У Вільні працягвае працу сэмінар прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.
Сэмінар прысьвечаны праблемам негвалтоўнай палітычнай барацьбы. Праводзіць
яго Фонд падтрымкі абароны грамадзянаў.
Слухачамі сэмінара зьяўляюцца каля 40 прадстаўнікоў розных беларускіх
апазыцыйных рухаў і арганізацыяў. Тым, што прадстаўнікоў беларускай апазыцыі
вучаць негвалтоўна змагацца за дэмакратыю, ужо пасьпела абурыцца беларуская
амбасада ў Вільні, выказаўшы неўразуменьне з нагоды правядзеньня такога
мерапрыемства.
Старшыня літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў Стасіс Каўшыніс,
які зьяўляецца адным з арганізатараў гэтага сэмінару, абурэньне беларускай
амбасады пракамэнтаваў наступным чынам:
(Каўшыніс: ) “Ведаеце, гэта ўжо трэці пратэст беларускай амбасады, у
прыватнасьці, пасла Гаркуна, з нагоды розных нашых канфэрэнцыяў і мерапрыемстваў.
Мы да гэтага прывыклі і лічым бракам, калі нашае мерапрыемства праходзіць
без пратэсту беларускай амбасады”.
Беларуская амбасада ў Вільні заявіла, што цяперашні сэмінар накіраваны
на дэстабілізацыю цяперашняй сытуацыі ў Беларусі ды стварае перашкоды напярэдадні
прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Яшчэ адзін з арганізатараў гэтага
сэмінару, былы міністар абароны Літвы Аўдрус Буткявічус прытрымліваецца
іншага пункту погляду:
(Буткявічус: ) “Я думаю, што гэта зусім няправільна зразуметая сытуацыя.
Наадварот, я думаю, што толькі дэмакратычныя адносіны ў краіне могуць гарантаваць
стабільнасьць. Негвалтоўная барацьба народу за дэмакратыю зьяўляецца гарантыяй
стабільнасьці. Між іншым, калі спадары, што дасылаюць пратэсты, хочуць
браць удзел у такіх сэмінарах, мы гатовыя навучаць і іх. Я думаю, што гэта
якраз падвысіць стабільнасьць у рэспубліцы і не давядзецца ўжываць міліцэйскія
дручкі”.
Ці могуць пратэсты беларускага боку пашкодзіць нейкім чынам далейшай
працы гармадзкіх арганізацыяў Літвы па падтрымцы дэмакратычных працэсаў
у Беларусі. Вось думка старшыні літоўскага Фонду падтрымкі грамадзянаў
Стасіса Каўшыніса:
(Каўшыніс: ) “Літва – дэмакратычная краіна, і мы ня ўрадавая арганізацыя,
і пазыцыя ўладаў не акажа ніякага ўплыву на нашую працу. Гэта залежыць
ад нашай ініцыятывы, ад цікавых і патрэбных тэмаў. І мы будзем працаваць
далей”.
Гаворачы пра тэмы падобных мерапрыемстваў, я папрасіла яшчэ аднаго арганізатара
гэтага сэмінару, праваабаронцу Аўдруса Буткявічуса больш падрабязна спыніцца
на сутнасьці гэтага сэмінару, які меў назоў “Негвалтоўная барацьба за дэмакратыю
і працэс дмакратызацыі Беларусі”.
(Буткявічус: ) “Сутнасьць у вельмі простай праўдзе – кіраўнікі і ўрад
залежаць ад людзей, і яны могуць кіраваць толькі тады, калі людзі згаджаюцца
зь імі супрацоўнічаць. У тым выпадку, калі людзі адмаўляюцца супрацоўнічаць
з кіраўнікамі, іх чакае непазьбежная ізаляцыя і каляпс. Вось як гэта зрабіць,
калі кіраўнікі дзейнічаюць насуперак інтарэсам народу, у гэтым сэмінары
і вучаць”.
І яшчэ адно пытаньне на завяршэньне. Ці апраўданая ў рэшце рэшт такая
шырокая рэкляма падобных мерапрыемстваў, падобных курсаў для беларускай
апазыцыі ў сродках масавай інфармацыі. Гэта дае нагоду яшчэ і яшчэ раз
афіцыйнаму Менску заяўляць, што, маўляў, дэстабілізатараў унутранай беларускай
сытуацыі рыхтуюць за мяжой.
Вось як аргумэнтуе неабходнасьць галоснасьці ў гэтай справе праваабаронца Аўдрус Буткявічус: (Буткявічус: ) “Я думаю, што інфармацыя не павінна хавацца. Каб яны навучаліся нейкай падрыўной справе – гэта было б іншае. А тое, што людзі вучацца дэмакратычным формам узаемаадносінаў паміж урадам і апазыцыяй, гэта нармальна. У кожнай краіне палітыкі маюць ведаць гэтыя мэтады, павінны навучацца гэтым мэтадам, каб пазьбегнуць памылак. Я думаю, што акцыі непадпарадкаваньня, якія праводзяцца некваліфікавана, ня толькі прыносяць шкоду, але могуць стварыць і небясьпечныя сытуацыі. Так што тое, што людзі вучацца, гэта добра”. Гутарыла Алена Радкевіч, Прага
Вось як аргумэнтуе неабходнасьць галоснасьці ў гэтай справе праваабаронца Аўдрус Буткявічус: (Буткявічус: ) “Я думаю, што інфармацыя не павінна хавацца. Каб яны навучаліся нейкай падрыўной справе – гэта было б іншае. А тое, што людзі вучацца дэмакратычным формам узаемаадносінаў паміж урадам і апазыцыяй, гэта нармальна. У кожнай краіне палітыкі маюць ведаць гэтыя мэтады, павінны навучацца гэтым мэтадам, каб пазьбегнуць памылак. Я думаю, што акцыі непадпарадкаваньня, якія праводзяцца некваліфікавана, ня толькі прыносяць шкоду, але могуць стварыць і небясьпечныя сытуацыі. Так што тое, што людзі вучацца, гэта добра”. Гутарыла Алена Радкевіч, Прага