Праз 10 гадоў месцаў у вышэйшых і спэцыяльных навучальных
установах Беларусі будзе больш за абітурыентаў. Пра наступствы цяперашняга
дэмаграфічнага крызысу — міністар адукацыі Васіль Стражаў.
Апошнім часам школьнікаў у Беларусі становіцца ўсё меней. Калісьці штогод
у першыя клясы ішлі каля 150 000 дзяцей, цяпер — толькі 90 000–100 000.
Пра такія наступствы дэмаграфічнага крызысу паведаміў сёньня ў часе прэсавай
канфэрэнцыі міністар адукацыі Васіль Стражаў.
Паводле прагнозаў, ужо праз 10 гадоў колькасьць месцаў у вышэйшых і
спэцыяльных навучальных установах Беларусі будзе большай за ўвесь выпуск
са школаў. І з гэтай нагоды, зазначыў Васіль Стражаў, пакрысе пачне скарачацца
прыём студэнтаў у пэдагагічныя ВНУ.
Міністар адукацыі пахваліўся, што ў параўнаньні з 1990 годам утрая больш
дзяцей пачынаюць вучыць замежную мову зь першай клясы. Што да дынамікі
навучаньня на роднай мове, то міністар ня здолеў прывесьці дакладнай статыстыкі.
(Стражаў: ) "Калі параўнаць з 1990 годам, дык у нас болей дзяцей вывучаюць
беларускую мову. Калі ж з 1995-м параўнаць — дык паменшала, але думаю,
ня варта рабіць з гэтага нейкай трагедыі. У 1990 годзе каля 19–20% дзяцей
ішлі вучыцца ў беларускамоўныя школы. А год таму было дзесьці каля 30%".
Адказваючы на пытаньне пра даволі нізкі ўзровень выкладаньня на беларускай
мове ў клясах з расейскай мовай навучаньня, міністар адукацыі зазначыў
наступнае.
(Стражаў: ) "Ведаеце, тут трэба так падыходзіць. Што лепей для дзяцей:
каб ім выкладалі на добрай беларускай мове ці каб дзеці чулі тое, што ня
трэба ім чуць ад настаўніка?"
Не атрымаўшы канкрэтных лічбаў ад міністра адукацыі, я зьвярнулася па
іх у Таварыства беларускай мовы. Кіраўнік справамі ТБМ Сяргей Кручкоў паведаміў
нашаму радыё пра дынаміку прыёму вучняў у беларускія клясы Менску.
(Кручкоў: ) "Дык вось, 1993 год: 58,6% ад агульнай колькасьці дзяцей
пайшлі ў беларускамоўныя клясы. У 1994 годзе — 58%. У 1995-м — 19,5%. У
1996-м — 12,1%. У 1997 годзе — 7,3%. У 1998-м — 4,9%. У 1999-м — 4,7%.
У 2000 годзе, згодна з нашымі зьвесткамі, у падрыхтоўчыя клясы беларускамоўныя
пайшло яшчэ меней за тыя 4,7%, бо заявы падалі на пачатак навучальнага
году ва ўсім Менску ўсяго 573 чалавекі".
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1