Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Дыялёг на Інтэрнэце


Сёньня мы пагаворым пра беларускія сецявыя каталёгі, даведаемся, колькі спажыўцоў у Інтэрнэта ў Маскве і распавядзем, што пагражае за парушэньні аўтарскіх правоў у Сусьветным Сеціве.

Згубіцца ў бязьмежных прасторах інтэрнэту нескладана ня толькі навічку, але й нават больш-менш дасьведчанаму наведвальніку Вялікае Сеткі. Часта неспрактыкаваныя карыстальнікі йдуць самым простым, але разам з тым і самым доўгім шляхам – шчоўкаючы наўздагад на зьмешчаныя спасылкі й рэклямныя аб’явы… Трэба сказаць, гэта ня вельмі прадуктыўны шлях. На сёньня колькасьць даступных празь інтэрнэт дакумэнтаў сягае 800 мільёнаў, і корпаючыся наўздагад, доўга можна не знайсьці патрэбнае інфармацыі.

Для дапамогі ў пошуку йснуюць гэтак званыя пошукавыя машыны й каталёгі. Пошукавыя машыны (назавем іх «пашуковікі») рэагуюць на запыт спажыўца і выдаюць ўсе знойдзеныя ў сваіх запасьніках дакумэнты.

Тут таксама трэба мець пэўныя навыкі, напрыклад, калі ў адну з самых папулярных і знакамітых «пашуковікаў» Yahoo.com занесьці слова “Лукашэнка”, машына выдасьць каля 800 мала зьвязаных паміж сабой дакумэнтаў. А калі занесьці ўжо два словы – «Лукашэнка» і «апазыцыя», то кампутар выдасьць усяго два тэксты –таксама дарэчы, ня вельмі новыя і патрэбныя. Нашмат большай пазнавальнасьцю карыстаецца прозьвішча Лукашэнкі на прасторах расейскамоўнага інтэрнэту. Калі гэтыя самыя 9 літараў занесьці ў вядомы расейскі пашуковік Yandex.ru, то нам будзе выдадзена ажно 49 тысячаў розных дакумэнтаў.

Калі перад машынай была пастаўленая задача шукаць слова “Цыганкоў”, то ёй было знойдзена тры тысячы чатырыста спасылак. Зь іх падчас далейшага корпаньня я адшукаў толькі 5 спасылак, якія сапраўды маюць дачыненьне да маёй асобы. Нажаль, беларускія пашуковыя сыстэмы пакуль ня могуць пахваліцца моцнай усеахопнасьцю й фактычна вартага беларускага пашуковіка яшчэ ня створана.

Іншая справа – інтэрнэт-каталёгі. Сама гэтая форма пошуку больш зручная і звыклая, можа, таму, што чымсьці нагадвае звычайныя друкаваныя каталёгі, напрыклад, агульнавядомыя «жоўтыя старонкі». У каталёгах інфармацыя зьмяшчаецца паводле нейкага прынцыпу – ці тэматычнага, ці праста ў альфабэтным парадку. У гэтым сэнсе дасягненьняў у беларускага інтэрнэту трохі болей.

Адзін з самых дасьведчаных і абшырных каталёгаў называецца «Цікавыя сайты ў і аб Беларусі»: www.ac.by/country/indexb.html. Дадзены каталёг падтрымліваецца кандыдатам фізыка-матэматычных навукаў Мікалаем Касьцюковічам, намесьнікам галоўнага вучонага сакратара Нацыянальнае акадэміі навукаў Беларусі.

Нажаль, спадар Касьцюковіч з-за залішняй сьціпласьці не пажадаў даць нам інтэрвію, заявіўшы, што для яго інтэрнэт – гэта толькі хобі, і ён ня лічыць магчымым даваць нейкія ацэнкі. Аўтар сайту прызнаўся, што ня ведае, колькі спасылак на адрэсы беларускага інтэрнэту ўтрымлівае ягоны каталёг і прапанаваў мне самому паспрабаваць падлічыць. Зрабіць гэта аказалася даволі цяжка, паколькі, напрыклад, адзін толькі разьдзел “Спорт” утрымлівае некалькі сотняў адрэсаў. Трэба, аднак, прызнаць, што большасьць зь іх, як у спорце, так і ў іншых тэмах, на ангельскай мове, паколькі створаная пра беларусаў замежнымі карыстальнікамі. Чыста беларускіх сайтаў, створаных беларусамі й на Беларусі, дасюль не так і шмат.

* * *

Нажаль, беларускі інтэрнет пакуль ня мае вялікіх сацыялягічных дасьледваньняў колькасьці спажыўцоў сусьветнае сеткі ды аналізу тых сайтаў, якім аддаецца найбольшая перавага.

Але напэўна, нашым слухачам будзе цікава даведацца, як адбываецца разьвіцьцё інтэрнэту ў іншых постсавецкіх краінах. У Маскве днямі былі апублікаваныя вынікі сацыялягічнага дасьследваньня, праведзенага сусьветна вядомай кампаніяй «Gallup Ltd.» у вымярэньні інтэрнэт-аўдыторыі ў расейскай сталіцы.

Агульная колькасьць карыстальнікаў, якія хаця б раз на месяц заходзяць у інтэрнэт, звыш паўмільёну чалавек, што складае каля 8 адсоткаў жыхароў Масквы. Тых, хто штодня карыстаецца інтэрнэтам, у Маскве звыш 200 тысячаў – каля 3 адсоткаў насельніцтва.

Самым папулярным сайтам, як і можна было прадбачыць, зьяўляецца старонка «Анэгдотаў». Трошкі саступае ёй сайт, прысьвечаны спраўнай інфармацыі фірмы «Росбізнэскансалтынг». У першай пяцёрцы таксама рэсурсы, прысьвечаныя цэнам і аўтамабільнаму рынку.

* * *

Студэнт амэрыканскага каледжу Джэфры Леві, які бясплатна распаўсюджваў праз свой інтэрнэтаўскі сайт музычныя запісы, фільмы й кампутаровыя праграмы, у лістападзе паўстане перад судом у справе парушэньня аўтарскіх правоў. Такім чынам, ён стане першым у гісторыі абвінавачваным ва ўчыненьні крымінальнага злачынства у адпаведнасьці з адмысловым законам аб абароне аўтарскіх правоў у сусьветным Сеціве. ЗША – першая краіна, якая прыняла падобны закон у 1997 годзе.

Вось ужо некалькі гадоў як на старонках інтэрнэту, як і ў астатнім сьвеце вядзецца гарачая дыскусія наконт аўтарскіх правоў у Сеціве. Прыхільнікі скасаваньня традыцыйнага падыходу сцьвярджаюць, што ў інтэрнэце сытуацыя адрозьніваецца карэнным чынам ад іншых сродкаў распаўсюджаньня інфармацыі, так што ранейшыя законы тут цалкам або часткова нескарыстоўваемыя. Быў нават вынайдзены новы для ангельскай мовы тэрмін – copyleft, паводле анялёгіі з copyright – словам, якое азначае аўтарскае права.

Аднак дыскусія дыскусіяй, а закон законам. Студэнт Джэфры Леві будзе першай ахвяраю ўзгаданага раней амэрыканскага закону аб абароне аўтарскіх правоў. Варта заўважыць, што сьледзтва ня мае аніякіх доказаў, нібы Леві атрымліваў прыбытак ад сваіх дзеяньняў, таму наўрад ці прысуд будзе занадта суворым.

У любым выпадку гэта стане прэцэдэнтам, а няўдалы студэнт ўвайдзе ў гісторыю. Трэба адразу заўважыць, што на постсавецкіх прасторах аўтарскія правы ў інтэрнэце парушаюцца нахабна й беспакарана.

Віталь Цыганкоў, Прага

XS
SM
MD
LG