Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзкая прэса


Гарадзкая прэса

(эфір 9 Кастрычніка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Гарадзкая газэта заўсёды была адным са складнікаў герархіі савецкага партыйнага друку. “Вечерний Минск”, “Вечерний Гомель”, “…Могилев”, “…Москва”, “…Киев”, і гэтак далей — тысячы “вячорак” выходзілі ва ўсіх буйных гарадох Савецкага Саюзу. Зрэшты, у вадрозьненьні ад тысячаў “правд” “вячоркі” былі найменш палітызаванымі часткамі сыстэмы партыйнага друку. Магчыма, таму пасьля развалу камуністычнае сыстэмы менавіта гарадзкія газэты здолелі даволі хутка й беспраблемна перайсьці на камэрцыйныя рэйкі й не прасіцца пад дах дзяржаўнага фінансаваньня.

Забаўна бачыць, як мала зьмянілася за гэтыя гады газэта “Вечерний Минск”, заснавальнікам якой зьяўляецца рэдакцыйны калектыў. Камуністычны афіцыёз на першай паласе замяніўся інфармацыйнымі паведамленьнямі дзяржаўных агэнцыяў. Па сутнасьці сёньняшняя “вячорка” — гэта найперш рэклямная газэта, трошкі разбаўленая інфармацыяй пра побытавыя праблемы месьцічаў, музыкаю і ўсялякімі цікавосткамі. Але напэўна менавіта такі падыход і дазваляе “Вечернему Минску” трымацца на плаву. Гэта адно з тых рэдкіх выданьняў, якое за мінулыя гады амаль не страціла свой наклад.

У 1990 годзе, калі быў абраны новы, адносна дэмакратычны склад менскага гарадзкога Савету, у “Вечернего Минска” зьявілася прыстойная альтэрнатыва — “Добры вечар”. Гісторыя гэтага выданьня вельмі паказальная — газэта, наклад якой паступова вырас да 40 тысячаў, тым ня менш у 1996 годзе памерла з-за комплексу палітыка-эканамічных прычынаў.

Пасьля кананьня “Добрага вечару” ў Менску стварылася вельмі парадаксальная сытуацыя, калі ў сталіцы Беларусі, амаль двухмільённым горадзе засталася толькі адна гарадзкая газэта — усё той жа “Вечерний Минск”. Пра сытуацыю з гарадзкой прэсаю ў Менску разважае былы галоўны рэдактар “Добрага вечару” Анатоль Зэкаў…”

(Зэкаў: ) “Менск — гэта зараз адзіны горад у Беларусі, дзе няма гарадзкое дзяржаўнае газэты. Ані гарсавет, ані гарвыканкам такое газэты сваёй ня маюць. Гарвыканкаму (ці “вэртыкалі”, як мы яе зараз называем) магчыма, і ня трэба газэта. Яны ня ведаюць, якая ім трэба. Калі б яны ведалі, яны б яе стварылі.

Такім, якім быў “Добры вечар” — такая газэта ім сёньня не патрэбная. Канешне, калі яна будзе такой, як “Советская Белоруссия” — дык ствараць сапраўды ня варта.

Але ніша для такога выданьня ёсьць. Таму я думаю, што такая газэта — дзяржаўная ці незалежная — павінна зьявіцца”.

(Цыганкоў: ) “Дарэчы, менскія гарадзкія ўлады ўжо рыхтуюць выпуск уласнага выданьня. Якой мусіць быць сёньняшняя менская гарадзкая газэта? Ці мусіць яна засяроджвацца выключна на праблемах сталіцы, пазьбягаючы палітыкі, аналізу? Здаецца, палітычныя ды эканамічныя падзеі ў краіне сёньня даволі поўна асьвятляюць незалежныя і дзяржаўныя агульнанацыянальныя выданьні. Меркаваньне Анатоля Зэкава…”

(Зэкаў: ) “Я згодны з тым, што зараз сытуацыя зусім іншая, і аднаўляць штосьці накшталт тагачаснага “Добрага вечару” наўрад ці варта. Тады, у 1990-м не было “Народнае Волі”, “Свабода” толькі пачыналася… Зараз грамадзка-палітычных выданьняў хапае.

Але ў любым выпадку без палітыкі гэтая газэта ня можа йснаваць. Бо палітыка на сёньня — гэта таксама жыцьцё гораду. Гэта ня толькі тое, што робіцца на Камароўцы, але й тое, што робіцца на вядомым нашым пляцы Бангалёр”.

