Эфір 12 Кастрычніка 2000.
Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро,
чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.
Сярод некалькіх лістоў на тэму выбараў, што маюць адбыцца ў гэту нядзелю,
спынюся на допісе настаўніцы Сьвятланы Лемяшэвіч з Наваполацку. Як і многія
іншыя, Сьвятлана ісьці галасаваць плянавала, але падзеі апошніх тыдняў
прымусілі яе засумнявацца ў тым, што гэта варта рабіць. Сьвятлана Лемяшэвіч
піша:
“На выбары я да апошняга часу зьбіралася йсьці. Ну, якім яшчэ шляхам
можна дабіцца нейкіх зьменаў — не рэвалюцыю ж наладжваць. Тым больш — з
нашымі людзьмі, якія да любое ўлады могуць прыцярпецца, абы не расстрэльвала
ды голаду не было. Але сумленных выбараў не атрымаецца — гэта цяпер бачна.
Настаўнікаў прымушаюць агітаваць за нейкіх прахадзімцаў, якія выгодныя
ўладзе. Студэнтаў шантажуюць, каб ішлі галасаваць датэрмінова. Рабочых
застрашваюць, што скароцяць, калі тыя не прагаласуюць. У выбарчыя камісіі
запісалі тых, хто там быў і пры камуністах, і каму ня трэба тлумачыць,
як лічыць галасы, каб спадабалася начальству. Трэба быць сьляпым, каб усяго
гэтага ня бачыць і каб раўнадушна да гэтага ставіцца”,
— напісала Сьвятлана Лемяшэвіч з Наваполацку (якая, зрэшты, папярэдзіла,
што прозьвішча знарок зьмяніла, бо йнакш у школе ёй не працаваць).
Сёлетнія кастрычніцкія выбары, бадай, упершыню за апошнія адзінаццаць
ці дванаццаць гадоў гэтак нагадваюць выбары, што праводзіліся пры камуністах.
Мясцовыя чыноўнікі гэтак жа навыперадкі мкнуцца забясьпечыць масавасьць;
людзей гэтак жа шантажуюць і палохаюць… Цалкам можа здарыцца, што й канчатковыя
вынікі будуць падобнымі — гэтак званая “пераканаўчая перамога блёку камуністаў
і беспартыйных” (у нашым выпадку — “партыі ўлады”). Іншая рэч — як паставяцца
да вяртаньня такіх выбараў самі людзі.
Парадкі, якія панавалі пры камуністах, нашыя слухачы часта згадваюць.
Некаторыя — з настальгіяй, але часьцей — са страхам за тое, што яны могуць
вярнуцца. Вось які ліст-успамін атрымалі мы ад Міхала Жукава з Баранавічаў.
Спадар Жукаў піша:
“З таго часу мінула сорак тры гады, але я не забыўся пра ўседазволеныя
зьдзекі партыйна-савецкіх намэнклятуршчыкаў, якія, ахоўваючы гонар сваіх
мундзіраў, маглі ні за што зьнішчыць любога нязручнага ім чалавека.
У 57-м годзе надрукаваў я ў радашковіцкай раённай газэце “Сцяг Ільіча”
байку “Мядзьведзь і зайцы” — пра тое, як зайцы пабудавалі сабе дом, але
туды ня трапілі, бо мядзьведзь сваёй уладаю першы паверх аддаў лісе, другі
ўзяў сабе, а трэці — родзічам. Так супала, што якраз тады у раённым цэнтры
засялілі першы цагляны дом. І было шмат скаргаў ад людзей на тое, што кватэры
падзялілі несправядліва — аддалі тым, хто бліжэй да начальства.
У той жа дзень мяне і ўсё рэдакцыйнае начальства выклікалі да першага
сакратара райкаму партыі Мігдалёва і паўдня пратрымалі ўсіх у ягоным кабінэце,
зьдзекліва “прамывалі мазгі”. Асабліва люта накідваўся на мяне старшыня
раённга выканкаму Лявон Волкаў, які ў вайну служыў у ваеннай контравыведцы
“СМЕРШ” і яшчэ не пазбавіўся чэкісцкіх звычак: “Ты б з усімі намі расправіўся,
каб мог!”, — крычаў ён на мяне.
Прысуд для мяне, тады яшчэ беспартыйнага, быў жорсткі — “звольніць з
рэдакцыі з пасады літсупрацоўніка”.
Далей Міхал Жукаў апісвае, як уратавала яго заступніцтва журналіста
маладэчанскай абласное газэты Аляксандра Харкевіча, які якраз тады быў
у службовай выправе ў Радашковічах і зайшоў у рэдакцыю да свайго сябры
Адама Мальдзіса, які працаваў там адказным сакратаром.
Партыйны начальнік Мігдалёў у выніку літасьціва пагадзіўся не звальняць
маладога журналіста, але папярэдзіў: “Ніколі больш не пішы пасквілі
на кіраўнікоў савецкае ўлады”.
Ліст ад Віктара Шоця, сябры Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі
БНФ са Смаргоні… Спадар Віктар апісвае, як яны ў Смаргоні спрабуюць супрацьстаяць
самаўладзтву чыноўнікаў і пераканаць гараджанаў ня йсьці на выбары, на
якіх ніякага выбару ня будзе. Віктар Шоць паведамляе:
“У цэнтры Смаргоні ў мінулую нядзелю сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскае
партыі БНФ Віктар Туравец правёў несанкцыянаваны пікет. Ён трымаў плякат
з тэкстам: “Не — выбарчаму фарсу; не — лукашызму; не — беззаконьню”. Да
яго падыходзілі людзі. Віктар пераконваў іх, што найлепшы варянт — няўдзел
у выбарчым фарсе. Пікет працягваўся дзьве гадзіны. Міліцыянты на пікетоўца
чамусьці не зьвярталі ўвагі.
У аўторак на тым самым месцы Віктар зноў правёў пікет. Гэтым разам ён
трымаў плякат са словамі Лукашэнкі, сказанымі ў 95-м годзе: “Я на выбары
не пайду — усё роўна падмануць!”. Віктар раздаваў улёткі. Гэтым разам ён
пратрымаўся ўсяго 12 хвілінаў. Пад’ехала міліцэйская машына і маёр Падражанец
зь сержантам Куцько затрымалі яго й павезьлі ў пастарунак. Там маёр Коўшык
склаў пратакол і сказаў, што справа будзе перададзеная ў адміністрацыйную
камісію раённага выканкаму. У сваім тлумачэньні Віктар Туравец напісаў:
“Для мяне галоўнае — будучыня маіх дзяцей і нашай Беларусі. Таму змагаюся
зь нелегітымнай уладаю як магу. Хачу, каб Бацькаўшчына была дэмакратычнай
і з законнай уладаю”.
Віктар Туравец мае намер праводзіць пікеты супраць выбарчага фарсу да
канца тыдня”,
— паведаміў у сваім лісьце Віктар Шоць са Смаргоні Гарадзенскае вобласьці.
Часам слухачы наракаюць на тое, што ў невялікіх гарадох і мястэчках
акцыі пратэсту нешматлюдныя. Але трэба ведаць жыцьцё ў правінцыі, каб па-сапраўднаму
ацаніць учынак нават аднаго чалавека, які адважваецца выйсьці з плякатам
на пляц. У мястэчку, дзе згубіць працу значна прасьцей, чым у вялікім горадзе,
а знайсьці амаль немагчыма, дзеля гэтага патрэбная вялікая мужнасьць.
Сяргей Тумаш зь Менску напісаў ліст пад уражаньнем падзеяў, што адбываліся
на мінулым тыдні ў Югаславіі. Вось урывак зь ліста:
“Усе гэтыя дні я не адыходзіў ад тэлевізара — сачыў за тым, што адбывалася
ў Югаславіі. Якія малайцы сэрбы! І якім гнілым, ні на што ня здатным аказаўся
рэжым дыктатара Мілошавіча. Няўжо Аляксандар Лукашэнка ня зробіць для сябе
з гэтага высноваў? Усе, на каго ён абапіраецца, — ягоная вялізная ахова,
міліцыя, армія — імгненна пяройдуць на бок народу, як толькі адчуюць, што
людзі яго не падтрымліваюць, што народ гатовы пратэставаць. І ніякія загады
не дапамогуць.
Але, баюся, чужы досьвед нічаму ня вучыць. Дзяржаўная тэлевізія пра
падзеі ў Югаславіі маўчыць, як вады ў рот набрала. Адно толькі генэрал
Чаргінец мармыча нешта пра тое, што выбары ў Сэрбіі былі справядлівыя,
і што ён сам гэта назіраў. Сьмех дый годзе! Увесь сьвет ужо ведае, якія
там былі выбары, а Чаргінец кагосьці зьбіраецца ўвесьці ў зман.
Рана ці позна, мы паўторым шлях сэрбаў. Вось толькі хацелася б, каб
гэта адбылося раней”,
— напісаў Сяргей Тумаш зь Менску.
Па сутнасьці, пра гэта ж — пра ступень устойлівасьці цяперашняе беларускае
ўлады й пра тое, наколькі надзейным апірышчам карыстаецца Аляксандар Лукашэнка
— ліст ад Канстанціна Люцкова зь Менску. Высновы спадар Люцкоў робіць зусім
іншыя. Ён піша:
“Як бы вы ні стараліся, Лукашэнку не пераможаце. Ён разумнейшы за вас
усіх з усімі вашымі заакіянскімі гаспадарамі. І заставацца пры ўладзе ён
будзе столькі, колькі захоча — мо, і ўсё жыцьцё. З аднае простае прычны:
ён з простым народам. І ён ня толькі гаворыць тое, што падабаецца людзям
— ён і робіць тое ж. І нават калі памыляецца — людзі яму даруюць, бо гэта
і іхныя памылкі, гэта ж яны хацелі такое палітыкі. А не пераможаце вы Лукашэнку
таму, што з народам ён застанецца заўсёды. Захоча народ капіталізму, зьбліжэньня
з Амэрыкаю, уступленьня ў NATO — і прэзыдэнт Лукашэнка будзе першы, хто
паставіць калючы дрот на мяжы з Расеяй і разьмесьціць амэрыканскія базы.
Такая гнуткасьць і не сьнілася ўсім вашым Вячоркам ды Лябедзькам. Яны народ
ня любяць і не разумеюць, хочуць яго вучыць. А вучыцца трэба самім”,
— напісаў Канстанцін Люцкоў зь Менску.
Ліст досыць злы, хоць сам спадар Люцкоў, мне здаецца, вялікім аматарам
палітыкі Аляксандра Лукашэнкі не зьяўляецца — яго хутчэй раздражняе тое,
што апазыцыйныя палітыкі ня ўмеюць ці ня хочуць карыстацца тымі ж мэтодамі,
з дапамогаю якіх цяперашні беларускі кіраўнік утрымлівае ўладу й карыстаецца
значнай грамадзкай падтрымкаю. Вы, спадар Люцкоў, называеце гэта “гнуткасьцю”,
а хтосьці назаве беспрынцыпнасьцю, дэмагогіяй і цынізмам — і абгрунтуе
з дапамогаю многіх прыкладаў. Нястрымны папулізм у палітыцы ня ёсьць вынаходніцтвам
Аляксандра Лукашэнкі. І ня ёсьць гарантыяй пажыцьцёвага знаходжаньня пры
ўладзе. Слабадан Мілошавіч таксама быў заўзятым і здольным папулістам.
Дзякуй усім. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск