(эфір 30 лістапада 2000)
Аўтар і вядучая – Алена Ціхановіч.
Старая крэпасьць ў Міраве служыць вязьніцай больш як 600 гадоў. Мураваныя
сьцены да дзесяці мэтраў, пад імі – ахоўны роў… Турма найбольш строгага
рэжыму дагэтуль не пакідала надзеі на пасьпяховыя ўцёкі. Месяц таму адсюль
дзёрзка вырваўся на волю асабліва баронены рэцыдывіст Іржы Каінэк. 7 гадоў
таму Каінэк на замову - за 100 тысяч карун (тады – каля 3 тысяч даляраў)
- забіў пльзенскага бізнэсмэна і яго ахоўніка.
Забойца быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. Пакараньне сьмерцю
у Чэхіі было адменае ў 1990-м годзе. Такім чынам, рукі ў Каінка былі цалкам
разьвязаныя: ён мог пракладаць сабе дарогу на волю любымі сродкамі, бо
ўсё адно ня мог атрымаць ужо большага пакараньня. Напружанае чаканьне ля
тэлевізараў, дыскусіі ў барах і ў прэсе хутчэй спрыялі народнай папулярнасьці
ўцекача: бо сотні паліцэйскіх ні Каінка, ні яго сьлядоў не знайшлі і празь
месяц.
Пра тое, якім спосабам чэскаму рэцыдывісту ўдалося ўцячы з сама моцна
бароненай турмы – крыху пазьней. А зараз нашая размова ў камісіі правоў
чалавека чэскага ўраду. Петра Бурчыкава займаецца тут пытаньнямі вязьняў.
(Ціханочіч: ) “Як Вы мяркуеце, ці не гаворыць выпадак Каінка пра тое,
што рэжым утрыманьня ў чэскіх турмах надзвычай мяккі? Бо гэта, прынамсі,
яго чацьвёртыя ўцёкі…”
(Бурчыкава: ) “У Міраве? Я там была два тыдні таму і ня думаю, што там
вольніца – рэжым там здаўна вельмі строгі, і ў той асаблівай ахове, дзе
быў і пан Каінэк. Я мяркую, што ў гэтым выпадку чалавек, асуджаны на пажыцьцёвае
зьняволеньне, ня маючы ніякага выйсьця, проста набраўся адвагі, каб рызыкнуць
усім, рызыкаваў пры тых уцёках жыцьцём і меў вялікае шчасьце, што яму гэта
ўдалося. Гэта хутчэй пытаньне шанцунку, чым пытаньне мяккага рэжыму”.
(Ціхановіч: ) “Як, паводле досьведу Чэскай Рэспублікі, дэмакратызацыя
дзяржавы ўплывае на узровень і характар злачыннасьці?”
(Бурчыкава: ) “Вядома, што дэмакратыя мяняе ўсе грамадзскія ўмовы. Цяпер
можна гаварыць пра іншыя парушэньні закону, таму што крымінальны кодэкс
быў зьменены. З другога боку, празь зьмену грамадзкіх умоваў людзі атрымалі
і іншыя магчымасці, напрыклад, цяпер больш магчымасьцяў фінансавых махінацыяў
і махлярства. Але, каб гэта нейкім кардынальным спосабам зьмяніла карціну
злачыннасьці, не сказала б.”
(Ціхановіч: ) “Значыць, збольшага за кратамі тыя ж забойцы, гвалтаўнікі
і злодзеі?”
(Бурчыкава: ) “Людзі пераважна мяркуюць, што той, хто сядзіць за кратамі,
па меншай меры – забойца альбо злодзей. Але мала хто усьведамляе, што ў
турмах пераважная большасьць людзей, якія зьдзейсьнілі адносна несур”ёзныя
парушэньні закону – ну, напрыклад, нехта можа сядзець за няўплату алімэнтаў.
Або ненаўмыснае забойства, што можа стаць кожнаму, скажам, у выніку аўтааварыі”.
А цяпер погляд беларускіга журналіста і вопытнага беларускага вязьня.
Гэтымі днямі калега з Гародні Павал Мажэйка атрымаў магчымасьць наведаць
знакамітую праскую турму Рузыне. Разам зь ім турму наведаў і Валеры Шчукін.
Зараз – уражаньні абодвух:
(Мажэйка: ) “Невысокія, мэтра паўтара-два муры, рэдзенькі калючы дрот,
амаль зацёртыя надпісы “Увага! Ахоўваемы аб’ект.” Якая ж гэта турма, скажа
беларус, малюючы ў галаве вобраз Валадаркі ці Гарадзенскае турмы. Максымальна,
куды сягае ўяўленьне, – сакрэтны завод часоў сацыялістычнае Чэхаславаччыны.
Яшчэ гадоў 15 таму турма ў Рузынах мела дурную славу. У той час гэта
быў сьледчы ізалятар СТБ (чэскі варыянт КГБ), тут працавалі розныя спэцслужбы.
Праз Рузыны прайшлі многія чэскія дысыдэнты. Сядзеў тут і Вацлаў Гавэл,
партрэт якога вісіць сёньня ў кабінэце дырэктара турмы Франьцішка Зэдэка.
Пан Зэдэк кажа, што ягоная турма адна з найвялікшых у краіне. Разам
з турмой Панкрац яна забясьпечвае ўсю вобласьць сярэдняе Чэхіі. Утрымліваецца
тут 1100 вязьняў, пры норме 915, пры чым бальшыня зь іх яшчэ знаходзіцца
пад сьледзтвам.
Першае, што ўражвае, як толькі трапляеш у памяшканьні турмы – гэта пах
і чысьціня. Пануе атмасфэра, якую можна параўнаць - ну, хіба, зь беларускай
лякарняй. Каля трыццаці мужчынаў, аднастайна апранутыя, у тапках, некаторыя
нават басанож, сёрбаюць сабе поліўку, заядаюць кнэдлікамі ды абмяркоўваюць
учорашнюю футбольную гульню. Дзьверы камэраў, якія больш справядліва будзе
назваць палатамі -- толькі што замыкаюцца на замок -- адкрытыя насьцеж.
Гэта так званы рэжым мяккае ізаляцыі. У вялікім аддзяленьні знаходзяцца
разам 30-40 чалавек. Камэры разьлічаныя на двух-трох, тэлевізар, прыбіральня,
душ, гарачая вада. Тэлевізар, дарэчы, можа мець кожны і глядзець колькі
заўгодна, праўда, калі ёсьць уласны акумулятар.
Аднак, вядомага беларускага палітвязьня Валера Шчукіна ўразіла ў чэскай
турме іншае:
(Шчукін: ) “Перш за ўсё, гэта стаўленьне да інфармацыі. У нашых турмах,
чалавеку адразу адмаўляюць ва ўсялякай інфармацыі, зьвязанай з вонкавым
сьветам. Тут жа, вязень можа чытаць любыя газэты, якія толькі захоча. Прабачце,
але ў нашых яму гэтага не даюць. Па-другое, стаўленьне да вязьняў. Супрацоўнікі
турмы зьвяртаюцца да вязьняў – пан. Ня трэба - пан, але ў нас нават грамадзянін
ня кажуць. Мурло, хамло, дзярмо і гэдак далей.”
Гэта быў Валер Шчукін, якога вы яшчэ пачуеце ў маім рэпартажы.
Дырэктар Рузынскае турмы Франьцішак Зэдэк кажа, каб разьмясьціць вязьняў,
супрацоўнікам прыходзіцца часам паламаць галаву. Бо існуе 7 правілаў, паводле
якіх пэўныя групы зьняволеных прыходзіцца разьдзяляць. Прыкладам, ніколі
ў адной камэры не пасадзяць харвата з сэрбам, альбо расейца з украінцам.
А з новага году прыйдзецца яшчэ падзяляць і на тых, хто паліць і не паліць.
Чэскія грамадзяне ўпэўненыя, што ўсё ж выхоўваць чалавека лепей, чым
перавыхоўваць, таму чэскія турмы маюць шмат эканамічных праблемаў. Прыходзіцца
эканоміць. Гарачая вада ў Рузынскай турме цэлыя суткі падаецца толькі жанчынам,
мужчыны могуць памыцца толькі ў вызначаны час. Электрычнасьць улучаецца
на паўгадзіны з раніцы і па абедзе.
Гэты факт зьдзівіў Валера Шчукіна :
(Шчукін: ) “Мне неяк рэзанула, тое, што электраэнэргія падаецца вязьням
толькі на паўгадзўны з ранку і на паўгадзіны ў абед. Гэта азначае, што
чалавек ня можа глядзець тэлевізар, калі яму захочацца. Гэта, відавочна,
трэба зьмяняць.”
“Вася, Вася!,”- чуецца з вуліцы, дзе прагульваюцца вязьні. Гэтае імя
ўжо прыжылося ў чэскіх турмах. Больш за ўсё тут адбываюць пакараньне з
замежнікаў менавіта расейцы, пасьля ўкраінцы, славакі, палякі. Рузынэ,
адзіная турма, дзе адбываецца экстрадыцыя замежных грамадзянаў. Гэта азначае,
што іх, пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня, высылаюць у родныя, паводле
пашпарту, краіны.
Кожны асуджаны каштуе чэхам 400-700 кронаў на дзень (прыблізна дзесяць-двадцаць
даляраў). Аднак, сам вязень 40 кронаў выплочвае з уласнае кішэні.
Меню Рузынскае турмы, возьмем, да прыкладу, суботу. Сьняданак – хлеб,
гарбата, лівэрка, масла. Другі сьняданак – 50 грамаў мяса, хлеб, запечаны
бачок. Абед – штырская поліўка, мэксыканскі гуляш, макарона. Вячэра – бульбяны
гуляш, 4 кавалкі хлеба, садавіна, гарбата.
Да параўнаньня, у Гарадзенскае турме вязьні штодзень атрымоўваюць 10
грамаў макароны.
Наступная мая адрэса – аддзяленьне, дзе ўтрымліваюцца непаўнагадовыя.
Нас сустракае выхавальнік – малады хлопец у кедах, шортах ды кашульцы з
надпісам “Made in USA”. На сьценах разнастайныя плякаты ды малюнкі, у пакоі
адпачынку - акварыюмы з чарапахамі, рознымі расьлінамі, рыбкамі, сярод
якіх ёсьць нават піраньі.
Да маладых злачынцаў сюды прыходзяць школьныя настаўнікі. Франьцішак
Зэдэк дзеліцца ўспамінамі. Некалькі баўгарак, што патрапілі да яго ў турму,
мелі дакумэнты 12-гадовых дзяўчынак. Лекары, якія агледзелі іх запэўнілі,
што баўгаркам ня менш як па 30 год. Высьветлілася, што тыя падрабілі дакумэнты,
спадзеючыся на больш лёгкі рэжым утрыманьня. Цяпер 30-гадовым дзяўчынам
прыходзіцца выконваць хатнія заданьні.
(Ціхановіч: ) “Гэта быў Павал Мажэйка. Апошні запіс зь яго дыктафону
сьведчыць, што пасьля выхаду з чэскай турмы Валер Шчукін ня мог схаваць
свайго захапленьня:”
(Шчукін : ) “У параўнаньні з нашымі беларускім турмамі - гэта ня тое,
што крок наперад, гэта два крокі наперад. Мне цяпер стала зразумела – Эўропа
ставіцца да нас так, ня толькі таму, што ў нас Лукашэнка – дыктатар, але
й таму, што ў нас турмы не такія як ў Эўропе.”
Гэта былі ўражаньні Валера Шчукіна, якія, зразумела, носяць крыху
экскурсійны характар. Між тым, некаторыя грамадзяне Беларусі маюць магчымасць
адчуць, так бы мовіць, “выгоды” чэскіх турмаў на сабе. Я парасіла удакладніць
зьвесткі пра іх прэсавага сакратара турэмнай службы Чэхіі сп. Яна Сахурэка:
(Сахурэк: ) “Апошнія зьвесткі маю на канец 1999-га году – тады было
ў чэскіх турмах 53 грамадзяніна Беларусі. Гэта далёка ня самыя вялікія
лічбы, маем ім больш зь іншых краінаў – Славаччыны, Румыніі, Украіны, Віетнаму.
Хацеў бы падкрэсльліць, што асаблівых праблемаў зь беларусамі ня маем.”
(Ціхановіч: ) “Ці розьніцца рэжым утрыманьня замежных і чэскіх грамадзянаў?
Ці маюць яны аднолькавыя правы і ўмовы?”
(Сахурэк:) “Зьняволены чужынец мае такія ж правы, як і зьняволены грамадзянін
Чэскай рэспублікі, а да таго ж замежнік мае права стасункаў са сваім консульствам,
амбасадай”.
(Ціхановіч: ) “Ці ўжываюць гэтую магчымасць беларускія грамадзяне?”
(Сахурэк: ) “Так, ужываюць. Ня надта часта, але не зьяўляецца гэта й
выключэньнем”.
Я папрасіла прэсавага сакратара Турэмнай службы Яна Сахурэка назваць
найбольш вядомага ці высокапастаўленага чэскага зьняволенага. Ён прыгадаў
толькі сёлетняе зьняволеньне падчас сьледства былога міністра фінансаў
Свобады, які быў абвінавачаны ў незаконным спосабе прыватызацыі аднаго
з прадпрыемстваў. Пан Сахурэк таксама прыгадаў, што апошнія факты, калі
міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнавалі чэскіх вязьняў вязьнямі
сумленьня, былі да 1989-га году. На сёньня сярод 10 мільённай чэскай нацыі
– 22 тысячы 264 зьняволеных.
Петра Бурчыкава у сувязі з гэтым адзначае галоўную, на яе погляд, праблему
чэскіх турмаў:
(Бурчыкава: ) “Тое, што яны перапоўненыя – на 130 працэнтаў - мае страшна
негатыўны ўплыў як на пэрсанал, так на вязьняў. Таму што такая перапоўненасьць
турмаў перашкаджае якім-кольвек пэдагагічным намаганьням з боку пэрсаналу
. І пазьней тая інтэграцыя назад у грамадзства вельмі складаная”.
(Ціхановіч: ) “І, пад канец, пару словаў пра стасункі паміж аховай,
выхавальнікамі і вязьнямі. Ахоўнік чэскай турмы зарабляе каля 300 -400
даляраў, зарплата гэта ў Чэхіі самая сярэдняя, а прэстыж працы – даволі
невысокі. Выказваюцца вэрсіі, што легендарны уцякач Каінак мог скарыстаць
дапамогу з волі, якая, зразумела, прыходзіць толькі шляхам подкупу. Было
устаноўлена, што ён выкінуў з вакна вязьніцы доўгі канат, сплецены зь прасьціны
й лескі, на якім быў замацаваны крук, зроблены з дэталі мэталічнага ложка.
Сваё ласо ён закінуў аж на процілеглую сьцяну турмы, пераехаў на яе мур
з камэры па канаце, а са сьцяны зноў спусьціў канат. Чым яму удалося перапіліць
таўстыя краты вакна, - невядома. Але турэмная служба прызнала, што доўга,
на працягу месяцаў, да яго ў камэру вадзілі другога вязьня-забойцу, які
там заставаўся гадзінамі. Выхавацель турмы самага строгага рэжыму ў Міраве
гэта дазваляў, бо вязьні, асуджаныя на цэлае жыцьцё, зьвярнуліся з просьбай:
дайце нам магчымасць пагуляць у шахматы. Як Іржы Каінак скарыстаў гэтую
магчымасць, – гэта ўжо справа яго хітрасьці і шанцаваньня.”
Алена Ціхановіч, Прага