Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Рыгор Барадулін?


(эфір 27.02.2000).

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.

На мінулым тыдні споўнілася 65 гадоў народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. Не абы якая нагода, каб можна было яе прамінуць. Праўда, фармулёўка не задавальняе. "Народны паэт" гучыць намэнклятурна і па-савецку. Нават калі гэта праўда, тытул не апісвае сутнасьць. Бо народны паэт мусіць быць увасоблены калі не ў каменнай глыбе, як Купала або Колас, дык прынамсі ў бронзавым бюсьціку, як дзясятак іхных наступнікаў. А Барадулін менш за ўсё ўяўляецца спыненым. Як мінімум, занадта рухавы для такога тытулу чалавек.

Шукаць ягонага вызначэньня ў кнігах - таксама марны занятак. Не чытаюцца сёньня колішнія літаратуразнаўчыя опусы пра паэтыку Барадуліна. Магчыма таму, што ніяк не адгукаюцца на сучасны дзень. Зрэшты, сказанае тычыцца ня толькі опусаў пра Барадуліна і ўвогуле ня толькі опусаў, але й саміх вершаў. Не чытаюцца сёньня і вершы. Ды й не асабліва пішуцца таксама. Ці то з-пад іх - з-пад усяго гэтага каласальнага даробку беларускай савецкай паэзіі, сыйшоў кантэкст, і вобразы з паняцьцямі завісьлі ў паветры, ні на чым не ўгрунтаваныя. Ці гэта мы апынуліся ў глыбокай кантэкстуальнай яміне і празь нейкі час самі, або разам ужо зь дзецьмі - усё тое як знойдзем.

Урэшце атрымліваецца, што паэт, расьпісаны па ўсіх энцыкляпэдычных дэфініцыях, якія больш нагадваюць памятныя знакі, не супадае зь імі. Ходзіць жывы дзядзька Рыгор па беларускіх вуліцах, дзе на будынках разьвешаныя шыльды "Тут жыў народны паэт...", а ў галаве ягонай самі сабою складаюцца вершыкі пра якую-небудзь пані Яню, якая нейкаму пану Яну цалавала не магу сказаць што. Не "народны" ён, чытай, забранзавелы, і не "паэт" - у такі надта не паэтычны час. Найлепей у сёньняшніх постмадэрнісцкіх паветрыях Рыгору Барадуліну надаецца іншае вызначэньне - культурны герой. Прычым ці не самы яркі культурны герой у цяперашняй Беларусі.

З сказанага, думаю, зразумела, чаму ў сёньняшняй перадачы мы ня будзем займацца літаратурным аналізам. Мы паспрабуем у некалькі штрыхоў намаляваць партрэт культурнага героя.

Сяргей Харэўскі кажа пра незацыкленасьць Барадуліна ў сваім жанры. Гэты паэт шчыльна зьвязаны і з мастакамі і з музыкамі, яго ўвесь час прывабліваюць сынтэтычныя творы.

(Сяргей Харэўскі: ) “Калісьці ў мае рукі немаведама адкуль патрапіў зборнік вершаў Рыгора Барадуліна ў перакладзе на расейскую мову "Белая яблоня грома". Узяўшы кніжку ў электрычку, я прачытаў яе некалькі разоў. І быў у захапленьні - ня столькі ад словаў, колькі ад тае беларускае энэргетыкі, якая сыходзіла са старонак. Нават па-расейску. Памятаю, я не ўтрымаўся і прачытаў адзін верш з таго зборніку на ўроку расейскае літаратуры. Верш быў пра карані дрэваў, што тым глыбей урастаюць у зямлю, чым вышэй да неба цягуцца іхныя шаты. Нескладаная мэтафара выклікала, аднак, пільную ўвагу маёй настаўніцы. Насуперак чаканаму мною эфэкту, яна пасураваела й параіла мне чытаць усё ж расейскіх паэтаў.

Зь немаведамых нам законаў прыроды, нацыянальная сьведамасьць можа прарастаць і гэтак. І прарастала. Насуперак парадзе настаўніцы, я ўзяўся чытаць не расейскую паэзію, а Барадуліна ды іншых нашых паэтаў - ужо па-беларуску. Але тая ягоная "Белая яблоня" запомнілася назаўжды. Запонілася, дарэчы, і сваім густоўным афармленьнем. Барадуліну шанцавала на добрых мастакоў, што аздаблялі ягоныя кнігі. Магчыма, мастакі адчуваюць у ім роднасную душу. Валянцін Ціхановіч, Уладзімер Бойка, Яўген Кулік, Барыс Забораў, Валеры Славук - блізу ўся клясыка графічнага мастацтва. Ці тое забаўная кніжка "Экзамэн" у аздобе Ціхановіча, калярытнае сьведчаньне эпохі канца 60-х, ці то ўнікальнае выданьне шаржаў Заборава да барадулінскіх эпіграмаў "Абразы без абразы". Шырыня захапленьняў самога Барадуліна стала тоеснай той шырыні жанраў, у якіх мастакі ілюстравалі ягоныя творы. Ад карыкатураў Бусла й Ждана да ягоных вершаў у часопісе "Вожык", да фотаграфікі Шалухі й Чурко ў альбоме "Пад небам Радзімы цудоўнай", тэкст да якога таксама быў напісаны паэтам. Менавіта Барадулін, шматкроць узнагароджаны й пеставаны ўладаю, стаў на абарону памяці Марка Шагала. Што мог паэт? Вярнуць Шагалаўскую паэзію. Да юбілею мастака, у 1987 годзе, Барадулін пераклаў ягоныя вершы. Тады гэта ўспрымалася, як выклік ідэолягам з ЦК КПБ. Але праз чатыры гады тыя пераклады пабачылі сьвет, да першага Шгалаўскага пленэру. Упершыню вершы беларускага мастака загучалі па-беларуску. Пранізьліва й шчыра:

"... Ты крыўду маеш, мая краiна?
Што ў бутлi вада,
я перад табою адкрыты,
даўно ўжо ты кiнула сына у чуж-чужыну,
надзялiўшы тугою".

(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі сьцьвярджае, што Рыгор Барадулін не належыць толькі паэзіі, але імкнецца ствараць культуру ўвогуле. Цяпер нам трэба высьветліць, наколькі гэта вядомая асоба. Бо культурны герой мусіць быць, як той казаў, ва ўсіх на слыху. За такую задачу ўзяўся Севярын Квяткоўскі”.

(Севярын Квяткоўскі: ) “Рыгор Барадулін пачаў літаратурную кар'еру ў 1957 годзе, калі прынес свае вершы ў газэту "Звязда". Тагачасны загадчык літ-аддзелу газэты Валянцін Тарас з захапленьнем прачытаў падборку. Вершы надрукавалі, і газэта нават дала паэту-пачаткоўцу сваю прэмію. З гледзішча Валянціна Тараса, сапраўды пераломным у творчасьці Рыгора Барадуліна стаў зборнік "Нагбом", які выйшаў на пачатку 60-х:

- Калі я пабачыў гэтую кніжку, я зразумеў, што мы маем справу з паэтам значным, важкім. Паэтам зь велізарным патэнцыялам, з паэтам назаўсёды.

Для Валянціна Тараса паэт Рыгор Барадулін каштоўны як творца сучаснай беларускай мовы і літаратуры, на якой няма пячаткі сялянскай затурканасьці. Як прыклад, Валянцін Тарас прыводзіць нізку рамансаў Барадуліна, музыку для якіх напісаў Алесь Камоцкі:

- Гэта цудоўныя сьветлыя рэчы, вельмі беларускія. Барадулін - гараджанін. Гэта інтэлігент, гэта высокаадукаваны чалавек. Гэта эўрапейскі паэт.

Барадулін паэт, перакладчык, баечнік, эпіграміст... - вядомы ў краіне чалавек. Я выйшаў на вуліцы Менску, каб папытацца ў дваццацігадовых - хто для іх Рыгор Барадулін?

- Рыгор Барадулін? Клясны дзядзька, прыкольны. Кажуць, байкі нармальныя травіць. Частушкі сьцёбныя друкуюе. Кажуць, што самы няп'юшчы пісьменьнік.

Я не сустрэў ніводнага маладога менчука, які б не чуў пра Рыгора Барадуліна. Найперш імя паэта асацыюецца зь ягонай грамадзянскай пазыцыяй. Вось два тыповыя адказы:

- Слышал что-то про Бородуліна. В школе, по-моему, проходілі. Белорусскій пісьменнік какой-то. Вроде, оппозіціонный.

- Не скажу, что хорошо разбіраюсь я в нашых белорусскіх пісателях. Я думаю, что теперь іх вліяніе на общество слабое. Посмотріте, как власті преследуют Быкова.

Нельга сказаць, што сёньняшнія студэнты мала абазнаныя ў імёнах беларускай літаратуры. Але шмат хто знаходзіцца пад уплывам стэрэатыпаў савецкай школы, маўляў, беларускі пісьменьнік піша пра калгас. Моладзі ж хочацца чагосьці "моднага".

- Як усе савецкія школьнікі, я не чытаў беларускіх пісьменьнікаў. У мяне выклікалі пратэст енкі пра вёску, альбо ўслаўленьне савецкага ладу. А калі на пачатку 90-х я пачаў самастойна думаць, дык не хапала часу чытаць аўтараў, якіх перад тым адкідаў у школе. Таму, мала што магу сказаць пра Рыгора Барадуліна. Можа пазьней аднаўлю прабел.

А яшчэ ці ня ўсе, з кім я размаўляў на менскіх вуліцах, мяркуюць, што сёньняшні час цалкам неспрыяльны для паэзіі:

- Я сама пішу вершы. Мне, увогуле, падабаецца Барадулін. Не скажу часта яго чытаю. Мне ён больш імпануе як дзяяч-публіцыст: ягоныя выступы на радыё "Свабода". Ня думаю, што ён можа зрабіць штосьці большае сёньня. Зараз такі час, што людзям не да паэзіі. Тым ня менш, я ўспрымаю яго, як жывога клясыка. Міне час, і паэзія Барадуліна атрымае другое дыханьне. але, пазьней, не цяпер.

Калі зь сярэдзіны 50-х моладзь жыла з адчуваньнем "адлігі", верыла ў набліжэньне новых-лепшых пераменаў у грамадзтве, дык сёньняшняя часьцей згадвае формулу "барацьбы за выжываньне".

Праўда, вершы ў газэту дасылаюць менавіта гэтыя - зусім маладыя, і тыя першыя - пэнсіянэры. Гэта значыць, што ў іх шмат агульнага”.

(Сяргей Дубвец: ) “Севярын Квяткоўскі спытваў у маладых людзей, ці ведаюць яны Рыгора Барадуліна. Зразумела, што ведаюць са школьнай праграмы. Але зь іншага боку, шмат каго з тае самае праграмы яны не прыгадваюць, пра што сьведчаць і нашыя ранейшыя экспэрымэнты ў "Вострай Браме".

Ёсьць і яшчэ адна важная характарыстыка, неабходная для культурнага героя - ён мусіць быць свабодным, больш свабодным за іншых, за што яго і ведаюць, і любяць. Шчыра кажучы, з нашых традыцыйна імянітых творцаў Барадулін якраз і ёсьць такі вось самы свабодны. Справа ня толькі ў фрывольнай паэзіі, але і ў гатовасьці ўстаць на абарону таго ж Шагала ў Беларусі, бяз боязі быць ня так патрактаваным. І ва ўдзеле Барадуліна ва ўсіх дэмакратычных ініцыятывах, ягонае прэзыдэнцтва ў такім "неславянскім" і "непрарасейскім" ПЭН-цэнтры. Неяк з прыяцелем у Радыё Свабода слухалі мы пра тое, як выкінулі на вуліцу Менскі клюб сэксуальных меншасьцяў і задумаліся - хто з нацыянальных аўтарытэтаў мог бы ўстаць на абарону гэтага клюбу. Першым прыйшло ў галаву імя Барадуліна. Справа тут ня ў чым іншым, а ў незакамплексаванасьці, адкрытасьці да сьвету і ўнутранай свабодзе. А хто яшчэ так шчодра і калярытна распавядае пра пісьменьніцкае п'янства, як ня гэты самы непітушчы беларускі пісьменьнік. Тэму працягне Зьміцер Бартосік”.

(Зьміцер Бартосік: ) “З паэтам трэба знаёміцца завочна. Каб пры першым руканьні, нібы выпадкова, мець магчымасьць працытаваць ягоныя радочкі. Эфэкт звычайна атрымліваецца самы прыемны. Але ўпершыню пазнаёміўшыся з Рыгорам Барадуліным падчас літаратурнай вечарыны ў Полацку, я не насьмеліўся скарыстацца гэтым правілам. Адзінае, што запала ў памяць – гэта барадулінскія радочкі, прысьвечаныя Броўку. Памятаеце? "Пятрусь Броўка піша лоўка, піша лоўка і даўно..." А гімн беларускай унутранай эміграцыі "Трэба дома бываць часьцей" чамусьці вылецеў з галавы. Таму з мэтрам гукапісу я парукаўся без цытаваньня.

Пасьля тых чытаньняў, на якіх дзядзька Рыгор не стамляўся сьмяшыць залю сваімі караценькімі эпіграмамі, "дурнотамі", як ён іх называе, быў стол, была гарэлка, і нават зьявілася гітара. Не было толькі адчуваньня розьніцы ва ўзросьце й перажытых эпохах.

(Песьня "Ад панядзелка да панядзелка")

Барадулін ня выпіў ніводнага кілішку, але пры гэтым не гублялася адчуваньня, што мы п'ем на роўных. Ён распавядаў усялякія сьмешныя гісторыі пра свайго сябра Караткевіча ствараючы ўражаньне, быццам усё гэта адбывалася ледзь ня ўчора. І я таксама мог усё гэта засьпець. Менш за ўсё хацелася перапыняць ягоныя вясёлыя ўспаміны”.

(Рыгор Барадулін: ) "Валодзя Караткевіч вельмі любіў сабак. Як і я. І ў нас у Каралішчавічах былі два сабакі. Джэры й Дазор. Мы яшчэ, парадзіруючы савецкую паэзію, казалі: "Гэй да сонца! Гэй да зор! З намі Джэры і Дазор". А Валодзя хадзіў у вунтах. І сабакі заўсёды брахалі на гэтыя вунты страшна. Яны адчувалі, што ён у іхных братах ходзіць. Валодзя любіў прыгожыя жэсты, як то паехаць у рэстаран у Менск. Замовіць абавязкова салянку з масьлінамі. А я масьліны тыя не любіў. "Ну ясна, - казаў той, - ты ж не панскага паходжаньня". А я яму заўжды ў гэтым падыгрываў. І куранятка табака абавязкова. Каб сабакам завесьці костачкі. Але задавальненьне было ня таннае. Езьдзілі ж на таксі. Заходзім у рэстаран, а ў Валодзі шыкоўны-шыкоўны швэдар. Ён заўсёды казаў, што яму кожны швэдар вяжа новая дама. Яго неяк сустрэнеш у горадзе. "Валодзя, адкуль ідзеш?" "Іду ад маладзіцы. І сягоньня ўжо не ад першай". Ён быў непераўзыдзены ні ў каханьні, ні ў п'янцы, ні ў чым. Ну сядзім у рэстаране п'ём. Костачкі зьбіраюцца ў мяшэчак. Па дарозе яшчэ ў магазін заходзім, купляем авоську чацьвяртушак.

Ну і сядаем у таксі й едзем. І тут Валодзя у добрым настроі мне кажа: "А ведаеш, што заснавальнік Дому Раманавых Іван Кабыла быў конюхам у майго дзеда?" Я кажу: "Валодзя, у 13-м толькі трохсотгодзьдзе адзначылі". "Ну ня дзед, кажа, дык прадзед". Яму хацелася, каб ягоны род быў вышэй за царскі. Караткевіч - гэта Беларусь, якая сябе ўспомніла. Успомніла панавітай такой, не лапцюжнай. Ну, даяжджаем да разьвілкі. Выходзім, стаім. І тут едзе трактар. Трашчыць страшна, ну невераемна. Спыняем гэты трактар, дамовіліся за дзьве чацьвяртушкі. Ну мы едзем-едзем. Пад'яжджаем пад самыя Каралішчавічы. А ўжо дзьве гадзіны ночы. Ну мяне таксама чорт панёс, я кажу гэтаму трактарысту: "А вось калі вакол гэтага дому тры кругі зрабіць. Я аддаю дзьве чацьвяртушкі". "Ды хоць дзесяць". Але тут Валодзя працьверазеў, гаворыць, што тады нас выганяць. Таму, што тады там Куляшоў адпачываў і гэты самы, Лужанін, і таму падобныя. Так званая эліта. Але ўсё роўна трактарыст чатыры чацьвяртушкі атрымаў".

(Зьміцер Бартосік: ) “Нядаўна, узяўшы сабе з правіла не пакідаць кнігарняў, не набыўшы хоць бы адну беларускую кніжку, я значна папоўніў сваю бібліятэку шматлікімі паэтычнымі зборнікамі пачаткоўцаў, цікаваю мэмуарыстыкай і не зусім патрэбнай мне "прозаю жыцьця". Але нідзе мне апошнім часам не трапляўся Барадулін. Што, безумоўна, сьведчыць аб цікавасьці да ягонай творчасьці з боку публікі. Сваю апошнюю кніжку паэт падараваў мне сам. Я не рызыкну цытаваць тыя, апрацаваныя мэтрам, вушацкія прыпеўкі ў эфіры. А прыхаваю іх да якога-небудзь чарговага застольля. Каб, пахуліганіўшы ненарматыўнымі рыфмамі ды ўвагнаўшы ў чырвань дзяўчатак, з годнасьцю адкрыць імя аўтара: "Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін".

(Працяг песьні "Ад панядзелка да панядзелка")

(Сяргей Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік у дуэце з Рыгорам Барадуліным выканалі народную песьню "Ад панядзелка да панядзелка".

Акурат у дзень нараджэньня Рыгора Барадуліна мы зь сябрамі патрапілі ў стары Віленскі тэатар на Пагулянцы на канцэрт знакамітага джазавага трубача Тамаша Станькі. Канцэрт быў настолькі адэкватны юбіляру, што нават паляк Станька выглядаў падобным да Барадуліна. Музыка тварыла дзіўныя рэчы. "Гэта ж канцэрт у гонар Барадуліна" - сказаў я сябру. "Дык ніхто ж ня ведае" - запярэчыў прыяцель. Урэшце мы вырашылі, што такія рэчы наладжвае Бог, і дастаткова таго, што пра гэта ведаем мы.

Працяглыя джазавыя кампазыцыі ў выкананьні квартэту Станькі наводзілі на развагі пра музыку свабоды, пра ігру, якая імкнецца нібы зачапіць знаёмае сугучча, але тут жа ўцякае, каб не акрэсьліць да канца кандовую мэлёдую. З гэтых уцёкаў ад усяго зафіксаванага і - у кантэксьце нашае гаворкі - забранзавелага - урэшце складаецца нешта зусім самастойнае - зь нейкай уласнай дзіўнай гармоніяй, што кранае сэрца. Так можна рыскамі апісаць фры джаз, які грае Тамаш Станька. Ягоная труба быццам намацвае гукамі нешта прыгожае, але зараз жа і вырываецца з банальнасьці, то крычыць, то шэпча. Гукі перабіраюцца, наскокваюць адзін на адзін. "Слухай, - зрабіў адкрыцьцё прыяцель, - Станькава манера граць моцна нагадвае Барадулінскую манеру гаварыць".

Барадулін гаворыць сынкопамі.

Рыгор Барадулін - народны джазмэн Беларусі”.

Сяргей Дубавец, Вільня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG