Нядаўні скандальны ад’езд Аляксандра Лукашэнкі з Масквы і ягоныя абвінавачваньні
на адрас групы АБСЭ ўзмацнілі цікавасьць расейскага друку да Беларусі.
Агляд апошніх публікацыяў у расейскіх газэтах, прысьвечаных беларускім
справам.
“Известия” выказваюць меркаваньне, што крыўда на Крэмль беларускага
кіраўніка стала пэўным каталізатарам чарговага вітку ягонай няпрыязі да
Захаду. Адсюль, лічыць газэта, зьявіліся і абяцаньні ўзяць пад свой кантроль
працу групы АБСЭ, і ператварэньне 14-ці тысячаў назіральнікаў у баевікоў,
і абяцаньні не дапусьціць зьяўленьня беларускага Каштуніцы. “Известия”
адзначаюць, што антызаходніцкая гістэрыя стала амаль галоўнаю прыкметаю
палітычнага жыцьця Беларусі і істотнаю часткаю перадвыбарчай кампаніі Аляксандра
Лукашэнкі.
Як вынікае з паведамленьня “Независимой газеты”, высновы з югаслаўскага
досьведу робіць ня толькі афіцыйны Менск, але і Масква. Газэта цытуе словы
кіраўніка міжнароднага камітэту Дзярждумы Дзмітрыя Рагозіна, які таксама
заявіў, што югаслаўскі варыянт у Беларусі ня пройдзе, але дадаў, што Маскве
варта працаваць з беларускай апазыцыяй. “Мы ў Югаславіі ледзь не прайгралі
сытуацыю, таму што да выбараў амаль не працавалі з апазыцыяй,” – адзначыў
Рагозін. Свае меркаваньні ён мае намер выкласьці кіраўніцтву службы зьнешняй
разьведкі Расеі.
“Независимая газета” называе заяву Аляксандра Лукашэнкі пра ўсталяваньне
кантролю над бюджэтам групы АБСЭ крокам , беспрэцэдэнтным ва ўсясьветнай
практыцы і тлумачыць сутнасьць праблемы. Выданьне нагадвае, што ўлада энэргічна
рыхтуецца да выбараў, усе “вэртыкальшчыкі” штомесячна праходзяць інструктаж
у адміністрацыі прэзыдэнта, як правесьці выбары з патрэбным вынікам. Газэта
адзначае, што апазыцыя, ня маючы адміністрацыйнага рэсурсу, вырашыла падрыхтаваць
14 тысячаў назіральнікаў, каб забясьпечыць справядлівасьць выбараў.
“Независимая газэта” прапаноўвае дзве вэрсіі таго, як наглядальнікі
ператварыліся ў сьвядомасьці кіраўніка Беларусі ў баевікоў. Першая – Лукашэнку
запалохалі яго ўласныя спэслужбы. Другая – усе гэтыя абвінавачваньні –
ня больш, чым прапагандысцкі трук, які закліканы згуртаваць вакол кіраўніка
народ, запалоханы нашэсьцем “крыважэрных баевікоў”.
“Российская газэта” і “Известия” камэнтуюць учарашняе пасяджэньне савету
міністраў саюзу Беларусі і Расеі, а асабліва заяву прэзыдэнта Пуціна наконт
таго, што Беларусь урэшце пагадзілася ўвесьці расейскія мыты на нафтапрадукты.
Розьніца паміж мытамі, пішуць “Известия”, дазваляла Беларусі займацца рээкспартам
нафтапрадуктаў. “Российская газэта” прыгадвае і іншыя, так званыя “шэрыя”
схемы нафтавай кантрабанды, выданьне прыводзіць дадзеныя, паводле якіх
прыбыткі ад такога бізнэсу складалі да 80 мільёнаў даляраў на год. Грошы
гэтыя, падкрэсьліваюць выданьні, ішлі ў кішэні ня толькі беларускім уладам,
але і расейскім бізнэсоўцам, якія карысталіся гэтым “беларускім калідорам”,
але зараз Масква прымусіла Менск прыкрыць гэтую крыніцу кантрабанды.
“Российская бизнес-газета” прыгадвае, што яшчэ некалькі гадоў таму беларускія
гандляры былі звыклаю часткаю пэйзажу Беларускага вакзалу і Цішынскага
рынку Масквы. Але зараз, піша газэта, карціна зьмянілася: Беларусь страціла
галоўны козыр свайго шляху эканамічнага разьвіцьця – нізкія цэны. “Зараз
суседзі едуць у Расею не каб прадаць, а каб купіць танныя тавары,” – адзначае
“Российская бизнес-газета” і дадае, што ў самой Беларусі назіраецца наплыў
расейскіх тавараў.
Газэта падкрэсьлівае, што расейскія таваравытворцы пачынаюць выціскаць
беларускіх канкурэнтаў ня толькі з расейскага, але і з замежных, і з уласна
беларускага рынку. Аўтар кажа і пра прычыны гэтага – замежныя інвэстыцыі
дазваляюць расейцам мадэрнізаваць сваю прамысловасьць: прыкладам, у расейскую
вытворчасьць мэблі ўкладзена каля 4 мільярдаў заходніх грошай.
Пэўны час беларуская прамысловасьць трымалася за кошт тэхнічнага ўзроўню,
які быў дасягнуты ў савецкія часы. Але гэтыя рэзэрвы ня вечныя, – піша
газэта. Яна паведамляе, што шмат заходніх інвэстараў спачатку прыязжала
якраз у Беларусь. Але калі іх патрабаваньні пра скарачэньне колькасьці
супрацоўнікаў, акцыянаваньне прадпрыемстваў катэгарычна адхіляліся ўладамі,
інвэстары ехалі са сваімі грашыма далей на ўсход, у Расею. Вынік – расейскія
вытворцы больш якаснай і таннай прадукцыяй агрэсыўна захопліваюць беларускія
рынкі піва, мэблі і харчаваньня.
“Беларусі давядзецца мяняць ня дробязі , а прынцыпы эканамічнай палітыкі.
Выкарыстоўваючы жорсткія, непапулярныя ў народзе мэтады, Расея шмат у чым
ужо прайшла гэты складаны этап. Беларусі яго яшчэ наканавана прайсьці,”
– такімі словамі заканчваецца артыкул у “Российской бизнес-газете”.
Юры Дракахруст Прага
Самае папулярнае
1