Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзіцячая” прэса ў Беларусі


“Дзіцячая” прэса ў Беларусі

(эфір 24 Красавіка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Чарговы выпуск праграмы прысьвечаны прэсе для дзяцей і падлеткаў. Чым адрозьніваецца сур’ёзная і камэрцыйная дзіцячая прэса? У якім веку дзеці найбольш цікавяцца гэтымі выданьнямі?

(Цыганкоў: ) “Калі я папрасіў у газэтным шапіку даць мне пачытаць “для дзяцей”, мне прапанавалі некалькі выданьняў, пра існаваньне якіх я, прызнаюся, ніколі ня чуў раней – «Шапокляк», «Головастик», «Пикничок». Рынак дзіцячае прэсы Беларусі цяпер запоўнены разнастайнай прадукцыяй, якая, аднак, зь іншага боку, выглядае даволі аднолькава – крыжаванкі, анэкдоты, рэбусы, гульні, конкурсы.

Паказальна, што нават у дзіцячай прэсе назіраецца нефармальны падзел на выданьні сур’ёзныя і забаўляльныя. Пра забаўляльныя мы пагаворым троху пазьней, а пакуль варта распавесьці пра газэты, якія публікуюць ня толькі малюнкі, рэбусы й карыкатуры, але й імкнуцца весьці размову пра дзіцячыя і падлеткавыя праблемы.

Гэта, дарэчы, тыя ж выданьні, якія выходзілі ў Беларусі яшчэ ў савецкі час – беларускамоўныя часопіс «Бярозка» й газэта «Раніца» (былы «Піянер Беларусі»), і расейскамоўная «Зорька». За гады пераменаў да іх дадалася толькі газэта «Переходный возраст».

Найбольш масавай і вядомай за межамі Беларусі была «Зорька». У 80-я гады яе наклад дасягаў 700 тысячаў, і газэта распаўсюджвалася ня толькі ў Беларусі, але нават у Расеі і Баўгарыі. Цяпер, праўда, «Зорька» мае наклад толькі каля 40 тысячаў асобнікаў, што, дарэчы, параўнальна зь некаторымі новымі камэрцыйнымі выданьнямі.

На пачатак 90-х прыпадае пік папулярнасьці часопісу для падлеткаў «Бярозка». Цяпер прыгожая і каляровая «Бярозка» мае наклад толькі каля трох тысячаў асобнікаў.

Выгладае, што з усіх, будзем гаварыць, “сур’ёзных” дзіцячых выданьняў найлепш прыстасавалася да новых рэаліяў газэта «Раніца», якая да 1993 году называлася «Піянер Беларусі». Пра сваё выданьне распавядае галоўны рэдактар «Раніцы» Міхась Хамец”.

(Хамец: ) “Перада мной ляжыць гэтая прыгожая «Раніца» з сонейкам над літараю і каляровая, праўда, толькі пакуль першая і восьмая палоскі. Сама газэта з 1929 году й летась адзначыла юбілей і менавіта летась газета стала ў колеры й павелічыла ў два разы свой аб’ём. Ну а наконт накладу: у канцы мінулага году было 30 тысячаў, напачатку гэтага – 42-43 тысячы. Я думаю – гэта неблагі рост. Яна йдзе толькі па падпісцы, пакуль. Я думаю, што з траўня ці чэрвеня яна будзе і ў розьніцы.

«Раніца» – сур’ёзная газэта. Тут ёсьць што пачытаць і для душы, але тым ня менш і шмат забаваў. Вось мы ўсю сярэдзіну робім такі «вялікі перапынак» — гэта дзьве паласы сумяшчаем і там якраз тое, што, дарэчы, дзеці вельмі любяць – тут і крыжаванкі, загадкі… Ёсьць рубрыка «З Днём нараджэньня» – дзеці віншуюць і дарослыя пішуць, сваіх дзетак віншуюць. Шмат аб’яваў, бясплатных, ну такіх дзіцячых, цікавых. Ім гэта падабаецца”.

(Цыганкоў: ) “Газета застаецца цалкам беларускамоўная?”

(Хамец: ) “Абсалютна. Я спадзяюся, што такой яна й будзе. 70 гадоў яна была беларускамоўная і дай Бог ёй жыць доўга”.

(Цыганкоў: ) “Скажыце як вось на «Раніцы» адчуваецца канкурэнцыя, якая зараз прысутнічае ў дзіцячай прэсе. Фактычна ўжо нават не дзясятак, а больш усіх гэтых выданьняў, і ўсе яны друкуюць крыжаванкі, рэбусы. Вашае выданьне трошкі іншага зьместу, іншага пляну. Яно сур’ёзнае…”

(Хамец: ) “Ну, асаблівай нейкай канкурэнцыі «Раніца» не адчувае. Чаму? Свая вось нейкая такая лінія – радзіма, краязнаўства, сям’я, сябры, сяброўства. Шмат паэзія друкуецца, шмат лістоў. Ну а тое, што забавы, ну як бязь іх. А вось конкурсаў шмат, тое, што дзеці любяць. І ў той жа час на васьмі палосах неяк так намагаемся зьмясьціць, каб было і сур'ёзнае, і пазнавальнае, цікавае, і тыя ж забавы.

Дарэчы, дзеці шмат пішуць і просяць якраз конкурсы, што мы й робім. Потым новую рубрыку завялі «Намалюем вершам крылы», то бок друкуем юных кампазытараў, якія пішуць музыку на свае словы, на свае вершы ці вершы паэтаў.

Вельмі сур'ёзная рубрыка «Залатая палітра» – лепшыя творы беларускага жывапісу ХХ стагодзьдзя. Чаму нашыя дзеці не павінныя гэтага ведаць? Ды ня толькі дзеці, газэту чытаюць і настаўнікі, і бацькі. Шмат дзеці цяпер езьдзяць за мяжу, прывозяць адтуль і фатаздымкі, і нейкія ўражаньні, вось для іх цудоўная рубрыка «Замежны альбом»”.

(Цыганкоў: ) “Які прыблізна ў сярэднім век чытача Вашае газэты? І таксама скажыце, гэты наклад 40 тысячаў – яны дзе распаўсюджваюцца, гэта традыцыйна «вясковая» газета, ці і «гарадзкія» таксама больш купляюць?”

(Хамец: ) “І «гарадзкія» таксама больш чытаюць, раней і сапраўды яна была больш такая «вясковая». Цяпер я гляджу паводле гэтых капэртаў – шмат гарадоў. А чытачы чытаюць і зусім малыя – для іх вось такая старонка ёсьць – «Сланечнік», і, нават, выпускнікі.

Дарэчы, выпускнікоў, 11-клясьнікаў шмат у нашай дзіцячай рэдакцыйнай калегіі – выконваюць канкрэтныя заданьні, зьбіраюць факты. Чытаюць і пішуць шмат. Менавіта школьнікі, старшаклясьнікі”.

(Цыганкоў: ) “Пра дзіцячую газэту «Раніца» распавядаў яе галоўны рэдактар Міхась Хамец.

Працягнем дасьледваць сёньняшнюю беларускую дзіцячую прэсу. Кінем свой позірк на сытуацыю ў правінцыі. На Магілеўшчыне сярод іншых рэгіёнаў традыцыйна найбольш сумнае становішча са СМІ. Не зьяўляецца тут выключэньнем і дзіцячая прэса. Перадае Марыя Ўсьціновіч…”

(Усьціновіч: ) “Нажаль, магілеўская рэгіянальная прэса не пакідае аніводнага шанцу дзецям далучыцца да пэрыядычных выданьняў. З усіх абласных газэтаў толькі ў «Весьніку Магілеву» ўдалося расшукаць рубрыку «Дзіцячы столік», дзе прапаноўвалася нейкая простая шарада. Ды зрэдку ў газэты трапляюць інфармацыі юных карэспандэнтаў пра школьныя і студэнцкія насьценгазэты.