(Цыганкоў: ) “Нельга сказаць, што акрамя “Вечернего Минска” і “Добрага вечару”, больш ніхто не спрабаваў патрапіць у гэткую прывабную нішу. Адзін з адносна нядаўніх праектаў — “Столичная газета”, што выходзіла з падзагалоўкам “очень крепкая газета”. Моцы аднак надоўга не хапіла — вось ужо амаль паўгода як “Столичная газета” не зьяўляецца у шапікаў “Саюздруку”.

Цяпер гэтую нішу спрабуе заняць “Городская газета” — выданьне з каляровай вокладкаю, заснавальнікам якога зьяўляецца прыватная асоба. Пакуль выйшла ў сьвет толькі 5 нумароў, і напэўна, ранавата рабіць нейкія высновы, хаця пакуль праект выглядае даволі абяцальным. Адзінае, што троху зьдзіўляе пэрыядычнасьць — прыблізна раз у два тыдні, што не зусім адпавядае самой сутнасьці паняцьця “газэта”.

Гэта ў сталіцы. А ў рэгіёнах, як ня дзіўна, менскіх праблемаў з гарадзкімі выданьнямі няма. У большасьці абласных цэнтраў стабільна выходзіць два-тры выданьні такога кшталту. Напрыклад, у Магілеве ажно тры такія выданьні. Перадае Марыя Ўсьціновіч…”

(Усьціновіч: ) “Самай буйной гарадзкой газэтаю зьяўляецца дзяржаўнае выданьне “Вестник Могилёва” з накладам больш за 12 тысячаў асобнікаў. Яго ў 1990 годзе заснавалі гарадзкія выканкам і Савет супольна з працоўным калектывам. Праўда, трэба адзначыць, што “Вестник” імкнецца распаўсюджвацца ня толькі ў Магілеве, але і ў вобласьці. Сёлета ў газэце зьмяніўся галоўны рэдактар — цяпер гэтыя абавязкі выконвае Валянцін Барадзін, які на дадзены момант яшчэ й кандыдат у дэпутаты парлямэнту ад КПБ.

Але магчыма самым папулярным выданьнем у абласным цэнтры зьяўляецца недзяржаўная газэта «Вечерний Могилёв» з накладам амаль 5 тысячаў асобнікаў. Ва ўсякім разе, “Магілеўсаюздрук” сьцьвярджае, што разыходзіцца яна амаль безь сьпісаньняў. Заснавальнік — рэдакцыйны калектыў — не прымае дапамогі ад гарадзкое “вэртыкалі” яшчэ й таму, што ймкнецца плаціць сваім супрацоўнікам паводле недзяржаўных расцэнак.

Лёзунг яшчэ адной недзяржаўнай магілеўскай грамадзка-палітычнае газэты — “Де-факто” — “прадаёмся толькі чытачам”. Менавіта з гэтага месяцу яна выдаецца 5 разоў на тыдзень. Менавіта на старонках гэтае газэты можна даведацца пра палітычныя навіны й з апазыцыйнага боку.

У Бабруйску ёсьць дзьве гарадзкія газэты — «Бобруйский курьер» і «Коммерческий курьер» — і абедзьве недзяржаўныя. У першай заснавальнікамі выступаюць калектыў рэдакцыі і прыватныя асобы, у другой — супольнае прадпрыемства «Белкибо». Але менавіта «Коммерческий курьер» з перадавым артыкулам «Шчыра запрашаем у наш горад, Аляксандар Рыгоравіч» распаўсюджваўся сярод чыноўнікаў пад час візыту Лукашэнкі ў Бабруйск на мінулым тыдні. Адрозьненьні паміж газэтамі з прыкладна аднолькавымі накладамі 13 тысячаў асобнікаў палягае ў тым, што «Бобруйский курьер» больш прафэсійна займаецца інфармацыяй, а «Коммерческий курьер» — рэклямаю, інфармацыяй, гандлем».

(Цыганкоў: ) “З Магілёву распавядала Марыя Ўсьціновіч. Да нядаўнага часу толькі ў адным абласным цэнтры Беларусі — Горадні — не было сваёй гарадзкой газэты. Але цяпер і ў горадзе над Нёмнам выходзіць уласнае выданьне над стандартай назваю — “Вечерний Гродно”. Распавядае Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “Дакладна 10 гадоў таму была зроблена першая спроба выпускаць гарадзкую газэту, і газэта гэта была партыйная. Ворган гаркаму КПБ “24 часа”. Спачатку штотыднёвік. Потым пэрыядычнасьць павялічылася да двух-трох разоў на тыдзень. Аднак ператварыцца ў штодзённую газэце было не наканавана. КПСС ужо аджыла сваё. Гэта добра было відно па газэце. Разам зь імкненьнем напоўніць яе рознымі незвычайнымі рэпартажамі, напрыклад, пра начное жыцьцё гораду, першае мейсца на старонках займалі архаічныя рубрыкі кшталту “Как живешь, первичка?” Друкаваліся лісты пэнсіянэраў, настроеных агрэсіўна да дэмакратычных пераўтварэньняў, да беларушчыны. Пераважна пэнсіянэры газэтку й чыталі. Пасьля падзеяў маскоўскага жнівеньскага путчу “24 часа” былі закрытыя назаўжды, не прайснаваўшы нават году.

У наступныя часы некалькі даволі дэмакратычна настроеных журналістаў пачалі выпускаць таксама на расейскай мове невялікую газэтку “Гродненские новости”. Усё тады было ўпершыню, таму здараліся неасьцярожныя публікацыі. Пасьля няўдалага для рэдакцыі судовага працэсу газэта пачала выходзіць пад зьмененай назваю — “Гродненская неделя”. Але патрэбнага капіталу не было, газэта паступова стала выходзіць гады ў рады, ажно пакуль зусім не спыніла свайго йснаваньня.

Усё гэта былі выданьні малога фармату і з даволі невялікім накладам. Толькі ў пачатку мінулага лета гараджане змаглі ўзяць у рукі новую газэту “Вечерний Гродно” фарматам “А” на 8-мі старонках. Зь ліпеня яна стала штотыднёвікам. За гэты час 10-тысячны наклад павялічыўся толькі на 500 паасобнікаў. Аднак газэта выгодна адрозьніваецца ад абласное “Гродзенскае праўды”, звычайны — без тэлепраграмы — наклад якой 15 тысячаў.

“Вечерний Гродно”, не зважаючы на прысутнасьць сярод заснавальнікаў гарадзкога выканкаму, зьяўляецца праектам берасьцейцаў. Два другія заснавальнікі — гэта “Вечерний Брест” і “Вечерний Гомель-Экспресс”. Прычым першы зь іх зьяўляецца асноўным. Кіраўнік яго — берасьцеец Уладзімер Шпарло — ёсьць таксама й шэф-рэдактарам “Вечернего Гродно”. Гарадзенец Аляксандар Кучынскі, які кіруе газэтным працэсам на месцы, называецца толькі “адказным рэдактарам”.

Газэта дагэтуль друкуецца ў Берасьці, што, канешне ж, нязручна, і ўплывае на апэратыўнасьць выданьня. Паводле словаў Аляксандра Кучынскага, разглядаюцца іншыя варыянты — пра друк у Баранавічах або бліжэйшай да Горадні–Лідзе. Гэта — каб захаваць вялікі фармат выданьня. Ня выключаны й варыянт друкаваньня газэты на месцы, але тады хутчэй за ўсё давядзецца зьменшыць фармат. Такая зьмена можа адбыцца пасьля Новага году.

Аднак 300-тысячнага абласнога цэнтру для новай газэты аказалася замала. Каб прадаць увесь наклад, яна разсылаецца па ўсёй вобласьці. Падпіска на выданьне — таксама абласная. Адзін з плюсаў газэты ў тым, што разам з афіцыйнай лініяй яна прапануе чытачам крытычныя матэрыялы пра Расею або пра беларускую эканоміку й нават палітыку”.

(Цыганкоў: ) “Як бачым, некаторыя гарадзкія газэты маюць наклады большыя, чым у агульнанацыянальных грамадзка-палітычных выданьнях. І гэта натуральна, бо бальшыня чытачоў ва ўсім сьвеце аддае перавагу мяйсцовым праблемам. Іншая справа, што менчукі, як жыхары, бадай, усіх сталіцаў, больш схільныя цікавіцца агульнадзяржаўнымі падзеямі, успрымаючы іх як “мясцовыя”. Выглядае, што менскі “кур’ёз” (адсутнасьць канкурэнцыі на рынку гарадзкое прэсы) неапраўдана зацягнуўся.

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG