20 Ліпеня 2000.
Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро,
чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.
Некалькі месяцаў таму вялікі розгалас выклікала прызначэньне Аляксандрам
Лукашэнкам на пасаду намесьніка міністра абароны Беларусі генэрала Ўсхопчыка,
вядомага сваім дзейсным удзелам у падаўленьні руху за незалежнасьць Летувы
на пачатку 90-х гадоў. Былы вайсковец, падпалкоўнік у адстаўцы Вячаслаў
Шчыткавец з Бабруйску Магілеўскае вобласьці ў свой час служыў пад камандаю
Ўсхопчыка. У сваім лісьце Вячаслаў піша:
“Гэтаму чалавеку многія паверылі. Напрыклад, Георгі Таразевіч, дзякуючы
якому ён у студзені 91-га году не застаўся ў Вільні да канца дзён сваіх;
Павал Казлоўскі, які ў жніўні 92-га прызначыў яго камандзірам корпусу,
а за тыдзень да сваёй адстаўкі прысвоіў чарговае вайсковае званьне… Ці
ня здрадзіў ён цяпер гэтым людзям, якія паверылі ў ягоныя добрыя чалавечыя
якасьці?
У цывілізаваных краінах падобнае прызначэньне немагчымае ў прынцыпе.
І я далёкі ад думкі, што ў Беларусі ў Радзе Бясьпекі не прадбачылі магчымых
наступстваў такога ўказу. Чаму ж гэта адбылося, і адбылося менавіта цяпер?
Адказ можа быць толькі адзін – да восені сытуацыя ў Беларусі, якая і
цяпер вельмі складаная, яшчэ больш абвострыцца. Узьнікне пагроза для трываласьці
ўлады Лукашэнкі. Вось тады й павінны будуць сказаць сваё слова сілавікі
пад чыімсьці адзіным камандаваньнем, хто мае досьвед падаўленьня іншадумства
й людзкога нездавальненьня, якое становіцца ўсё большым. І такі ваеначальнік
знойдзены й запатрабаваны.
А генэралаў з адпаведнай адукацыяй, у тым ліку выпускнікоў Акадэміі
Генштаба, для прызначэньня на любыя пасады ў апараце Міністэрства абароны
ў нас пакуль дастаткова. Ды й гэтак званая “братэрская” Расея не забывае
– час ад часу падкідвае сваіх грамадзянаў для “лоўлі шчасьця й чыноў”,
– напісаў Вячаслаў Шчыткавец з Бабруйску. Ён таксама распавёў у лісьце
пра тое, як яму давялося пакінуць армію – даслаў копію вынікаў атэстацыі,
падпісаных генэралам Усхопчыкам.
У дакумэнце сказана, што падпалкоўнік Шчыткавец “да шляхоў вываду дзяржавы
з крызысу ставіцца зь недаверам, варожа настроены да палітыкі, якую ажыцьцяўляюць
прэзыдэнт і ўрад. Свае адрозныя ад афіцыйных пункты гледжаньня, высновы
й разуменьні падзеяў ненавязьліва прапагандуе сярод асабовага складу корпусу”.
І выснова: палкоўнік Шчыткавец прызнаны ня вартым сваёй пасады.
Падобная ж кадравая палітыка ажыцьцяўляецца сёньня ня толькі ў войску
– ва ўсіх сфэрах дзяржаўнага кіраваньня. Проста ў войску яна выяўляецца
асабліва відавочна. Улада, заклапочаная пытаньнямі ўласнага выжываньня
й даўгавечнасьці, заплюшчвае вочы і на маральныя прынцыпы, і на крытэрыі
прафэсіяналізму, калі размова йдзе пра адданасьць рэжыму й пра гатоўнасьць
выканаць любы загад. Таму на ўсхопчыкаў цяпер вялікі попыт: без пасадаў
і ўзнагародаў яны не застануцца.
Піша Трафім Маліч зь вёскі Тышкавічы Янаўскага раёну Берасьцейскае вобласьці:
“Я лічу, што мая радзіма Беларусь будзе багатай і квітнеючай дзяржаваю
і пры ўладзе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Вось цяпер надыходзіць час
жніва, у некаторых гаспадарках не хапае камбайнэраў. Дык і прапануйце кіраўнікам
БНФ сесьці за руль. Навошта Зянон Пазьняк і Сямён Шарэцкі сядзяць за мяжою
– няхай прыкладуць свае рукі й розум, каб зьберагчы ўраджай 2000 году.
І спадар Шушкевіч, калі б працаваў вагаўшчыком на збожжатаку, лепш бы ведаў,
будзе ў нас хлеб ці не. І былы банкір Багданкевіч пасьля працы ў вёсцы
зразумеў бы, што ня ў той бок накіроўваў грашовыя сродкі.
Адкуль у вас гэты клопат пра былых чыноўнікаў, што страцілі ўладу? Не
пасьпелі за імі зачыніць дзьверы турэмных камэраў, як у іх паадкрываліся
язвы ды гастрыты, пачаліся інфаркты. Я лічу, што мая радзіма ў даўгах,
бо пры ўладзе былі гэтыя хворыя людзі.
Такое ўражаньне, што вы атрымліваеце асалоду, калі распавядаеце пра
тое, як у нашых сыноў – абаронцаў Айчыны – БНФ кідае каменьні. Але да ўлады
такім шляхам, якім крочыць БНФ, не прыходзяць”,
– напісаў Трафім Маліч зь вёскі Тышкавічы Янаўскага раёну.
Гэтыя пасажы пра тое, што апазыцыянэраў трэба накіраваць на пад’ём калгасаў,
ад частага ўжываньня даўно сталі банальнымі, спадар Маліч. Іх прамаўляе
ўлада з таго самага моманту напрыканцы 80-х гадоў, як у Беларусі зьявілася
апазыцыя.
Зразумела, Вашая асабістая справа – верыць або не ў росквіт Беларусі
пры Лукашэнку. Але ёсьць аб’ектыўныя вынікі: Лукашэнка мае мала чым абмежаваную
ўладу ў дзяржаве ўжо сёмы год. Якога, так бы мовіць, “росквіту” дасягнула
краіна за гэты немалы час – Вы можаце меркаваць на ўласнай вёсцы. І прыезд
Шушкевіча ці Багданкевіча ня выратуе Ваш ураджай і Ваш калгас, пакуль Вы
самі й Вашыя аднавяскоўцы не ўсьвядоміце – у чым галоўная прычына таго,
што Вы жывяце так, як жывяце.
Што да былых высокапастаўленых чыноўнікаў, якія цяпер апынуліся ў турме
ці страцілі пасады і якія, паводле вашага меркаваньня, вінаватыя ва ўсіх
эканамічных бедах. Нават калі дапусьціць, што гэта так – хто іх у свой
час прывёў да ўлады, даў міністэрскія партфэлі, паставіў кіраваць эканомікаю?
Сваю каманду Лукашэнка фармуе аднаасобна.
Ліст ад Віктара Тураўца са Смаргоні Гарадзенскае вобласьці:
“Заўсёды слухаў і буду слухаць беларускую службу “Радыё Свабода”. Удзельнічаю
ва ўсіх акцыях апазыцыі, якія адбываюцца ў Менску й Смаргоні. 22 ліпеня
я буду праводзіць несанкцыянаваны пікет у цэнтры Смаргоні ў падтрымку Ўсебеларускага
зьезду за незалежнасьць і да 10-годзьдзя Дэклярацыі незалежнасьці Беларусі.
Я падаў заяўку, але ўлады на падставе дэкрэта Лукашэнкі дазволілі пікет
толькі на ўскраіне гораду, у сквэры, дзе людзей амаль няма (гэта мейсца
для выгулу сабак). Гэта сапраўдны зьдзек над намі. Таму я стану 22 ліпеня
насупраць гастранома “Юбілейны”. Колькі пратрымаюся – будзе відаць.
Мяне вельмі цікавіць адное пытаньне – палітычны прытулак у Чэхіі. Калі
ласка, растлумачце ўвесь мэханізм выезду ў Чэхію для мяне й маёй жонкі.
…Я буду трымацца Беларусі колькі хопіць сіл, заўсёды буду змагацца з
гэтым рэжымам, дзе б я ні быў, за вольную Бацькаўшчыну”,
– напісаў Віктар Туравец са Смаргоні.
Два вашыя паведамленьні ў адным кароткім лісьце, спадар Віктар – пра
пікет і пра намер прасіць палітычнага прытулку – міжволі схіляюць да лягічнага
пытаньня: наколькі першы Ваш намер зьвязаны з другім, і ці ня ёсьць першы
сродкам дасягненьня другога?
Жаданьне адстойваць вольную Бацькаўшчыну, дзе б Вы ні былі, вельмі імпануе,
але выглядае, што сёньня з пункту гледжаньня патрэбы ў грамадзкай актыўнасьці
больш лягічна было б адстойваць Бацькаўшчыну тут, на месцы. Калі ж Вашае
жаданьне эміграваць выкліканае найперш эканамічнымі матывамі, дык,
відавочна, варта адкрыта пра гэта казаць. У любым выпадку дзеля таго, каб
выехаць у Чэхію, вам неабходна зьвярнуцца ў амбасаду гэтае краіны ў Менску.
Ужо другі месяц, як Чэхія ўвяла візавы рэжым у дачыненьні да Беларусі,
і бязь візы вы туды ня трапіце.
На заканчэньне – ліст Клары Кужалевай зь Менску – споведзь сталае жанчыны,
якая ўсё жыцьцё адпрацавала лекарам і распавядае пра тое, як дзяржава адзьдзячыла
ёй за працу. Яна піша:
“Я – лякарка, працую ў дзіцячай паліклініцы вось ужо 38 гадоў. У мяне
вырасьлі дзеці. У свой час у 62-м годзе я атрымала кватэру – “хрушчоўку”
– ведаеце якія яны: два спалучаныя пакоі плошчаю 30 квадратных мэтраў,
туалет разам з ваннаю. Мінулі гады, вырасьлі дзеці. Ёсьць унук – вучыцца
на адны “пяцёркі” у 3-й гімназіі ў беларускамоўнай клясе. А жыць і цяжка,
і няма дзе. Сын хворы, у яго хвароба Бехцярава – гэта нэрвовая хвароба.
У мяне ішэмічная хвароба сэрца. А тут гэтыя сумежныя спалучаныя пакоі –
ані сну, ані адпачынку. Як цяжка! А дзе ўзяць тыя даляры, за якія можна
купіць жыльлё? Калі лекар атрымлівае 40 даляраў, а трэба за двухпакаёвую
кватэру 15 тысячаў. Раней мяне ня ставілі ў чаргу на кватэру, бо было больш
як шэсьць мэтраў на чалавека. Летась паставілі, сказалі, будзеце будаваць
за грошы. Але калі – невядома. Можна памерці – не дачакацца. Мне вельмі
цяжка – часам і жыць ня хочацца”,
– напісала дзіцячая лякарка Клара Кужалева зь Менску.
Ліст ня мае патрэбы ў камэнтарох. Дадам толькі, што апошнім часам у
нашай пошце падобных расповядаў становіцца ўсё больш, і яны сьведчаць пра
цяперашнюю эканамічную сытуацыю ў Беларусі значна больш красамоўна, чым
любыя развагі эканамістаў і палітолягаў.
Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага
й напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск