Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


7 Кастрычніка 1999.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Сярод пошты апошніх дзён я выбраў некалькі лістоў, у якіх ідзе размова пра тое, што цікавіць сёньня многіх нашых слухачоў.

Уладзімер Кукуць з гораду Мёры Віцебскае вобласьці прапануе стварыць на радыё праграму для навучаньня людзей таму, як карыстацца сваімі правамі, куды зьвяртацца з тымі ці іншымі праблемамі. Уладзімер піша: “Здаецца, нашае грамадзтва на 100 адсоткаў адукаванае, але ж ад гэтага мы разумней ня сталі. Як раней слова не маглі сказаць, так і цяпер тое самае. Крыўдзіць чыноўнік – маўчыш, абважваюць у краме – слова ня скажаш, бо як скажаш, то цябе й зьняважаць, і накрычаць. І так на кожным кроку. Што рабіць – постсавецкае выхаваньне”.

Выхаванне гэтае, Уладзімер, хутчэй савецкае, а не постсавецкае. І грунтуецца яно зусім не на тым, што людзі ня ведаюць, куды й каму скардзіцца. Чыноўнік па-хамску паводзіць сябе зь людзьмі, бо а ні ён, а ні ягоны начальнік ніяк ад гэтых людзей не залежаць. А ні раённых, а ні вабласных кіраўнікоў у Беларусі ня выбіраюць – іх прызначаюць “зьверху”.

І пазбавіцца ад начальніка-самадура людзі ня могуць з дапамогаю выбараў. Даводзіцца чакаць, пакуль ён па якіх-кольвек прычынах не спадабаецца вабласному або менскаму кіраўніцтву.

Такі парадак быў і пры савецкай уладзе – улада цяперашняя яго проста пераняла. Кіраваць тымі, хто маўчыць і церпіць, бо ад іхнага меркаваньня нічога не залежыць, заўсёды прасьцей, чым тымі, хто мае рэальныя правы й не пацерпіць прыніжэньня.

Датычыць гэта ня толькі высокага начальніцкага габінэту, але й звычайнае крамы. Цётка у брудным халаце за абшарпаным прылаўкам, якая спачатку цябе абважыць, а потым яшчэ й зьняважыць, калі зробіш заўвагу – гэта зусім савецкі пэрсанаж. Яе немагчыма й бескарысна перавыхоўваць. Гэтыя цёткі дзіўным чынам зьнікаюць разам са сваёй лаянкаю і ўбогімі прылаўкамі, як толькі зьяўляецца рынак, калі няма дэфіцыту й чалавек мае выбар. Яны й зьніклі амаль паўсюдна, але вось засталіся у Беларусі, дзе адноўленая ранейшая сыстэма.

Уладзімер Кукуць, якому 16 гадоў і які вучыцца ў 10 клясе сярэдняе школы, піша таксама, як крыўдна яму за тое, што цяпер чыніцца ў адносінах да беларускае мовы. Ён заўважае: “Усе дакумэнты афармляюцца толькі па-расейску. І шмат хто саромеецца сваёй мовы. Хоць у нашых вёсках многія гавораць толькі па-беларуску і ім цяжка мець справу з расейскімі дакумэнтамі”. “Мы мусім змагацца за нашую мову, якая перацярпела столькі перашкодаў”, – робіць выснову дзесяціклясьнік зь Мёраў Уладзімер Кукуць.

І, відавочна, такую ж выснову робяць многія ягоныя аднагодкі – дзіўнае пакаленьне, якое пайшло ў школу, калі ў Беларусі ўздымалася хваля нацыянальнага адраджэньня, а на паўдарозе іх раптам зноў пачалі адвучваць ад усяго беларускага.

Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну Гродзенскае вобласці дзеліцца сваімі меркаваньнямі наконт сытуацыі, што склалася сёньня ў Беларускім Народным Фронце. Ён піша: “Палітыка – як і шахматы, заўсёды можна знайсьці выйсьце. І кіраўніцтва Народнага Фронту гэта выйсьце мусіць адшукаць, не даводзячы справу да расколу ў шэрагах руху. Інакш гэта толькі скампрамэтуе многіх сяброў БНФ, як ужо здаралася ня раз”.

Мікалай Чыбісаў лічыць, што ў кіраўнікоў Фронту няма а ні маральных, а ні юрыдычных, а ні чалавечых правоў разрываць БНФ на дзьве часткі. Зьвяртаючыся да Зянона Пазьняка, ён піша: “У вас быў гістарычны шанец стаць прэзыдэнтам Беларусі, але вы яго не скарысталі. Вы маглі б перамагчы, калі б адчувалі, за якімі ідэямі йдзе бальшыня, калі б не акцэнтавалі ўвагу на змаганьні з расейскім імпэрыялізмам і не расьцягнулі галасы дэмакратычна настроенае часткі грамадзтва на выбарах у той час, як у прэзыдэнты балятаваўся Станіслаў Шушкевіч”.

У гэтых словах нашага слухача Мікалая Чыбісава яўна гучаць крыўда і неўразуменьне, якія, зрэшты, лёгка растлумачыць. Такія ж пытаньні задаюць сабе сёньня многія з тых, хто сымпатызуе Фронту і хацеў бы бачыць дэмакратычны рух адзіным.

На гэтую ж тэму – ліст нашага слухача зь Менску, падпісаны толькі імём – “Шура”. Аўтар, які не пажадаў назваць прозьвішча, лічыць: у сёньняшняй сытуацыі, што склалася ў Беларусі, вінаватыя ня толькі памылкі дэмакратычных сілаў, але й нерашучасьць Захаду. Слухач дакарае заходнія дэмакратыі, што тыя, як ён піша, “паслухмяна тупаюць на ланцужку расейскіх палітыкаў”, а ў дачыненьні да Беларусі ня робяць кардынальных крокаў.

Але якія гэта могуць быць кардынальныя крокі, Шура? І ці маем мы маральнае права дакараць далёкіх і блізкіх суседзяў за тое, што ў нашым уласным доме ня ўсё у парадку?

Лічацца з тымі, хто моцны, хто сам здольны несьці цяжар адказнасьці за ўласныя рашэньні й цьвяроза аналізаваць уласныя памылкі. Такім і дапамога дасьць болей карысьці, чым тым, хто ўвесь час спадзяецца, што парадак нам навядзе нехта іншы – хто прыйдзе ці то з Усходу, ці то з Захаду.

Наша сталая слухачка Ганна Кагарка зь мястэчка Яцыны Гродзенскае вобласьці, відаць, пад уплывам “Слоўніка Свабоды” ў сваім лісьце разважае пра знаёмае ёй зь дзяцінства слова “луста”. Яна ўзгадвае: “Тое, што заставалася ад лусты, абавязкова прыносілі дахаты дзецям. Гэты быў “зайцаў хлеб”. І кожны, хто пакаштаваў гэтага хлеба (няхай нават да хлеба заяц анічога не прынёс) ведае, што нічога смачнейшага няма. Ёсьць пра лусту і жартоўнае, кшталту: “Пастух, валовы трыбух, у хаце жарэ, ды йшчэ на пасту лусту бярэ”, – згадвае ў сваім лісьце Ганна Кагарка.

Гэта быў агляд чытацкае пошты беларускае рэдакцыі “Радыё Свабода”.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG