Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


Эфір 14 Сьнежня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Апошнім часам у нашай пошце ўсё больш лістоў ад вясковых настаўнікаў. Настаўніку ў вёсцы нясоладка было й раней — савецкая ўлада школу ўвагаю ня песьціла. Спэцыяліст з вышэйшай адукацыяй і тады зарабляў прыблізна столькі ж, колькі калгасны вартаўнік, і зайздросьціў заробкам даяркі й цялятніцы. Але тое, што адбываецца цяпер, не параўнаць нават з тым часам. Сваю сумную гісторыю распавяла ў лісьце на Свабоду настаўніца Эмілія Шпілеўская зь Іўеўскага раёну Гарадзенскае вобласьці. Яна піша:

“Я жыву й працую ў невялікім мястэчку. Мясьціны нашыя багатыя на гістарычныя падзеі, людзі чулыя і цікавыя, а жыцьцё — як і ўсюды ў Беларусі. Пяць год таму выправіла я сына вучыцца ў недзяржаўную ВНУ. Зараз ён ужо працуе, паводле прафэсіі — юрыст.

На той час (а гэта быў 95-ы год) у нас былі нядрэнныя зьберажэньні, вялася гаспадарка, у школе была добрая нагрузка, ішла даплата за званьне, катэгорыю. Я падпрацоўвала лекцыямі і ўдзелам у прыёме ўступных экзамэнаў. Мы разьлічвалі на ўласныя сродкі, і ўсё да пары йшло добра. Але потым нахлынулі беды: заробак зьнізіўся, а за навучаньне аплата пачала расьці. Мы з сынам падпрацоўвалі, але ўсё роўна, каб разьлічыцца за апошні курс інстытуту, грошы прыйшлося пазычаць. Часткова я доўг ужо вярнула. Але зараз ня маю дадатковага заробку, а асноўнага ў школе не хапае.

Вяртаць грошы людзям трэба ў поўнай суме, а не па частках, бо ў іх свае вялікія праблемы. Ды й маральнага права, як настаўніца, ня маю. Не магу заставацца нядобрасумленнай перад людзьмі, што выручылі ў цяжкі момант. Цяпер кладуся і падымаюся з адной думкаю: дзе зарабіць грошай, каб разьлічыцца. Самае лепшае было б узяць крэдыт у банку, але перада мною паставілі такія ўмовы, што ўзяць яго проста немагчыма.

Была б вельмі ўдзячная, каб хто-небудзь унікнуў у мой лёс і прапанаваў работу — няні, прыбіральшчыцы — усё роўна якую, толькі б разьлічыцца з даўгамі… Працаваць я прызвыяаілася й навучылася быць цярпліваю. Ведаю, што грошы зарабляюцца цяжка. Не асуджайце, бо я не прашу міласьціну. І ліст гэты — мая апошняя надзея, мая бяда, мой сорам і маё прыніжэньне”.

Яшчэ спадарыня Шпілеўская папрасіла не называць у эфіры яе сапраўднае прозьвішча — ёй няёмка, што гэты ліст пачуюць яе калегі ці вучні. Але для рэдакцыі яна паведаміла дакладныя каардынаты з надзеяй, што нехта, магчыма, адгукнецца й прапануе якую-небудзь працу.

Гэты ліст я вылучыў сярод іншых падобных таму, што боль, які адчуваецца ў ім, гучыць непадробна. Боль чалавека, які не адзін дзясятак гадоў аддаў школе, але, нават ашчаджаючы на ўсім, ня здолеў сабраць на навучаньне сына. А ў маленькім мястэчку, сапраўды, ня знойдзеш іншае працы. І гэтае пакутлівае штодзённае адчуваньне віны… — хоць вінаватая, па сутнасьці, сыстэма, пры якой настаўнік, нават працуючы ад цямна да цямна, пазбаўлены ня тое што лішняга — нават неабходнага дзеля таго, каб выжыць і выгадаваць сваіх дзяцей.

Яшчэ спадарыня Шпілеўская напісала колькі слоў пра сваю даўнюю прыхільнасьць да нашага радыё:

“Ужо колькі год а 18-й гадзіне ўключаю прыймач і настройваюся на хвалю Свабоды. Вашыя паўтары гадзіны ў эфіры — глыток сьвежага паветра. Пранікнёнае беларускае слова, адметныя ў зьмесьце перадачы… Ужо колькі разоў намервалася напісаць, адгукнуцца на пачутае, падзяліцца ўражаньнямі, але ўсё не адважвалася. А іншы раз так хочацца тут жа пасьля перадачы выказаць сваю думку, падзякаваць за цікавае.

Мяне як настаўніцу (я выкладаю расейскую мову й літаратуру) перш за ўсё цікавіць гуманітарны кірунак: літаратура, гісторыя, культура. Але зь цікавасьцю слухаю ўсё, што прапануецца, бо пра такія факты наўрад ці дзе яшчэ пачуеш”,

— гэта быў ліст настаўніцы Эміліі Шпілеўскай зь Іўеўскага раёну. Дзякуй вам, спадарыня Эмілія, за добрыя словы.

Піша Канстанцін Паланейчык з Магілеву. Зь вялікага ліста спадара Паланейчыка, прысьвечанага розным эканамічным тэорыям, я вылучыў такі вось урывак:

“Раней амаль усё, што выраблялася на нашым масласырзаводзе, ішло на Расею, — паведамляе Канстанцін. — Некалі, пры Савецкім Саюзе, праз гэта людзі нават былі незадаволеныя. Выходзіла, у сваім горадзе не заўсёды купіш масла ды сыр, а на Маскву штодня вялізныя грузавікі вымушаныя былі адпраўляць.

Цяпер усё зьмянілася, асабліва за апошні год. Масква ня хоча купляць нашую прадукцыю. Дакладней, купіць яна можа, але за бесцань. А ў нас і так заробкі нізкія. Няўжо расейскія калгасы так падняліся, што самі могуць пракарміць Расею? Думаю, не. Гэта там у расейскім кіраўніцтве акапаліся ворагі, якія ня хочуць інтэграцыі і баяцца Лукашэнкі. А праз гэта ўсе мы павінныя пакутаваць”,

— напісаў Канстанцін Паланейчык з Магілеву.

Калі заходнія фірмы прапануюць Маскве польскае масла ці галяндзкі сыр па коштах ніжэйшых, чым беларускія, дык расейскія камэрсанты купяць харчы менавіта ў іх, а ня ў гэтак званай “братэрскай” Беларусі. Бо ніякімі палітычнымі лёзунгамі законы эканомікі ня зьменіш. Такімі ўмовамі якраз і павяраецца тое, наколькі жыцьцяздольная калгасная сыстэма, якую любымі шляхамі імкнецца захаваць улада ў Беларусі. Што да калгасаў расейскіх, дык іх фактычна не засталося — вёска ў Расеі перажывае вялікія рэформы. А расейскія гарады тым часам ужо даўно спажываюць танныя заходнія харчы.

Цытата зь ліста ад Антона Несьцярэнкі зь Менску — таксама на тэму эканомікі:

“Апазыцыя, а разам зь ёю і вы, над Лукашэнкам насьміхаецеся: маўляў, паабяцаў заробак 100 даляраў — хлусіць, падманвае, — дакарае нас Антон. — Але ж ён вельмі хутка можа зрабіць гэта. Вось увядзе новыя тарыфы на камунальныя паслугі, — так што давядзецца за ўсё плаціць па сабекошту, зробіць бэнзын як у Эўропе — даляр за літар, гарэлку таксама — пяць даляраў за паўлітра — тады імгненна знойдуцца грошы ня тое што на сто даляраў, можа, нават на дзьвесьце. Але ён ня робіць гэтага, бо людзі не зразумеюць”,

— тлумачыць Антон Несьцярэнка зь Менску.

Улада ў Беларусі, сапраўды, вельмі рупіцца пра тое, каб ейныя дзеяньні цалкам адпавядалі масавым уяўленьням пра тое, што варта, а чаго ня варта рабіць. Бяда ў тым, што вельмі часта масы хочуць аднаго, а эканоміка вымагае зусім іншага. Калі законы эканомікі ігнараваць, а думаць толькі пра папулісцкія лёзунгі ды ўласную палітычную будучыню, — тады і атрымліваецца такая эканамічная рэчаіснасьць, як у сёньняшняй Беларусі — з жабрацкімі заробкамі, затое таннай гарэлкаю.

Піша наш сталы слухач і аўтар іярэй Аляксандар зь Пінскага раёну. Сьвятар адгукнуўся на перадачу “Сымбаль Веры”, дзе йшла размова пра беларускую мову ў багаслужбе.

“Дзясяты год гэтая балючая для экзархату праблема ніяк не вырашыцца на карысьць беларускіх вернікаў, — піша айцец Аляксандар. — Кіраўніцтва епархіі ня толькі замаруджвае беларусізацыю, але й заблытвае беларускіх навукоўцаў. Вось прафэсар Чарота кажа, што выкарыстаньне беларускае мовы нібыта зьвязанае зь ініцыятываю ці пажаданьнямі парахвіян. Я, сельскі сьвятар, ды мой сусед-сьвятар кажам: хлусьня гэта, “мыльная опэра” Філарэта. Мае бабулі ды дзядкі гутараць па-беларуску. Родную мову яны ня супраць чуць і ў храме. Я — гатовы служыць па-беларуску. Але… Не магу нават заікнуцца пра гэта царкоўным уладам, бо застануся без храма. Прыклады ўжо былі — расправа ды выгнаньне з экзархату айца Яўгена Маліноўскага (зараз ён — уніяцкі сьвятар у Баранавічах) ды іншыя.

Мой погляд — сьвятара з глухой правінцыі — такі: беларусізацыя зьменіць былыя каштоўнасьці. Цяпер мы вымушаныя вазіць царкоўныя кнігі з Масквы. А ў выніку беларусізацыі спатрэбіцца дапамога Беларускае аўтакефальнае Праваслаўнае царквы. Пра цікавасьць да замежнай епархіі ўжо не кажу — яна й цяпер вялікая.

Зь іншага боку — экзархат скаланаюць скандалы. То забойства сьвятара-карупцыянэра на глебе гомасэксуальных сувязяў у Берасьці, то зьдзекі над студэнтамі ў Жыровічах, то пінскія падзеі… Нічога падобнага ў Беларускай аўтакефальнай Праваслаўнай царкве няма. У выніку — да каго павернецца народ?

Зараз беларускасьць у царкве душыцца. А зьменіцца прэзыдэнт — тады запатрабуецца ці адстаўка Філарэта, ці нават суд над ім і ягонай камандаю”,

— гэтак лічыць праваслаўны сьвятар зь Пінскага раёну айцец Аляксандар.

Ужо шосты год, як скончылася кароткае нацыянальнае Адраджэньне пачатку 90-х. Сёньня выглядае неверагодным, каб, для прыкладу, расейскамоўны чыноўнік хадзіў на курсы беларускае мовы або палкоўнік узброеных сілаў Беларусі ў вольны час чытаў не статут расейскай арміі, а падручнік беларускае мовы. Гэта ж тычыцца й службы ў праваслаўных храмах Беларусі. Але нават у часе самага вялікага заняпаду й безнадзейнасьці прыходзяць вось такія лісты ад людзей, якія не губляюць надзеі самі й дапамагаюць верыць іншым, што настане іншы час, калі мова й культура будуць запатрабаваныя і дапамогуць будаваць новую Беларусь.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час паслухаць нас і падзяліцца думкамі пра пачутае. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG