".

(Цыганкоў: ) "Такім чынам, сумленнасьць і празрыстасьць, нармальныя дачыненьні ў калектыве — найлепшы шлях прадухіляць канфлікты. Але што могуць зрабіць журналісты, калі ўсё ж улагодзіць канфлікт не ўдаецца? Як яны мусяць абараняцца ад самадурства й парушэньня іхных правоў?"

(Навуменка: ) "Я лічу, што правы журналістаў павінен абараняць добры творчы саюз — гэтак ва ўсім сьвеце. Самі журналісты бароняць правы людзей, што пацярпелі ад уладаў ці рэжыму, то павінны й свае правы бараніць".

(Цыганкоў: ) "Ці няма ў вас ўражаньня, што журналісты аказваюцца часам надта нясьмелыя й папросту пазьбягаюць канфліктаў, каб не застацца бяз працы?"

(Навуменка: ) "У маёй журналісцкай працы такіх сытуацыяў, на шчасьце, не было. Але мяркую, што мае калегі, якія пазьбягаюць канфліктаў з адміністрацыямі газэтаў, баяцца таго, што штуршок можа выклікаць хвалю — і потым можна займець ня вельмі добрую рэпутацыю.

У журналістыцы існуюць "паверхі". На адным "паверсе" — рэдактары газэтаў, на другім — намесьнікі, потым журналісты, і на ўсіх гэтых "паверхах" выдатна наладжаная своеасаблівая "цыганская пошта інфармацыі".

(Цыганкоў: ) "Цыганская пошта — гэта калі, скажам, адзін рэдактар кажа другому: "Гэны журналіст надта патрабавальны, будзеш мець зь ім праблемы». Таму большасьць тых, хто пакінуў нейкую газэту з-за канфліктнай сытуацыі, не жадае займець імідж скандаліста, выносіць сьмецьце з прафэсійнай хаты.

Але калі не адстойваць свае правы, дык можна займець іншы імідж — слабога й бездапаможнага чалавека. Вось парада прафэсійнага юрыста, экспэрта Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖы Андрэя Бастунца".

(Бастунец: ) "Калі журналіст і рэдактар зьяўляюцца сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, то я б параіў найперш зьвяртацца ў БАЖ і вырашаць гэты канфлікт ці то ў Камісіі па этыцы, ці то з дапамогай Цэнтру прававой абароны СМІ.

На жаль, мы й зараз маем сытуацыю (ня буду называць газэту й журналіста), калі людзі спачатку зьвяртаюцца ў суд, а ўжо потым у Цэнтар прававой абароны СМІ. І тут мы вымушаныя казаць — так, мы юрыдычную кансультацыю дамо, але на канфлікт ужо мы ня можам ніяк паўплываць, бо трэба чакаць рашэньня суду.

Гэта па-першае. Па-другое — магчыма, гэта прагучыць супярэчна, але правы можа абараняць той, хто іх абараняе. І галоўны сродак абароны паўсюль, і ў нашай краіне таксама, — суд. Трэба зьвяртацца ў суд. Зазірнуць у Працоўны кодэкс. Можа, сам журналіст ня мае рацыі. Калі ж ягоныя правы парушаюцца — трэба бараніць свае правы ў судзе".

(Цыганкоў: ) "Андрэй Бастунец прызнаў, што журналісты ня часта зьвяртаюцца ў Цэнтар па дапамогу ў спрэчных пытаньнях. Мне здаецца, што журналісцкая грамадзкасьць Беларусі пакуль ня лічыць гэтую праблему надта сур'ёзнай. Маўляў, важнейшыя рэчы ёсьць. Давайце спачатку дыктатуру скінем, а потым ужо будзем пільнаваць сацыяльныя правы журналістаў.

Але гэтак можна й не заўважыць, як у некаторых выданьнях паступова ўсталёўваюцца міні-дыктатуры асобных самадураў. Уласную годнасьць трэба бараніць на любым узроўні".

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG