(эфір 24.09.2000)
Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў
Шчасьлівы і здаровы сэкс – выразны фактар добрага стану псыхічнага і
фізычнага здароў’я чалавека. Але шчасьлівае сэксуальнае жыцьцё залежыць
ад шматлікіх прычынаў, і перш за ўсё ад сэксуальнай культуры кожнага паасобнага
чалавека. Што ж гэта такое – сэксуальная культура, і які яе стан у сёньняшняй
Беларусі?
Адзін з заснавальнікаў “псыхааналітыкі” Зыгмунд Фройд лічыў, што здаровы
сэкс – гэта рэалізацыя адной з фундамэнтальных патрэбаў чалавека. Замяніць
гэтую патрэбу ня можа нішто: ні інтэнсыўныя спартовыя практыкаваньні, ні
надзвычай плённае творчае жыцьцё, ні нейкае прысьвячэньне сябе вышэйшым
ідэалам.
Здаровы сэкс – гэта эфэктыўная зброя змаганьня са шматлікімі хваробамі,
ў тым ліку, з сардэчна-судзіннымі і ракавымі захворваньнямі. “Сэкс замест
таблеткі” – такую параду даюць лекары-сэксолягі мільёнам сваіх пацыэнтаў
ва ўсім сьвеце.
Сэкс, аднак, мае, як станоўчыя, пазытыўныя, так і адмоўныя бакі. Менавіта
з сэксам зьвязаная адна з найбольш небясьпечных хваробаў нашага часу –
СНІД, якую называюць таксама “чумой ХХ стагодзьдзя”. Таму ў сэксалёгіі
фігуруе сёньня такое паняцьце, як “здаровы сэкс”. Каб дапамагчы нашым слухачам
зразумець, што ж такое гэты “здаровы сэкс”, я звярнуўся да кіраўніка Менскага
сэксалягічнага цэнтру Дзьмітрыя Капусьціна. Вось, што ён мне адказаў:
(Капусьцін: ) “Здаровы сэкс? Усе залежыць ад шмат якіх паказчыкаў. Менш
можна… Чалавек, напрыклад, знаходзіцца ў турме, альбо чалавек даў абяцаньне
ня браць шлюб, тады ягоная полавая сыстэма функцыянуе на мінімальных абаротах.
Але больш… чалавек ня ў стане зрабіць, як яго ні прасі. Полавая сыстэма
мае свае абмежаваньні. Таму здаровы сэкс – гэта ўзаемаадносіны двух людзей
рознага полу. І калі іх сэксуальныя патрэбы супадаюць, тады можна гаварыць
аб сэксуальнай гармоніі. Калі ж яны розныя – узьнікаюць праблемы сэксуальнай
дысгармоніі ў сям’і. Лічыцца, што ад 10 да 60% шлюбаў распадаецца менавіта
ў сувязі з сэксуальнай дысгармоніяй”.
Неабходным варункам “здаровага сэксу” зьяўляецца высокі ўзровень сэксуальнай
культуры. У такіх краінах як ЗША, Швэцыя, Канада, Вялікая Брытанія праблема
падвышэньня сэксуальнай культуры насельніцтва – клопат усяго грамадзтва.
У швэдзкіх школах сэксуальныя адносіны вывучаюцца як прадмет. Тое самае
робіцца і ў Канадзе і іншых заходніх краінах. А якая сытуацыя ў гэтай галіне
ў Беларусі. Адказвае навуковы супрацоўнік Менскага сэксалягічнага цэнтру
Ганна Менчанка.
(Менчанка: ) “Узровень сэксуальнай культуры ў нас у Беларусі не вывучаўся.
Таму невядома, на якім яна ўзроўні. Калі ж меркаваць паводле ўзроўню сэксуальнай
культуры нашых пацыэнтаў, дык за апошнія 20 гадоў яна значна ўзрасла”.
Для некаторых з нашых слухачоў паняцьце сэксуальнай культуры даволі
расплывістае. І таму я прапрасіў доктара Менчанку ўдакладніць: што ж гэта
такое “сэксуальная культура”?
(Менчанка: ) “Сэксуальная культура – гэта культура адносінаў, адносінаў
паміж людзьмі. Гэта сэксуальная выхаванасьць, адукаванасьць. Сэксуальная
культура – гэта адносіны бацькоў, адносіны бацькоў са сваімі бацькамі.
Гэта інтымныя адносіны. Сэксуальная культура – гэта культура наогул, гэта
кульура ашчадных адносінаў да іншай асобы, да свайго партнэра”.
У нашай далейшай размове з навукоўцамі Менскага сэксалягічнага цэнтру
мы закранулі праблему залежнасьці сэксуальнай культуры грамадзтва, ад узроўню
агульнай культуры. І доктар Капусьцін, і доктар Менчанка амаль ва ўнісон
сьцьвердзілі, што Індыя мае самую высокую сэксуальную культуру грамадзтва,
хаця ўзровень дабрабыту і іншых фактараў фармаваньня культуры тут на невысокім
узроўні. Ганна Менчанка адказвае:
(Менчанка: ) “Сэксуальная культура залежыць ад адукаванасьці людзей.
Але нельга сказаць, што адукаваны чалавек аўтаматычна адукаваны і ў сэксуальных
адносінах. Шмат залежыць ад характару выхаваньня ў сям’і, ад адносінаў
бацькоў паміж сабой”.
Доўгія гады сэкс, сэксуальныя адносіны, іх пазытыўныя і адмоўныя бакі
былі тэмай-табу ў сьвеце. Сёньня ж заходнія грамадзтвы выразна зьмянілі
свае адносіны да гэтага важнага аспэкту чалавечага жыцьця.
Здаровы сэкс стаў эфэктыўным дапаможнікам лекараў у змаганьні з хваробамі.
Здаровы сэкс – гэта паказчык посьпехаў у працы, фактар доўгага і шчасьлівага
жыцьця, ён уплывае на працаздольнасьць, нават дапамагае дасягнуць выдатных
посьпехаў у спорце.
На Захадзе лекар-сэксоляг – адна з найбольш распаўсюджаных лекарскіх
спэцыяльнасьцяў. У вялікіх гарадзкіх канглямэрацыях Захаду працуюць тысячы
лекараў гэтай спэцыялізацыі.
На ўсёй тэрыторыі ж Беларусі, як высьветлілася падчас маёй размовы з
працаўнікамі Менскага сэксалягічнага цэнтру, на сёньня афіцыйна працуе
ўсяго… 11 лекараў гэтай прафэсіі. Толькі ў Менску і Магілеве працуюць спэцыялізаваныя
сэксалягтчныя цэнтры. У іншых жа гарадах асобам, якія маюць праблемы з
сэксуальнымі адносінамі, папросту няма да каго зьвярнуцца.
Кіраўнік Менскага сэксалягічнага цэнтру доктар Дзьмітры Капусьцін спадзяецца,
што ў будучыні пачнуць працаваць падобныя цэнтры ва ўсіх абласных цэнтрах
краіны. Але калі зьвярнуць увагу на агульны стан аховы здароў’я ў Беларусі,
падобныя спадзяваньні пабудаваныя галоўным чынам на асабістых пераканьнях
лекараў-энтузыястаў гэтай справы.
Мікола Іваноў, Прага
Самае папулярнае
1