Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


2 сакавіка 2000.

Аўтар і вядучы Сяргей Навумчык.

У сёньняшняй нашай пошце ёсьць незвычайны ліст. Яго даслала Ганна Сьцепулёнак з Койданава Менскай вобласьці (цяпер Койданава мае афіцыйную назву Дзяржынск). Праўда, пад сваёй нататкай спадарыня Ганна паставіла слова ЛІТВА – старажытны назоў беларускай зямлі. Даслала яна нам верш сваёй дачкі Веранікі і тры фатаздымкі. Фатаздымкі нам яшчэ не дасылалі ніколі. На адным – спадарыня Ганна ля камяня на койданаўскім Гарадзішчы – помніку археалёгіі. На другім – ейная бабуля Зоня, “адзіная вольная ліцьвінка на ўсю паднявольную Літву”, як пазначыла спадарыня Сьцепулёнак. І, нарэшце, фатаздымак сям’і аўтаркі ліста ля магілы Ларысы Геніюш у Зэльве. Надмагільны камень ўпрыгожаны кветкамі і бел-чырвона-белай стужкай.ы

Спадарыня Ганна, дзякуй Вам за верш і за фатаздымкі, а найперш – за памяць пра выбітную беларускую паэтку.

Піша Кацура Ірына з Гомлі, студэнтка 3-га курсу Гомельскага Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны. Яна вывучае ангельскую і, дадаткова, французкую мовы.

Навогул, што цешыць у сучаснай беларускай моладзі – гэта стаўленьне да замежнай мовы, якое істотна адрозьніваецца ад таго, якое было ў майго пакаленьня, студэнцтва пачатку 80-ых. У тыя гады нават мы, студэнты факультэту журналістыкі, да замежнай мовы ставіліся як да нейкай прымусовай дысцыпліны – кшталту вайсковай кафэдры. Бо лічылі, што яна нам – непатрэбная. У такіх адносінах, магчыма, была свая лёгіка. І сапраўды – адзінае англамоўнае выданьне, якое можна было набыць у менскіх кіёсках – газэта брытанскіх камуністаў “Morning Star” – ці ня цалкам капіявала ідэі газэты “Правда”, і каб іх успрыняць, ангельская мова была непатрэбная.

Памятаю, як ў інтэрнаце, у аднакурсьніка з ьнейкай афрыканскай краіны, які ляцеў з вакацыяў праз Парыж, я ўпершыню пабачыў часопіс “Newsweek”. Адвучыўшыся пяць гадоў на журфаку, мы ня бачылі ні “New York Times”, ні “Washington Post” – гэтыя вядучыя сусьветныя выданьні былі небясьпечныя для савецкай сыстэмы ня меней, чым эратычныя “Playboy” альбо “Penthouse”. Мы, большасць студэнтаў пачатку васьмідзесятых, разумелі, што ніколі не трапім далей за Польшчу ці ГДР.

Сёньня мне падаецца, што да падзеньня жалезнай заслоны, якая адгароджвала савецкае грамадзтва ад цывілізаванага сьвету, большасьць з нас ў лінгвістычным сэнсе была проста непадрыхтаваная, і тая хваля інфармацыі, якая абрынулася, не ўспрымалася. Ды і сёньня, пакаленьне трыццаці-саракагадовых беларускіх палітыкаў, навукоўцаў, журналістаў (будзем самакрытычнымі) адрозьніваецца ад сваіх калегаў з Польшчы, Чэхіі ці суседняй Літвы яшчэ і тым, што ў размовах з замежнікамі патрабуе перакладчыка. Іншая справа – дваццацігадовыя: гэтыя ўжо разумеюць, што замежныя мовы значна пашыраюць камунікацыйныя магчымасьці ды і авалодаць прафэсыяй на сучаснам эўрапейскім ўзроўні без веданьня іх – немагчыма.

Ірына Коцур пытаецца, якім чынам можна было б атрымаць адукацыю за мяжой ў англамоўнай краіне – у Брытаніі ці ЗША. Шаноўная Ірына, сапраўды, сёньня існуюць шмат праграмаў – у тым ліку і Эўрапейскага Зьвязу – для студэнтаў з Беларусі. Праўда, трапіць ва ўнівэрсытэты ЗША і Вялікай Брытаніі больш складана, чым у навучальныя ўстановы іншых краінаў. Тут яшчэ існуюць і пэўныя складанасьці з афармленьнем візаў, бо ў гэтым сэсне Брытанія і Штаты – краіны з самым жорсткім візавым рэжымам. Але, каб атрымаць адукацыю на ангельскай мове, зусім не абавязкова ехаць у Лёндан альбо ў Ню-Ёрк. На хвалях “Свабоды” гучалі галасы беларускіх студэнтаў з амэрыканскіх навучальных установаў у Балгарыі і Вугорчыны – зразумела, яны атрымліваюць адукацыю на ангельскай мове, і іхныя дыплёмы катуюцца на ўзроўні амэрыканскіх унівэрсытэтаў.

А падрабязную інфармацыю пра тое, якім чынам можна атрымаць адукацыю за мяжой і дзе знайсьці дзеля гэтага фінансаваньне – можна атрымаць з адмысловай праграмы нашага Радыё, якая завецца “Гаўдэамус” і выходзіць у эфір штотыдзень па серадах. Тэксты гэтых перадачаў можна прачытаць і на нашым інтэрнэтаўскім сайце.

Слухаюць нас ня толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. Піша Яфіменка Віталь з гораду Сумы, што ў Украіне. “Выбачаюся за тое, што пішу вам па-расейску – беларускай мовы пакуль ня ведаю нагэтулькі, каб пісаць на ёй, а па ўкраінску вам, відаць, будзе цяжка чытаць. Хачу паведаміць, што чуваць беларускую службу “Свабоды” у нас у Сумах проста выдатна, і гэта пры тым, што ўкраінская “Свабода” гучыць ледзь-ледзь. Вось такі парадокс”. І сапраўды, спадар Віталь, Вы ня першы, хто зьвяртае ўвагу на гэтую акалічнасьць. Я перадам Ваш ліст у тэхнічныя службы, якія адказваюць за якасьць вяшчаньня.

“Беларуская служба Радыё “Свабода” – піша далей спадар Яфіменка – цікавая для мяне, найперш, якасьцю і аб’ектыўнасьцю матэрыялаў на тэмы гісторыі і сучаснасьці. Мала-памалу вучу і вашую цудоўную беларускую мову, хаця ўжо цяпер разумею на 100 адсоткаў. І ў мяне ёсьць да вас просьба. Мне вельмі хацелася б атрымаць кнігу каго-небудзь з клясыкаў беларускай літаратуры, але – выключна на беларускай мове. Я знаёмы з творчасьцю Зьмітрака Бядулі і Янкі Купалы – аднак толькі ў расейскім перакладзе. Знаёмы і з творамі Алеся Гурло – ягоную “Ахвяру” лічу творам сусьветнага маштабу. Вельмі прашу вас даслаць мне любую кнігу любога беларускага клясыка – абы толькі па-беларуску. Калі ў вас ня будзе магчымасьці знайсьці мастацкі твор – дык можа, знойдзецца нешта гісторыка-этнаграфічнае, я буду таксама рады. За нашую і вашую свабоду – Віталь Яфіменка, горад Сумы, Украіна”.

Шаноўны Віталь Валянцінавіч, навогул, нашае Радыё не ўступае ў перапіску са слухачамі, не дасылае кнігі ці газэты, гэта – наш прынцып, ды й у нас проста няма для гэтага магчымасьці. Але зараз мы зробім выключэньне і ў бліжэйшы час падбярэм для вас некалькі кніжак зь ліку тых, якія маюцца ў радыйнай бібліятэцы ў падвоеным экзэмпляры, і дашлем, як толькі атрымаем ад Вас Ваш дакладны паштовы адрас.

Дарэчы, гэты ліст Віталя Яфіменкі – цудоўны аргумэнт супраць тых, хто лічыць, што беларуская культура цікавая толькі таму вузкаму колу асобаў, якія гэтую культуру і ствараюць.

Наводзіць гэты ліст і на пэўныя разважаньне пра “славянскую еднасьць”, пра сувязь украінскага і беларускага народаў, пра што любяць разважаць лукашэнкавыя прапагандысты. Выкарыстоўваючы лёзунгі пра “братэрства” ў палітыканскіх інтарэсах, дзяржаўныя чыноўнікі, падобна, не зацікаўленыя ў тым, каб лепшыя творы беларускага мастацтва і літаратуры былі даступныя для нашых суседзяў, хаця б для тых грамадзянаў, якія маюць для гэтага цікавасьць. Да прыкладу, у свой час у Бэрліне мне давялося наведаць французкі культурны цэнтар. Тут, у Празе, ёсьць нямецкія, польскія культурныя цэнтры. Натуральна, што яны фінансуюцца ўрадамі тых краінаў. Але, канешне, трэба, каб было што распаўсюджваць, а ў Беларусі пасьля рэфэрэндуму 95 году кнігадрукаваньне па-беларуску імкліва згортваецца.

Ліст Пётры Казлова з Магілеву. “Увосень у газэце “Комсомольская правда” друкавалася нешта кшталту купонаў “грын-кард” (права на пастаяннае жыхарства ў ЗША – С.Н.). Я аформіў купон і адаслаў па адрас ў Дортмунд. Днямі я атрымаў ліст. Там напісана, што я цяпер – удзельнік лятарэі. У лісьце напісана, што я павінен аформіць кантракт і даслаць 52 даляры – паслугі міжнароднай экспрэс-пошты. Калі ласка, адкажыце, няўжо сапраўды (далей ідзе назоў нью-ёрскай фірмы – С.Н.) яна спэцыялізуецца ў справах эміграцыі. Бо я лічыў, што лятарэю грын-кард праводзіць Дзярждэпартамэнт ЗША. Бо будзе шкада выкідаць на вецер 52 даляры. І яшчэ мяне бянтэжыць тое, што я адсылаў купон у Нямеччыну, а адказ атрымаў з Екацярынбургу. З павагаю – Пётра Казлоў, Магілеў”.

Шаноўны спадар Казлоў, сапраўды, шкада грошай, але, баюся, у Вашым выпадку можна ўжо пашкадаваць і пра згублены час. Лятарэю сапраўды праводзіць Дзярждэпартамэнт. Любы грамадзянін, у нашым выпадку Беларусі, можа без пасярэднікаў аформіць анкету і даслаць яе ў ЗША. У адмысловых перадачах наш карэспандэнт з Ню-Ёрку падрабязна распавядала пра правілы лятарэі грын-кард. Гэта – зусім не складаныя правілы, і першае зь іх – анкеты павінныя дасылацца ЗВЫЧАЙНАЙ поштай. Дарэчы, самая дарагая пошта – фэдэрал-экспрэс – якая даставіць ліст зь любога гораду Беларусі ў любы горад ЗША праз дзень – каштуе ня больш за 30 даляраў. Але, падкрэсьліваю, дасылаць анкету трэба менавіта звычайнай міжнароднай поштай. І менавіта ў ЗША, а ніяк не ў Дортмунд альбо іншы горад Нямеччыны. Таму ня дзіўна, што адказ вы атрымалі з Екацярынбургу. Між іншым, супрацоўнікі амэрыканскай службы эміграцыі і натуралізацыі настойліва раяць не скарыстоўваць паслугі пасярэднікаў, розных фірмаў і сумнеўных асобаў. У хуткім часе будзе абвешчаная чарговая лятарэя, і мы абавязкова пазнаёмім слухачоў зь яе ўмовамі.

На заканчэньне нагадаю, што свае лісты вы можаце дасылаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрыня 111.

Сяргей Навумчык, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG