Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5. Як здаваць уступныя экзамэны ў заходнія ўнівэрсытэты?


Cёньня пагаворым пра сыстэму тэстаў і экзамэнаў, якія існуюць на Захадзе дзеля праверкі ведаў патэнцыяльных студэнтаў, а таксама пра тое, дзе і якім чынам гэтыя экзамэны можна здаваць.

Перад тым, як пачынаць гаворку пра сыстэму тэставаньня, трэба растлумачыць, што сыстэма так званых уступных экзамэнаў, якая ўсё яшчэ існуе ў краінах, узніклых на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, у тым ліку і ў Беларусі, на сёньня - выразны анахранізм. Яна спрыяе таму, што студэнтамі становяцца ня самыя лепшыя з абітурыентаў, а лёс і выпадак могуць адыгрываць у гэтай справе непамерна высокую ролю. Але самае галоўнае - традыцыйная сыстэма ўступных экзамэнаў зьяўляецца крыніцай самых розных злоўжываньняў, хабарніцтва, пратэкцыі і т.п. Якія б перашкоды арганізатары ўступных экзаменаў ні ставілі на шляху злоўжываньняў, зьліквідаваць іх ніяк не ўдаецца. Больш таго, у постсавецкую пару яны яшчэ больш пашырыліся.

На Захадзе ад падобнай формы ацэнкі ведаў патэнцыяльных студэнтаў адмовіліся ўжо даўно і на яе месца увялі сыстэму тэстаў.

У чым жа перавага тэставай сыстэмы ацэнкі ведаў перад традыцыйнай сыстэмай экзамэнаў?

Па-першае, што, бадай, самае важнае, - тэставая сыстэма дазваляе больш дакладна ацаніць веды абітурыента. Яна грунтуецца не на ацэнцы ведаў, не на падставе адказу на той ці іншы экзамэнацыйны білет, а на падставе адказу на дзясяткі і нават сотні пытаньняў, якія ахопліваюць значна большую гаму ведаў, чымся экзамэнацыйныя пытаньні.

Па-другое, тэставая сыстэма, выключае магчымасьць суб'ектыўнага ўплыву экзамэнатара на вынік экзамэну. Ацэнка ведаў ажыцьцяўляецца цэнтралізавана, вельмі часта без удзелу чалавека, а толькі з дапамогай кампутараў.

Па-трэцяе, тэставая сыстэма цэнтралізаваная. Вынікі праверкі ведаў таго ці іншага чалавека могуць быць атрыманыя кожнай вышэйшай навучальнай установай, у якую вы падаеце сваю заяву. Яна, бясспрэчна, ашчаджае значныя сродкі й высілкі.

І, па-чацьвертае, сыстэма тэставаньня больш дасканалая за ўступныя экзамэны таму, што яна базуецца на самых апошніх дасягненьнях сусьветнай навуковай думкі, а не залежыць ад спэцыфічных патрэбаў той ці іншай вышэйшай навучальнай установы. Абітурыенты добра ведаюць, што на тэсьце іх не сустрэнуць ніякія прыкрыя нечаканасьці. Сума ведаў, неабходная вам для пасьпяховых адказаў на пытаньні тэсту - вядомая загадзя.

Амэрыканская сыстэма тэстаў для выхаванцаў сярэдніх школаў разьлічаная галоўным чынам на тых, хто дасканала авалодаў ангельскай мовай. Яна строга цэнтралізаваная. На чале яе стаіць грамадзка-навуковы камітэт, які складаецца з 11 вядомых унівэрсытэцкіх прафэсараў і 2 прадстаўнікоў студэнцкага асяродзьдзя. Камітэт гэты сочыць за тым, каб сыстэма функцыянавала бездакорна, каб штогод аднаўляліся склад і колькасьць тэставых пытаньняў у адпаведнасьці з апошнімі дасягненьнямі навуковай думкі. Камітэт таксама разглядае скаргі, якіх, аднак, ня шмат.

Але, самае галоўнае - камітэт мае пад сваёй апекай унікальныя кампутарныя дадзеныя. Усе вынікі тэставаньня амаль 2 мільёнаў амэрыканцаў і 200 тысячаў чужынцаў строга кампутарызуюцца і захоўваюцца. Такім чынам, калі вы, напрыклад, хочаце паступіць на вучобу ў той ці іншы унівэрсытэт, вам ня трэба дасылаць у прыёмную камісію вынікі вашых SAT тэстаў. Камісіі дастаткова зазірнуць у кампутар, каб усё пра вас ведаць. Гэткая сыстэма дзейнічае дасканала ўжо некалькі дзясяткаў гадоў.

Вынікі тэставаньня паводле сыстэмы SAT прызнаюцца практычна ўсімі эўрапейскімі ўнівэрсытэтамі. Але ў Эўропе, дзеля больш дасканалага ўліку эўрапейскай спэцыфікі, паўстала свая сыстэма тэстаў. Называецца яна IВ (па-ангельску International Baccalaureatе -- міжнародая бакалярская ступень).

Сыстэма тэставаньня IВ была распрацаваная вучонымі Кембрыдзкага ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі ў сярэдзіне 70-х гадоў і напачатку выкарыстоўвалася толькі для ўнутраных патрэбаў брытанскай адукацыі. Сёньня гэта ўсеагульная афіцыйная сыстэма тэстаў Эўрапейскага Зьвязу. Паволі яна ператвараецца ў агульнаэўрапейскую. Ейная сутнасць палягае на падрыхтоўцы гарманічна адукаванай асобы. Вучань сам выбірае прадметы , у якіх ён хоча спэцыялізавацца. Але, атрымліваючы ступень міжнароднага бакаляра, нельга быць аднабакова адукаваным. Усе важнейшыя прадметы школьнага курсу падзеленыя на тры ўзроўні цяжкасьці. Умоўна іх можна назваць:

А - найбольш складаны;
В - крыху лягчэйшы;
С - зусім лёгкі.

Дык вось, каб мець дыплём міжнароднага бакаляра, неабходна здаць як мінімум два тэсты найвышэйшага ўзроўню складанасьці - А. Два тэсты можна здаваць на узроўні В і два - на узроўні С.

Так, напрыклад, калі вас цікавяць грамадзкія навукі, вы можаце здаваць тэст з прадметаў "сусьветная літаратура" і гісторыя самай высокай катэгорыі цяжкасьці - А, ангельскую мову і псыхалёгію - ўзроўню В і матэматыку з фізыкай - узроўню С. Зразумела, вы можаце здаваць усе школьныя прадметы на самым высокім узроўні цяжкасьці і тады вы амаль аўтаматычна можаце быць залічаныя ў склад студэнтаў самага прэстыжнага ўнівэрсытэту.

Сыстэма тэставаньня IВ дазваляе найбольш поўна прадэманстраваць патэнцыяльным студэнтам свае здольнасьці. Пры гэтым здольным матэматыкам, напрыклад, можна сканцэнтравацца на вывучэньні матэматычных дысцыплінаў, а не паглыбляцца занадта ў грамадзкія навукі. IБ - гэта як бы падрыхтоўчы нулявы курс для ўнівэрсытэту. Адзіны варунак тут - вывучэньне дзьвюх замежных моваў. Бачыце, для Эўропы веданьне школьнікамі толькі адной замежнай мовы - гэта ўжо ўчорашні дзень.

Самыя вядомыя ў сьвеце сыстэмы тэставаньня - SAT і IВ - разьлічаныя на тых з вас, паважаныя абітурыенты, хто добра ведае ангельскую мову. І здача гэтых тэстаў у Беларусі даволі праблематычная, хоць і магчымая. Таму вас напэўна цікавяць тэсты для чужынцаў, якія хочуць вучыцца ў замежных заходніх унівэрсытэтах. Такія сыстэмы існуюць. Найбольш вядомая зь іх - TOEFL (Test of English as a foreign language) - ангельская мова для чужынцаў. Але пра яе сутнасьць я раскажу ў наступнай перадачы з гэтай сэрыі.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG