“Лукашэнка вінаваціць АБСЭ ў змове супраць яго,” – публікацыя ў сёньняшнім
нумары Sueddeutsche Zeitung
Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка зрабіў закід Менскай місіі
АБСЭ ў тым, што яна рыхтуе і ўзбройвае «баевікоў» апазыцыі. Выступаючы
ў дзяржаўнай тэлевізіі, ён заявіў, што Захад хоча ператварыць «спакойную
Беларусь» у «другую Югаславію». Беларускі дыктатар, былы інструктар КГБ,
спаслаўся пры гэтым на плянаваную прысылку ўвосень назіральнікаў на прэзыдэнцкія
выбары.
Паводле словаў прэсавага прадстаўніка прэзыдэнта, у краіну маюць прыехаць
14 тысячаў «няпрошаных гасьцей». Пра назіральнікаў Лукашэнка сказаў наступнае:
«Удзень яны будуць сеяць, я ўвечары дастануць ружжо з-пад ложка». Ён ня
можа дапусьціць, каб Захад таптаў законы і фінансаваў апазыцыю. «Каб яны
пасьля пачалі бамбіць мой народ бомбамі зь неўзбагачаным уранам?» - пытаўся
Лукашэнка. Ужо два тыдні таму дзяржаўная тэлевізія востра скрытыкавала
шэфа місіі АБСЭ немца Ганса-Георга Віка — маўляў, гэты «былы кадравы афіцэр»
замежнай выведкі цяпер займаецца падрыхтоўкай «тэрыторыі для натаўскіх
генэралаў».
Апрача Віка, менская тэлевізія апошнім часам неаднаразова выступала
з нападкамі супраць ураду суседняй Польшчы. Польшча мае стацца пляцдармам
натаўскага ўварваньня, гаварылася ў адным камэнтары. Дзеля гэтых мэтаў
польскія вайсковыя палігоны аддадзеныя ў распараджэньне Бундэсвэру. Апрача
таго, у адным з рэпартажаў пра Польшчу эканамічны рэфарматар Лешак Бальцаровіч
быў названы «нямецкім агентам». Ён, маўляў, зьнішчыў дзяржаўныя гаспадаркі
і калгасы, каб даць магчымасьць заходнім кампаніям закабаліць польскі народ.
У выніку сёньня краіна ляжыць у галечы. У якасьці «экспэрта» ў перадачы
выступаў польскі ультранацыяналіст Балеслаў Тэйкоўскі.
Томас Урбан, Варшава
Самае папулярнае
1