Аніводнае дзіцячае друкаванае выданьне ў Магілеўскай вобласьці не зарэгістраванае. Дзіцячыя грамадзкія арганізацыі сваіх ворганаў ня маюць і абмяжоўваюцца пераважна брашурамі ў тэматыцы прыцягненьня дзяцей і працы зь імі для пэдагогаў-арганізатараў.

На недзяржаўным тэлеканале «Магілеў-2» выходзіць у эфір дзіцячая праграма «У гасьцях у бабкі Агапкі», якую рыхтуюць акторы абласнога лялечнага тэатру. Гэта нешта падобнае на «Калыханку», толькі з нацыянальнымі матывамі.

На дзяржаўным тэлеканале «Магілеў-1» была спроба наладзіць адмысловы дзіцячы экран, ня толькі з мультыплікацыйнымі фільмамі, але й з гутаркамі зь дзецьмі ў наўпроставым эфіры й нейкімі гульнямі. Ад гэтага вялікага праекту на сёньня засталіся толькі мульцікі. Затое дзецям вельмі спадабалася новая праграма тэлеканалу «Магілеў-1» – «Ранёханька», якая, натуральна, разьлічаная на дарослых, але яе ровень і ступень складанасьці гульняў у наўпроставым эфіры прывялі да таго, што самыя актыўныя суразмоўцы вядучых – гэта дзеці й падлеткі.

Зь ня меншай частатою яны тэлефануюць у праграму новага дзяржаўнага радыё «Магілеў», дзе ім заўсёды рады, а таксама ў перадачы кшталту віншаваньняў, якія вельмі папулярныя на Магілеўшчыне. Гэтым і абмяжоўваюцца дзіцячыя тэмы ў рэгіянальных сродках масавай інфармацыі”.

(Цыганкоў: ) “З Магілеву перадавала Марыя Ўсьціновіч. У Горадні дзіцячая тэматыка не абмінаецца мясцовымі газэтамі. Ёсьць і сваё адметнае выданьне. Распавядае Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “У гарадзенскiх выданьнях пра падлеткаў i дзяцей памятаюць, хаця ўвагi надаюць iм ня вельмi шмат. У вабласной «Гродзенскай праўдзе» ёсьць публiкацыi пра школы, дзiцячыя дамы, пра цяжкiх падлеткаў. У лiтаратурнай старонцы друкуюцца часам вершыкi для дзяцей.

Адмысловая дзiцячая старонка ёсьць у «Glose znad Niemna». Называецца – «Dzieciecy glosik». У ёй можна прачытаць пра школьныя конкурсы, пра падзеi польскае гiсторыi. Друкуюцца бiблейскiя аповеды, вершы. Апроч гэтага, газэта паведамляе пра выступы дзiцячых ансамбляў.

Ёсьць у нашым горадзе й прыклад выданьня, якое рабiлася самiмi падлеткамi. Гэта – iнфармацыйна-культурны бюлетэнь «Лiцэй-плюс». Пачаў ён выходзiць у 1997 годзе ў гарадзкiм лiцэi. Спачатку – штомесяц. Потым лiцэiсты паступiлi у вну, але выданьне захавалi. «Лiцэй-плюс», праўда, стаў выходзiць нерэгулярна. Але затое пашырылася кола яго чытачоў. Адная з выдаўцоў – студэнтка Гарадзенскага ўнiвэрсытэту Юлiя Дарашкевiч паведамiла мне, што апошнiя нумары распаўсюджвалiся ў некалькiх школах гораду. Але няма грошай, няма сваiх кампутараў, i таму «Лiцэй-плюс» не выходзiць ужо некалькi месяцаў.

Дарэчы, гэта – выразна нацыянальнае, беларускамоўнае выданьне. Хаця робiцца яно ня толькi для аматараў, напрыклад, беларускай паэзii.

Звычайна ў бюлетэнi зьмяшчаецца шмат разнастайнай iнфармацыi, пiшацца пра ўсе праблемы, якiя хвалююць дзяўчат i хлопцаў.

У вапошнiм нумары ёсьць дзьве цiкавыя публiкацыi. У першай паведамляецца аб няўдалым iнтэрвію з жанчынай-псыхолягам лiцэя № 1 гораду. Яна паведамiла, што сярод настаўнiкаў «Лiцэй-плюс» лiчыцца апазыцыйным выданьнем, i што яго канцэпцыя “йдзе ўразрэз з канцэпцыяй самога лiцэя”.

Другая публiкацыя прысьвечана вынiкам апытаньня сярод настаўнiкаў вобласьцi, якiя назвалi пяць асобаў, якiя зрабiлi найбольшы ўплыў на гiсторыю Беларусi. Гэта – Калiноўскi, Скарына, Эўфрасiньня Полацкая. А таксама Машэраў i Лукашэнка. Ролю апошняга бальшыня, праўда, ацанiла як нэгатыўную. Так што ў «Лiцэi-плюс» пiшацца ня толькi пра вучняў, але й пра настаўнiкаў.

А нядаўна зьявiўся першы нумар вучнёўскага выданьня «Школьныя навiнкi». Паводле зьместу яны больш сьцiплыя, але важна тое, што выйшлi яны ў Мастах – даволi невялiкiм раённым цэнтры Гарадзенскае вобласьцi.

Трэба прызнаць, што ў суседнiм Беластоку лепей дбаюць пра чытачоў дзiцячага веку, пра школьнiкаў. У беларускiм тыднёвiку «Нiва» ў кожным нумары дзьве старонкi займае «Зорка» –школьна-дзiцячы выпуск. У вапошнiм нумары за 23 красавiка паведамляецца пра конкурс сярод школьнiкаў на лепшую карэспандэнцыю ў «Нiве». Друкуецца верш Ларысы Генiюш, частка гiстарычнага аповеда Ўладзiмера Арлова. Апавядаецца таксама пра сустрэчу са школьнiкамi беластоцкага беларускага паэта Вiктара Шведа”.

(Цыганкоў: ) “З Горадні перадаваў Сяргей Астраўцоў. У Віцебску дзіцячыя выданьні ймкнуцца выпускаць грамадзкія арганізацыі. Але часам сваім высокім прафэсійным роўнем уражваюць нават школьныя газэты. Зь Віцебску Алег Жукоўскі…”

(Жукоўскі: ) “Я лічу вельмі несправядлівым, што ў Віцебскую няма сваёй маладзёвае газэты. Дзяржаўныя выданьні – гэта маркота й сум. Нават ад маладзёвага дадатку «Віцьбічы дзеля цябе» за вярсту нясе стэрыльнасьцю. Гэта немагчыма публікаваць, а гэта не адпавядае маральным прынцыпам.

“Але нам жа патрэбна мець зносіны, шукаць новых сяброў, выказваць набалелае”, – гэта словы студэнта Алеся Ключэўскага на старонках «М-кафэ» («Маладзёвае кафе») – выданьня, якое выходзіць у мясцовым дадатку да газэты «Рабочы». Яго робяць школьнікі й студэнты, навучэнцы ПТВ й маладыя працаўнікі прадпрыемстваў – калектыў адзінае зарэгістраванае маладзёвае гарадзкое газэты «Прывітаньне», якая пакуль што ня мае магчымасьці выдавацца самастойна з-за адсутнасьці сродкаў.

У «М-кафэ» нататкі пра жыцьцё ў нас і за мяжою, сацыяльныя апытаньні, эсэ пра каханьне, разважаньні на тэму “Чаму мы так дрэнна жывем”.

Натуральна, праблемы моладзі на Віцебшчыне асьвятляюць амаль усе выданьні. Пераважная тэматыка дзяржаўных СМІ – пытаньні вольнага часу, падлеткавы крымінал, дасягненьні школьнікаў і студэнтаў на алімпіядах і конкурсах, праца некаторых маладзёвых арганізацыяў кшталту БПСМ.

Але сваю газэту ў газеце вышэйзгаданую расейскамоўную «Для тебя», якая выходзіць раз на месяц маюць толькі гарадзкія «Віцьбічы». Рыхтуецца яна пераважна прафэсійнымі журналістамі й распавядае пра некаторыя дзеі ды акцыі з удзелам юнакоў і падлеткаў.

Больш сур’ёзныя праблемы абмяркоўваюцца па-за межамі гэтых старонак. Так напалоханыя маштабам акцыі, якую, з удзелам некалькіх тысячаў маладых людзей, правяла на дзень Сьвятога Валянціна арганізацыя «Сёмая грань», маладзёвыя функцыянэры ад улады распачалі на старонках «Віцьбічаў» дыскусію пра “тлетворны ўплыў Захаду” й пра тое, што новае пакаленьне не памятае народныя традыцыі. У якасьці прыкладу апошніх нейкі выкладчык унівэрсытэту Голубеў даводзіў сьвяты 1 траўня й 7 лістапада.

Недзяржаўныя маладзёвыя арганізацыі вобласьці выдаюць дзясяткі незарэгістраваных газэтаў і бюлетэняў. Толькі ў Воршы й раёне стала выходзіць ажно тры. Зь віцебскіх трэба адзначыць выдаваемы школьнікамі даволі цікавы «Верас».

Асьвятляюць некаторыя балючыя праблемы падлеткаў ад наркаманіі ды правапарушэньняў да выбару шляхоў жыцьця школьныя газэты. І некаторыя зь іх выглядаюць даволі прафэсійна. Да прыкладу, газэта сярэдняе школы № 39 «Царства Трыдзявятае» вызначаецца прыемным дызайнам і добрай кампутарнай вёрсткаю, а карыкатураю ейнай аўтаркі 11-клясьніцы Тацьцянай Зубрыцкай можа пазайздросьціць іншае паважнае выданьне”.

(Цыганкоў: ) “Алег Жукоўскі зь Віцебску завершыў агляд рэгіянальнае дзіцячае прэсы. Аглядаючы рынак падобных выданьняў, даводзіцца зрабіць выснову, што беларускія дзеці маюць даволі багаты выбар прэсы.

Але, як я казаў раней, усе новыя камэрцыйныя выданьні вельмі падобныя паміж сабою і запоўненыя крыжаванкамі, рэбусамі, конкурсамі, анэкдотамі. Зрэшты, гэта не перашкаджае ім набіраць 30-40 тысячныя наклады.

Я размаляю з рэдактарам аднаго з такіх выданьняў – газэты «Шапокляк». Дарэчы, Анатоль Гармаза вядомы сотням тысячаў беларусаў як вядучы мастак сатырычнага часопісу «Вожык». Але цяпер, як прызнаецца сам Анатоль, ён вырашыў заняцца ўласнай справаю і выдае дзіцячыя газэты”.

(Гармаза: ) “Па-першае, газэта – усё, што ў нас робіцца, усе ідэі – гэта ўсё дасылаюць дзеці. А ўжо выконвае Алег Гуцол – гэта вельмі прафэсійны мастак, які зубы зьеў на дзіцячай тэме – карыкатуры, міжнародныя выставы, прэміі…”

(Цыганкоў: ) “Так бы мовіць, дзіцячая народная газэта?”

(Гармаза: ) “Відаць так, таму што лісты дасылаюць – мы не пасьпяваем рабіць усё тое, што дасылаюць дзеці. Яны дасылаюць рубрыкі, самі прапаноўваюць. Мы йдзем, што называецца, на паваду ў дзяцей, што яны хочуць, тое мы й робім.

Мы маглі б нейкую аналітыку праводзіць, але ёсьць ужо газэты сур’ёзныя дзіцячыя. Ёсьць «Зорка», ёсьць «Раніца»… Мы, відаць, лепш за іх гэта ня зможам рабіць. Нам дубляваць іхную работу – ну, няма анікае патрэбы. Нам калі рабіць, дык трэба рабіць сваё.

Лічу, што й так добрую работу робім, што адцягваем увагу дзяцей ад нейкіх такіх пабочных зьяваў. Хай яны лепей разгадваюць нашыя галаваломкі ў газэце, глядзяць цікавыя малюнкі-карыкатуры. Лічу, што для іх мы робім нядрэнную справу, хаця трэба сказаць, што гэта вельмі цяжкая справа на сёньняшні дзень, праблемаў існуе вельмі шмат.

У нас няма рэклямы, няма спонсараў, усё мы робім на сваіх грошах”.

(Цыганкоў: ) “Як гэта з эканамічнага пункту гледжаньня – выпускаць дзіцячае выданьне?”

(Гармаза: ) “З мінусамі пачыналі. У нас грошай ані капейчыны, аніводнага спонсару не было. Свае грошы сабралі, скінулі й пачалі рабіць газэту. І вось толькі праз год мы навогул на нуль змаглі прыйсьці. Можа, гэта хай пабудзе маленькай камэрцыйнай таямніцаю, але ў нас яшчэ два дзіцячыя выданьні вось-вось павінны выйсьці. Відаць летам хай дзеці адпачываюць, а недзе так да 1 верасьня, або ў сярэдзіне выйдуць яшчэ два дзіцячыя выданьні”.

(Цыганкоў: ) “А як паказвае Ваш досьвед, якога веку асноўныя вашыя “спажыўцы”?”

(Гармаза: ) “Ну, 13 гадоў. Ёсьць і 7, ёсьць нават дзеці, якія толькі-толькі навучыліся пісаць. 13 гадоў – гэта самы шматлікі век дзяцей”.

(Цыганкоў: ) “Калі параўнаць гэтае пакаленьне з пакаленьнем найбольш старэйшым, нават з вашым. Вось 13 гадоў, вам здаецца, што гэтыя дзеці больш разьвітыя, ці наадварот больш інфантыўныя. Паводле тэмаў, якія яны закранаюць, паводле тэмаў, якія іх цікавяць, як вы можаце параўнаць іх?”

(Гармаза: ) “Мы нават ужо ня лічым іх дзецьмі, бо ў іх нагэтулькі ўжо дарослыя думкі, такія дарослыя сур’ёзныя заданьні, якія дасылаюць… іх нават ня хочацца называць «дзецьмі», хочацца называць: «сябры».

У нас пераважна газэта будуецца на конкурсах і дзеці дасылаюць вельмі шмат, і калі-нікалі бывае крыўдна некага пакідаць у баку ад гэтага конкурсу, таму што бывае – плошча газэты не дазваляе. Газэта выходзіць два разы ў месяц і, відаць, таксама гэтага мала – паводле лістоў, якія дасылаюць у рэдакцыю”.

(Цыганкоў: ) “Пра сваю газэту «Шапокляк» распавядаў яе рэдактар Анатоль Гармаза.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што ў галіне прэсы для дзяцей і падлеткаў мірна суіснуюць камэрцыйныя газэты й гэтак званыя сур’ёзныя выданьні, якія выжываюць і разьвіваюцца за кошт дзяржавы. Яны выконваюць розныя функцыі і ня лічаць адзін аднаго канкурэнтамі. І гэта, напэўна, той рэдкі выпадак у беларускай прэсе, калі падобную падтрымку дзяржавы можна толькі вітаць”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG