Удзельнікі: палітоляг Міхась Залескі, журналіст “Беларускай газэты” Віктар Марціновіч. (эфір 19.11.2000).
Аўтар і вядучы Юры Дракахруст. На пачатку лістапада ўвагу грамадзкасьці прыцягнула акцыя “Пераменаў!”, арганізаваная аднайменым маладзёвым рухам. Масавы ўдзел моладзі ў вулічных акцыях апазыцыі стаў адметнасьцю беларускай палітыкі ад 1996 году. І зараз мы назіраем новую хвалю палітычнай актыўнасьці моладзі. Разам з тым ёсьць пытаньне: ці гэтыя акцыі адлюстроўваюць зьмены ў сьвядомасьці моладзі ў цэлым, ці гэта зьява, што тычыцца пэўнага абмежаванага маладзёвага асяродку?” (Залескі: ) “Зараз ня толькі моладзь, але і ўсё беларускае грамадзства імкліва развальваецца на некалькі частак, вельмі моцна зьвязаных з тэхналягічнымі ўкладамі і з рознымі “тэхналёгіямі” самога жыцьця. Ёсьць Менск з сучаснымі тэлекамунікацыямі, Інтэрнэтам, з ВНУ, з газэтамі, з рознымі тэлеканаламі. Ёсьць раённыя цэнтры без нічога, без ніякіх цэнтраў культуры і часьцяком без кваліфікаванай працы. І ёсьць вёска, якая імкліва падае ў першабытны лад і, здаецца, незваротна. І ў кожным з гэтых месцаў ёсьць моладзь. Што адбываецца зараз? З 1973 году ў горадзе нараджаецца больш дзяцей, чым у вёсцы. Чым больш у выніку дэмаграфічных працэсаў зьяўляецца маладых людзей у буйных гарадох, тым больш яны робяцца палітычнаю сілаю. Людзі “ад сахі” адыходзяць натуральным шляхам ад палітыкі, ад улады, ад усяго. Я мяркую, зараз мы бачым апошнюю генэрацыю выхадцаў з вёскі пры ўладзе. Гэтая моладзь, што зараз выйшла на вуліцы, яна не атаясамляе сябе з апазыцыяй, якая ў глыбіні сэрца марыць аб местачковай Беларусі. Гэта гарадзкая беларуская моладзь. І іх паводзіны – гэта паводзіны менавіта гарадзкой моладзі. Тое, што адбылося ў пачатку лістапада ў шэрагу гарадоў Беларусі, хутчэй нагадвае Парыж 1968 году, чым вясковы бунт”. (Дракахруст: ) “Віктар, а якое Вашае меркаваньне?” (Марціновіч: ) “На мой погляд, гэтыя перамены закранулі толькі вузкае кола маладых людзей. Яшчэ ў 1996 годзе пасьля сэрыі маніфэстацыяў можна было вылучыць некалькі ўнівэрсытэтаў, нават некалькі факультэтаў, навучэнцы якіх удзельнічалі ў акцыях. Актыўных удзельнікаў гэтых акцыяў – 500-600 чалавек. Беларуская моладзь амаль такая ж абыякавая, як увесь беларускі народ. Калі б у Беларусі існаваў такі маладзёвы супраціў, як ва Францыі на прыканцы 60-х гадоў, мы мелі б на вуліцах ня 5-6 соцень чалавек, а дзесяткі тысячаў. Толькі ў Менску каля двух дзесяткаў ВНУ, ёсьць як мінімум 50-60 тысячаў маладых людзей – патэнцыйных удзельнікаў такіх акцыяў. Нягледзячы на тое, што жыць амаль няма на што, гэтыя людзі мысьляць сябе часткаю існуючай сыстэмы. Яны не адчуваюць у сабе здольнасьці зьмяніць яе. Яны баяцца гэтых акцыяў, бо баяцца быць адлічанымі са сваіх ВНУ, асабісты дабрабыт, асабістая кар’ера для іх больш важная, чым абстрактныя для іх ідэі пераменаў, дэмакратыі і гэтак далей”. (Дракахруст: ) “Вы, Віктар, магчыма, крыху звужаеце праблему. Так, у Парыжы ў 1968 годзе, у Бэлградзе сёлета на вуліцы выходзілі дзесяткі тысячаў маладых людзей, у Беларусі зараз – сотні. Але ў грамадзтве, асабліва ў маладзёвым асяродку, вельмі важную ролю адыгрывае стыль, мода. Ці ня лічыце Вы, што гэтыя, хай сабе і 500 чалавек, як Вы гаворыце, вызначаюць пэўную моду, зьяўляюцца стылёвымі лідэрамі, кумірамі для больш шырокага кола маладых людзей, якія самі, магчыма, і баяцца выходзіць на вуліцы?” (Марціновіч: ) “Калі б так было, мы б мелі іншую сытуацыю. Што сёньня мы бачым сярод моладзі? Моладзь чытае расейскіх пісьменьнікаў, слухае расейскую і заходнюю “папсу”, моладзь мае інтэрнацыянальныя ідэалы, і гэтыя 5-6 соцень чалавек не зьяўляюцца, на жаль, для яе кумірамі. Калі б яны былі кумірамі – не было б страху ісьці за імі. У маладзёвым асяродку такія паняцьці, як страх, годнасьць асэнсоўваюцца крыху па-іншаму. І таму, калі хтосьці хоча быць падобным на Паўла Севярынца – ён будзе на яго падобным, і яго ня спыніць страх перад адлічэньнем з унівэрсытэту. Але зараз, апроч усяго, Павал Севярынец ня вельмі вядомы ў маладзёвым асяродку, нават сярод навучэнцаў ВНУ. У маладзёвым асяродку папулярныя хлопцы, якія цікавяцца Інтэрнэтам, чытаюць Пялевіна, слухаюць “правільную” музыку. Палітызацыя ў маладзёвым асяродку зараз вельмі нізкая. Палітыка, як сфэра інтарэсаў, у моладзі проста адсутнічае. Ёсьць Інтэрнэт, ёсьць інтэрнэтаўская перапіска. Яны пішуць у чатах, што “усё дрэнна”, што “краінаю кіруе калгасьнік”, але ніякіх дзеяньняў гэта за сабою ня цягне”. (Дракахруст: ) “Віктар глядзіць на праблему вельмі песымістычна. Міхась, а паводле Вашага меркаваньня, ці можа ўсё ж моладзь адыграць самастойную ці хаця б адметную ролю ў беларускай палітыцы?” (Залеск: ) “Гэтым разам вядучую ролю адыграюць хутчэй хлопцы, што боўтаюцца ў старэйшым коле БПСМ, хлопцы з райцэнтраў, гараджане ў другім пакаленьні, а ня тыя гараджане ў трэцім пакаленьні, якія зараз выходзяць на вуліцы. Выхадцы з райцэнтраў, тэхнары, выпускнікі Палітэхнічнай акадэміі, Горацкай акадэміі, БАТУ, якія зараз імкнуцца ў “вэртыкаль”, удзельнічаюць ва ўсіх гэтых апаратных гульнях раённага ўзроўню – яны атрымліваюць досьвед кіраваньня, набліжаюцца да ўлады і пазнаюць яе тэхналёгіі. І яны мараць пра тое, каб адпіхнуць ад гэтай улады старэйшае пакаленьне, тых камуністаў, якія пры ўладзе зараз”. (Дракахруст: ) “Наступнае пытаньне пра іншы палітычны маладзёвы “полюс” – пра БПСМ. Міхась ужо казаў пра гараджанаў у другім пакаленьні, якія робяць кар’еру праз лукашэнкаўскі камсамол. Паводле задумы – гэта маладзёвае апірышча ўлады. Але ці так гэта на самой справе? І што гэта наогул для саміх БПСМаўцаў? Міхась, як Вы лічыце?” (Залескі: ) “Адным з крокаў Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта было аднаўленьне ўлады, аднаўленьне ўладнага апарату. Уладны апарат, па-першае, павялічыўся ў два разы, а па-другое, ён на 50% у выніку гэтага аднавіўся. Ён пакідае старую вярхушку і стварае новую генэрацыю “Севаў Янчэўскіх”, якія гатовыя на ўсё з прагматычных меркаваньняў. З прагматычных меркаваньняў яны зьбіраюцца вакол раённай улады, вакол “вэртыкалі” і пачынаюць адыгрываць пэўную ролю. Але істотнай яна стане яшчэ ня зараз – у нас усё адбываецца занадта марудна. Гэты лукашэнкаўскі “маладняк” яшчэ не дасьпеў да стварэньня нейкай партыйнай сілы кшталту расейскага “Мядзьведзя”. Пакуль яны яшчэ не выкрышталізаваліся”. (Дракахруст: ) “Віктар, Вы шмат пісалі пра БПСМ, асабіста ведаеце шэраг лідэраў гэтай арганізацыі. Які Ваш погляд на праблему?” (Марціновіч: ) “БПСМ як арганізацыю вельмі добра характарызуе тое, што адбываецца з кампраматам на Янчэўскага. На яго ідзе больш кампрамату, чым на любога іншага дзяржаўнага чыноўніка. І справа ня ў тым, што на яго шмат кампрамату, але і ў тым, што ён узначальвае арганізацыю, у якой кожны пэрсанаж бачыць сябе будучым прэзыдэнтам ці хаця б старшынём БПСМ. Гэтая арганізацыя нагадвае камсамол 80-х гадоў, калі гэтыя хлопцы ўжо добра разумелі, што рэжым доўга не працягне. БПСМаўцы таксама разумеюць, што Лукашэнка сыйдзе, і будзе патрэба ў маладых перспэктыўных палітыках. І кожны зь іх лічыць сябе менавіта такім – маладым пэрспэктыўным палітыкам і рыхтуецца да будучыні. Янчэўскі мяркуе, што і пры іншай уладзе ён застанецца “на плаву”. Ён скажа: “ А ў чым справа? Так, я пры Лукашэнку ўзначальваў маладзёвую арганізацыю. Але ж я нікога ня ціснуў, быў лібэралам”. (Дракахруст: ) “Мы разважалі пра два палітычныя “полюсы” – пра рух “Пераменаў!” і пра БПСМ. Але асноўная маса моладзі не належыць ані да аднаго, ані да іншага “полюсу”. У чым, на Ваш погляд, асаблівасьці, якія ўласьцівыя сучаснай беларускай моладзі як цэламу, як пакаленьню, чым яно адрозьніваецца ад сваіх папярэднікаў? Віктар, Вам слова”. (Марціновіч: ) “Наколькі я разумею, пытаньне тычыцца “гэроя нашага часу”. На мой погляд, маладзёвы гэрой – гэта абсалютна апалітычны чалавек, які будуе сваё жыцьцё сваімі рукамі, які вызнае лібэральныя каштоўнасьці, які ведае, што такое грошы і ведае, як іх зарабіць. Гэты гэрой ведае ўсё: Інтэрнэт, музыку, літаратуру. Але такі чалавек будзе ідэальным тыпам для ўнівэрсытэцкай моладзі. Для астатняй моладзі гэроем і сымбалем нашага часу зьяўляецца “быкан” з твораў Нязнанскага і з расейскага сэрыялу “Менты”. Гэтая асноўная частка моладзі – выпускнікі ПТВ, тэхнікумаў, школаў, для іх ідэал і гэрой – гэта чалавек, які “строга” слухае расейскаю папсу, які не чытае кніг, таму што яму гэта ня трэба, які працуе на рынку і зарабляе грошы, можа добра выпіць і таксама не цікавіцца палітыкаю. Дарэчы зараз, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, гэтая апалітычнасьць можа згуляць вельмі дрэны жарт з апазыцыяй. Кампанія “Байкот-2000”, рэалізаваная апазыцыяй, была зарыентаваная на ўнівэрсытэцкую моладзь, на тую моладзь, якая мае хоць нейкі інтарэс да будучага нашай краіны. Гэтая акцыя ўпэўніла ўсіх навучэнцаў унівэрсытэтаў, прагрэсыўную моладзь у тым, што на выбары хадзіць ня трэба. Вельмі доказна было паказана, што дэмакратычныя кандыдаты ня могуць атрымаць на іх перамогу. І зараз ёсьць вельмі вялікая небясьпека таго, што на прэзыдэнцкіх выбарах моладзь экстрапалюе гэтыя ўстаноўкі, нават калі там будзе адзіны кандыдат ад апазыцыі, і проста ня пойдзе на выбары. А навошта хадзіць? Яны будуць думаць пра прэзыдэнцкія выбары гэтак жа, як іх вучылі думаць пра парляманцкія выбары”. (Дракахруст: ) “А як Вы лічыце, Міхась?” (Залескі: ) “Мяняецца вельмі шмат. Мяняецца падыход да ўсьведамленьня грамадзтва, сучаснасьці і гіерархія каштоўнасьцяў. Для сярэдніх ці старых беларусаў вельмі важныя спрадвечныя каштоўнасьці: парадак і сям’я. І моладзь іх не адмаўляе. Але ў тых маладых, што выходзяць на вуліцы, зьявіліся новыя каштоўнасьці: грошы і свабода. А пад грошы і свабоду (каб імі карыстацца) патрэбная рэальная ўлада, патрэбнае забесьпячэньне бясьпекі. У старэйшых беларусаў гэтага не было. Размова не пра тую бясьпеку, каб цябе ня білі “дэмакратызатарам” па галаве, а тую, якая забясьпечваецца правам уласнасьці. Гэтыя людзі будуць стаяць за права прыватнай уласнасьці, за тое, што наогул завецца privacy, за прыватнае жыцьцё і прыватнае меркаваньне, за незалежнасьць ад масы. У гэтым іх адрозьненьне нават ад той генэрацыі, якая выходзіць з райцэнтраў. Тыя яшчэ па-беларуску хочуць быць “як усе”. Калі ўзяць дасьледваньні НДІСЭПД, там вельмі добра паказана, як раскручваецца гэтая “сьпіраль маўчаньня”: я думаю гэтак, але астатнія думаюць інакш, і таму я буду рабіць, як астатнія. Тыя маладыя людзі, якія выходзяць на вуліцу, каб пратэставаць – яны не імкнуцца рабіць, як астатнія, яны імкнуцца рабіць так, як ім трэба. Гэтая моладзь не адлюстроўвае думкі аб’яднанай дэмакратыі – гэтая аб’яднаная дэмакратыя занадта памяркоўная. Яны не адлюстроўваюць думку і асноўнай масы насельніцтва. Гэта – людзі будучыні. Яны яшчэ дачакаюцца сваёй будучыні, якая не за гарамі”. Юры Дракахруст, Прага
Самае папулярнае
1